Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(65)/2013
Год веры

ДЗЕ «ПУСКАЕШ КАРАНІ»?
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю

БЕЛАРУСКІ СЛЕД КАРМЭЛІТАЎ У КРАКАВЕ
Асобы

З БІБЛІЯЙ У КОШЫКУ
Паэзія

НЕНАЗВАНЫЯ ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Проза

МІНІЯЦЮРЫ
Спадчына

ЗАЛАЦІСТЫ МЁД МІНУЎШЧЫНЫ
Мастацтва

ШУКАЙЦЕ І ЗНОЙДЗЕЦЕ…
Нашы святыні

У бібліятэцы Балтыйскага цэнтра
пісьменнікаў і перакладчыкаў.
Верасень 2012 г.

Таксідэрміст

З дзівосным чалавекам, земляком з ліку тых, кім варта ганарыцца, пазнаёміла мяне Галіна Іванаўна Аніскевіч, аўтарка кнігі «Жодино: история и современность». Гісторык паводле адукацыі, былая школьная настаўніца, кіруе яна цяпер групай па стварэнні жодзінскага (грувастка, але так пазначана чыноўнікамі ў працоўнай кніжцы!) краязнаўчага музея. Пасля таго як паказала мне сваю гаспадарку — будынак былога гарадскога савета, дзе мяркуецца размясціць экспазіцыю, а таксама ўжо назапашаныя экспанаты, яна запыталася: «А да Пузанкевіча не жадаеце з’ездзіць?».

Дзіва што! Пазнаёміцца са спадаром Генадзем хацеў даўно — катэдж майго стрыечнага брата Ігара з паўгода ўпрыгожвае твор гэтага майстра. Таму неўзабаве шлях наш ляжаў у вёску Судабоўка, якая ўключана цяпер у гарадскія межы. Колісь хлапчукамі не раз ездзілі паўз яе на роварах, калі выбіраліся па карасёў на возера Судабле. Можа, нават закідвалі вуды поруч з Генам, а цяпер Генадзем Канстанцінавічам, бо мы з ім амаль што аднагодкі...

Праехалі лабірынтам вуліц і завулкаў дый патрапілі да адметнай сядзібы, што ледзь не на самым беразе Плісы. Ужо па аздобе франтона з салярным знакам было відаць, што жыве і працуе тут чалавек творчы, неабыякавы да прыгажосці. На дзвярах, прымацаваны на вяровачцы, вісеў як абярэг просты аловак.

«Надзвычай карысная рэч, — павітаўшыся, патлумачыў русабароды гаспадар. — Асабліва выручаў, калі яшчэ не было тэлефона. Той, хто не заспяваў мяне дома, мог напісаць запіску, а калі меў яшчэ што пакінуць, дык ведаў, што камора ў мяне заўсёды адчыненая».

А найчасцей спадару Генадзю прыносяць свае трафеі паляўнічыя. Нярэдка і загінулых птушак, галоўная небяспека якім — высакавольтныя электралініі, што цягнуцца ад цеплаэлектрацэнтралі. Прыносяць і падлеткі.

Справа ў тым, што акрамя прафесій лесніка, пчаляра, цесляра, садоўніка, фотамастака авалодаў гаспадар сядзібы і вельмі рэдкаю – майстра таксідэрмічных скульптур. А калі расшыфраваць, патлумачыць мудрагелістае слова «таксідэрміст» (ад грэц. taksis = будаўніцтва + скура), дык вырабляе ён пудзілы птушак і жывёлаў. Прычым настолькі па-майстэрску, што проста дзівуешся! Дый не проста пудзілы, а нярэдка з «разынкаю», са знаходкаю ў кампазіцыі, з мяккім гумарам. На пакручастай сасновай галіне суседнічаюць самая вялікая і самая малая совы, якія вядуцца на Беларусі, — барадатая кугакаўка і вераб’іны сычык. Ліса ўпалявала і моцна трымае ў пашчы курапатку, а тры зайцы застылі ў вобразах паляўнічых — са стрэльбамі, патранташамі, у заліхвацкіх капелюшах!

Цяжка даць веры, але ў гэтым своеасаблівым музеі дзвесце шэсцьдзясят экспанатаў! Сто шэсцьдзясят прадстаўляюць айчынную фаўну, але нямала й «гасцей»: птушкі, экзатычныя рыбы і нават алігатар.

Паказаў спадар Генадзь і святая святых — майстэрню, у якой шчыруе разам з жонкай Таццянаю. Адны пудзілы робяцца тут з нагоды, другія — для душы, але нямала і па замовах музеяў, лясніцтваў, запаведнікаў, паляўнічых гаспадарак і навуковых установаў. Сярод прыватных замоўцаў — найчасцей паляўнічыя і рыбаловы, прычым не толькі з Беларусі або з суседніх краін. Бывала, што адпраўляліся Генадзевы творы (язык не паварочваецца казаць — вырабы!) у Італію, у Нямеччыну, на Кіпр.

Уразілі таксама энцыклапедычныя веды гаспадара ў галіне арніталогіі. Адчуванне, што пра птушак, прынамсі, пра беларускіх, якіх з нядаўнім з’яўленнем стэпавага арла налічваецца трыста адзінаццаць відаў, ведае ён усё. І не толькі ведае — ахвотна і захоплена ведамі тымі дзеліцца. Праводзіць па сваёй сядзібе экскурсіі ад школ і прадпрыемстваў, кансультуе кнігавыдаўцоў і нават збірае навуковыя дадзеныя акадэмічнаму Інстытуту заалогіі! Прычым робіць усё гэта бескарысліва.

Можна было б спытацца, адкуль тыя веды ў выпускніка ўсяго толькі Барысаўскай лясной вучэльні — СПТВ-42? Адказ вельмі просты — апантанасць, цікаўнасць і штодзённая самаадукацыя. А штудзіраваць падручнікі, даведнікі і энцыклапедыі пачаў ён у падлеткавым узросце, чытаў нават, хаваючыся ад бацькоў з ліхтарыкам пад коўдраю!

А калі дадаць сюды фенаменальную працавітасць і працаздольнасць, дык становіцца зразумелым, чаму сёння на падворку і пры садзе суседзяцца, да прыкладу, вальеры з фазанамі, залацістым, срэбным і зялёным румынскім, а ледзь не побач са свойскімі жывёламі някепска пачуваецца і... нільскі кракадзіл! Здавалася б, невялікае дзіва – сажалка з карпамі, карасямі, лінамі ды шчупакамі. Але ж трэба было «выбіць» пад яе дазвол гарадскіх уладаў, а калі сажалку тую Пузанкевічы выкапалі, дык і ўдзячныя суседзі паразбівалі і свае грады на месцы былой балаціны.

А колькі дзівосаў у аранжарэі — семдзесят пяць відаў раслінаў! Уражвае і сад, дзе можна пабачыць пасадкі кедрача, дзялку з радыёлай ружовай (падобную маю сам на лецішчы на Лысай Гары!), грушы, прышчэпленыя на рабіне, яблыню, што прыносіць плады трынаццаці гатункаў! А ў двары – кветнікі, пярголы з некалькімі вінаграднымі лозамі, альпійскія горкі, а неўзабаве, упэўнены, можна будзе ўбачыць фантанчыкі і вадаспадзікі, бо старэйшая дачка Алена ўжо год як адвучылася ў тэхналагічным універсітэце па моднай спецыяльнасці «Ландшафтны дызайн». Старэйшы сын Віктар пайшоў бацькавай сцяжынай: скончыў Барысаўскі прафесійны экалагічны ліцэй. Нават здалёк было чуваць ягоную сякеру — намерыўся будавацца побач. Відочна, Пузанкевічавы абсягі пашыраюцца.

Малодшыя, прыёмныя дзеці, школьнікі Вольга з Сашам, мудрагелілі на кухні, а потым частавалі сваім печывам і шарлоткай з адмысловай гарбатаю.

А яшчэ за пачастунак былі... фотаальбомы. Прытым не аматарскія падборкі, а цэлыя фаліянты-справаздачы пра падарожжы па Беларусі, па Архангельскім краі і Карэліі, па Паволжжы і Сібіры, па Прымор’і і Далёкім Усходзе. А яшчэ па выключна багатай раслінным светам выспе Шры Ланка. Па далёкай Кеніі, знакамітай сваімі запаведнікамі з мноствам найцікавейшых прадстаўнікоў фаўны, якія абсалютна індэферэнтна ставяцца да турыстаў і падарожнікаў. А непалахлівыя яны таму, што ў той экватарыяльнай афрыканскай краіне паляваць забаронена. Хаця не, ёсць два выключэнні. Турысты могуць паляваць з фота- і відэакамерамі, а плямёны тубыльцаў кшталту знакамітых масаяў, якія жывуць па-за сучаснай цывілізацыяй, — з коп’ямі і стрэламі.

Каментарыі да некаторых здымкаў, бывала, ператвараліся ў міні-навелы. Напрыклад, дзеля таго, каб некалькі разоў шчоўкнуў затвор старога незаменнага «Зеніта», спадару Генадзю даводзілася часам маскавацца і нерухома праседжваць на дрэве не адну гадзіну.

...Выбіраючыся ад ветлівых і гасцінных гаспадароў, я мімаволі прыгадваў вёску Мосар на Глыбоччыне, дзе за некалькі гадоў тамтэйшы пробашч Ёзаф Булька з дапамогаю вернікаў ператварыў у рукатворны Эдэм не толькі прыкасцёльную тэрыторыю, але і ўсё наваколле. Думалася і пра тое, як шмат цікавага і неспадзяванага можна ўбачыць і пачуць непадалёк, зусім побач.

Хацелася яшчэ раз вярнуцца ў дружную сям’ю ў Судабоўку і на дзівосную сядзібу Пузанкевічаў. Вярнуцца, каб яшчэ раз убачыць надзіва прыязныя, з вясёлымі праменьчыкамі зморшчынак вочы, каб яшчэ раз адчуць моцны поціск рукі жодзінскага цудадзея...

21 кастрычніка 2007 г.

«Знайсці свой жанр…»

Быў вельмі ўздячны Міхасю Скоблу за колішняе ягонае пытанне падчас сумоўя пры мікрафонах у студыі «Радыё Свабода»: «У якім жанры пачуваецеся сёння найбольш утульна?».

Гэта — нататкі, фрашкі, фацэцыі… Ад дзённікавага запісу і анекдатычнага здарэння да лірычнае мініяцюры і міні-навелы. Ад быту і побыту – да быцця.

Колісь у Вільні падчас абеду і добразычлівай сяброўскай пікіроўкі за ім з Аленай Макоўскай, Барысам Пятровічам (Сачанкам) і Міхасём Башурам нарадзілася ідэя выдаваць інфармацыйны бюлетэнь «Кніганоша». І надзвычай прыемна было прачытаць у адным з першых ягоных выпускаў у рубрыцы «Аўтограф» развагі Валянціна (або Вала, як звалі яго ў юнацтве аднакурснікі) Акудовіча пра тое, што для кожнага літаратара ёсць сапраўднай удачай патрапіць менавіта на свой жанр.

«У літаратуры ў кожную эпоху ёсць дамінантныя, прэстыжныя ці нават модныя жанры, на якія перадусім і арыентуецца кожны, хто прыходзіць у літаратуру. І ўсе тады плішчацца пісаць ці то паэмы, ці то раманы, ці ствараць драматургію. А ў чалавека талент, можа, “завостраны” пад эпас (меладраму, сатыру альбо яшчэ што заўгодна). Мне не складана прывесці даволі прыкладаў з беларускай літаратуры, дзе добра бачна, як пісьменнік размінуўся са сваім жанрам…

Усё вышэйсказанае зусім не азначае, што пісьменнік мусіць абмяжоўваць сябе толькі “сваім” жанрам. Але трэба ясна ўсведамляць, што адно ў “сваім” жанры ён можа выявіцца напоўніцу. Да прыкладу, Якуб Колас пісаў і вершы, і прозу, але па максімуме выявіўся толькі ў паэмах».

Дзякуй вялікі, спадару Валянціне, што пацвердзілі маё адчуванне!

Папраўдзе найбольш камфортна пачуваюся на некалькіх старонках разняволенага жанру кшталту нататкі, эсэ альбо іншага тэксту, які можна пакласці на паперу за вечар ці за два.

Крыху крыўдую на рэдактараў тоўстых часопісаў, калі тыя намагаюцца паставіць падборку не ў раздзел прозы, а ў «Публіцыстыку», «Словы», «Запісы» ці падобныя.

Як кажуць, дай ім волю, дык і лірычныя запісы, мініяцюры Янкі Брыля запіхнулі б куды далей, на апошнія старонкі!

26 верасня 2010 года

Каля катэдральнага сабора.
Верасень 2012 г.

Рэкамендацыя

Праглядаў днямі тэчкі з даўнімі запісамі і дакументамі, а сярод іх і папку з надпісам «Беларускі ПЭН-цэнтар». Сярод грымзолаў з пасяджэнняў рады дый агульных сходаў натыкнуўся і на чарнавікі сваіх рэкамендацый творцам і грамадскім дзеячам, за якіх, упэўнены, мне аніколі не будзе сорамна, — праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, мастаку Міхалу Анемпадыставу, журналісту Аляксандру Тамковічу, гісторыку Сяргею Тарасаву і паэту Алесю Камоцкаму.

Рэкамендацыя апошняму аказалася звышлапідарнаю.

«Алеся Камоцкага ведаю чвэрць стагоддзя. Цалкам прыстойны чалавек, сапраўдны інтэлігент, таленавіты і паспяховы творца. Цаню і шаную ягоную музыку і паэзію. Маю гонар рэкамендаваць яго сябрам ПЭН-цэнтра.
Менск,
5 снежня 2006 г.»

Але да гэтага можна было б і трэба было б дадаць і пра ўніверсітэцкую адукацыю філосафа, і пра неверагодную колькасць праведзеных сольна і з сябрамі-музыкамі канцэртаў, і пра тое, што апошнім часам штогод выдае ён кніжку вершаў альбо кампакт-дыск праспяванай паэзіі.

І пра тое, што самаахвярна і бескарысліва апякуецца Ірынай Міхайлаўнай Суворавай-Быкавай, удавою нашага класіка. Мабыць, яшчэ болей апякуецца ён дзядзькам Рыгорам, Рыгорам Барадуліным, і як сааўтар некалькіх музычна-паэтычных праектаў, і як анёл-ахоўнік у быце, побыце і ў быцці.

Прыемна было пачуць на лецішчы на Лысай Гары ад празаіка Алеся Жука, што хацеў бы набыць бардавы дыскі, якія трымаў бы і прайграваў бы нават у машыне, бо любіць творчасць Алеся Камоцкага.

P. S. А як на сённяшні дзень, дык трэба было б адзначыць яго як дзень, у які Алесь стаўся дзедам — ягоная з Касяй Камоцкаю дачка Каця нарадзіла ім унука Саўку! А дзень гэты глыбока сімвалічны як дзень нараджэння Васіля Быкава!

19 чэрвеня 2012 года

Магія лічбаў і законаў

Уначы Алеся даслала эсэмэску з-за акіяна, з Нью-Ёрка, розніца з якім у нас восем гадзін:

«Tata, sionnia mnie spounilasia 10 000 dzion, a tabie – 20 006! Try dni tamu ty byu u dva razy starejshy za mianie! Vos jak! Liubliu!»
11/02/13 22:15 (NY)

Любоў і ўвага да лічбаў, мабыць, засталіся як у выпускніцы элітнай матэматычнай сталічнай школы №19. Але ж, натуральна, сённяшнія разлікі правяла яна не з каляндарыкамі і не на калькулятары – ёсць адпаведныя кампутарныя праграмы і формулы. Але да яе падлікаў з сумам дадаў бы яшчэ й такі – дзесяціну са сваіх дзён дачушка пражыла за акіянам!

У мяне ж цяпер ёсць нагода і мажлівасць няспешна і цвяроза паразважаць пра магію круглых (і не вельмі круглых) лічбаў.

Мінулася покуль што не 100, а толькі 88 (але і васьмёрка – лічба дасканалая: паводле графікі сваёй амаль што як круглы нуль!) дзён як атрымаў пералом абедзвюх костак левай канцавіны. Тыдзень праляжаў у лякарні на расцяжцы, перанёс цягам месяца чатыры аперацыі. Цяпер скачу, пераважна па кватэры, на мыліцах і з металёвым апаратам Елізарава на галёнцы.

Разважаю і пра тое, што ўсё, відаць, даецца нездарма і не выпадкова. Мусіць, трэба было, каб спыніўся дый асэнсаваў, што рабіў няправільна, што трэба было б змяніць у жыцці.

Дастаў з кніжнае паліцы аўтабіяграфічны ў многім раман грузінскага празаіка Надара Думбадзе «Закон вечнасці», які пераклаў ажно дваццаць пяць гадоў таму! Перачытаў адну з апошніх старонак, сцэну, у якой галоўны герой, пісьменнік і рэдактар газеты Бачана Рамішвілі, выпісваецца з лякарні і развітваецца са сваім доктарам.

« — Відаць, кожны чалавек павінен перанесці цяжкую хваробу, што дасць яму магчымасць цвяроза, спакойна прааналізаваць мінулае і нанава прайсці жыццёвы шлях. У гэтым сэнсе ваша бальніца зрабіла мне вялікую паслугу.

— Наўрад ці, Бачана Акакіевіч, вашаму жыццёваму шляху патрэбны паўторны аналіз, — пераканана сказаў прафесар.

— Вы так думаеце? — усміхнуўся Бачана.

— Прынамсі збоку гэтак здаецца.

— І ўсё ж два месяцы ў вашай бальніцы былі для мяне часам незвычайных адкрыццяў.

— Што ж вы, Бачана Акакіевіч, такога адкрылі, чаго раней не ведалі?

— Закон вечнасці!

— Як вы сказалі? — перапытаў здзіўлены прафесар.

— Закон вечнасці! — паўтарыў Бачана.

— Гм… цікава… Аднак кожны закон выражаецца нейкай формулай. Ваш закон вечнасці таксама мае нейкую формулу?

— Ведама, мае.

— Ці не падзеліцеся, Бачана Акакіевіч? Можаце на мяне разлічваць — я не прысвою яе і не памкнуся запісацца ў сааўтары, — пажартаваў прафесар.

— Сутнасць гэтага закона ў тым, што… душа чалавечая намнога цяжэйшая за цела, настолькі цяжэйшая, што чалавеку самому не пад сілу несці яе. Таму ўсе мы, пакуль жывыя, павінны дапамагаць адзін аднаму і імкнуцца абяссмерціць душу адзін аднаго. Вы — маю, я — другую, трэці — яшчэ нечую, і так да бясконцасці. А ўсё гэта патрэбна, каб пасля смерці чалавека мы не асірацелі і не засталіся самотнымі на свеце…

Прафесар здзіўлена слухаў Бачану, а калі той змоўк, доўга стаяў у задуменнасці.

— Аднак складаны закон вы адкрылі!

— Складаны! — кіўнуў Бачана.

— І спадзеяцеся спраўдзіць яго?

— Калі б гэта было не так, я цяпер быў бы нежывы, дый ці варта было б жыць наогул, Надар Іракліевіч?! – Бачана падаў руку прафесару. Стары доктар падышоў бліжэй, і Бачана абняў яго.

— Так, — сказаў усхваляваны і крыху разгублены прафесар, — вам штучнае сэрца не падыйдзе. З ім вы не зможаце жыць.

І калі Бачана адчуў на сваёй спіне волатаўскія прафесаравы рукі, дык пераканаўся — закон вечнасці дзейнічае…»

Фармуляваць свой закон вечнасці покуль што не намерваюся. Але, напэўна ж, пагаджуся з аднагодкам-літаратарам Язэпам Я., што як мінімум самы час дарабляць недаробленае і рабіць гэта на «выдатна», калі блізяцца твае 55.

12 лютага 2013 г.

Назва старадаўняя і годная

Нярэдка бывае так, што купіш кніжку або атрымаеш у падарунак, а вось прачытаць яе ўсё ніяк не выпадае.

Таму прадчуваў асалоду, калі з’явілася нагода, дайшлі нарэшце рукі да тома навукова-папулярных эцюдаў Валянціны Лемцюговай «Тапонімы распавядаюць». Тлумачыцца ў ім паходжанне каля трох тысяч назваў беларускіх айконімаў — найменняў паселішчаў. Задзейнічана таксама шмат гідронімаў — назваў азёр, рэк, балот, мікратапонімаў — палёў, сенажацей, урочышчаў, антратапонімаў — уласных асабовых імён, мянушак і прозвішчаў. Пры назвах аўтарка падала гістарычныя, геаграфічныя і этнаграфічныя звесткі, народныя легенды і паданні, старадаўнія і сучасныя версіі, агульнавядомыя і зусім новыя навуковыя варыянты.

Валянціна Пятроўна — навуковец вельмі аўтарытэтны і кампетэнтны. Ведаю гэта хаця б таму, што меў гонар і задавальненне рэдагаваць, а потым і выдаваць яе (у сааўтарстве з Ганнай Арашонкавай) «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы».

Зразумела, што кнігі такога кшталту не чытаюць як белетрыстыку, а карыстаюцца імі як даведнікамі. Таму адзін з першых эцюдаў, што зацікавіў мяне, быў пра роднае Жодзіна. Прачытаў яго, і ўзнікла патрэба тое-сёе пракаментаваць і ўдакладніць.

Думаецца, што ўжо ў назве эцюда Жудзіна (Жудзін, Жудзінь) мусіў бы фігураваць і варыянт Жудынь. Можна і трэба было б больш дакладна адзначыць і месца ўзнікнення паселішча — не проста на рацэ Пліса, а там, дзе ўпадала ў яе рэчка Жодзіна. Мяркую, што спрадвеку звалася яна менавіта так, а памяншальна-ласкальны суфікс -к- набыла пазней, стала звацца Жодзінкаю пасля таго як абмялела.

Маю да той мясціны пажыццёвы сантымент, бо вуліца Партызанская, на якой і сёння стаіць барак чыгуначнікаў, дзе прайшлі мае дзяцічыя гады, упіналася якраз у тую рачулку. Каля яе цягнуліся разоры бульбяных сотак нашае сям’і, паўз яе ляжаў мой колішні штодзённы шлях у школу, а таксама на забаўкі ў буданах і зямлянках у лесапасадцы, да яе спускаўся на лыжах з чыгуначнага адхону. Больш за тое, пры вуліцы Піянерскай пачуваўся разам з сябрукамі піянерам «Дзікага Захаду» і намерваўся быў запрудзіць рачулку, каб потым ладзіць плыты і сплаўляцца на іх у бок Плісы хаця б да вуліцы Маскоўскай (часткі колішняга тракта на Маскву), пад якую нырцавала яна ў жалезабетонны калектар.

Акцэнтую, што паявілася Жодзіна на сутоку Жодзіна з Плісою і таму, што вышэй па цячэнні было мястэчка з аднайменнаю назвай Пліса, якое бальшавікі перайменавалі ў недарэчны і грувасткі Чырвоны Сцяг.

Мяркую, што найхутчэй найменне гідроніма Жодзіна — балцкага паходжання са значэннем «гаваркая, булькатлівая» рэчка.

Упэўнены, што менавіта ад назвы рэчкі пайшло і найменне паселішча. Агульнавядома, што славяне на тэрыторыі Беларусі традыцыйна сяліліся на сутоках рэк, а паселішчы свае называлі па імені меншай рэчкі. Так, на Заходняй Дзвіне Віцебск стаіць пры ўпадзенні ў яе Віцьбы, Друя — пры ўпадзенні Друйкі, а Полацк там, дзе ўпадае ў яе Палата.

Шаноўная Вялянціна Пятроўна піша, што Жодзіна «ўпершыню ўпамінаецца ў 1688 годзе як вёска Жодзіна Слабада. Паселішча належала Радзівілам».

Дазволю сабе колькі словаў каментарыя.

Наш знакаміты гісторык, археолаг і энцыклапедыст Міхась Ткачоў, які некалькі гадоў настаўнічаў і праводзіў раскопкі ў Жодзіне разам са сваім братам краязнаўцам Аляксандрам Каралёвым, пісаў яшчэ ў 1979 годзе: «У сутоках рэчкі Жодзінкі з ракою Плісою выяўлена селішча з керамікаю ХІІ–ХІІІ стст. і ХVІ–ХVІІ стст. Занята агародамі і забудавана дамамі. Культурны пласт таўшчынёй каля 0,4 м. Плошча каля 1 га». Гэта значыць, што месца тое было аблюбаванае і абжытае здаўна. Паселішча магло занепадаць, асабліва па вайне 1558–1583 гг. з Расіяй, цэнтр цяжару мог пераносіцца ў Зарэчча.

Што тычыць першай пісьмовай згадкі пра паселішча, дык даціроўку трэба было б пазначаць амаль на паўстагоддзя раней. Гісторык Вячаслаў Насевіч адшукаў у «Смалявіцкім інвентары» за 1643 год запіс, што пад будучае мястэчка Багуслаў Поле ўжо высечана 400 пляцовак, большасць якіх разабраная, а рэестр знаходзіцца ў пана Чэрніка.

Справа ў тым, што Жодзіна Слабада і Багуслаў Поле — тое самае паселішча, а дзве назвы, народная і афіцыйная, доўгі час бытавалі паралельна! Найхутчэй, «кіраўніцтва справамі» знакамітага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага князя Багуслава Радзівіла (1620–1669) заснавала слабаду там, дзе ўжо жылі сяляне-тубыльцы. А каб прывабіць рамеснікаў і гандляроў на землі ўсходняй ускраіны сваёй Смалявіччыны, князь падараваў ім «слабоды» — вызваліў ад выплаты чыншу і падаткаў аж на 25 гадоў.

Цалкам лагічна, што Жодзіна Слабада — гэта слабада на рэчцы Жодзіна. Мажліва, азначэнне Жодзіна спатрэбілася і на тое, каб адрозніваць мястэчка ад іншай Слабады, якая і сёння месціцца на захад ад Смалявічаў.

А вось што да назвы Багуслаў Поле, дык тут, як кажуць, ёсць пытанне. Польскі гісторык Генрых Літвін, які займаецца гісторыяй ХVІ–ХVІІ стагоддзяў, зазначае: «Несумнена, што ў свой час па-польску гэта гучала і пісалася “Bogusіawpol”. На Беларусі і на Украіне назвы гарадоў і мястэчак нярэдка падавалі на ўзор Багуслаў Поля. Аднак гэта няправільна! Насамрэч у падобных назвах фігуравала слова “поліс”, што па-грэцку азначае “горад, паселішча”! Багуслаў-поліс, Барыс-поліс, Крыстына-поліс, Езу-поліс, Марыям-поліс і гэтак далей. Гэта тычылася гарадоў, заснаваных у ХVІ стагоддзі і пазней».

Мяне самога даўно бянтэжыла — чаму «Поле»? Новыя гарады ўзнікалі найчасцей на рэках, але нярэдка пасярод лясоў і нават пушчаў. І сёння ў наваколлях горада захаваліся такія мікратапонімы як Зялёны Бор і Бабін Лес. Дык адкуль жа бралася тое ці іншае Поле?! Мабыць, з-за так званай народнай этымалогіі ці праз недастатковую пісьменнасць некаторых пісарчукоў, якім замест «поліс» чулася «поле». Наўрад ці адзін з тагачасных найбуйнейшых латыфундыстаў ВКЛ князь Багуслаў Радзівіл узрадаваўся б, калі дазнаўся б, што паселішча ў ягоны гонар імянуецца Полем!

Аднак тая назва захаваная ў найменні адной з вуліц Жодзіна, гідранімічная версія якога не даспадобы шаноўнай Валянціне Пятроўне. Яе яна нават не згадвае і піша: «З першаснай назвы вынікае, што гісторыя горада распачыналася са слабады, якую заснаваў нехта Жадзен ці Жэдзень. Менавіта такія сугучныя з асновай назвы, імёны засведчаны ў “Ономастиконе” С. Б. Весялоўскага: Жаден Грігорьев (1593 г.), Жедень Семен Иванович (1625 г.). Відаць, ад той жа асновы, з той жа семантыкай “скупец, скнара”, што і Жадный Ермолаев (1593 г.), Жадобін Петр (1605 г.)».

Незразумела, навошта шукаць міфічнага скнару Жадзена, калі рэчка Жодзіна была і ёсць?! Не даспадобы мне гэтая антрапанімічная версія і таму, што ў школьных летніках і на алімпіядах, бывала, атрымліваў крыўдную мянушку «жадзіна», калі казаў, што родам з Жодзіна.

Не магу пагадзіцца з шаноўнай даследчыцай і тады, калі яна катэгарычна сцвярджае: «У беларускім іменаслове ад гэтых імёнаў-мянушак не засталося ніякіх слядоў», бо прыходзяць на памяць як мінімум балота Стары Жадзен, што ў Жыткавіцкім раёне, і прозвішча цяперашняга міністра абароны Юрыя Жадобіна.

Але як там ні было, спадарыня Гісторыя распарадзілася так, што з доўгага шэрагу — Жодзіна, Жодзін, Жодзінь, Жодынь, Жодзіна Слабада, Багуслаўполь, Багуслаў, Багуслаў Поле — засталася старадаўняя, слаўная і годная назва Жодзіна.

13 лютага 2013 г.

Habemus Papam!*

На плошчы святога Пятра сотні тысяч вернікаў з надзеяй пазіралі з-пад парасонаў на медны комін па-над Сікстынскай капэлаю.

Іх чаканне не было марным — неспадзявана хутка, на другі дзень канклава, на пятым галасаванні ста пятнаццаці кардыналаў быў абраны новы, дзвесце шэсцьдзясят шосты Папа Рымскі.

У 19.06 па мясцовым часе з коміна, на якім гаспадарліва ўладкавалася белая чаіца, паваліў чаканы белы дым, пасля загучалі і званы, а па-над плошчаю панесліся захопленыя воплескі і радасныя воклічы!

Дождж пераціх (гэта таксама ўспрынялося як добры знак!), і амаль праз гадзіну на балконе з’явіліся кардыналы. Найстарэйшы з іх, француз Жан Луі Таран, усхваляваным голасам абвясціў urbi et orbi** імя наступніка святога Пятра на Апостальскім Пасадзе. Ім аказаўся кардынал не з першага кола папабіляў, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса Хорхе Марыё Берголіа.

Натуральна, усім хацелася паболей даведацца пра новаабранага Папу.

Гэта самы малодшы з пяці дзяцей італьянскага эмігранта-чыгуначніка. Шырока адукаваны — выкладаў тэалогію, філасофію і літаратуру, вольна гаворыць па-італьянску і па-нямецку. Мае аргенцінскае і італьянскае грамадзянства. Надзвычай сціплы ў быце — да апошняга часу жыў у аднапакаёўцы, сам сабе кухарыў, а на службу дабіраўся на метро.

У 1958 годзе ўступіў у Ордэн езуітаў. Кардынальскую годнасць у 2001 годзе надаў яму папа Ян Павел ІІ, а на канклаве ў красавіку 2005 года Берголіа зняў сваю кандыдатуру на карысць Ёзафа Ратцынгера.

Новы Папа абраў сабе імя Францішак у гонар Францішка з Асізі, які вызначаўся сціпласцю і адкрытасцю на патрэбы іншых людзей. А ў беларусаў імя гэтае абавязкова выклікае з памяці постаць асветніка, гуманіста і першадрукара Францішка Скарыны, які вучыўся і ў Італіі.

Да новага Папы шматкроць дастасоўваецца азначэнне «першы». Ён — першы Папа езуіт. Ён — першы Папа нееўрапеец. Ён — першы Папа аргенцінец, першы пасланец Паўднёвай Амерыкі. Ён — першы Папа па імені Францішак…

Яго лічаць умераным кансерватарам. Да чалавечых характарыстык дадаюць, што шануе ён творчасць свайго суайчынніка і цёзкі Хорхе Луіса Борхеса, а таксама рускага пісьменніка з беларускімі каранямі Фёдара Дастаеўскага. Натуральна, што любіць аргенцінскае танга, а таксама футбол — заўзее за клуб «Сан-Ларэнца». Прыемна і тое, што не чужы яму і гумар...

Шкада, што няма сёння ў Беларусі кардынала, які мог бы паехаць у Ватыкан хаця б абіраць Папу, а не тое што быць абраным! Зноўку беларусы чужыя на свяце жыцця?

Але ж хочацца верыць, што канкардат — дамова пра супрацу паміж дзвюма дзяржавамі, паміж Апостальскім Пасадам і Беларуссю — нарэшце будзе падпісаны, а папа Францішак ступіць на зямлю Францішка Скарыны — на радасць католікам, уніятам і ўсім вернікам.

14 сакавіка 2013 года Фота латышскай пісьменніцы Крыстыне Улберга.

* У нас ёсць Папа! (лац.).
** Гораду і свету (лац.).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY