|
|
№
3(65)/2013
Год веры
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Пераклады
Проза
Спадчына
Мастацтва
Нашы святыні
|
Альфрэд Ромэр рэгулярна наведваў камайскі касцёл святога Яна Хрысціцеля, распісваў яго сцены. У гэтым касцёле злева ад галоўнага алтара вісіць абраз, які вернікі называюць «Збаўца з хлопчыкам» (у перыёдыцы ён фігуруе пад назваю «Хрыстус і сірата»). Аўтарства гэтага шэдэўра працяглы час не было вядомым. Толькі ў 2002 г. годзе адбылася сенсацыя: прыналежнасць гэтага палатна пэндзлю А. Ромэра была распазнаная мастаком Алесем Цыркуновым з дапамогаю парафіянаў і святара камайскага касцёла Яцака Гутмана. Лёс Альфрэда Ромэра, асабліва пасмяротны, аказаўся даволі дзіўным — яго забылі. І ўспомнілі больш як праз стагоддзе, што быў такі ў Каралінове Пастаўскага раёна таленавіты мастак. Яго творы парастрачваліся па старых шляхецкіх сядзібах, у музеях і прыватных зборах за мяжой, немалая колькасць, напэўна ж, загінула. ...Я бачыў гэты абраз з самага дзяцінства, калі наведваў касцёл з бабуляй Луцэяй. У душы зайздросціў хлопчыку, якому пашчасціла прытуліцца да Збаўцы. Хрыстус з абраза добразычліва і спагадліва глядзіць на вернікаў, а да Яго даверліва прытуліўся пакрыўджаны басаногі хлопчык у аднюсенькай саматканай зрэбнай, падперазанай вяровачкай белай кашульцы з разарваным рукаўцом. Хлопчык прытуліў да Збаўцы сваю галоўку з валасамі пшанічнага колеру, а правую руку лёгка паклаў на руку Збаўцы, які пяшчотна абдымае яго. Каб дабрацца да Збаўцы, хлопчыку давялося пераадолець камяністы шлях — на яго дарозе цэлая груда валуноў, па якіх ён ступаў босымі ножкамі, ідучы да Божага Сына.
...Іншы раз хлопчык на карціне ў маім уяўленні асацыіруецца з маім прадзедам, якога напаткаў цяжкі лёс. Яго імя — Грышка — стала мянушкай для ўсіх нас, яго нашчадкаў — Грызчыкі. Гэта звязана не толькі з імем прадзеда. Па-першае, ён быў вельмі працавіты, і, каб выраўняць палетак, згрыз (скапаў) усю гару Багушачкі ды звёз у балаціну. Па-другое, мой прадзед прымкнуў да паўстанцаў 1863 года, быў паранены, але не паддаваўся ворагам, «агрызаўся». Быў асуджаны на высылку ў Сібір, на станцыю Ітатку Краснаярскага краю, дзе і памёр. Хлопчыкаў з пакутным лёсам пасля задушэння паўстання на Камайшчыне было шмат. Шчырая і ўважлівая душа А. Ромэра суперажывала іх абяздоленасць, і гэты боль душы ён перанёс на палатно: адзіны, у каго можна было атрымаць спагаду, — гэта Збаўца. І прытуліўся сын паўстанца да Збаўцы, і на твары хлопчыка засвяціўся супакой, і цельца яго напоўнілася энергіяй Божай моцы... Паводле Бібліі, Хрыстус прапаведаваў у Юдэі, прырода якой адрозніваецца ад нашай. Але на карціне мастак адлюстраваў наш камайска-караліноўскі пейзаж, дзе платамі ў дзве жардзіны, прымацаванымі да калоў бярозавымі ці лазовымі дубцамі, выгароджвалі выганы ля вёсак, а да платоў на межы зносілі-скачвалі з палёў камяні-валуны, якіх багата параскідаў па наваколлі ледавік. І неба на абразе зусім не паўднёвае, а наша, караліноўскае, зацягнутае смугой і цёмна-сіняй навальнічнай хмарай. Хлопчык таксама не габрэй — у яго тыповае беларускае аблічча: кірпаносы, круглатвары, светлавалосы і сінявокі. На цёмным фоне жахлівага неба ля далягляду праходзяць дзве рознай шырыні белыя