* * *
Не вый у коміне, вятрыска,
Далёкі мой і крэўны брат,
І кроплямі дажджу не пырскай
На апусцелы ціхі сад.
Не спаць і мне з табой да рання,
Стаіўшыся ў начной цішы:
Ты — валацуга па прызванні,
І я вандроўнік у душы.
Паслухай, лепей кінь бадзяцца,
Спачні хоць крыху ў пастцы сцен.
Няхай табе — спакой і праца,
А мне — трывога перамен!
* * *
Несуцяшальна і нястрымна
Нібы ад свечкі тонкі дым,
Цяпло сыходзіць ад каміна,
Ад нас — гады.
Хвіліна гіне за хвілінай
У пырсках часу залатых…
А недзе блізка той прыпынак,
Дзе сыйдзеш ты.
Успыхнуць чырванню рабіны,
І зледзяніць твой скон зіма,
З палёгкай разагнуцца спіны:
Цябе — няма.
Але жыццё на тым не згіне,
Бо Творцы мудрага рука
З падатлівае злепіць гліны
Твой дублікат.
ДАРОГІ
Вы дарагія мне
Гасціннасцю абочын,
Усцяж якіх суседзяць
І студні, і крыжы,
Дарогі, па якіх
Мы так зацята крочым,
Яшчэ хацеў бы доўга
Адно — дарогай жыць!
ПОЗНЯЯ ВІШНЯ
Белыя кроплі ў зялёным:
Вішня прыбралася кветам.
Жніўню тры дні да скону,
Столькі ж да скону лета.
Гонкая, любая вішня,
Глянь, як у небе хмарна!
Квет твой запознены, лішні,
Долу асыплецца марна.
Дорыш адну гарчыну.
Сэрцу шчэ болей слёзна:
Я пакахаў дзяўчыну,
Ды непапраўна позна.
Сам жа свавольнік гэткі –
Сэрца не ў час расквеціў…
Звянуць пачуццяў кветкі,
Не абзавуцца дзеці.
Квет твой цнатлівы і цёплы,
Ў сэрцы не будзе замглёны.
Свецяцца белыя кроплі
Позна ў лісці зялёным.
БЕЛАСТОК
У гарадах блукаў далёкіх,
Губляўся ў скопішчах людзей,
І толькі ў ціхім Беластоку,
Так, так, у ціхім Беластоку,
Найбольш утульна і мілей.
Да Заменгофа вольным крокам
Прайсці па Ліпавай наўсцяж…
Бо толькі ў шчырым Беластоку,
Так, так, у шчырым Беластоку
Яшчэ застаўся подых наш.
А як злятаюцца аблокі
На мадэрновы свенты Рох!
Ды ўсё таму, што ў Беластоку,
Так, так, у светлым Беластоку
Здаецца, часам, ходзіць Бог.
Яшчэ не раз усцешаць вока
Пляц і Браніцкага Версаль,
Пакуль спачну — не ў Беластоку,
Так, так, спачну не ў Беластоку,
А ў Беларусіі, на жаль…
РЫБКА
Рыбіна-гарэза
пляжыць хвалі целам,
вольна раскашуе
ў бездані рачной,
то хвастом — аж пырскі! —
прабліскоча смела,
то імкліва кінецца
з кручы галавой.
У вадзе крыштальнай
жвір на дне здаецца
смелай ганарліўцы
срэбным мурагом.
Аніхто не трэба
ледзяному сэрцу,
толькі б супраць плыні
піць жыццё нагбом.
Не дражні, бліскучка,
долю сваю злую,
не паказвай сонцу
шэры плаўнічок,
бо аднойчы ранкам
і цябе ўпалюе
востры і цярплівы
рыбака кручок.
СВАЯКАМ
На кладах, па-над стромкім Дняпром,
Між старых раскудлачаных ліп,
Спяць даўно неабудным сном
Баба Ганна і дзед Піліп.
Ручаіна ды жвірысты груд,
Кружна ўзносіцца клёкат буслоў.
Тут жылі і пакутвалі тут,
Сябравалі з касой ды вяслом.
Дзе жалобныя кірлі крычаць
Над нястомнаю плынню Дняпра,
Будуць вечна, нязбудна спаць
Дзед Піліп і яго сястра.
У клапотах, якіх віхор,
Не пакінуць мяне ні на міг,
Бо ёсць права ў тых, хто памёр,
Ад бяды бараніць жывых.
Быццам зоркі нябёс, неўпрыкмет
Падыходзяць да родных сядзіб
І, здаецца, глядзяць мне ўслед
Баба Ганна і дзед Піліп.
СВЯТЫ ВЕЧАР
Гомель, стамлёны за год, палагоднеў…
Дай жа яму адпачыць ад хады,
Боскае міласці дай хоць сягоння,
Вечар калядны, вечар святы!
Хораша як тут, у парку над Сожам,
Срэбрам гараць над ракою масты,
Плечы капліцы аснежаны гожа…
Вечар калядны, вечар святы!
Ў небе асмужаным соймішча зораў
Рдзіста раздзьмулі наўсцяж халады.
Месяц блішчыць над званіцай сабора…
Вечар калядны, вечар святы!
Вуліцы вабяць неонам стракатым,
Смехам гуллівым — задор малады,
І спадзяванне на вечнае свята…
Вечар калядны, вечар святы!
Вечнае свята… І некалі сына
Пах усхвалюе хваёвы, густы,
Сонейка цёплае мандарына,
Гомель калядны, вечар святы!
|