Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні


«Адвард Будзька».
Анатоль Крывенка, 1995
ДВП, алей. 40×30 см.

Ірына САМАТОЙ

З КАГОРТЫ АДРАДЖЭНЦАЎ: АДВАРД БУДЗЬКА

Развіццё нацыянальна-вызваленчага руху ў Беларусі на працягу XIX ст. стварыла перадумовы для ўзнікнення друку на беларускай мове. Пачынальнікамі беларускай нацыянальнай перыёдыкі сталі газеты «Наша доля» і «Наша Ніва». Першая на шостым нумары была зачынена, а другая, хаця і з вялікімі перашкодамі, выходзіла да 1915 года. Дзякуючы падтрымцы супрацоўнікаў рэдакцыі, таленавітых пісьменнікаў, некаторыя пачаткоўцы выявілі свае здольнасці і пазней сталі вядомымі дзеячамі беларускай літаратуры. У «Нашай Ніве» пачыналі сваю творчасць Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля, Алесь Гурло.

Друкаваліся ў «Нашай Ніве» і малавядомыя сёння аўтары. Па пэўных прычынах, страхуючыся ад нападкаў цэнзуры, некаторыя хаваліся пад рознымі псеўданімамі. Звестак з іх жыцця амаль не захавалася, часам невядома нават сапраўднае прозвішча, а творчая спадчына згублена і забыта, за выключэннем газетных вершаў і апавяданняў, змешчаных найбольш у «Нашай Ніве». Па-рознаму складвалася іх жыццё, не ўсім удалося стаць вядомымі пісьменнікамі, але варта прыгадаць некаторыя імёны, раскрыць іх псеўданімы, бо яны былі адраджэнцамі, пачынальнікамі грамадска-літаратурнага і культурнага руху на пачатку новага стагоддзя. Сярод іх — нашанівец, пачынальнік беларускага школьніцтва, выдавец Адвард Будзька.

Нарадзіўся Адвард (Эдвард) Адамавіч Будзька 22 сакавіка 1882 года ў Будславе Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Закончыўшы чатырохкласную школу, Адвард Будзька паехаў у Рыгу, дзе паступіў у політэхнічны інстытут, але з-за недахопу фінансавых сродкаў быў вымушаны пакінуць вучобу. Дарэчы, многія з будслаўскай моладзі ехалі ў Рыгу вучыцца і працаваць: так, Паўліна Мядзёлка, далёкая сваячніца і суседка Адварда Будзькі, таксама вучылася ў гэтым горадзе разам з будучай жонкай Будзькі Валерыяй. За ўдзел у антыўрадавым мітынгу Будзьку звольнілі з працы і пасадзілі ў астрог, пасля якога ён пераехаў у Вільню.

З першых нумароў выпуску «Нашай Нівы» Адвард Будзька быў яе актыўным супрацоўнікам. Ён дасылаў у газету карэспандэнцыі пра жыццё будслаўскіх местачкоўцаў, пра справы беларусаў у Рызе. Займаўся ён і паэзіяй. Сябра Будзькі Міхась Балямук успамінаў: «Ягоныя вершы „Лес“, „Восень“, „Шпак“, „Час ляціць“, „З турмы“ былі надрукаваныя, але ён у Чыкага расказваў, што некалькі яго вершаў было ў папках рэдкалегіі, і ён не дамагаўся, каб іх друкавалі, бо былі іншыя паэты, якія, як казаў Будзька, лепшыя за яго»[1, с.4].

У гады Першай сусветнай вайны сям’я Будзькаў выехала ў Пецярбург, дзе разам з Цішкам Гартным Адвард Адамавіч выдаваў газету «Дзянніца», у якой змяшчаў артыкулы пад псеўданімам Акцюб ці пад крыптанімамі А. Б., Э. Б., Е. Б. У 1–7 нумарах «Дзянніцы» друкаваліся яго артыкулы пад назвай «Думкі да граматыкі», дзе ён разглядаў асаблівасці беларускай народнай мовы. Свае артыкулы Адвард Будзька пасылаў у газету «Наша будучыня». У 1916 г. ён быў рэдактарам-выдаўцом штотыднёвай грамадска-палітычнай газеты ліберальна-асветніцкага кірунку «Светач», якая прапагандавала ідэі культурна-нацыянальнага адраджэння Беларусі і выступала за пашырэнне школ на беларускай мове навучання. У снежні 1917 г. А. Будзька быў удзельнікам Першага ўсебеларускага кангрэсу і ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Адвард Будзька разумеў, што для развіцця нацыянальнай свядомасці патрэбна асвета, таму яго непакоіла думка аб стварэнні ў Будславе беларускай гімназіі. У той час дзейнічаў Беларускі настаўніцкі саюз, які выказаў патрэбу ў нацыяналізацыі беларускай школы, арганізацыі беларускіх школ і настаўніцкіх курсаў. Сялянскі сход адобрыў ідэю будаўніцтва гімназіі ў Будславе. Будынак валаснога ўпраўлення пастанавілі забраць пад школу і выбралі камітэт, які ўзначаліў А. Будзька. Беларускі інжынер Лявон Вітан-Дубейкоўскі, знаёмы Будзькі па Вільні, распрацаваў план двухпавярховага будынка для гімназіі. Восенню 1918 г. новы школьны будынак быў амаль гатовы, а сама гімназія пачала дзейнічаць зімой 1917 г. у будынку валаснога ўпраўлення.

Дочкі А. Будзькі Людвіка Бяленіс і Ірэна Пануцэвіч успамінаюць: «Калі будынак быў амаль зроблены, бацька паехаў у Вільню, каб зарэгістраваць гімназію. І трэба ж было таму здарыцца, каб у той самы дзень, у той самы час, у той самы пакой, дзе ішла рэгістрацыя, прыйшоў Р. Астроўскі, які пры часовым урадзе Керанскага выкладаў у Менскім Настаўніцкім інстытуце. Р. Астроўскі заарганізаваў гімназію ў Слуцку і таксама прыйшоў яе зарэгістраваць. Бацька казаў, што заняткі ў Слуцкай гімназіі пачаліся на адзін дзень раней, чым у Будслаўскай. Гэта былі дзве першыя беларускія гімназіі, якія пачалі працаваць у канцы 1917 года»[2,с.8]. Дырэктарам гімназіі стаў Іосіф Васілевіч, які закончыў Маскоўскі ўніверсітэт і па прафесіі быў археолагам. Разам з імі працавалі настаўнікамі яго дачка Любоў Іосіфаўна і сын Мікалай з жонкай Ганнай Васільеўнай. У 1918 г. былі чатыры гімназічныя класы, у якіх займалася больш за 350 вучняў. Планавалі, што гімназія будзе васьмікласная. З дапамогай А. Будзькі ў гімназіі выходзіў часопіс «Светач», дзейнічалі аркестравы, танцавальны, харавы гурткі, а таксама культурна-асветны гурток «Вяночак», драматычная секцыя якога ладзіла ў мястэчку спетаклі па п’есах «Паўлінка» Янкі Купалы, «Па рэвізіі», «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага, «Як яны жаніліся» А. Валодзькі і інш. Для пазашкольнай моладзі пры гімназіі арганізавалі вячэрнія асветныя лекцыі. Дарэчы, вучнем гэтай гімназіі быў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч (1903–1989) — будучы старшыня Рады БНР, аўтар мемуараў «25-га сакавіка» (Таронта, 1978 г.).

«Які гэта быў чалавек! — успамінала жыхарка Будслава, былая вучаніца гімназіі Мілеўская Яўгенія Данілаўна (1908 г.н.), якая асабіста была знаёмая з Адвардам Будзькам і яго дзецьмі. — Ён любіў усё беларускае і іншым гэту любоў прывіваў. Знешне ён быў невысокага росту, жывы, рухавы, энергічны. Калі гаварыў, то ўсе заслухоўваліся. Па яго ініцыятыве і гімназію ў Будславе пачалі будаваць. Ён вельмі дапамагаў мясцовай моладзі, асабліва таленавітым сіротам. Уладкоўваў іх у гімназію, а затым у Вільню ва ўніверсітэт вучыцца адпраўляў за свой кошт. Паходзіў з небагатай сям’і, але бацькі былі людзьмі руплівымі і разумнымі. Сёстры яго на настаўніц вывучыліся, адна з іх, Поля, вучыла дзяцей нейкі час у Будславе ў прыватнай школе. Мае бацькі небагатыя былі, дык яна нават грошы з мяне не брала. Вучыла нас на беларускай мове, сама добра нямецкую ведала. Адвард Будзька меў дзвюх дачок — Ірэну, Людвіку і сына Чэся. Тады было надта цікавае, змястоўнае жыццё. У Будслава на лета прыязджала моладзь з Вільні. Тон усяму задаваў Будзька з дочкамі. Разам ставілі пастаноўкі, спявалі беларускія песні. Гучала беларуская мова, усе яе любілі і лічылі нацыянальнай і роднай. У многім гэта заслуга Адварда Будзькі. Сапраўдным ён быў беларусам, ад душы, толькі добрае нёс людзям».

Восенню 1919 г., калі ў Будслаў прыйшлі польскія салдаты, гімназію зачынілі, і А. Будзька выехаў у Вільню, бо яму пагражала пакаранне за парубку лесу пана Аскеркі на пабудову гімназіі. У 1920 г. за асабісты кошт А. Будзькі і друкара У. Знамяроўскага выйшла ў свет «Гісторыя беларускай літаратуры» М. Гарэцкага.

У Вільні А. Будзька быў сябрам управы Віленскага саюзу кааператараў і працаваў у ім кантралёрам. Ён хацеў палепшыць жыццё на вёсцы праз кааператыўныя прадпрыемствы, аднак польскія ўлады адшукалі яго, і ён пераехаў у Коўна, а затым у Дзвінск. Па яго ініцыятыве ў Дзвінску ствараецца культурна-асветніцкае таварыства «Бацькаўшчына», пачынаецца падрыхтоўка да адкрыцця беларускай гімназіі.

Напярэдадні 1939 г. А. Будзька разам з сям’ёй пераязджае жыць у Будслаў. Ён купіў зямлю і лес для будаўніцтва хаты, але ў 1939 г. савецкая ўлада ўсё забрала. Прыйшлося пераехаць у Вілейку, уладкавацца на працу бухгалтарам. «Бацька, — успамінаюць дочкі А. Будзькі, — у 1940 годзе па справах працы ездзіў у Мінск, дзе наведаў сваіх старых сяброў: Купалу, Бядулю, здаецца, Коласа. Вярнуўся ён з гэтай паездкі падаўленым. Першы раз бачылі бацьку ў такім стане. Ён не мог забыць сваёй сустрэчы з Купалам, які быў яго добрым сябрам. Бацька шчыра расказваў пра падзеі, пра жыццё, Купала ўсё ж маўчаў. Адчувалася, што той напалоханы бацькоўскай шчырасцю і нечага баяўся. З. Бядуля пасля гутаркі з ім ціха запытаўся: „Дык ты з усімі так гаворыш? Глядзі, больш нікому так не кажы“. Бацька быў вельмі здзіўлены, бо ён гаварыў тое, аб чым думаў».

У пачатку вайны Адвард Будзька працаваў у Мінску інспектарам гарадской управы, настаўнічаў у Баранавічах. З наступленнем савецкай арміі мусіў паехаць з жонкай у Варшаву, адтуль у Заходнюю Германію (Ватэнштэцкі лагер для перамешчаных асобаў). У 1950 г. выехаў у ЗША. Пасля выхаду на пенсію актыўна займаўся грамадскай працай. Памёр 14 жніўня 1958 года.

У мястэчку Будслаў на вуліцы Зялёнай захавалася хата на высокім падмурку, дзе жыў беларускі паэт, публіцыст, выдавец Адвард Будзька. Тут жа побач, у доме на гэтай вуліцы сыходзілі апошнія гады жыцця яшчэ адной славутай дачкі нашай Бацькаўшчыны — Паўліны Мядзёлкі. Яна пахавана на старых Будслаўскіх могілках побач са сваімі бацькамі. Адвард Будзька, які так марыў жыць і памерці дома, знайшоў вечны супачын у далёкім Чыкага на могілках святога Войцеха.


Літаратура

  1. Белямук, М. Ён быў нашаніўцам / М. Белямук // Полацк. — 1992. — №5(15). — С.4 — 5.
  2. Бяленіс, Л., Пануцэвіч, І. Слова пра бацьку // Полацк. — 1992. — №5(15). — С.6 — 9.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY