Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні

Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ

Я ўспомніў Фердынанда Рушчыца… Яго да болю ў сэрцы пранізліва-лірычныя краявіды, такія беларускія ў кожнай рысачцы вялікага майстра, што, здавалася, ты іх ведаеш з самога маленства.

Мне прымроіліся краявіды Рушчыца, калі ў рукі трапіў першы стары негатыў невядомага аўтара. Гэта быў невялікі пыльны шэра-серабрысты кавалачак шкла з белым надпісам ад рукі ў правым ніжнім кутку: Юсцініянава, 12.12.11 г. Ашчадна трымаю далікатны кадр за тонкія колкія тарцы, уважліва разглядаючы яго ў промнях дзённага святла. Здавалася: ну што за скарб схаваны ў гэтым маленькім падрапаным аскепку шкла? Асцярожна стаўлю шкельца на свой сканар. Белы прамень з трымценнем павольна паўзе па старым шкле, высвятляючы міліметр за міліметрам негатыў малюнка. І вось цуд: імгненне жыцця пачатку ХХ стагоддзя ацалела на гэтым далікатным матэрыяле і высвецілася на маніторы камп’ютара! Яно захавалася і запісана ў кожным пікселі шкляной паверхні, як на сучасным дыску DVD. Проста неверагодна! Я разглядаў на маніторы адсканаваны кадр, як быццам толькі што проста азірнуўся назад. Стагоддзе прамільгнула ў гэтым руху…

Марозны дзень. Усё заснула ў белым сне. Векавыя дрэвы стаяць у шыхце, як старыя панцырныя баявыя таварышы, пільнуюць супакой шляхецкай сядзібы. Намаразь карункавай шэранню выступіла на чорных галінках, перакрыжаваных на тле нябёсаў, нібы на графічным малюнку, зробленым японцам Хакусаі. За дрэвамі, праз вільготную смугу марознага паветра, выступае фасад радавога палаца з высокімі французскімі вокнамі ад падлогі да столі. Трохі ўяўлення… і вось чутны ўрачыстыя гукі паланэза — гэта гаспадыня грае на старым раялі і мелодыя рэхам разносіцца па прахалодных анфіладах вялікага маёнтка. Супакой і веліч павяваюць ад старадаўняга краявіда, і няцяжка зразумець, што так жылі нашы продкі ў XIX і нават у XVIII стагоддзях. Здаецца, раней час праходзіў па іншых фізічных законах і меў іншае лічбавае значэнне, чым цяпер. Залацісты стары час цягнуўся, як густы бурштынавы мёд, што перацякае са срэбнай лыжачкі ў вытанчаную крэманку свінцовага шкла з радавым шляхецкім гербам. Дзень быў доўгі-доўгі, напоўнены павольнымі справамі, кожная з якіх была важкаю і немітусліваю. Такі час спыніўся на шкляных негатывах бацюшкі і фатографа Паўла Валынцэвіча. Гэта потым я даведаўся, што ён быў аўтарам гэтага цуду, а цяпер я проста наталяўся мёдам старога часу…

Юсцініянава… назва мястэчка па гуку родная, тутэйшая, але незнаёмая мне. Інтэрнэт на запыт, што гэта за мястэчка, паказвае толькі акварэль Напалеона Орды «Рэшткі старадаўняй сядзібы ў Юсцініянаве». Для мяне акварэль слыннага майстра ўжо знаходка — значыць, мястэчка дзесьці ў Беларусі. Параўноўваю выгляд сядзібы на фатаграфіі з творам Орды — на першы позірк, нічога падобнага. На акварэлі — двухпавярховы палац, намаляваны з боку Дзвіны ў атачэнні невялікіх дрэваў ангельскага парку. На ніжнім краі акварэлі чытаю надпіс па-польску: Szczytt Justynian. Можа ўладальнік? Трэба паглядзець інфармацыю ў кнізе вядомага знаўцы шляхецкіх сядзібаў Рамана Афтаназі «Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej». І сапраўды — гэты маёнтак знаходжу ў першым томе па Полацкім ваяводстве. Вось дзе скарб інфармацыі! Юсцініянава (Узнены, Узмены, Узмёны) — маёмасць Шчытоў-Неміроўскіх з XVIII стагоддзя. Кастусь Шчыт, падкаморы полацкі, паставіў ва Узменах драўляную царкву. Яго сын, Юстыніян Шчыт (1740–1824), па імені якога і была названа частка маёнтка Узмены, заклаў радавы палац, а архітэктарам выступіў знакаміты Карла Спампані, аўтар палацаў у Кухцічах, Радзівілімонтах і Ружанах, які ўзначаліў кафедру архітэктуры ў Віленскім універсітэце. «Вядома, што Спампані пабудаваў у Юсцініянаве адзін з найпрыгажэйшых палацаў на Беларусі», — так пафасна апісвае польскі навуковец спадчыну італьянскага архітэктара ў Полацкім ваяводстве і наракае далей: «Але, на жаль, за бальшавікамі палац не захаваўся. Як ён выглядаў, мы можам уявіць толькі па невялікай акварэлі Напалеона Орды...». Вядомы наш графік і не думаў у другой палове ХІХ ст. (а менавіта у 1870-я гады выканана акварэль, мяркуючы па збудаванай царкве св. Мікалая на правым беразе Дзвіны ва Узменах), што ў глухім беларускім мястэчку з пяці хатаў з’явіцца свой фоталетапісец. І пакліканнем гэтага неардынарнага чалавека будзе служэнне Нябёсам, але, узносячы хвалу Богу каля алтара, бацюшка не забываўся і пра свой фотаапарат знакамі- тай фірмы «Кодак». Дзякуючы ўзменскаму фоталетапісцу мы можам праз сотню гадоў атрымаць асалоду ад выгляду маёнтка Юсцініянава з боку ангельскага парку, хоць цяпер ад палаца не засталося нават і каменьчыка.

Ёсць мудрае выслоўе — «напісанае застаецца», да якога можна яшчэ дадаць: і зафіксаванае ў фатаграфіі — таксама. Гісторыя дагератыпіі і фатаграфіі налічвае трохі больш за 150 гадоў. Гэта і шмат, і мала ў параўнанні з чалавечым жыццём. Наогул, фатаграфія стогадовай даўніны — вельмі далікатны матэрыял для калекцыі, асабліва шкляны негатыў таўшчынёй толькі ў міліметр. Як яго захаваць? Тут галоўнае, каб нашчадкі ацанілі і не кінулі творы бацькоў у вогнішча небыцця, як гэта неаднаразова здаралася ў нашай гісторыі, калі новаму пакаленню заманулася пабудаваць нешта дагэтуль нябачанае ў свеце. Без мінулага няма будучыні. Са студні жыццёвага вопыту продкаў нам не раз яшчэ давядзецца чэрпаць мудрасць і празорлівасць.

Ашчаднаму стаўленню да сваіх каранёў мяне навучыў мой выкладчык па гісторыі беларускай культуры — Міхась Хведаравіч Раманюк. Першае, што мяне, выпускніка савецкай школы 1978 года, здзівіла ў БДТМІ — гэта «заходні» выгляд студэнтаў з доўгімі «хаерамі» ў стылі Бітлз і выкладчык, які размаўляў на чысцюткай беларускай мове, прычым не толькі падчас лекцый, але і паўсюдна. Можна было гадзінамі з заміраннем сэрца слухаць яго аповеды пра вандроўкі па Палессі, пра беларускую культуру, якая не саступае сусветнай і ёсць коранем усяго заходняга авангарду, пра беларускую мову, якая па мілагучнасці нават лепшая, чым італьянская. Пры гэтым ён з імпэтам дапамагаў сабе жэстамі, нібы дырыжор, і зараджаў усіх неймавернай энергіяй, усміхаючыся на ўсе свае трыццаць два.

Колькі шуму ў інстытуце было пасля вандроўкі Міхася Хведаравіча ў Парыж, дзе ён упершыню паказаў на знакамітым сусветным подыуме нашы нацыянальныя беларускія строі! На той час гэта здавалася казкай для нас, савецкіх студэнтаў. З прыдыханнем мы перашэптваліся: Па-ры-ж… Парыж — гэта ж горад Мадзільяні, Ван Гога, Манэ… і Шагала, тварэнні якога ўжо на той час, у канцы 1970-х, мы лічылі сваімі, беларускімі. А першы наш нацыянальны часопіс па мастацтве! Гэта ж дзякуючы Хведаравічу нарадзіўся часопіс «Мастацтва Беларусі», дзе ён быў першым галоўным рэдактарам.

Міхась Хведаравіч адзначыў маю шчырую цікавасць да беларускай культуры, і ў нас склаліся цёплыя адносіны, якія працягваліся і пасля заканчэння інстытута. Не адзін раз мы сустракаліся каля знакамітага «чырвонага будынка» на Танкавай, дзе бурліла жыццё творчай інтэлігенцыі Менска. Тут, у «Брэсцкай крэпасці», як мінчукі звалі доўгі будынак на Танкавай, на апошнім паверсе мясцілася творчая майстэрня Міхася Хведаравіча. Памятаю, калі ў Менску з’явіліся першыя антыкварныя крамы ў бурныя 1990-я, Хведаравіч, як малое дзіця, цешыўся сваімі першымі здабыткамі даўніны ў камерсантаў. Але ж сам валодаў сапраўдным скарбам — фотаархівам па Беларусі пачынаючы з канца XIX ст. і да 1970-х гадоў. 100 000 старых фатаграфій! Я неаднаразова паднімаўся да Хведаравіча ў яго майстэрню пад нябёсамі на так званы «беларускі Алімп», і скарбы вялікай камоды з мноствам шуфлядаў, як у старых бібліятэках, іншы раз расчыняліся перада мной. Менавіта там я ўпершыню ўбачыў арыгіналы старых фатаграфій, якія тычыліся Беларусі, і паступова стаў разумець, якую каштоўнасць яны ўяўляюць для гісторыі і культуры маёй краіны. Можа цяпер гэта пафасна гучыць, але так яно было і ёсць насамрэч. Захаваныя імгненні паўсядзённага жыцця беларусаў пачатку ХХ ст. здаваліся мне сапраўднымі ілюстрацыямі да нашай літаратурнай класікі, да твораў Купалы, Коласа, Гарэцкага… Прыгажуні ў белых намітках, суворыя барадатыя дзядзькі ў вышываных кажухах і мегерках глядзелі са старых фотаздымкаў не з жалем і маркотнай пакорай цяжкаму лёсу, а як людзі, якія ведалі сабе цану (і з хітрынкаю ў вачах!). Менавіта разглядаючы сэпіі старых фотаздымкаў, я вырашыў: калі мне ў рукі трапіць хоць адзін такі кадр, я яго захаваю як самую дарагую спадчыну.

З тых знакавых сустрэчаў прайшло больш за дваццаць гадоў. Збіранне рарытэтаў, злучаных з гісторыяй і культурай Беларусі, не перарывалася ў мяне з таго часу ні на адзін дзень. Гэты займальны занятак, а хутчэй, само маё жыццё, быў падобны і на паляванне, і на рыбалку. А яшчэ — на чорную працу ў рудніках старых часоў — гэта як прамыванне шэрага жвіру антыкварыяту, перш чым сярод непатрэбшчыны зазіхаціць золата самародка. Праўда, наша беларуская культурная спадчына ўжо даўно сто разоў пераараная і ўшчэнт выдратавана нашымі суседзямі за апошнія два стагоддзі… Нічога, даводзіцца ўдвая больш працаваць...

Асноўная тэма старых фатаграфій, якія я знаходзіў для сваёй калекцыі на працягу дзесяцігоддзяў, — гэта салонныя партрэты шматлікіх месцічаў губернскага Менска ды іншых гарадоў Беларусі. Радзей трапляліся групавыя здымкі нейкіх значных сямейных падзеяў. Як ні дзіўна, часцей за ўсё гэта былі журботныя пахаванні дзетак ці сваякоў. Але мне жадалася чагосьці большага, каб у калекцыю трапілі мастацкія фатаграфіі кшталту вялікага Яна Булгака ці графа Тышкевіча.

Нарэшце ў сярэдзіне 2009 года я натрапіў на першы «залаты самародак». Мой сябра з Гародні Тадэвуш Зяленскі, таксама апантаны збіральнік беларускай гісторыі, прапанаваў мне набыць некалькі незвычайных старых шкляных негатываў. «Яны напэўна злучаны з Беларуссю і, хутчэй за ўсё, фотаздымкі рабіў ці краязнаўца, ці багаты чалавек, які дзеля забаўкі фатаграфаваў паўсядзённае жыццё правінцыі. Паглядзі, дзе ёсць такія Узмены і Юсцініянава — тут амаль на кожным негатыве подпіс. Усе пачатку ХХ стагоддзя» — такі быў каментар майго таварыша. Інтэрнэт і тут дае выратавальны для мяне адказ: Узмены, Віцебская вобласць, Мёрскі раён, царква святога Мікалая 1871 года пабудовы. Так з Гародні ў мяне сталі з’яўляцца першыя старыя негатывы з краявідамі маленькіх беларускіх сядзібаў: Узмены, Юсцініянава… Вось мястэчка Дзісна з Уваскрасенскім храмам, знятае фатографам у лютаўскую адлігу 1903 года… Вось Заходняя Дзвіна з баркай… свежы вятрыска гуляе пругкім ветразем… А вось панарама ўсё тых жа Узменаў ранняй вясной… разліў ракі, селянін сядзіць у лодцы, мабыць, чакае фатографа, і ўдалечыні, на беразе, сярод невысокіх дрэваў бачна ўсё тая ж царква святога Мікалая, пабудаваная ў 1871 годзе…

Ведаючы маю прыхільнасць да незвычайных фатаграфій па Беларусі, Тадэвуш папаўняў маю калекцыю краявідамі і інтэр’ернымі здымкамі. Тады я не здагадваўся, што асноўную частку негатываў збірае мой даўні знаёмы па калекцыянерстве Зміцер Сярэбранікаў. Яму ішлі партрэтныя і жанравыя сцэны. Захоўваючы карпаратыўнае маўчанне, мы толькі праз год прагаварыліся пра свае скарбы і, злучыўшы іх у адзін архіў, зразумелі, што гэта фоталетапіс аднаго аўтара, бацюшкі Паўла Валынцэвіча.

Мэта кожнага сапраўднага калекцыянера — сабраць годны збор, за які будуць удзячныя нашчадкі. Ці, калі ўсміхнецца фартуна, адкрыць свету імя якога-небудзь невядомага аўтара, пра якога ў ліхалецці часу забыліся нашчадкі на радзіме. На гэту карпатлівую справу ідуць дзесяцігоддзі жыцця, але, калі весці мэтанакіраваны пошук, лёс у выніку падарыць табе залаты самародак. І я лічу такім сваім поспехам у жыцці адкрыццё фотаархіва бацюшкі Паўла Валынцэвіча. Нават цяпер, на працягу некалькіх гадоў працы з фотаархівам, я да канца не ўсвядоміў значэнне гэтага адкрыцця для гісторыі беларускай культуры, ды і для гісторыі самой беларускай Царквы таксама. Бацюшка з фотаапаратам — каго цяпер гэтым магчыма здзівіць? А на пачатку ХХ стагоддзя? Ці шмат мы ведаем аматараў фатаграфіі 1900-х гадоў з Беларусі з такім архівам, дзе больш за 300 фатаграфій, ды яшчэ з беларускай глыбінкі? Павел Валынцэвіч такі адзін.

А нам застаецца толькі быць шчаслівымі сузіральнікамі тых далёкіх падзеяў, якія для нас захаваў бацюшка з фотаапаратам. Шчаслівымі ад таго, што шкляныя пласціны з напыленнем срэбра захавалі для нас стары час, цягучы, як залацісты бурштынавы мёд…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY