Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у №2(64)/2013.

Раздзел ІІ
Упадабанні і любоў да таго, што ніжэй за чалавека

Для некаторых людзей, асабліва для жыхароў Англіі і Расіі, тое, што мы называем «любоўю да прыроды», з’яўляецца трывалым, сур’ёзным пачуццём. Я маю на ўвазе тую любоў да прыроды, якую нельга ў поўнай меры назваць звычайным праяўленнем нашай цягі да прыгажосці. Зразумела, што многае ў прыродзе — дрэвы, кветкі і жывёлы — прыгожае. Але тыя аматары прыроды, пра якіх я кажу, не надта захапляюцца асобнымі прыгожымі з’явамі такога кшталту. Падобны чалавек іх збянтэжыць. Для сапраўднага аматара прыроды няма горшай кампаніі на доўгі шпацыр, чым поўны энтузіязму батанік, бо ён заўжды спыняецца, каб звярнуць увагу свайго спадарожніка на дробязі. Тыя, хто любіць прыроду, не шукаюць і «краявідаў», прыгожых ландшафтаў. Вордсварт6, прамаўляючы ад іх імя, рэзка асуджае падобны падыход, што вядзе да «параўнання пейзажу з пейзажам», прымушае вас «забаўляцца ўбогай розніцаю колераў і формаў». І, цалкам занятыя крытыкай ды пошукам адрозненняў, вы губляеце тое, што мае сапраўднае значэнне, — «настрой часу і пары года», «дух» пэўнага месца. І, без сумневу, у гэтым Вордсварт мае рацыю. Таму, калі вы любіце прыроду так, як любіў яе ён, для вас пейзажыст — нават горшая кампанія на шпацыры, чым батанік.

Менавіта «настрой» і «дух» — самае галоўнае. Людзі, любячы прыроду, жадаюць як мага паўней увабраць тое, чым (калі так можна выказацца) яна з’яўляецца ў кожнае асобнае імгненне ў кожным асобным месцы. Відавочная раскоша, вытанчанасць і гарманічнасць аднаго краявіду і злавеснасць, панурасць, змрочнасць і ўбоства іншага маюць для іх аднолькавую каштоўнасць. Нават самы непрыкметны від выклікае ў іх душах гарачы водгук, з’яўляючыся яшчэ адным словам, прамоўленым прыродаю. Сапраўдныя аматары прыроды адкрытыя нават на самыя тонкія ўласцівасці кожнага краявіду ў любую гадзіну дня і ночы. Яны жадаюць насыціцца ім напоўніцу, яшчэ і яшчэ раз увабраць у сябе ўсе яго адценні.

Гэтыя перажыванні, як і многія іншыя, спачатку, у ХІХ стагоддзі, былі ўзнесеныя да нябёсаў, а пасля — развянчаныя. У адным можна дакладна згадзіцца з крытыкамі Вордсварта — перастаючы апісваць усё як паэт і пачынаючы гаварыць пра любоў да прыроды як філосаф (хутчэй, псеўдафілосаф), ён нясе бязглуздзіцу. Неразумна лічыць, не маючы гэтаму ніякіх сведчанняў, што кветкі цешацца паветрам, якім дыхаюць, і яшчэ больш неразумна не дапускаць, што яны непазбежна павінны пакутаваць у той жа ступені, у якой і радавацца. Нямногія людзі аказаліся здольнымі пераняць маральныя прынцыпы ў прыроды разам з «подыхам вясновага лесу».

А калі б і перанялі, гэта не абавязкова былі б тыя самыя прынцыпы, якія так ухваляў Вордсварт, а мог быць, напрыклад, прынцып бязлітаснай канкурэнцыі. Для некаторых нашых сучаснікаў так і ёсць, мне здаецца. Яны захапляюцца прыродаю, пакуль бачаць, як тая ўсклікае да «цёмных крывавых багоў», любячы яе не насуперак, а дзякуючы таму, што ў прыродзе пажадлівасць, голад і няўрымслівая сіла дзейнічаюць па-за сорамам або шкадаваннем.

Калі ўзяць сабе прыроду за настаўніцу, яна навучыць вас дакладна таму, чаму вы самі вырашылі навучыцца, — і гэта яшчэ раз сведчыць, што прырода няздольная вучыць. Відавочна, што схільнасць лічыць яе настаўніцаю буйна ўзрастае на глебе тых перажыванняў, якія мы называем «любоўю да прыроды». Але гэта толькі штучная прышчэпка. Калі ўсур’ёз звярнуцца да тэмы, «настрой» і «дух» прыроды знаходзяцца па-за маральнасцю. Яны здольныя шчодра напоўніць вас і ашаламляльнаю весялосцю, і ні з чым не параўнальнаю веліччу, і панурым спусташэннем. Вазьміце ад прыроды ўсё, што можна, калі наогул лічыце гэта патрэбным. Адзіны імператыў, з якім прырода звяртаецца да чалавека, гэта: «Глядзі. Слухай. Назірай».

Памылкова разумеючы гэты імператыў, людзі пачынаюць будаваць на ім свае тэалогіі, пантэалогіі і антытэалогіі, якія вельмі лёгка разбураюцца, але ўсё гэта ніяк не ўплывае на самую сутнасць нашага перажывання прыроды. І аматары Вордсварта, і прыхільнікі «цёмных крывавых багоў» пераймаюць у прыроды сімволіку — мову вобразаў. Я маю на ўвазе не проста візуальныя малюнкі, а менавіта «настрой» і «дух» прыроды. Магутныя праявы жуды, смутку, весялосці, жорсткасці, пажадлівасці, нявіннасці, чысціні — усё гэта яе вобразы. У іх кожны можа захінуць сваю ўласную веру. Варта вучыцца тэалогіі і філасофіі недзе ў іншым месцы — не дзіва, што ў гэтым нам часта дапамагаюць тэолагі і філосафы.

Але, кажучы пра магчымасць «захінуць» сваю веру ў прыродныя вобразы, я не маю на ўвазе выкарыстанне прыроды дзеля параўнанняў або метафараў, па прыкладзе паэтаў. Магчыма, замест «захінуць» лепш было б сказаць «напоўніць» або «ўвасобіць». Большасць людзей, да ліку якіх я таксама сябе адношу, ніколі не здолелі б укласці хоць нейкі сэнс у словы вызнання веры, калі б не праявы прыроды. Не прырода дала мне зразумець, што існуе Бог славы і бязмернай велічы. Я мусіў навучыцца гэтаму іншым шляхам. Але прырода надала для мяне сэнс слову «слава». Я і да гэтай пары не ўяўляю, дзе яшчэ змог бы ўбачыць яго ўвасабленне. Я і падумаць не магу, якім чынам «боязь Божая» магла б значыць для мяне нешта большае, чым найпрасцейшае, прадыктаванае разважлівасцю прагненне бяспекі, калі б я ніколі не бачыў у гарах злавесных безданяў і недасяжных скалаў. І калі б прырода не абуджала ўва мне ніякіх памкненняў, неабсяжныя прасторы таго пачуцця, якое я называю сваёю «любоўю» да Бога, ніколі, як мне здаецца, не былі б адкрытыя.

Зразумела, той факт, што хрысціянін можа выкарыстоўваць прыроду з падобнаю мэтаю, нават намёкам не даказвае праўдзівасці хрысціянства. Я мяркую, што і прыхільнікі цёмных багоў могуць з роўным правам выкарыстоўваць прыроду на карысць свайму веравызнанню. У гэтым і заключаная сутнасць пытання — прырода не здольная навучыць. Сапраўдная філасофія можа час ад часу абгрунтаваць прыродную з’яву, але прыродная з’ява не можа стаць абгрунтаваннем філасофіі. Прырода не можа сведчыць на карысць ніякай тэалагічнай або метафізічнай тэзе (прынамсі не такім шляхам, пра які мы тут разважаем), але яна дапаможа гэтую тэзу растлумачыць.

І ў тым, што тычыцца перадумоваў хрысціянства, — гэта не выпадковасць. Справядліва спадзявацца ўбачыць намёк на няствораную веліч у велічы створанай, бо апошняя бярэ свой пачатак у першай і гэткім жа чынам з’яўляецца яе адлюстраваннем.

З’яўляецца яе адлюстраваннем у пэўнай ступені, але, магчыма, не такім простым і дакладным, як мы можам спачатку ўявіць. Бо, несумненна, усе факты, падкрэсленыя аматарамі прыроды, якія належаць да іншай школы мыслення, застаюцца фактамі: паразіты ў чэраве існуюць нароўні з першацветамі ў лесе. Паспрабуйце пагадзіць паміж сабою гэтыя з’явы прыроды або паказаць, што яны на самай справе не патрабуюць пагаджэння, і вы звернеце са шляху непасрэдных перажыванняў прыроды — тэмы нашых разважанняў — на шлях метафізікі або тэадыцэі, ці нечага падобнага. Гэтым пытаннем таксама мэтазгодна было б заняцца, але мне здаецца, што трэба адрозніваць яго ад любові да прыроды. Калі мы ўсё яшчэ знаходзімся на ўзроўні разважання аб тым, што прырода непасрэдна «кажа» нам, трэба трымацца гэтага ўзроўню. Мы ўбачылі ў прыродзе вобраз славы, але не варта імкнуцца знайсці ў гэтым вобразе прамыя шляхі, якія прывялі б нас да больш глыбокага пазнання Бога. Яны чэзнуць праз некалькі крокаў — усе гэтыя сцежкі глушаць страхі і таямніцы, бязмерная глыбіня Божых намераў і заблытаны клубок гісторыі сусвету. Імі не прайсці, яны для гэтага непрыдатныя. Трэба скіравацца ў абход — пакінуць пагоркі і лясы, вярнуўшыся ў працоўны кабінет, у касцёл, узяўшы ў рукі Біблію, стаўшы на калені. Інакш любоў да прыроды ператворыцца ў рэлігію. А гэта, калі і не прывядзе нас да цёмных багоў, выкліча шмат непаразуменняў і бязглуздзіцы.

Але не варта і здраджваць сваёй любові да прыроды, аддаючы яе на зганьбаванне непрыяцелям, адно толькі раю стрымліваць і абмяжоўваць яе належным чынам. Прырода не здольная задаволіць тых прагненняў, якія абуджае, не здольная даць адказаў на тэалагічныя пытанні, не здольная прывесці нас да святасці. Сапраўднае нашае падарожжа да Бога будзе пастаянна прымушаць нас адварочвацца ад прыроды, сыходзячы з асветленага зараніцаю поля ў цесны шэры касцёльчык або (здараецца і такое) — ідучы на працу ў адну з парафій убогага лонданскага Іст-Энду. Але любоў да прыроды бывае каштоўнаю, а для некаторых дык проста неабходнаю ў пачатку шляху.

Не варта казаць «бывае», бо насамрэч, людзі, якія не дазваляюць сваёй любові да прыроды ісці задалёка, аказваюцца здольнымі захаваць яе — а так і павінна быць. Любоў да прыроды, ператвараючыся ў рэлігію, становіцца богам, а гэта значыць — становіцца дэманам. А дэманы ніколі не трымаюць сваіх абяцанняў. Прырода «памірае» для тых, хто жыве адною любоўю да яе. Колрыдж7 стаў у рэшце рэшт да яе нячулым, Вордсварт пачаў бедаваць, што слава яе мінула. Маліцеся ў ранішнім садзе і будзьце непахіснымі, не засяроджваючыся на кроплях расы, птушках і кветках, і тады вы здолееце выйсці з саду зачараваныя і захопленыя свежасцю і радасцю прыроды. Калі ж вы пойдзеце туды з мэтаю адчуць захапленне — міне некалькі гадоў і ў дзевяці выпадках з дзесяці вы нічога не адчуеце.

Цяпер варта паразмаўляць пра любоў да Радзімы. У гэтым кантэксце няма патрэбы падрабязна тлумачыць выказванне Дэні дэ Ружмона — усе мы ў сённяшнім свеце ведаем, што гэтая любоў становіцца дэманам, калі становіцца богам. Часам узнікаюць падазрэнні, што яна толькі дэманам і бывае. Але ў такім выпадку трэба адмовіцца ад паловы ўзнёслых вершаў і паловы гераічных учынкаў, створаных і здзейсненых людзьмі. Трэба забыцца нават пра плач Хрыста над Ерузалемам, настолькі выразна ў ім гучыць любоў да Радзімы.

Давайце абмяжуем поле нашых разважанняў: даследаванне на тэму агульна-чалавечага кодэксу маралі будзе тут залішнім. Калі любоў да Радзімы набывае д’ябальскія рысы, яна натуральным чынам вядзе да злачынстваў. Магчыма іншыя, больш дасведчаныя людзі вызначаць, які тып міжнацыянальных стасункаў з’яўляецца злачынным, мы ж толькі паразважаем над самім пачуццём патрыятызму з мэтаю адрозніць нявінныя яго праявы ад праяваў д’ябальскіх. Ніводныя з гэтых праяваў напрамую не абумоўліваюць дзеянняў пэўнага народа. Бо, кажучы строга, кіраўнікі, а не народ, займаюцца міжнароднымі справамі. Д’ябальскі патрыятызм падуладных грамадзянаў (я звяртаюся толькі да падуладных) можа дапамагчы ім дзейнічаць несправядліва, здаровы патрыятызм — перашкодзіць у гэтым. Беспрынцыпныя кіраўнікі праз прапаганду могуць паўплываць на пачуцці людзей так, што тыя набудуць д’ябальскую форму і дапамогуць атрымаць маўклівую згоду народа на іх злачынствы. Добрыя ж кіраўнікі ўчыняць наадварот. Гэта прычына, па якой кожны чалавек паасобку павінен сачыць, наколькі здаровая ягоная любоў да Радзімы. Менавіта аб гэтым я пішу.

Амбівалентнасць любові да Радзімы даказвае тое, як палымяна пісалі пра яе і Кіплінг, і Чэстэртан. Калі б не гэтая размаітасць патрыятызму, такія розныя людзі не здолелі б аднолькава праслаўляць яго. Насамрэч, любоў да Радзімы мае мноства складнікаў, якія ўтвараюць розныя спалучэнні.

Першы складнік — любоў да свайго дому, да месца або многіх месцаў, дзе мы ўзрасталі і дзе быў наш дом, а таксама да ўсяго наваколля, такога падобнага да нашых родных мясцінаў. Гэта любоў да старых сяброў, да знаёмых краявідаў, гукаў і пахаў. Заўважце, што ў сваім найшырэйшым праяўленні для нас — гэта любоў да Англіі, Уэльса, Шатландыі і Ольстэра. Толькі чужынцы і палітыкі кажуць пра «Брытанію». Словы Кіплінга «Я ненавіджу ворагаў імперыі маёй» гучаць крыху недарэчна і фальшыва. Якая «мая імперыя»?! Любоў да месца азначае і любоў да ладу жыцця: да піва, гарбаты і камінаў, да цягнікоў з асобнымі ўваходамі ў купэ, бяззбройных палісмэнаў і да мноства іншых рэчаў; любоў да мясцовай гаворкі і крыху меншая — да роднай мовы. Як кажа Чэстэртан, чалавек з тых жа прычынаў не хоча, каб ягонаю краінаю кіравалі чужынцы, з якіх не жадае, каб спалілі ягоны дом, бо «немагчыма нават пачаць» пералічваць усё тое, чаго ён будзе тады пазбаўлены і па чым будзе сумаваць.

Цяжка знайсці хоць нейкую разумную прычыну, з якой можна было б асудзіць такое пачуццё. Як любоў да сваёй сям’і з’яўляецца для нас першым крокам убок ад уласнага эгаізму, патрыятызм — гэта першы крок убок ад эгаізму сямейнага. Зразумела, патрыятызм — не чыстая міласць, бо за ім стаіць любоў да бліжніх суседзяў, а не да Бліжніх, любіць якіх загадаў нам Хрыстус. Але той, хто не любіць сваіх землякоў, якіх бачыць кожны дзень, наўрад ці пойдзе далёка ў любові да абстрактнага «чалавека». Усе натуральныя прывязанасці разам з гэтаю могуць стаць перашкодамі для духоўнай любові, але могуць паслужыць і падрыхтоўкаю да яе, умацоўваючы «духоўныя мускулы» чалавека на той выпадак, калі ласка Божая даверыць яму больш высокае і адказнае служэнне. Так дзяўчынка спачатку песціць ляльку, а стаўшы жанчынаю — дзіця. Можа здарыцца, што трэба будзе вырачыся гэтай любові, вырваць сваё правае вока, але дзеля гэтага трэба прынамсі мець вочы — стварэнне, якое пазбаўлена вачэй і мае адно толькі якуюсьці «святлоадчувальную плямку», проста не зразумее сэнсу гэтых суровых словаў.

Не выклікае сумневаў, што падобны патрыятызм цалкам пазбаўлены агрэсіі. Ён патрабуе аднаго: каб яго пакінулі ў супакоі, і набывае ваяўнічы характар, толькі жадаючы абараніць прадмет сваёй любові. Кожны чалавек, не абдзелены хоць кропляю ўяўлення, прыязна паставіцца да чужынцаў. Як можна любіць свой родны дом, не разумеючы, што іншыя людзі з не меншым правам любяць сваё? Варта толькі зразумець, што французы любяць café complet так, як мы любім яечню з беконам, — што ж, абы ім добра было, няхай п’юць сваю каву. Ніхто не пажадае, каб усё ў свеце было аднолькавае, як у нас дома. Родны дом перастане быць родным, страціўшы сваю адметнасць.

Другі складнік патрыятызму — гэта асаблівае стаўленне да мінулага сваёй Айчыны. Я маю на ўвазе тое мінулае, якое жыве ва ўяўленні народа, велічныя дзеі нашых продкаў. Узгадайце Марафон. Узгадайце Ватэрлоа. «We must be free or die who speak the tongue that Shakespeare spoke» — «Свабода або смерць — тым, хто гаворыць моваю Шэкспіра»8. Славутае мінулае накладае на нас пэўныя абавязкі і адначасова дае ўпэўненасць — мы не можам здрадзіць тым высокім патрабаванням, якія паставілі перад намі нашыя продкі, але паколькі мы — іх нашчадкі, існуе вялікая надзея, што мы здолеем адпавядаць свайму найменню.

Падобнае пачуццё патрыятызму карыстаецца не такою добраю славаю, як звычайная любоў да роднага дому. Рэальная гісторыя любой краіны поўная нізкіх і нават ганебных падзеяў. Калі вымяраць айчынную гісторыю аднымі гераічнымі ўчынкамі, у нас складзецца памылковае ўяўляенне пра яе і гэта зробіць нас бездапаможнымі перад сур’ёзнаю гістарычнаю крытыкаю —таму патрыятызм, заснаваны на славутым мінулым, такі прываблівы для аматараў выкрываць чужыя памылкі. Калі мы вывучым гісторыю лепш, не выключана, што патрыятызм такога тыпу разваліцца і ператворыцца ў пазбаўленую ілюзій цынічнасць, захаваць жа яго можна, толькі свядома заплюшчыўшы вочы на рэальнасць. Але хто зможа закляйміць пачуццё, якое прымушае столькіх людзей паводзіць сябе нашмат лепш, чым яны былі б здольныя без ягонай дапамогі?

Мне здаецца, вобраз славутага мінулага Радзімы можа ўмацоўваць нас, не падманваючы і не напаўняючы пыхаю. Ён становіцца небяспечным дакладна ў той меры, у якой яго блытаюць і спрабуюць замяніць ім сістэматычнае вывучэнне гісторыі. Гістарычныя байкі — гэта цудоўна, калі ўспрымаць іх як байкі і гэтак да іх ставіцца. Я не маю на ўвазе, што ўсе байкі трэба лічыць чыстаю выдумкаю, бо некаторыя з іх, апроч усяго, — праўдзівыя. Але ў байках варта падкрэсліваць само апавяданне, малюнак, які распаляе ўяўленне, прыклад, які ўмацоўвае волю. Школьнік, слухаючы такую байку, павінен інтуітыўна адчуваць, не могучы вытлумачыь гэта словамі, што ён чуе сагу. Дазвольце яму захапляцца, лепш за ўсё па-за школаю, «Дзеямі, што здабылі імперыю»9. Але чым менш змешваць гераічныя сагі з урокамі гісторыі, чым радзей блытаць іх з сур’ёзным даследаваннем (горш, калі з апраўданнем) імперскай палітыкі, тым лепш. Яшчэ дзіцем я меў кніжку з мноствам каляровых малюнкаў, якая называлася «Гісторыі пра наш востраў». Мне заўжды здавалася, што гэтая назва — вельмі правільная, а сама кніжка не была нават падобная да падручніка. Атрутаю, з якой бярэ пачатак злаякасны патрыятызм, — які, зрэшты, рэдка затуманьвае розум дарослага адукаванага чалавека, — з’яўляецца абсалютна сур’ёзнае навязванне моладзі фальшывых і тэндэнцыйных гістарычных ведаў. Не варта апранаць гераічную легенду ў шэрыя шаты раздзела з падручніка гісторыі. Гэта прыводзіць да маўклівага дапушчэння, што іншыя народы не маюць сваіх герояў, і нават да веры (якая слаба стасуецца з біялогіяй), што мы здольныя літаральна «наследаваць» гераічныя традыцыі свайго народа. А гэткая вера амаль непазбежна вядзе да трэцяга складніку, які час ад часу таксама называюць патрыятызмам.

Гэтае трэцяе — нават не сантымент, а цвёрдае глухое перакананне ў тым, што твой народ на самай справе і раней і цяпер стаіць нашмат вышэй за ўсе астатнія. Неяк я асмеліўся сказаць аднаму святару, вызнаўцу патрыятызму такога кшталту: «Але, шаноўны, кажуць жа, што кожны народ лічыць сваіх мужчын самымі адважнымі, а жанчын — самымі прыгожымі». Той вельмі сур’ёзна і ўрачыста — быццам чытаў «Веру ў Бога» каля алтара — сказаў: «Так, але ж у дачыненні да Англіі — гэта праўда». Трэба заўважыць, што падобныя перакананні не азначаюць, што мой сябра (супакой ягонай душы) стаў злыднем, ён проста вельмі мілы стары асёл. Аднак некаторыя аслы здольныя брыкацца, а могуць і ўгрызці. Фанатычныя прыхільнікі азначанай кропкі гледжання здольныя з галавою кінуцца ў масавы расізм, які і хрысціянства, і навука асуджаюць у роўнай ступені.

Такім чынам мы прыйшлі да чацвёртага складніку патрыятызму. Калі дапусціць, што нашая нацыя насамрэч бязмерна лепшая за ўсе астатнія, гэта або накладае на нас пэўныя абавязкі або дае пэўныя прывілеі перад іншымі. У ХІХ стагоддзі Англія вельмі добра ўсвядоміла падобныя абавязкі: «бярэмя белага чалавека». Мы самі вызваліся ўзяць пад апеку і навучаць тых, каго называлі «тубыльцамі». Не ўсё ў гэтым — крывадушнае, нешта добрае мы сапраўды для іх зрабілі. Але свету было моташна ад нашай манеры гаварыць так, нібы матывы Англіі ў набыванні ўсё новых тэрыторый і пашырэнні імперыі (або матывы маладзёнаў, якія шукалі сабе пасады на дзяржаўнай службе ў Індыі) былі выключна альтруістычнымі. Аднак гэта была дэманстрацыя пачуцця перавагі і выключнасці ў яго лепшай форме. Некаторыя ж нацыі, таксама вылучаныя падобным пачуццём, падкрэслівалі свае выключныя правы, а не абавязкі. Для іх некаторыя народы былі такімі кепскімі, што гэта давала права вынішчаць іх. Іншыя ж, прыдатныя толькі да таго, каб секчы дрэвы або цягаць ваду для прадстаўнікоў выбранай нацыі, трэба было прымусіць выключна гэтым і займацца. Ведай свайго гаспадара, сабака! Зразумела, я не думаю, што стаўленне з пазіцыі «абавязка» і стаўленне з пазіцыі «права» — адное і тое ж. Але абодва падыходы вядуць да катастрофы. Абодва патрабуюць, каб «пашыраліся больш і больш»10 падуладныя ім тэрыторыі. Абодва маюць відавочную прыкмету зла: яны здольныя пазбегнуць камічнасці толькі стаўшы жахлівымі. Фарс такога напышлівага патрыятызму адразу кідаўся б у вочы, калі б не парушаныя дамовы з індзейцамі, вынішчэнне тасманійцаў, газавыя камеры, канцэнтрацыйны лагер у Бельзэне, расстрэл мірнай дэманстрацыі каланіяльнымі ўладамі ў Амрытсары, жорсткасць брытанскага войска ў Ірландыі, апартэід.

Нарэшце, мы дасягаем стадыі, калі патрыятызм у сваёй дэманічнай форме пачынае несвядома супярэчыць сябе самому. Чэстэртон прыводзіць два радкі з Кіплінга ў якасці ўзору. Гэта несправядліва ў адносінах да самога Кіплінга, які цудоўна ведаў, што такое любоў да роднага дому, хоць сам яго і не меў. Але самі па сабе радкі паслужаць найлепшым падсумаваннем тэмы нашых разважанняў:

«If England was what England seems
’Ow quick we’d drop ’er. But she ain’t!» —
«Была б Англія такой, якой здаецца,
мы хутка кінулі б яе. Але ж гэта не так!»