палоскі. Ці не сімвалы гэта двух антыцарскіх паўстанняў, якія задушыла, заціснула бессардэчная чорная хмара — няпрошаныя госці? Хлопчык — ці не сімвал пакрыўджанай, абрабаванай, асірацелай Беларусі, да лёсу якой у свеце нікому няма справы? І знайшла яна, Беларусь, патолю і разуменне толькі ў Збаўцы. Надзея беларусаў толькі на літасцівага Бога: Ён не адварочваецца ад хлопчыка, а туліць яго да сябе. Для напісання адзення Збаўцы і хлопчыка мастак выкарыстаў толькі тры колеры: чырвоны, белы і сіні — колеры рэспубліканскага сцяга, які лунаў над саборам Парыжскай Божай Маці ў часы Французскай рэвалюцыі. Бясспрэчна, у колеравай гаме мастак зашыфраваў ідэалы дэмакратычнага руху ў Еўропе — свабода, роўнасць, братэрства! Навакольны краявід: агароджа, зямля, камяні і паветра насычаны мяккім празрыстым святлом, якое зыходзіць ад Збаўцы. Светлы німб, што вянчае галаву Збаўцы і, як сонца, ярка свеціцца на цёмным небе, — гэта сімвал паходні, якая павінна разагнаць цемру і асвяціць беларусам новы шлях. Чаму свецкі чалавек, мастак А. Ромэр, стварыў такі глыбокарэлігійны і адначасова прагрэсіўна-бунтарскі твор? Мяркую, што гэта Божае натхненне. А чаму змясціў яго ў касцёле? Пэўна, з’яўленне такога надзвычай адухоўленага твора адназначна не магло не выклікаць з боку ўладаў адмоўнага стаўлення. Хто мог бы ў той час набыць і дзе мог бы захоўваць падобны шэдэўр? Татальнае жорсткае стаўленне царскіх паслугачоў да ўсяго вольналюбівага, да драбнейшых праяваў самастойнасці і ўласнай годнасці вымушала шукаць абыходных шляхоў. Напісаныя на адваротным баку падрамніка абраза на польскай мове словы, узятыя з Дабравесця (пар. Мц 13, 15): «...не забараняйце дзецям прыходзіць да Мяне…», хутчэй за ўсё, прыкрыццё пратэстнага сэнсу работы і «пропуск» на існаванне ў касцёле, самым даступным месцы для агляду вялікай колькасцю народу. ...Немагчыма прадказаць, які быў бы далейшы лёс гэтага абраза і яго аўтара, калі б А. Ромэра не напаткала раптоўная смерць, якая спасцігла яго праз тры месяцы пасля заканчэння працы.
Мадонна намаляваная ў блакітнай накідцы, з распушчанымі валасамі пад узнятай ветрам хусткай. Яна па-мацярынску асцярожна трымае на руках Дзіця, тулячы Яго да сябе, дакранаючыся шчакой да лобіка Немаўляці. Па яркім, як бы ідучым з неба промні сонца, а таксама па няўлоўным німбе над Яе галавою зразумела, што гэта не проста маці чалавечая, гэта — Мадонна. З-за шырокага сонечнага промня гэтую карціну яшчэ называюць «Панна ў промні». Здаецца, няма нічога асабліва эфектнага ў традыцыйнай кампазіцыі абраза, але колькі прывабнай лёгкасці і цеплыні выпраменьваюць вочы, рукі, уся пастава Мадонны! Калі ўглядаешся ў карціну, не бачыш ні рамы, ні іншых абразоў. Адбываецца нешта незвычайнае. Гэта не падман уяўлення, бо яно не зачараванае маляўнічасцю фарбаў. Тут душа мастака, без усялякіх мастацкіх хітрыкаў, але з дзіўнай простасцю і лёгкасцю надзяліла палатно тым цудам, якое абуджае ў сэрцы пачуццё чуллівай велічы. У гэтай карціне, як і ў «Збаўцы з хлопчыкам», пераважаюць сіні, белы і чырвоны колеры, але тут яны больш спакойныя, мяккія — як вера, надзея, любоў. Карціну-абраз «Божая Маці з Дзіцем» А. Ромэр напісаў напрыканцы жыцця, пасля цяжкіх гадоў вучобы і працы ў гарадах Еўропы.
...З году ў год веды пра нашых выдатных землякоў пашыраюцца, узбагачаюцца новымі даследаваннямі. Вядома, што прадстаўнікі Ромэраў — старажытнага рыцарска-шляхецкага роду нямецкага паходжання, з ХV ст. карысталіся ўласным гербам «Кіёчкі» (герб без кароны, на чырвоным полі — два сярэбраныя пілігрымскія кіёчкі, скрыжаваныя пад вуглом; такія ж скрыжаваныя кіёчкі са стравусавымі пёрамі ў рукаятках над прылбіцай). Ромэры ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры Беларусі, Літвы і Польшчы. Яны былі ў сваяцкіх зносінах з многімі беларускімі родамі: Абуховічаў, Друцкіх-Падбярэзскіх, Калантаяў, Пузыняў, Плятэраў, Ропаў, Храптовічаў, Корсакаў, Пацаў, Сулістроўскіх, Радзівілаў (мелі нерухомасць ва Укмерге (Літва) і на Ашмяншчыне). Гэты род быў самым уплывовым у XIX ст. сярод мясцовай эліты — іх прадстаўнікі з’яўляліся актыўнымі арганізатарамі грамадскага жыцця, дбайнымі носьбітамі патрыятычных ідэяў. Сярод прадстаўнікоў роду былі выдатныя музыкі і літаратары, але род гэты быў унікальны ў тым сэнсе, што не існавала на абшарах былога ВКЛ іншай дынастыі, дзе б было некалькі пакаленняў мастакоў, як у Ромэраў. Ля вытокаў кагорты Ромэраў-мастакоў стаяў Юзаф Міхал Ромэр (1778 — 1853), які падтрымліваў імкненне сваіх здольных дзяцей да вывучэння мастацтва і сам далучаў іх да стварэння прыгожага. У выніку яго дзеці — дачка Ганна, сыны Юзаф, Генрых, Севярын і Ян Эдуард — у вольны час малявалі. Ян Эдуард Ромэр (1806–1878) лічыцца пачынальнікам дынастыі мастакоў гэтага роду. Самымі вядомымі з іх з’яўляліся Альфрэд Ізыдор (1832–1897) і Эдвард Матэвуш (1848–1900). Яшчэ чакаюць сваіх даследчыкаў іншыя мастакі дынастыі Ромэраў: Казімір (1845–1921), Алена (1860–1946), Ганна (1805–1890), Браніслаў (1856–1899), Стэфан (1900–1951), Ганна Солтан-Ромэр (1895–1974), Станіслаў Марыя (1892–1966), Людвіка Казіміра (1899–1989), Казіміра Скірмунт, Зофія Ромэр-Дэнбоўская (1885–1972). На віртуальнай выставе «Мастакі дынастыі Ромэраў», якая праходзіла з 3 чэрвеня па 17 верасня 2006 года ў Вільні, было паказана звыш 330 работ Ромэраў — невялікай часткі, створанай імі. Пра Ромэраў з Каралінова я чуў яшчэ ў дзяцінстве ад сваёй маці Драўніцкай (Хведзевіч) Марыі Міхайлаўны, якая расказвала, што яны былі простыя, памяркоўныя людзі, а сам Альфрэд Ромэр вельмі добра маляваў — увекавечыў хату жыхара вёскі Гвоздавічы Хведзевіча Міхаіла Баўтрамеевіча акварэллю «Сялянскі двор». У 1942 г. гэта хата яшчэ стаяла на правым баку вуліцы, перад паваротам на вёску Лапуны. Будынак быў дакладна такі, як на малюнку, толькі замест брамкі былі вароты з жэрдак; ля свірна, што злева, расла клейкая таполя. Штыкеціны плоту гародчыка былі прыбітыя пад «шнур». Гаспадыня хаты, бабуля Луцэя, пры нагодзе падкрэслівала, што ў свой час сам караліноўскі пан маляваў гэтую хату як самую старую ў вёсцы. У гэтай хаце ў 1932 г. нарадзіўся я, а ў 1942 г. прымаў удзел у яе дэмантажы ў сувязі з перасяленнем на хутар.
Да ведама скептыкаў, якія гавораць, што Ромэры дачынення да Беларусі амаль не мелі і нічога не стварылі для яе, сцвярджаю — мелі і стварылі шмат малюнкаў, гравюраў, медальёнаў, якія датычаць Беларусі (з іх звыш 50 работ прысвечана нарачанскаму краю). Гаспадар Каралінова Альфрэд Ізыдор Ромэр як мастак-дэкаратар распісваў камайскі і пінскі касцёлы, пакінуўшы нашчадкам на памяць карціну-абраз «Збаўца з хлопчыкам», а пінскаму касцёлу — абраз «Панна ў промні».
|
|
|