* * *
Белы гай бяроз –
стройных, статных –
пад высокім небам шуміць,
а адна – крывая…
Пад святлом іх шатаў іду –
і душой чысцею,
ды адна з бяроз
у ваччу стаіць,
не дае спакою…
Ну чаму ж, чаму
ўсе равесніцы
вершалінамі
ў неба цягнуцца,
а яна адна
перад ім
скрушна ўкленчыла?..
Хто ж яшчэ,
як не ты, –
валацуга ўбогі –
да яе –
беспрытульніцы –
прыхінецца…
ВЕРТЫКАЛЬ
Грозна дыхнуў вятрыска –
рэкнуў камель,
захістаўся ствол,
заварушылася вершаліна,
загула,
зашумела крона,
галіна роспачна
загайдалася,
затрапятаў ліст –
і…
долу сарваўся…
ЯБЛЫК ДЛЯ СПАСА
Ранні яблык на галіне спее,
яснабока ззяючы ў лісці,
верыцца, што ўсё-ткі ён паспее
да вяршэнства Спаса дарасці…
Не страсе яго залётны вецер,
ні чарвяк не сточыць, ні шальмец
не сарве з-за плоту разам з веццем,
каб няўзнак аскоміну займець…
І калі да Спаса не загіне,
то на свята спеласць несучы,
галаву – да рук, як да галінаў,
схіліць ён, сябе аддаючы…
* * *
Ён думаў, розумам душу ўратуе,
і зазіраў у вечнасці пралом,
быў пэўны, калі Бог і падрахуе, –
пагрэшнасці пакрыюцца дабром...
Сваё хоць агароджваў і даладжваў,
а ўпасці яблыку даваў за плот,
і кожную з правін сваіх загладжваў
дабром, з якога потым меў даход.
Калі ж прыйшло і да яго кананне,
ён зразумеў, што не здабыў душы,
з якой бы змог апошняе жаданне –
упасці яблыкам за плот чужы…
* * *
Скрозь жыццё чакаем мы крыжа
дзе лёс акрэсліла мяжа
і ніхто не абмінуў яшчэ свой крыж
бо жыццё і смерць нібы спарыш
складзеныя накрыж
* * *
Мы пішам чужыя вершы,
чужыя ідэі посцім,
і справы чужыя вершым,
і ў Бога чужое просім…
Свае, як чужыя, жыцці
гвалтуем, спрабуем выжыць,
бы той васілёк у жыце,
якога цвітучым выжнуць…
* * *
Ніхто не ўнік зямных пакут
жыцця ў паднебнай паняверцы.
Народжаныя,
мусім тут
усе да аднаго памерці.
Але даецца шанец нам –
пакаяцца і азірнуцца…
Памерлыя,
мы можам там
усе да Аднаго вярнуцца…
* * *
Яшчэ не цяжкі на хаду,
хоць сіл для ўзлёту ўжо не маю,
я час у вечнасці краду,
нібыта ўклад чужы здымаю…
І зерне дзён мялю ў муку,
кручу кругі каменных жорнаў:
пераплысці хачу Раку
сам, без Харонавага чоўна,
хаця б адно дзеля таго,
каб зразумець на плыні вечнай,
куды плыву і да каго
ў Засвет з радзімы чалавечай…
* * *
Як танцуе матылёк,
выклікаючы здзіўленне,
прыпыніўшы свой палёт
дзеля творчага натхнення!
Аднадзёнка, віртуоз…
Узнімаючыся з квету,
свету ўдзячны ён за лёс,
адлятаючы са свету…
2010–2013
|