Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні

Уладзімір КРУКОЎСКІ

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ...

Пётра Сергіевіч. 1970-я гг.
Фота Алеся Траяноўскага.
Дадатак да артыкула: Галерэя
«Нас яшчэ пашукаюць» — гэтыя словы належаць славутаму мастаку, краязнаўцу і этнографу, пісьменніку Язэпу Нарцысавічу Драздовічу. Дзіву даешся: усё жыццё ў нястомнай працы, але жыў у нястачы, апошнія гады наогул у галечы і такі аптымізм, такая вера ў прадвызначанасць, у вялікую ролю, у патрэбнасць і неабходнасць мастака і мастацтва ў свеце.

Быў 1938 год, Вільня, рэдакцыя часопіса «Калосьсе». Язэп Драздовіч гутарыў з Янкам Шутовічам, тагачасным рэдактарам часопіса. Пра што ішла размова, можна толькі здагадвацца, але, хутчэй за ўсё, пра лёс беларускага мастацтва, беларускай культуры ў міжваеннай Польшчы. Гаворачы «нас», Драздовіч меў на ўвазе перш за ўсё ўласную творчасць, але не выключана, што і калегаў па мастацкаму цэху: Чурылу і Сеўрука, Горыда і Крачкоўскага, Южыка і, вядома, Пётру Сергіевіча. А словы аказаліся прарочыя.

Прыйшоў час і... шукаюць. Шукаюць і знаходзяць калекцыянеры, даследчыкі, проста аматары заходнебеларускага мастацтва, чаго, на жаль, нельга сказаць пра нашы музеі, бо ў іх, як заўсёды, няма грошай.

Аб сакральнай творчасці П. Сергіевіча «Наша вера» пісала 17 гадоў таму (№2, 1996 г.). Тады ілюстрацыйным матэрыялам аўтару публікацыі паслужылі старыя, выцвілыя, пашкоджаныя часам і дрэнным захаваннем чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя з натуры ў інтэр’ерах касцёлаў і цэркваў, якія ў далёкія 1930-я гады распісваў мастак. Сёння ж мы маем магчымасць азнаёміцца з каляровымі эскізамі роспісаў, выкананых (ці толькі праектаваных) Пётрам Сергіевічам у касцёлах Солаў, Смаргоні ды іншых мястэчкаў Беларусі.

Перш-наперш гэта чатыры кампазіцыі, змешчаныя на 3-й старонцы вокладкі. Метафарычны вобраз, увасоблены ў гэтых эскізах, можна назваць «Жыццё чалавечае». Яны называюцца «Раніца», «Дзень», «Вечар» і «Ноч». І змест і форма бясспрэчна сведчаць аб іх прызначэнні для касцёла, бо кансерватыўная РПЦ такога «вальнадумства» ў сваіх храмах не дапускае. Форма падказвае нам месца іх размяшчэння ў інтэр’еры святыні. Гэта ветразі, якія размяшчаюцца ў падпружных арках або ў цэнтральным барабане храма.

Ніжэй змешчаны праект роспісу для касцёла ў Солах. На адвароце малюнка знаёмым круглявым почыркам П. Сергіевіча пазначана: «Солы. 1934 г. П.С. Эскіз да паліхроміі ў Солах. Ашмянскі павет». У адрозненне ад М.Сеўрука, які вельмі рэдка падпісваў уласныя творы, мастак нават невялічкія «чарнавыя» малюнкі датаваў і пазначаў сваёй манаграмай. У 1920-я гг. гэта было «РS», а ўжо ў 30-я канчаткова замацоўваецца «П.С.». І беларуская мова Сергіевіча — своеасаблівы рэгіянальны дыялект віленскага краю і віленскага асяроддзя мастака.

Найбольш цікавыя, тэматычна насычаныя эскізы змешчаны на 4-й ст. вокладкі. На адвароце аднаго з іх — надпіс: «Эскіз да паліхроміі касцёла ў Смаргоні. 1936 г. П. Сергіевіч». На астатніх — «Смаргоні. 1936. Копула». Гэта праект роспісу купала, які быў тэматычна падзелены на чатыры сектары.

1-ы сектар. Старазапаветная тэма. Злева направа: Ной з каўчэгам запавету, Абрагам з Ісакам, плачучы Ёў (?), Майсей са скрыжалямі і братам, узброены Езус Навін, Рут і Наамі, Давід (з арфай) і Саламон.

2-і сектар. Новазапаветная тэматыка. Унізе — Апосталы, сярод якіх Евангелісты. У цэнтры кампазіцыі — алтар і манстранцыя. Справа — Хрыстус, які прапаведуе. Наверсе — Хрыстус з Багародзіцай, побач з імі — арханёл Міхал з мечам і вагамі.

3-і сектар. Трыумф хрысціянскай Літвы. Злева направа: алегорыя грамадства (ваяр, філосаф і манах), Багародзіца з трыма віленскімі пакутнікамі. У цэнтры — першы кароль Ерузалемскага каралеўства Готфрыд Бульёнскі, св. Кацярына і св. Алена. Справа — св.Тэрэза, св. Станіслаў і Ягайла на фоне віленскай катэдры.

Эскіз чацвёртага сектара, як і тэма, на ім увасобленая, пакуль што нам невядомыя.

Шукайма ж — і абавязкова знойдзем!

P.S. Шчыра дзякую мастацтвазнаўцу Валеру Буйвалу за дапамогу ў расшыфроўцы сюжэтаў роспісу.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY