![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||
№
3(65)/2013
![]() Год веры
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Пераклады
Проза
Спадчына
Мастацтва
Нашы святыні
|
БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ
|
![]() |
— Шэраг матэрыялаў, датычных дзейнасці кармэлітаў, сёння знаходзіцца ў дзяржаўных архівах Польшчы, Беларусі і Украіны. Ці былі спробы іх сістэматызацыі?
— Так. У 1996 годзе, падчас стварэння нашага каталога, была сабраная інфармацыя пра дакументы і архіваліі, што знаходзяцца па-за межамі Кракава. Такія дакументы ёсць не толькі ў Дзяржаўным архіве Польшчы ў Кракаве і Ягелонскай бібліятэцы, але і ў архівах Львова, Мінска і Вільні.
— Што за інфармацыя там захоўваецца, і ці былі спробы вярнуць гэтыя дакументы?
— Самі дакументы, на жаль, мы не праглядалі. 15 гадоў таму праца вялася толькі з каталогамі. Нас цікавіла найперш наяўнасць такіх дадзеных у Беларусі і ва Украіне. Сёння, улічваючы лічбавыя магчымасці архіваў, гэтую інфармацыю можна праманіторыць больш падрабязна і нават зрабіць лічбавыя копіі.
Часам апантаныя гісторыкі распавядаюць, што падчас працы над сваімі тэмамі бачылі ў тых архівах пэўныя архіваліі, датычныя нашых кляштараў. Некаторым удаецца нават зрабіць фотакопіі гэтых дакументаў, аднак у будучыні тыя дадзеныя варта было б прапрацаваць больш дэталёва.
— З якіх матэрыялаў зробленыя і на якіх мовах напісаныя архіўныя матэрыялы, што захоўваюцца ў Кракаве?
— Найстарэйшымі зборамі архіва з’яўляюцца дакументы на пергаменце, якія сягаюць часу стварэння кракаўскага кляштара, — 1397 года. Першы дакумент, што датычыць гэтага кляштара, — папская була 1401 года Папы Рымскага Баніфацыя IX, якая зацвярджае каралеўскую фундацыю.
Галоўная мова архіва ў цэлым — лаціна. У пазнейшыя часы да яе дадаецца польская, у часы Аўстра-Венгрыі — таксама і нямецкая мова. Сустракаюцца некаторыя дакументы, напісаныя па-руску, — з часоў рускага панавання на тэрыторыях, дзе знаходзіліся кляштары. Але гэтых дакументаў няшмат. Пры кляштарах, якія знаходзіліся ў ваколіцах Львова, усе акты або нейкія каралеўскія загады пісаліся на старабеларускай мове.
— Ці шмат у Кракаве архіваў, падобных да вашага?
— Наш архіў — найважнейшы для ордэну кармэлітаў «абутых» у Польшчы. Аднак ён мае звесткі, якія датычаць толькі кармэлітаў, таму параўноўваць наш архіў колькасна з архівамі францішканаў ці дамініканаў нельга. Напрыклад, колькасць дакументаў, што захоўваюцца ў дамініканаў, пераўзыходзіць кармэліцкія зборы ў некалькі разоў. Тых жа актаў у нас, напрыклад, толькі 40 метраў паліцаў. У іх, мяркую, на некалькі дзясяткаў больш, таму што лічба законнікаў была большай. Сёння законнікаў ва ўсёй правінцыі каля 60-ці, таму акты, датычныя некаторых манахаў, змесцяцца і ў адной тэчцы. Але ў той самы час, калі нехта з іх працуе як навуковец (як вышэй узгаданы айцец Панэк), такіх актаў у дзясяткі разоў больш — да 10 метраў.
— Як часта ў вашым архіве працуюць навукоўцы, і як выглядае працэдура атрымання дакументаў?
— Архіўнымі матэрыяламі можа скарыстацца кожны. Вядома, спачатку трэба мець пацвярджэнне сваёй зацікаўленасці. Калі Вы студэнт, то ў Вас павінна быць папера з навучальнай установы з указаннем тэмы даследавання. Калі Вы навуковец, то ніякіх праблемаў з карыстаннем матэрыяламі ўзнікаць не павінна. Найбольш часта ў архіў звяртаюцца гісторыкі ў сферы мастацтва. Нярэдка навукоўцы даследуюць усходнія кляштары кармэлітаў ва Украіне. Бываюць дні, калі ў архіве працуе дзесяць чалавек, а бывае, што толькі адзін. Усё залежыць ад зацікаўленасці саміх даследчыкаў. Насамрэч, матэрыялаў тут процьма, і я мяркую, што іх хопіць яшчэ не на адну доктарскую дысертацыю.
— Дзякуй за размову, і плённай Вам працы. Спадзяюся, што знойдуцца спецыялісты, якія з дапамогаю матэрыялаў вашага архіва вернуць Беларусі гісторыю ордэну кармэлітаў «абутых».
Гутарыў Ілля Лапато.
![]()
|
![]()
|
![]() |