Любоў ніколі не скажа падобнага. Нельга любіць сваіх дзяцей толькі тады, калі яны «харошыя», сваю жонку — толькі пакуль у яе не з’явяцца зморшчыны, а свайго мужа — толькі пакуль ён знакаміты і паспяховы. Грэкі казалі: «Чалавек не таму любіць свой горад, што той велічны, але таму, што той — ягоны». Чалавек, які сапраўды любіць сваю Радзіму, будзе любіць яе і ў зруйнаванні, і ва ўпадку: «England, with all thy faults, I love, thee still» — «О Англія, з усімі хібамі тваімі я ўсё ж люблю цябе»11. Для яго яна будзе «мізэрная, але свая»12. Можна лічыць Айчыну славутаю і велічнаю, хоць яна такою і не з’яўляецца, з той прычыны, што любіш яе, — гэткую ілюзію лёгка прабачыць. Але ў вершы Кіплінга жаўнер робіць наадварот: ён любіць Айчыну, бо лічыць яе славутаю і велічнаю, любіць яе па яе заслугах. Справы ў краіне ідуць паспяхова, і гэта спрыяе яго грамадзянскаму гонару. А калі Радзіма страціць усё? Адказ відавочны: «Мы хутка кінулі б яе». З тонучага карабля трэба бегчы. Мы бачым, што патрыятызм, які не можа існаваць без урачыстага грому барабанаў і высока паднятых штандараў, насамрэч выбірае «шлях у Вішы»13 — шлях здрады. Гэта феномен, які яшчэ сустрэнецца нам, — калі натуральная любоў становіцца беззаконнаю, яна не проста шкодзіць усім іншым відам любові, а сама страчвае якасці, уласцівыя любові, перастае быць ёю.

Такім чынам, у любові да Радзімы — шмат абліччаў. Тыя, хто хоча цалкам адмовіцца ад патрыятызму, здаецца, не ўсведамляюць, што зойме (што ўжо займае) яго месца. Яшчэ доўга, а магчыма, і заўжды, народы будуць жыць у небяспецы. Улады павінныя нейкім чынам дадаваць сілы і мужнасці сваім падуладным у абароне Айчыны, прынамсі ў гатоўнасці абараняць яе. Там, дзе пачуццё патрыятызму было знішчанае, гэта магчыма толькі шляхам прэзентавання любога міжнароднага канфлікту ў цалкам этычным святле. Там, дзе людзі не гатовыя потам і крывёю абараняць «сваю Айчыну», іх можна прымусіць адчуць, што ўсё чыніцца на карысць справядлівасці, цывілізацыі, чалавецтва. Гэта ўпадак, а не пад’ём. Зразумела, пачуццё патрыятызму не азначае, што мы не павінны зважаць на этычныя прынцыпы. Добры чалавек хоча быць перакананым у тым, што справа, за якую змагаецца яго краіна — справядлівая, але, тым не менш, гэта справа ягонай краіны, а не справядлівасці ў цэлым. Мне здаецца важнаю розніца паміж гэтымі паняццямі. Без усялякай фальшывай праведнасці і не крывячы душою, я буду лічыць, што абараніць свой дом ад рабаўнікоў сілаю — гэта справядліва, але калі настойваць, што я заехаў злодзею ў вока толькі дзеля перамогі маральнасці — не зважаючы на той факт, што ён збіраўся абрабаваць мой дом, — такая духоўная фальшывасць і крывадушнасць проста невыносныя. Мы схлусім, калі паспрабуем прыпадобніцца да Дон Кіхота і скажам, што стаім на баку Англіі толькі таму, што гэта справядліва. Нонсэнс. І наступствы такіх недарэчнасцяў страшныя: калі справа нашай краіны — справа Божая, вайна павінна несці поўнае вынішчэнне. Рэчам, якія належаць выключна да гэтага свету, не варта надаваць фальшывы трансцэндэнтны характар.

Стары патрыятызм слаўны тым, што быў здольны загартаваць чалавека і надаць яму рашучасці чыніць вялікія справы, але пры гэтым памятаў, што застаецца толькі пачуццём. Войны могуць быць гераічнымі і не прэтэндуючы на званне святых. Смерць героя не варта блытаць са смерцю пакутніка. І таму (як жа гэта цудоўна!) тое пачуццё патрыятызму, што магло быць такім сур’ёзным на полі бойкі, у мірны час набывала лёгкасць, уласцівую кожнай шчаслівай любові. Яно набывала здольнасць смяяцца з сябе самога. Старыя патрыятычныя песні немагчыма спяваць без гарэзлівасці ў вачах, сучасныя ж больш падобныя да касцёльных гімнаў. Я хутчэй падпяю «тра-та-та-тай-ра» ў «Брытанскіх грэнадзёрах», чым зацягну «Зямлю надзеі і славы».

Трэба адзначыць, што від любові, які я апісваю, і ўсе яго складнікі могуць адносіцца не толькі да роднай краіны, але і да ўстановы, дзе вы вучыліся, і да палка, у якім служылі; такая любоў уласцівая і вялікай сям’і, і саслоўю, яна падуладная тым жа самым слабасцям. Падобнае пачуццё можа ўзнікнуць і ў адносінах да ўстановаў, якія патрабуюць большага, чым натуральнай прывязанасці: да Касцёла або (на вялікі жаль) да нейкай групоўкі ў Касцёле, да манаскага ордэну. Гэтай жахлівай тэме варта прысвяціць асобную кнігу. Цяпер жа дастаткова будзе сказаць, што Нябесная супольнасць з’яўляецца таксама і зямною. І наш патрыятызм, цалкам звычайны ў адносінах да зямной супольнасці, вельмі лёгка можа пазычыць трансцэдэнтальныя рысы ў любові да Нябеснай супольнасці і пачаць прэтэндаваць на яе правы дзеля апраўдання самых ганебных учынкаў. Калі кніга на гэтую тэму раптам будзе напісаная, чаго я не маю намеру рабіць, яна павінна стаць поўнай споведдзю, створанай хрысціянамі пра асаблівы характэрны ўнёсак хрысціянскага свету ў сусветны збор жорсткасці і падступнасці. Бязмежныя абшары «вялікага свету» не пачуюць нас, пакуль мы публічна выракаемся вялікай часткі нашага мінулага. З якой рацыі яны павінны? Мы гучна крычалі імя Хрыста, а самі ў гэты час служылі Малоху.

Можа здавацца, што я не павінен завяршаць раздзел пра любоў да таго, што стаіць ніжэй за чалавека, не сказаўшы ні слова пра любоў да жывёлаў. Але гэта лепш зрабіць у іншым раздзеле. Ці жывёлы насамрэч валодаюць асабовасцю ці не, мы любім іх так, нібы валодаюць. Фактычную або ілюзорную асабовасць нашых улюбёнцаў нельга адкінуць, таму прывязанасць, якую мы, апроч іншага, маем у адносінах да жывёлаў, стане тэмаю наступнага раздзелу.

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле: «The four loves», C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Уільям Вордсварт (William Wordsworth) — 1770–1850, таленавіты паэт эпохі Рамантызму, прадстаўнік «Азёрнай школы» паэзіі, славуты вершамі пра прыроду.
  2. Сэмюэл Тэйлар Колрыдж (Samuel Taylor Coleridge) — 1772–1834, вядомы паэт эпохі Рамантызму, прадстаўнік «Азёрнай школы» паэзіі, філосаф і літаратурны крытык.
  3. Цытата з санета Уільяма Вордсварта.
  4. «Deeds that won the empire» — папулярная кніга Уільяма Генры Фітчэта (William Henry Fitchett) — 1841–1928, аўстралійскага выкладчыка, журналіста і рэдактара, зборнік яго патрыятычных артыкулаў.
  5. Радкі з патрыятычнай песні «Land of Hope and Glory» — «Зямля надзеі і славы»; прэтэндуе на званне неафіцыйнага гімна Англіі.
  6. Радкі з верша Уільяма Коўпера (William Cowper) — 1731– 1800, паэта, вядомага сваімі гімнамі.
  7. Недакладная цытата з п’есы Шэкспіра «Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце».
  8. Назва працы французскага каталіцкага палітычнага філосафа Іва Рэнэ Мары Сімона (Yves Rene Marie Simon) — 1903–1961, дзе храналагічна апісваецца, як Францыя паддалася ўплыву нацысцкай Германіі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY