ДА БІСКУПАЎ, ПРЭЗБІТЭРАЎ І ДЫЯКАНАЎ,
ДА КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБАЎ
І ДА ЎСІХ СВЕЦКІХ ВЕРНІКАЎ
ПРА ВЕРУ
1. СВЯТЛО ВЕРЫ (Lumen fidei): гэтым выразам традыцыя Касцёла назвала вялікі дар, які прынёс Езус і які вось так прадстаўлены ў Евангеллі паводле св. Яна: «Я, святло, прыйшоў на свет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры» (12, 46). Св. Павел таксама кажа тымі самымі словамі: «Таму што Бог, які загадаў: “Няхай з цемры заззяе святло”, засвяціў у нашых сэрцах» (2 Кар 4, 6). У язычніцкім свеце, які прагнуў святла, развіўся культ бога Сонца, Sol invictus, якога заклікалі на світанні. Хоць сонца ўзыходзіла штодзённа, было вядома, што яно не можа сваім святлом ахапіць усю экзістэнцыю чалавека. Сонца не асвятляе ўсёй рэчаіснасці; яго промень не можа пранікнуць у змрок смерці, дзе вока чалавека закрываецца на яго святло. Св. Юстын Мучанік сцвярджае: «Ніхто ніколі не сустрэў нікога гатовага памерці за сваю веру ў сонца»1. Хрысціяне, разумеючы, які вялікі гарызонт адкрывае перад імі вера, называлі Хрыста сапраўдным сонцам, «промні якога даюць жыццё»2. Марце, якая аплаквала смерць брата Лазара, Езус кажа: «Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую?» (Ян 11, 40). Хто верыць – бачыць; бачыць дзякуючы святлу, якое асвятляе ўвесь шлях, бо прыходзіць яно да нас ад уваскрослага Хрыста, ранішняй зоркі, якая ніколі не заходзіць.
Ілюзорнае святло?
2. Аднак, калі гаворым пра святло веры, можам сустрэцца з пярэчаннем нашых сучаснікаў. У эпоху новай гісторыі лічылася, што гэтае святло магло задаволіць старажытнае грамадства, але яно не патрэбна ў новыя часы, калі чалавек пасталеў, стаў ганарыцца сваім розумам і жадае па-новаму даследаваць будучыню. Таму вера стала ўяўляцца як ілюзорнае святло, якое перашкаджае чалавеку з адвагай здабываць веды. Малады Ніцшэ заахвочваў сваю сястру Альжбету, каб яна рызыкнула і пайшла «новымі дарогамі <…> у няўпэўненасці самастойнага крочання наперад». І дадаваў: «У гэтым пункце разыходзяцца шляхі чалавецтва: калі хочаш дасягнуць спакою душы і шчасця, то вер, а калі хочаш быць вучнем праўды, тады даследуй»3. Быццам бы вера перашкаджае пошуку. Зыходзячы з гэтага, Ніцшэ будзе крытыкаваць хрысціянства за тое, што яно звузіла абсяг чалавечай экзістэнцыі, пазбаўляючы жыццё навізны і прыгоды, што вера нібы ілюзія святла, якая ўскладняе нам, свабодным людзям, шлях да будучыні.
3. У гэтым працэсе вера стала ў выніку асацыіравацца з цемрай. Лічылі, што можна яе захаваць, знайсці для яе прастору, каб яна магла суіснаваць са святлом розуму. Прастора для веры адкрывалася там, дзе розум не мог асвятліць, дзе чалавек ужо не мог мець упэўненасці. Таму веру разумелі як уцёкі, выкліканыя недахопам святла, пад уплывам сляпога пачуцця, або як суб’ектыўнае святло, якое можа распаліць сэрца, прынесці суцяшэнне, але якога нельга прапанаваць іншым як аб’ектыўнае, агульнае святло, што асвятляе шлях. Аднак паступова заўважалі, што аўтаномнае святло розуму не можа ў поўнай меры растлумачыць будучыню; у выніку яна хаваецца ў змроку і пакідае чалавека ў боязі перад невядомым. І так чалавек адмовіўся ад пошуку вялікага святла, каб задаволіцца малым святлом, якое асвятляе кароткую хвіліну, але не можа адкрыць дарогі. Калі няма святла, усё становіцца няясным, чалавек не можа адрозніць дабра ад зла, дарогі, што вядзе да мэты, ад дарогі, на якой ён блукае без кірунку.
Святло, якое нанова трэба адкрыць
4. Таму неабходна адшукаць святло, якое з’яўляецца характэрнай рысай веры, бо калі гасне яе промень, усе іншыя свяцілы губляюць урэшце свой бляск. Святло веры мае асаблівы характар, бо здольнае асвятліць усё жыццё чалавека. А каб святло было настолькі магутным, яно не можа паходзіць ад нас саміх, яно павінна паходзіць з самай першай крыніцы, павінна, урэшце, паходзіць ад Бога. Вера нараджаецца ў сустрэчы з жывым Богам, які заклікае нас і паказвае нам сваю любоў, любоў, якая апярэджвае нас, на якую мы можам абаперціся, каб нязломна трываць і будаваць жыццё. Перамененыя гэтай любоўю, мы атрымліваем новыя вочы, адчуваем, што ў ёй змешчана вялікае абяцанне поўні, і кіруем позірк у будучыню. Вера, якую прымаем ад Бога як звышпрыродны дар, становіцца святлом на шляху, які ўказвае кірунак нашай вандроўкі ў часе. З аднаго боку, яна паходзіць з мінулага, з’яўляецца святлом памяці пра Заснавальніка, пра жыццё Езуса, дзе ў поўні аб’явілася Яго сапраўдная любоў, здольная перамагчы смерць. Аднак у той жа час, паколькі Хрыстус уваскрос і вядзе нас за парог смерці, вера з’яўляецца святлом, якое прамяніцца з будучыні, якое адкрывае перад намі вялікія гарызонты і кіруе нас па-за нашыя адасобленыя «я» да шырокай камуніі. Таму мы разумеем, што вера не жыве ў змроку; яна з’яўляецца святлом для нашай цемры. Дантэ ў «Боскай камедыі», у Раі, пасля вызнання сваёй веры перад св. Пятром, апісвае яе як «іскру, // якая на світанні распальваецца штораз большым агнём
// і з’яўляецца маёй зоркай на зеніце неба»4. Менавіта пра гэтае святло веры я хацеў бы сказаць, каб яно павялічвалася, каб асвятляла сучаснасць і стала зоркай, што паказвае гарызонты нашага вандравання ў часы, калі чалавек асабліва патрабуе святла.
5. Перад сваёй мукаю Пан упэўніў Пятра: «Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера» (Лк 22, 32). Затым наказаў яму ўмацоўваць сваіх братоў менавіта ў гэтай веры. Усведамляючы заданне, даручанае Пятру, Бэнэдыкт ХVІ пажадаў абвясціць гэты Год веры, час ласкі, які дапамагае нам адчуць вялікую радасць, што дае вера, ажывіць пазнанне шырокіх гарызонтаў, якія адкрывае вера, каб вызнаваць яе ў еднасці і ў поўні, будучы вернымі памяці Пана, умацаванымі Яго прысутнасцю і дзеяннем Духа Святога. Перакананне веры, якая чыніць жыццё вялікім і поўным, сканцэнтраваным на Хрысце і на моцы Яго ласкі, ажыўляла місію першых хрысціянаў. У Актах мучанікаў чытаем такі дыялог рымскага прэфекта Рустыка з хрысціянінам Гераксам: «Дзе твае бацькі?» — спытаў суддзя ў мучаніка, а той адказаў: «Нашым сапраўдным айцом з’яўляецца Хрыстус, а нашай маці — вера ў Яго»5. Для гэтых хрысціянаў вера як сустрэча з жывым Богам, аб’яўленым у Хрысце, была «маці», бо нараджала іх для дзённага святла, нараджала ў іх Божае жыццё, новы досвед, поўнае бляску бачанне жыцця, таму яны былі гатовыя да канца даваць публічнае сведчанне.
6. Год веры распачаўся ў 50-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору. Гэтае супадзенне дазваляе нам заўважыць, што Vaticanum II быў Саборам пра веру6, бо заклікаў нас ставіць у цэнтры нашага касцёльнага і асабістага жыцця першынство Бога ў Хрысце. Бо Касцёл ніколі не разглядаў веры як відавочнага факту, але разумее, што гэты Божы дар трэба сілкаваць і ўмацоўваць, каб ён надалей указваў дарогу. Другі Ватыканскі Сабор паказаў бляск веры ў чалавечым досведзе, ахопліваючы гэтым самым шляхі сучаснага чалавека. Такім чынам стала зразумелым, што вера ўзбагачае чалавечае існаванне ва ўсіх яго вымярэннях.
7. Гэтыя разважанні на тэму веры — згодна з тым, што Настаўніцкі Інстытут Касцёла сказаў пра гэтую боскую цноту7, — жадаю дадаць да таго, што Бэнэдыкт XVI напісаў у энцыкліцы пра любоў і надзею. Ён амаль скончыў працу над першым варыянтам энцыклікі пра веру. Я нязмерна ўдзячны яму за гэта і ў духу Хрыстовага братэрства прымаю яго каштоўную працу, дадаючы да тэксту некалькі разважанняў. Наступнік Пятра, учора, сёння і заўтра, заўсёды пакліканы ўмацоўваць братоў у гэтым невымерным скарбе, якім з’яўляецца вера, якую Бог дае як святло на шляху кожнага чалавека.
У веры, якая з’яўляецца дарам Бога, звышпрыроднай цнотай, спасланай Ім, мы прызнаём ахвяраваную нам вялікую Любоў, скіраванае да нас добрае Слова, і, калі мы прымаем гэтае Слова, якім ёсць Езус Хрыстус, уцелаўлёнае Слова, Дух Святы перамяняе нас, асвятляе шлях будучыні, і ў нас узрастаюць крылы надзеі, каб мы ішлі гэтай дарогай з радасцю. Вера, надзея і любоў у вартым здзіўлення спалучэнні накіроўваюць хрысціянскае жыццё да поўнай камуніі з Богам. Якую дарогу адкрывае перад намі вера? Адкуль паходзіць яе магутнае святло, што дазваляе асвятліць дарогу шчаслівага і плённага жыцця?
РАЗДЗЕЛ І
МЫ ПАВЕРЫЛІ Ў ЛЮБОЎ
(пар. 1 Ян 4, 16)
Абрагам, наш айцец у веры
8. Вера адкрывае нам дарогу i спадарожнічае нам на працягу гісторыі. Калі мы хочам зразумець, чым з’яўляецца вера, мы павінны расказаць пра яе гісторыю, пра дарогу веруючых людзей, аб якой у першую чаргу сведчыць Стары Запавет. Асаблівае месца займае Абрагам, наш айцец у веры. У яго жыцці адбываецца незвычайная рэч: Бог скіроўвае да яго Слова, аб’яўляецца як Бог, які гаворыць і кліча па імені. Вера спалучана са слуханнем. Абрагам не бачыць Бога, але чуе Яго голас. Такім чынам вера набывае асабісты характар. Таму Бог не з’яўляецца Богам нейкага месца і нават не звязаны з нейкім адмысловым святым часам, але з’яўляецца Богам асобы, менавіта Богам Абрагама, Ісаака і Якуба, здольным устанаўліваць кантакт з чалавекам i заключаць з ім запавет. Вера — гэта адказ на Слова, скіраванае да асобы, адказ, дадзены канкрэтнаму «Ты», якое кліча нас па імені.
9. Тое, што Слова кажа Абрагаму, складаецца з закліку і абяцання. Перш за ўсё гэта заклік выйсці са сваёй зямлі, гэта запрашэнне нанова адкрыцца на новае жыццё, гэта пачатак выйсця, што адкрывае дарогу да невядомай будучыні. Бачанне, якое вера дасць Абрагаму, заўсёды будзе звязана з гэтым крокам наперад, які трэба зрабіць: вера «бачыць» настолькі, наколькі развіваецца, наколькі ўваходзіць у адкрытую Божым Словам прастору. Больш за тое, гэтае Слова змяшчае абяцанне: тваё патомства будзе шматлікім, будзеш айцом вялікага народу (пар. Быц 13, 16; 15, 5; 22, 17). Гэта праўда, што як адказ на Слова, якое апярэджавае яе, вера Абрагама заўсёды будзе актам памяці. Аднак гэтая памяць не замыкаецца ў мінулым, але, як памяць пра абяцанне, адкрываецца на будучыню, становіцца здольнай асвятліць шлях. Таму бачна, што вера, як памяць пра будучыню, memoria futuri, цесна звязана з надзеяй.
10. Тое, што павінен зрабіць Абрагам, — гэта даверыцца Слову. Вера разумее, што слова, рэч з выгляду кароткатрывалая i знікомая, калі сказана верным Богам, становіцца найбольш пэўнай з усіх рэчаў i нязменнай, бо робіць магчымай нашую далейшую вандроўку ў часе. Вера прымае гэтае Слова як моцную скалу, на якой можна будаваць як на салідным падмурку. Таму ў Бібліі вера акрэслена габрэйскім словам ‘emыnah, якое паходзіць ад дзеяслова ’amаn, корань якога азначае «падтрымліваць». Паняцце ‘emыnah можа азначаць як вернасць Бога, так і веру чалавека. Чалавек верны атрымлівае сілу, калі даручае сябе ў рукі вернага Бога. Звяртаючыся да абодвух значэнняў гэтага слова — прысутных таксама ў адпаведных ім словах: грэцкім (pistтs) i лацінскім (fidelis) — св. Кірыл Ерузалемскі падкрэслівае годнасць хрысціяніна, які атрымлівае тое ж імя, што і Бог: адзін і другі названыя «вернымі»8. Св. Аўгустын тлумачыць гэта так: «Чалавек верыць абяцанням Бога. Верны Бог выконвае тое, што абяцаў чалавеку»9.
11. Яшчэ адзін аспект гісторыі Абрагама з’яўляецца істотным для зразумення яго веры. Божае Слова, нават калі нясе ў сабе навізну і нечаканасць, не з’яўляецца чымсьці далёкім ад досведу Патрыярха. У голасе, які звяртаецца да Абрагама, ён распазнае глыбокі заклік, спрадвеку ўпісаны ў яго сэрца. Бог спалучае сваё абяцанне з месцам, дзе жыццё чалавека заўсёды выглядае шматабяцальным: ёсць у ім бацькоўства, нараджэнне новага жыцця: «Сара, жонка твая, народзіць табе сына, і дасі яму імя Ісаак» (Быц 17, 19). Бог Абрагама, які просіць, каб ён цалкам Яму даверыўся, аб’яўляецца як крыніца, з якой паходзіць усялякае жыццё. Такім чынам вера звязана з Божым бацькоўствам, з якога ўзнікае стварэнне: Бог, які кліча Абрагама, ёсць Богам Стварыцелем, тым, які «кліча няіснае да існавання» (Рым 4, 17), тым, які «выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, <…> прадвызначыў нас для ўсынаўлення» (Эф 1, 4-5). Вера ў Бога асвятляе найглыбейшую сутнасць Абрагама, дазваляе яму распазнаць крыніцу дабрыні, якая з’яўляецца пачаткам усяго, a таксама пераканацца, што яго жыццё не паходзіць з небыцця або з выпадку, але з закліку i любові да асобы. Таямнічы Бог, які паклікаў яго, не з’яўляецца чужым Богам, але тым, які ёсць пачаткам усяго i ўсё падтрымлівае. Вялікае выпрабаванне веры Абрагама, прынясенне ў ахвяру сына Ісаака, паказвае, да якой ступені гэтая першасная любоў здольная гарантаваць жыццё таксама і пасля смерці. Слова, якое было здольнае паклікаць да жыцця сына ў яго «амярцвелым» целе і ў «амярцвелым улонні» бясплоднай Сары (пар. Рым 4, 19), зможа таксама быць гарантыяй абяцання, звязанага з будучыняй, незалежна ад усялякіх пагрозаў або небяспекі (пар. Гбр 11, 19; Быц 4, 21).
Вера Ізраэля
12. Гісторыя ізраэльскага народу ў Кнізе Зыходу працягвае шлях веры Абрагама. Вера зноў нараджаецца з першаснага дару: Ізраэль адкрываецца на дзеянне Бога, які прагне вызваліць яго з нядолі. Вера паклікана да доўгай вандроўкі, каб змагчы адараваць Пана на Сінаі i ўзяць ва ўласнасць абяцаную зямлю. Божая любоў мае рысы айца, які нясе сына падчас усёй дарогі (пар. Дрг 1, 31). Вызнанне веры Ізраэля набывае форму апавядання пра дабрадзействы Бога, пра Яго дзейнасць, каб вызваліць народ i весці яго (пар. Дрг 26, 5-11), і гэтае апавяданне народ пераказвае з пакалення ў пакаленне. Божае Святло свеціць Ізраэлю праз чыны, здзейсненыя Панам, якія згадваюцца і вызнаюцца ў кульце, пераказваюцца бацькамі дзецям. Так мы даведваемся, што святло, якое нясе вера, звязана з канкрэтным апавяданнем пра жыццё, з удзячным успамінам дабрадзействаў, атрыманых ад Бога, i паступовым спаўненнем Яго абяцанняў. Гэта вельмі добра выявіла гатычная архітэктура: у вялікіх катэдрах святло сыходзіць з неба праз вітражы, на якіх прадстаўлена святая гісторыя. Божае Святло даходзіць да нас праз апавяданне пра Яго Аб’яўленне, таму можа асвятліць нашую дарогу ў часе, нагадваючы пра Божыя дабрадзействы, паказваючы, як спаўняюцца Яго абяцанні.
13. Гісторыя Ізраэля паказвае нам таксама спакусу бязвер’я, у якую шматразова трапляў народ. Супрацьлегласцю веры з’яўляецца тут ідалапаклонства. Калі Майсей размаўляе з Богам на Сінаі, народ не можа вытрываць таямніцы ўкрытага Божага аблічча, не можа знесці часу чакання. Паводле сваёй прыроды вера патрабуе адмаўлення ад жадання мець адразу тое, што, як здаецца, прапануе зрок, з’яўляецца запрашэннем адкрыцца на крыніцу святла, ушаноўваючы таямніцу Аблічча, якое мае намер аб’явіцца асабіста i ў адпаведны час. Марцін Бубер прыводзіў азначэнне ідалапаклонства, сфармуляванае рабінам з Коцка. З ідалапаклонствам мы сутыкаемся тады, «калі звяртаецца поўнае пашаны аблічча да аблічча, якое не з’яўляецца абліччам»10. Замест таго, каб верыць у Бога, чалавек жадае ўшаноўваць ідала, аблічча якога можна адлюстраваць i паходжанне якога вядомае, бо ён учынены намі. У выпадку ідала няма небяспекі магчымага паклікання, якое патрабавала б вырачэння ўласнага пачуцця бяспекі, бо ідалы «маюць вусны, але не гавораць» (Пс 115, 5). Таму мы разумеем, што ідал з’яўляецца выдуманай прычынай для таго, каб паставіць саміх сябе ў цэнтр рэчаіснасці, пакланяючыся справе ўласных рук. Чалавек, калі губляе асноўны напрамак, які яднае яго жыццё, губляецца ў разнастайнасці сваіх жаданняў. Баронячыся ад чакання часу абяцання, ён распыляецца на тысячы хвілінаў сваёй гісторыі. Таму ідалапаклонства — гэта заўсёды політэізм, рух без мэты ад аднаго гаспадара да другога. Ідалапаклонства не паказвае адной дарогі, але шмат шляхоў, якія не вядуць да выразнай мэты, a хутчэй ствараюць лабірынт. Хто не хоча даверыцца Богу, вымушаны слухаць галасы многіх ідалаў, якія клічуць яго: «Даверся мне». Вера, паколькі звязана з навяртаннем, з’яўляецца супрацьлегласцю ідалапаклонства; гэта аддаленне ад ідалаў дзеля вяртання да жывога Бога праз асабістую сустрэчу. Верыць — значыць даверыцца міласэрнай любові, якая заўсёды прымае i прабачае, падтрымлівае і накіроўвае існаванне, становіцца магутнай у сваёй здольнасці раўняць скрыўленні нашай гісторыі. Вера заключаецца ў гатоўнасці адкрыцца на ўсцяж новую перамену, якую здзяйсняе Божы заклік. Вось парадокс: няспынна звяртаючыся да Пана, чалавек знаходзіць пастаянную дарогу, што вызваляе яго ад хаатычных рухаў, да якіх змушаюць яго ідалы.
14. У веры Ізраэля з’яўляецца таксама постаць Майсея, пасрэдніка. Народ не можа сузіраць аблічча Бога. Гэта Майсей размаўляе з ТЫМ, ЯКІ ЁСЦЬ (YHWH), на гары і перадае ўсім волю Пана. Дзякуючы пасрэдніку Ізраэль навучыўся вандраваць у з’яднанні. Акт веры асобнага чалавека ўпісваецца ў супольнасць, у супольнае «мы» народу, які ў веры ёсць як бы адным чалавекам, «сынам маім першародным», як назаве Бог увесь Ізраэль (пар. Зых 4, 22). Пасрэдніцтва становіцца не перашкодай, але адкрыццём: пры сустрэчы з іншымі мы скіроўваем позірк да праўды, якая нас пераўзыходзіць. Ж. Ж. Русо скардзіўся, што не можа асабіста ўбачыць Бога: «Колькі ж людзей паміж Богам і мною!»11 «Ці гэта так проста і натуральна, што Бог пайшоў да Майсея, каб гаварыць да Жана Жака Русо?»12. Беручы за пункт выйсця індывідуалістычную i абмежаваную канцэпцыю пазнання, нельга зразумець сэнсу пасрэдніцтва, гэтай здольнасці ўдзельнічаць у візіі іншага чалавека, дзялення пазнаннем, пазнаннем, уласцівым любові. Вера — бескарыслівы дар Бога, які патрабуе пакоры i адвагі, каб паверыць і даверыцца, i такім чынам заўважыць ясную дарогу сустрэчы паміж Богам i людзьмі, гісторыю збаўлення.
Паўната хрысціянскай веры
15. «Абрагам <…> рады быў убачыць дзень Мой; і ўбачыў, і ўзрадаваўся» (Ян 8, 56). Згодна з гэтымі словамі Езуса, вера Абрагама была скіравана да Яго, была ў пэўным сэнсе падрыхтоўкай для таго, каб бачыць Яго таямніцы. Так разумее гэта св. Аўгустын, калі сцвярджае, што Патрыярхі былі збаўленыя ў веры, не ў веры ў Хрыста, які ўжо прыйшоў, але ў веры ў Хрыста, які павінен прыйсці, у веры, скіраванай да будучыні, якая звязана з Езусам13. Хрысціянская вера сканцэнтравана на Хрысце, з’яўляецца вызнаннем, што Езус ёсць Панам і што Бог уваскрасіў Яго з мёртвых (пар. Рым 10, 9). Усе фрагменты са Старога Запавету сыходзяцца ў Хрысце, Ён становіцца канчатковым «так» для ўсіх абяцанняў, фундаментам нашага канчатковага «Амэн», сказанага Богу (пар. 2 Кар 1, 20). Гісторыя Езуса — гэта поўнае аб’яўленне верагоднасці Бога. Калі Ізраэль успамінаў вялікія справы Божай любові, якія былі цэнтрам яго вызнання i адкрывалі зрок яго веры, сённяшняе жыццё Езуса з’яўляецца нібы месцам канчатковай інтэрвенцыі Бога, найвышэйшым праяўленнем Яго любові да нас. У Езусе Бог не скіроўвае да нас дадатковае слова сярод многіх іншых, але сваё спрадвечнае Слова (пар. Гбр 1, 1-2). Бог не мог даць нам большай гарантыі, каб пераканаць нас у сваёй любові, як нагадвае нам св. Павел (пар. Рым 8, 31-39). Такім чынам хрысціянская вера з’яўляецца верай у поўную Любоў, у яе плённую моц, у яе здольнасць перамяняць свет i тлумачыць час: «І мы пазналі, і паверылі ў любоў, якую мае да нас Бог» (1 Ян 4, 16). У Божай любові, аб’яўленай у Езусе, вера заўважае фундамент, на якім грунтуецца рэчаіснасць i яе канчатковае прызначэнне.
16. Найбольшым доказам верагоднасці любові Хрыста з’яўляецца Яго смерць за чалавека. Калі ахвяраванне жыцця за сяброў з’яўляецца найвышэйшым доказам любові (пар. Ян 15, 13), то Езус ахвяраваў сваё жыццё за ўсіх, таксама за тых, хто быў ворагам, каб такім чынам перамяніць сэрцы. Вось чаму Евангелісты гадзіну Крыжа лічылі кульмінацыйным момантам позірку веры: у гэтай гадзіне яснее бляск велічы i глыбіні Божай любові. Св. Ян змясціў тут сваё ўрачыстае сведчанне, калі разам з Маці Езуса глядзіць на таго, каго прабілі (пар. Ян 19, 37): «А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі» (Ян 19, 35). У сваім творы «Ідыёт» Ф. M. Дастаеўскі ўкладвае ў вусны героя, князя Мышкіна, які глядзіць на вобраз мёртвага Хрыста ў гробе, карціну Ганса Гольбейна Малодшага, наступныя словы: «З прычыны гэтага вобраза хтосьці мог бы страціць веру»14. Бо карціна паказвае вельмі брутальна знішчальныя вынікі дзеяння смерці на целе Хрыста. Але менавіта праз сузіранне смерці Езуса ўмацоўваецца вера, атрымліваючы яркае святло, калі яна прадстае як вера ў Яго непарушную любоў да нас, здольную ўвайсці ў смерць, каб нас збавіць. Магчыма верыць у гэтую любоў, якая не ўхіляецца ад смерці, каб паказаць, як моцна мяне любіць; яе бязмежнасць перамагае ўсялякія падазрэнні i дазваляе нам у поўні даверыцца Хрысту.
17. Вось жа, смерць Хрыста адкрывае поўную сапраўднасць Божай любові, калі глядзім на яе ў святле Яго ўваскрасення. Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца верагодным сведкам (пар. Ап 1, 5; Гбр 2, 17), моцнай падтрымкай для нашай веры. «А калі Хрыстус не ўваскрос, то вера ваша марная», — сцвярджае св. Павел (1 Кар 15, 17). Калі б любоў Айца не ўчыніла таго, што Езус паўстаў з мёртвых, калі б не змагла вярнуць жыццё Яго целу, не была б у поўні сапраўднай любоўю, здольнай асвятліць таксама цемру смерці. Калі св. Павел кажа пра сваё новае жыццё ў Хрысце, ён мае на ўвазе веру «ў Сына Божага, які палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20). Без сумнення гэтая вера ў Божага Сына ёсць вераю Апостала Народаў у Езуса, але яна прадугледжвае таксама сапраўднасць Езуса, яна мае сваю падставу ў Яго любові аж да смерці, а таксама ў Яго быцці Сынам Божым. Менавіта таму, што Езус з’яўляецца Сынам, што цалкам укаранёны ў Айцу, Ён мог перамагчы смерць і дазволіць заяснець паўнаце жыцця. Наша культура страціла здольнасць заўважаць канкрэтную прысутнасць Бога, Яго дзеянне ў свеце. Мы думаем, што Бог знаходзіцца дзесьці далёка, на іншым узроўні рэчаіснасці, аддзелены ад нашых канкрэтных адносін. Калі б так было, калі б Бог не быў здольны дзейнічаць у свеце, Яго любоў не была б сапраўды магутнай, сапраўды рэальнай, a значыць не была б нават сапраўднай любоўю, здольнай гарантаваць тое шчасце, якое абяцае. Тады было б абсалютна ўсё роўна, ці вераць у Яго, ці не вераць. Аднак жа хрысціяне вызнаюць канкрэтную і магутную любоў Бога, які сапраўды дзейнічае ў гісторыі і вырашае яе канчатковы лёс. Гэтую любоў можна сустрэць, яна ў поўні аб’явілася праз муку, смерць і ўваскрасенне Хрыста.
18. Паўната, да якой Езус прыводзіць веру, мае яшчэ адзін вырашальны аспект. У веры Хрыстус з’яўляецца не толькі тым, у каго мы верым, найвышэйшым аб’яўленнем Божай любові, але таксама тым, з кім мы яднаемся, каб верыць. Вера не толькі глядзіць на Езуса, але глядзіць з пункту гледжання Езуса, Яго вачыма: з’яўляецца ўдзелам у Яго спосабе глядзець. У многіх сферах жыцця мы давяраем іншым асобам, якія лепш за нас ведаюць справу. Давяраем архітэктару, які будуе наш дом, фармацэўту, які дае нам лекі дзеля нашага выздараўлення, адвакату, які абараняе нас у судзе. Мы таксама патрабуем кагосьці, хто быў бы надзейным экспертам у справах Бога. Езус, Яго Сын, ёсць тым, хто вучыць аб Богу (пар. Ян 1, 18). Жыццё Хрыста, Яго спосаб пазнання Айца, абсалютнае жыццё ў адносінах з Ім, адкрывае перад жыццём чалавека новую прастору, i мы можам у яе ўвайсці. Св. Ян выказаў важнасць асабістых адносінаў з Езусам для нашай веры, карыстаючыся па-рознаму дзеясловам верыць. Акрамя «веры ў тое, што» праўдай ёсць тое, што кажа Езус (пар. Ян 14, 10; 20, 31), Ян выкарыстоўвае таксама выразы: «верыць» Езусу, а таксама «верыць у» Езуса. «Верым» Езусу, калі прымаем Яго слова, Яго сведчанне, бо Ён праўдзівы (пар. Ян 6, 30). «Верым у» Езуса, калі асабіста Яго прымаем у нашым жыцці, калі далучаемся да Яго ў любові, а таксама калі крочым за Ім на нашым шляху (пар. Ян 2, 11; 6, 47; 12, 44).
Каб мы змаглі пазнаць Яго, прыняць і наследаваць, Сын Божы прыняў нашае цела і праз гэта глядзеў на Айца таксама як чалавек, вандруючы i жывучы ў часе. Хрысціянская вера — гэта вера ва Уцелаўлёнае Слова, а таксама ў Яго ўваскрасенне ў целе; гэта вера ў Бога, які наблізіўся да нас настолькі, што ўвайшоў у нашую гісторыю. Вера ў Божага Сына, які стаў чалавекам у Езусе з Назарэта, не аддаляе нас ад рэчаіснасці, але дазваляе нам зразумець яе глыбінную сутнасць, адкрыць, наколькі Бог любіць гэты свет i надалей накіроўвае яго да сябе; у выніку хрысціянін штораз больш удзельнічае і мацней перажывае сваю вандроўку на зямлі.
Збаўленне праз веру
19. Зыходзячы з гэтага ўдзелу ў спосабе гледжання Езуса, апостал Павел у сваіх пасланнях даў нам апісанне жыцця веруючага чалавека. Веруючы, прымаючы дар веры, перамяняецца ў новае стварэнне. Атрымлівае новае існаванне, існаванне сыноўскае, становіцца сынам у Сыне. «Abba — Ойча» найбольш характэрнае слова з досведу Езуса, якое становіцца цэнтрам хрысціянскага досведу (пар. Рым 8, 15). Жыццё ў веры, як сыноўскае жыццё, ёсць прызнаннем першаснага і радыкальнага дару, які з’яўляецца падставай існавання чалавека, i яго можна выказаць у словах св. Паўла, скіраваных да Карынцянаў: «Што ж маеш ты, чаго б не атрымаў?» (1 Кар 4, 7). Менавіта гэта з’яўляецца кантэкстам палемікі св. Паўла з фарысеямі, дыскусіі на тэму збаўлення праз веру або праз учынкі Закону. Св. Павел адкідвае пазіцыю чалавека, які хоча апраўдацца перад Богам сваімі ўчынкамі. Такі чалавек, нават калі выконвае запаведзі, нават калі здзяйсняе добрыя ўчынкі, ставіць сябе ў цэнтры і не прызнае, што крыніцай дабрыні ёсць Бог. Хто так паступае, хто хоча быць крыніцай уласнай справядлівасці, заўважае, што яна хутка вычэрпваецца, а таксама адкрывае, што не можа нават быць верным Закону. Замыкаецца ў сабе, аддзяляецца ад іншых, і перш-наперш ад Пана, таму яго жыццё становіцца дарэмным, яго ўчынкі бясплоднымі, ён становіцца як дрэва, што стаіць далёка ад вады. Св. Аўгустын так выказвае гэта сваёй канкрэтнай i трапнай мовай: «Ab eo qui fecit te noli deficere nec ad te» — «ад таго, хто цябе ўчыніў, не адыходзь, нават калі ідзеш да сябе»15. Калі чалавек думае, што адшукае самога сябе, аддаляючыся ад Бога, яго існаванне становіцца паражэннем (пар. Лк 15, 11-24). Пачаткам збаўлення становіцца адкрыццё на штосьці, што папярэднічае, на першасны дар, які пацвярджае і захоўвае жыццё. Толькі праз адкрыццё на гэты пачатак і яго прызнанне мы можам перамяніцца, дазваляючы, каб у нас споўнілася збаўленне, a жыццё стала плённым, поўным добрых пладоў. Збаўленне праз веру заключаецца ў прызнанні першынства Божага дару, як гэта прадстаўляе св. Павел: «Бо ласкаю вы збаўлены праз веру. І гэта не ад вас, гэта Божы дар» (Эф 2, 8).
20. Новая логіка веры сканцэнтравана на Хрысце. Вера ў Хрыста збаўляе нас, бо менавіта ў Ім жыццё радыкальна адкрываецца на Любоў, якая апярэджвае нас і перамяняе нас знутры, дзейнічае ў нас і з намі. Гэта выразна бачна ў прадстаўленай Апосталам Народаў эгзэгезе тэксту з Кнігі Другазаконня, эгзэгезе, якая ўпісваецца ў найглыбейшую дынаміку Старога Запавету. Майсей кажа народу, што загады Бога не празмерна высокія і не празмерна далёкія ад чалавека. Не трэба казаць: «Хто ж <...> узыдзе ў неба і прынясе іх нам?» ці: «Хто ж пойдзе за мора і прынясе іх нам?» (пар. Дрг 30, 11-14). Св. Павел раз’ясняе гэтую блізкасць Божага слова як тое, што звязана з прысутнасцю Хрыста ў хрысціяніне. «Не кажы ў сэрцы тваім: “Хто ўзыдзе на неба?”, каб Хрыста прывесці, або: “Хто сыдзе ў адхлань?”, каб Хрыста ўзняць з мёртвых» (Рым 10, 6-7). Хрыстус зышоў на зямлю i ўваскрос; праз сваё Уцелаўленне і Уваскрасенне Божы Сын прайшоў увесь шлях чалавека i жыве ў нашых сэрцах праз Духа Святога. Вера ведае, што Бог стаў для нас вельмі блізкім, што Хрыстус быў дадзены нам як вялікі дар, які ўнутрана перамяняе нас, які жыве ў нас i праз гэта адорвае нас святлом, якое асвятляе пачатак i канец жыцця, увесь шлях чалавека.
21. Дзякуючы гэтаму можам зразумець навізну, да якой вядзе нас вера. Веруючы чалавек перамяняецца Любоўю, на якую адкрыўся ў веры, a калі адкрываецца на гэтую ахвяраваную яму Любоў, яго існаванне выходзіць па-за яго межы. Таму св. Павел можа сказаць: «І ўжо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус» (Гал 2, 20) i заклікаць: «…каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў сэрцах вашых» (Эф 3, 17). У веры пашыраецца «я» веруючага, каб пасяліўся ў ім хтосьці Іншы, каб ён жыў у кімсьці Іншым, i такім чынам яго жыццё пашыраецца ў Любові. Тут мае месца менавіта дзеянне Духа Святога. Хрысціянін можа мець вочы Езуса, Яго пачуцці, Яго сыноўскую гатоўнасць, бо яму дадзены ўдзел у Яго Любові, якой ёсць Дух. I ў гэтай Любові набываецца пэўным чынам позірк, уласцівы Езусу. Без гэтага прыпадабнення ў Любові, без прысутнасці Духа, які вылівае яе ў нашыя сэрцы (пар. Рым 5, 5), немагчыма вызнаваць Езуса як Пана (пар. 1 Кар 12, 3).
Эклезіяльнае вымярэнне веры
22. Такім чынам жыццё ў веры становіцца эклезіяльным жыццём. Калі св. Павел кажа хрысціянам у Рыме пра адно цела, якое ствараюць у Хрысце ўсе веруючыя, ён заклікае, каб яны не ганарыліся; бо кожны павінен ацэньваць сябе «паводле веры, удзеленай кожнаму Богам» (Рым 12, 3). Веруючы вучыцца глядзець на самога сябе паводле вызнаванай веры. Постаць Хрыста — гэта люстэрка, у якім ён адкрывае свой вобраз. А паколькі Хрыстус заключае ў сабе ўсіх веруючых, якія ўтвараюць Яго цела, хрысціянін разумее сябе ў гэтым целе, у першасных адносінах да Хрыста i да братоў па веры. Вобраз цела не зводзіць веруючага да простай ананімнай часткі цэлага, да звычайнага элемента вялікага механізма, але больш падкрэслівае жыццёвую сувязь Хрыста з веруючымі i ўсіх веруючых паміж сабою (пар. Рым 12, 4-5). Хрысціяне ўтвараюць «адно» (пар. Гал 3, 28), не губляючы сваёй індывідуальнасці, a ў служэнні іншым кожны атрымлівае да канца ўласнае жыццё. Становіцца зразумелым, чаму па-за целам, па-за гэтай еднасцю Касцёла ў Хрысце, па-за Касцёлам, які — згодна са словамі Рамана Гуардзіні — «з’яўляецца гістарычным носьбітам поўнага позірку Хрыста на свет»16, вера губляе сваю меру, не знаходзіць ужо сваёй раўнавагі, дастатковай прасторы, каб утрымацца. Вера па неабходнасці мае эклезіяльную форму, вызнаецца знутры цела Хрыста як канкрэтная камунія веруючых. Менавіта з гэтай касцёльнай прасторы яна адкрывае кожнага хрысціяніна на ўсіх людзей. Пачутае слова Хрыста моцаю свайго дынамізму перамяняецца ў хрысціяніне ў адказ i становіцца ў сваю чаргу словам сказаным, вызнаннем веры. Св. Павел сцвярджае: «<…> сэрцам вераць для апраўдання, а вуснамі вызнаюць для збаўлення» (Рым 10, 10). Вера — гэта не прыватная справа, не індывідуалісцкае паняцце, не суб’ектыўнае меркаванне, яна нараджаецца са слухання і прызначана стаць выказваннем, абвяшчэннем. «Як жа будуць заклікаць таго, у каго не паверылі? Як будуць слухаць, калі няма каму абвяшчаць?» (Рым 10, 14). Вера дзейнічае ў хрысціяніне, пачынаючы ад прынятага дару, ад Любові, якая вядзе да Хрыста (пар. Гал 5, 6), i робіць яго ўдзельнікам дарогі Касцёла, які пілігрымуе ў гісторыі да свайго спаўнення. Перамененаму такім чынам чалавеку адкрываецца новы спосаб бачання, вера становіцца святлом для яго вачэй.
Пераклад
Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
- Dialogus cum Tryphone Iudaeo, 121, 2: PG 6, 758.
- СВ. КЛЕМЕНС АЛЕКСАНДРЫЙСКI, Protrepticus, IX: PG 8, 195.
- Brief an Elisabeth Nietzsche (11 чэрвеня 1865), у: Werke in drei Bänden, München 1954, 953 s.
- Paradisus, XXIV, 145-147.
- Acta Sanctorum, Iunii, I, 21.
- «Нават калі Сабор непасрэдна не выказваецца пра веру, ён кажа пра яе на кожнай старонцы, прызнае яе жыватворны і звышпрыродны характар, засноўвае яе ўсю і моцную і будуе на ёй сваё вучэнне. Дастатковым было б прывесці саборныя выказванні <…>, каб зразумець істотнае значэнне, якое Сабор, згодна з дактрынальнай традыцыяй Касцёла, прыпісвае веры, сапраўднай веры, якая мае моц у Хрысце, а канал пераказу ў Настаўніцкім Інстытуце Касцёла» (ПАВЕЛ VI, Генеральная аўдыенцыя [8 сакавіка 1967]: Insegnamenti, V [1967], 705).
- Пар. напр., І ВАТ. САБОР, Дагмат. канст. пра каталіцкую веру Dei Filius, раздз. III: DS 3008-3020; II ВАТ. САБОР, Дагмат. канст. пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum, 5; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 153-165.
- Пар. Катэхезы V, 1: PG 33, 505A.
- In Psal. 32, II, s. I, 9: PL 36, 284.
- M. BUBER, Die Erzählungen der Chassidim, Zürich 1949, 793.
- Emile, Paris 1966, 387.
- Lettre а Christophe de Beaumont, Lausanne 1993, 110.
- Пар. In Ioh. Evang., 45, 9: PL 35, 1722-1723.
- Частка II, IV.
- De continentia, 4, 11: PL 40, 356.
- Vom Wesen katholischer Weltanschauung (1923), у: Unterscheidung des Christlichen. Gesammelte Studien 1923-1963, Mainz 1963, 24.
Энцыкліка Lumen Fidei ў перакладзе на беларускую мову выйшла асобнаю кнігаю ў выдавецтве «Pro Christo».