![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||
№
3(65)/2013
![]() Год веры
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Пераклады
Проза
Спадчына
Мастацтва
Нашы святыні
|
Крыж суправаджае хрысціяніна ўсё жыццё: ад нараджэння і да смерці ён носіць на сабе гэты знак веры. Крыж вісіць на сцяне ў нашым жытле, крыж мы бачым у святыні, пры дарозе, на могілках. Кожны дзень у хрысціяніна распачынаецца знакам крыжа, кожная важная справа суправаджаецца знакам крыжа, у небяспецы і радасці хрысціянін таксама ахінае сябе гэтым святым знакам. Крыж — неад’емная частка нашай веры. Праз стагоддзі ён нагадвае нам пра сэнс ахвяры Хрыста і збаўлення, якое дадзена нам менавіта праз крыж. У традыцыйным беларускім асяроддзі ХІХ ст. былі шырока распаўсюджаны шматлікія хрысціянскія культавыя прадметы, або «святыя рэчы», як называлі іх простыя людзі. Аналізуючы этнаграфічны матэрыял другой паловы ХІХ ст., сабраны вялікай колькасцю этнографаў, мы пераконваемся, што ў хаце кожнай сялянскай сям’і меліся абразы, крыжы, святая вада, грамнічная свечка, асвечаная вярба і зёлкі і г.д. (6, с. 1–25). Але асаблівым чынам найперш жыла традыцыя ўшанавання крыжа, што ўспрымаўся нашымі продкамі як сімвал веры бацькоў, як абярэг ад злых сілаў, як сімвал Хрыста, знак смерці і ўваскрасення, знак мучаніцтва.
У хаце хрысціяніна крыж, часцей за ўсё, быў металічны, драўляны або зроблены з косці. Калі сям’я жыла вельмі бедна, то ў хаце была проста выразана выява крыжа на сцяне (5, с. 54). Абавязковым было ад нараджэння да смерці насіць маленькі крыжык на грудзях: «Крыж свяцей за ўсё, сільней усякае сілы і за ўсё даражэй. Маці, як пачэпіць дзіцятку на шыйцы або пакладзе ў люльку, то яно з ім і зраднілася на ўвесь свой век. Жывучы хрышчоным, чалавек ніколі з ім не разлучаецца, з ім разам сыходзіць у магілу і адтуль яшчэ журыцца за свайго друга. Крыжа не трэба і свяціць, бо яго Хрыстос пасвяціў сваёю кроўю» (9, с. 165). Н. Анімелле ў сваёй этнаграфічнай працы «Быт беларускіх сялян» адзначае, што жанчыны каталічкі на Віцебшчыне абавязкова насілі на шыі «каронкі» (ружанец. — Я. М.), шкаплер і крыжык (2, с. 136–137). Некалькі крыжоў (так званыя абракальныя крыжы) абавязкова стаяла ў кожнай вёсцы. «Калі ў вёсцы толькі адна вуліца, ён стаіць перад вёскай, а калісь і па абодвух баках сяла. А часам і далей ад яго, на раздарожжах і скрыжаваннях. У вёсцы — пры пачатках новых вуліц» (9, с. 165). У некаторых мясцовасцях Палесся крыж стаяў каля кожнай хаты: «Не будь его, крестьяне соседи скажут: неведомо, кто там живет, христиане или же жиды и татары» (3, с. 878). Такія крыжы заўсёды ставіліся ўсёй парафіяй, усёю грамадою ў асабліва ўрачыстай атмасферы. Амаль заўсёды яны былі драўляныя, з дубу або сасны, высокія, часцей — чатырохканцовыя, часам — шасціканцовыя. Вельмі часта да крыжа прымацоўваліся невялікія абразы, часцей — Збавіцеля, Маці Божай або святога, які найбольш шанаваўся насельніцтвам пэўнай мясцовасці. На ўніяцкіх і каталіцкіх крыжах змяшчаліся выразаныя з дрэва фігуры укрыжаванага Хрыста або прымацоўваліся невялікія драўляныя каплічкі. Такія творы народных майстроў можна было сустрэць па ўсёй Беларусі (7, с. 154, 163–164). Каля крыжоў збіраліся на малітву, прыпыняліся працэсіі, ставілі труну нябожчыка, якога неслі на могілкі. Павага да крыжа была настолькі моцнай, што не зняць шапкі перад крыжам і не перахрысціцца лічылася вялікім грахом: «Крыжа пераносіць нельга, а зрубаць — то вялікі грэх. Усе, хто ехаў або ішоў, як вядзецца між хрышчонымі людзьмі, шапку здымаў і хрысціўся» (9, с. 166). Яшчэ не так даўно большасць сялянскага насельніцтва нашага краю (па дадзеных даследчыкаў у ХVIIІ ст. — каля 70 %) было ўніяцкім. І яшчэ доўгі час пасля афіцыйнага далучэння ўніятаў да Рускай Праваслаўнай Царквы вернікамі захоўваліся традыцыі бацькоў і прадзедаў. Датычыцца гэта і традыцыі ўшанавання крыжа. Праваслаўнае духавенства і чыноўніцтва, якое прыбыло сюды на працу з цэнтральных раёнаў Расійскай імперыі, адзначала, што адной з асаблівасцяў беларускіх земляў з’яўляецца наяўнасць вялікай колькасці крыжоў і капліцаў (3, с. 877–878). Напачатку нават былі намеры выкараніць гэтую традыцыю як «не истинно русскую», і некаторыя рыма-каталіцкія і ўніяцкія крыжы напаткаў злы лёс, але ўсё ж Сінод вырашыў гэтую справу станоўча і крыжы пакінулі ў спакоі. Але новыя крыжы павінны былі ўжо быць (пажадана) васьміканцовымі або шасціканцовымі і іх можна было ўсталяваць з дазволу ўладаў па спецыяльных правілах. Асаблівасцю праваслаўных крыжоў было тое, што яны не мелі фігураў і каплічак. Сам крыж успрымаўся як вобраз укрыжаванага Хрыста, таму ўпрыгожваўся толькі павязкай-фартушком, размешчанай на сцёгнах уяўнага Хрыста. Вельмі часта такія крыжы ўпрыгожваліся вялікай колькасцю апатрапейных рушнікоў (7, с. 163–164). Ч. Пяткевіч параўноўваў такое ўпрыгожванне з вотамі, якія прывешваліся да цудатворных абразоў (9, 165). Крыжы можна было ўбачыць не толькі ў гарадах, мястэчках і вёсках, але і каля азёраў, рэк, перад уваходам у вялікія лясы, а часам і ў самім лесе ці ў полі. Крыжы таксама ставілі каля крынічак або прошчаў — месцаў, якія лічыліся народам святымі (1, с. 308–315). Прычыны ўстаноўкі крыжа былі самымі рознымі — як абазначэнне месца пражывання хрысціянскай грамады, як просьба выбавіць вёску ад няшчасця (хваробы, неўраджаю), як падзяка за атрыманыя ласкі і міласці, як знак памяці аб нейкай значнай падзеі, як абазначэнне асаблівага «святога месца» і г. д. Так, жыхары в. Перасёлкі Гродзенскай губерні падчас эпідэміі халеры адправілі ў канцылярыю гродзенскага губернатара прашэнне дазволіць ім паставіць у роднай вёсцы крыжы: «В прошлом 1892 году жители деревни Переселки, веруя в то, что кресты могут спасти их деревню от холеры, решили поставить при деревне своей два креста». Урэшце дазвол быў атрыманы. Мясцовы князь Друцкі-Любецкі ахвяраваў на святую справу свой лес, і крыжы былі ўсталяваныя на пачатку і ў канцы вёскі. Асвяціў крыжы дэкан Рачкоўскі (4, арк. 117). Перад пачаткам паўстання 1863-1864 гадоў на Беларусі з’явіліся карычневыя крыжы з надпісам: «У рукі Твае, Божа, аддаю дух мой» як сімвал церпячай Айчыны. У Брэсцкім павеце былі крыжы з надпісамі, што ўтрымлівалі просьбу аб выбаўленні ад рабства і ад ворагаў, а пасля падаўлення паўстання на месцах баёў паўстанцаў з рускімі войскамі паўсталі крыжы-помнікі аб тых, што загінулі ў барацьбе за волю (3, с. 889–891). Традыцыя ўшанавання крыжа жыла ў нашым народзе стагоддзямі, яна была часткай яго духоўнага жыцця, светапогляду, знакам веры і надзеі, знакам святасці і абароны ад зла. Будучы неад’емнай часткай ладу жыцця беларусаў, такія хрысціянскія традыцыі прадвызначалі паводзіны чалавека, перадаваліся з пакалення ў пакаленне, станавіліся каштоўным набыткам для будучых нашчадкаў, а цяпер яны служаць нам прыкладам веры, гістарычнай памяці і з’яўляюцца часткай нашай духоўнай спадчыны, якую трэба памнажаць.
«Хрэста пераставіць на другое месца няможна, а зрубаць, то вельмі вялікі грэх, і Бог такога анцыхрыста зараз пакарае. ЛІТАРАТУРА
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |