|
|
№
3(65)/2013
Год веры
Пераклады
Гісторыя
У святле Бібліі
Музыказнаўства
Галерэя
Асобы
Інтэрв’ю
Асобы
Паэзія
Пераклады
Проза
Спадчына
Мастацтва
Нашы святыні
|
Складанасці і супярэчнасці Гэты чалавек выклікаў абагаўленне і нянавісць. Ён выяўляў складанасці і супярэчнасці трагічнага XVII стагоддзя, што між іншым ілюструюць міжканфесійныя адносіны, праз якія ён «прадзіраўся». Хваля рэфармацыі, узнятая манахам аўгустынцам Марцінам Лютэрам, да другой паловы XVI стагоддзя накрыла нашыя землі, зацягнуўшы ў свой вір большую частку шляхты і магнатэрыі. З пратэстанцкіх плыняў найбольш па густу прыйшоўся кальвінізм, і тут Радзівілы ішлі наперадзе, пашыраючы новае вучэнне, — будавалі зборы і друкарні, засноўвалі адпаведныя навучальныя ўстановы, ахвяравалі сродкі і інш. У віленскага біскупа Валяр’яна Пратасевіча з парафіянаў нікога не засталося. Выратаваннем былі 13 першых езуітаў у 1569-м. Праз год іх было 300, а за імі 24 ордэны — францішкане, дамінікане, кармэліты, бэнэдыктыны і іншыя. Плёнам іх дзейнасці стала сярод іншага вяртанне блудных авечак у лона Касцёла. Не было толькі сярод іх князя Януша Радзівіла — правадыра кальвіністаў. Раскіданыя па ўсім Вялікім Княстве, таючы як вясновы снег, пад промнямі святла, што неслі ордэны, ва ўладаннях князя яны складалі маналітны аплот, свайго роду дзяржаву ў дзяржаве. Князь быў у першую чаргу жаўнерам і досыць адукаваным, а не рэлігійным фанатыкам, якім яго хацелі лічыць. Рэлігійныя пераканані не з’яўляліся перашкодай, каб у 1638 годзе ўзяць шлюб з Кацярынай Патоцкай — вельмі прыгожай, але каталічкай. Адразу ж падпаў пад моцны ўплыў жонкі, з-за чаго рэзка разышоўся з бацькам. Спадзяваліся, што пераход князя ў каталіцтва — пытанне часу. І здавалася б, для гэтага меліся падставы — пасля смерці бацькі, уваходзячы ва ўладанне спадчынай, звальняў слугаў-кальвіністаў, замяняючы іх католікамі. У 1642 годзе Кацярына памерла і князь наладзіў пышнае пахаванне ў віленскай катэдры, аднавіўшы пры гэтым табліцы з імёнамі сваіх каталіцкіх продкаў. Далей, аднак, не пайшло. У 1640-м, у Вільні, падчас пахавання настаўніка і апекуна Аляксандра Пжыпкоўскага, адбыліся сутыкненні паміж кальвіністамі і католікамі. Пяхота Радзівіла абстраляла натоўп каля дамініканскага кляштара, у выніку чаго пастановай Сойму кальвінскі збор быў вынесены за гарадскую мяжу. У пошуках новай жонкі князь вырашыў падпарадкавацца волі нябожчыка бацькі, жадаўшага, каб яна была з нейкага пануючага дому і з багатым пасагам. Кароль Уладзіслаў IV прапанаваў кандыдатку — дачку праваслаўнага малдаўскага гаспадара Базыля Лупула — Марыю, якая паспрыяла б больш цесным адносінам з гэтай краінай у сувязі з планамі вайны супраць Турцыі. 5 лютага 1645 года адбылося вяселле. Картэж, які рушыў праз Львоў і Камянец да Ясаў, складаўся з 60 карэтаў, запрэжаных шасцёркамі коней, за кожнай — 10 конных гайдукоў, а яшчэ з рэгімента іншаземнай пяхоты, дзвюх казацкіх і дзвюх гусарскіх харугваў, апранутых так пышна, што ажно ламіла вока ад бляску. Гэты шлюб канчаткова пахаваў спадзяванні на пераход Радзівіла ў каталіцтва. У 1647-м Віленскі біскуп Абрагам Война выступіў з абвінавачваннем, што нібыта ва ўладаннях князя зносяцца прыдарожныя крыжы, і запатрабаваў пакарання. Уратавала заступніцтва пробашчаў мясцовых касцёлаў, канцлера літоўскага і каралевы Марыі Людвікі. Цяпер князь успрымаўся праваслаўнымі і пратэстантамі як галоўны абаронца, а ён між іншым выступаў супраць пазбаўлення арыянаў шляхецкіх правоў, папярэджваючы, што гэта выкліча такі ж выбух, як на поўдні Рэчы Паспалітай, ды супраць касцёльных судоў, арганізаваных на ўзор іспанскай інквізіцыі…
Толькі ўвесь гэты шчаслівы стан трымаўся як на парахавой бочцы, а выбуховым рэчывам былі казацкія масы на паўднёвых і паўднёва-ўсходніх абшарах Рэчы Паспалітай — прытулку збеглага сялянства, злачынцаў, авантурыстаў, шукальнікаў прыгодаў, якія сцякаліся з усёй Кароны і Літвы. Жылі з вайны і рабунку. Паступова пачалі значна ўплываць на палітычную сітуацыю ва Усходняй Еўропе, сепаратна парушаючы мірныя дамовы паміж Рэччу Паспалітай і Турцыяй. Да таго ж, у нетрах самога казацтва наспявалі эканамічныя праблемы, што выклікала шматлікія канфлікты, якія ўрэшце скончыліся тым, што адзін рэестравы казак Багдан Хмель, ці Хмяльніцкі, падняў Запарожскую Сеч на паўстанне супраць «ляхаў, жыдоў і папоў супастатаў» (гэты надпіс «аздабляў» яго зброю). Упэўненасць уладаў Рэчы Паспалітай у лёгкай перамозе над бунтаўшчыкамі прывяла да сакрушальных паражэнняў кароннага войска 6 мая 1648 года пры Жоўтых Водах, 16 мая — пад Корсунем і ў верасні — пад Піляўцамі. Там Хмяльніцкі захапіў вялікую колькасць зброі і некалькі мільёнаў злотых. Шлях на захад і поўнач быў адкрыты. На мяжы Валыні войска Хмяльніцкага падзялілася: адна частка рушыла на Львоў, другая — на ВКЛ. У хуткім часе ўвесь поўдзень Вялікага Княства апынуўся ў руках паўстанцаў. У студзені 1649 года польны гетман вырушыў на чале 15-тысячнага войска ВКЛ у першы ў сваім жыцці самастойны паход. Адразу ж быў заняты Тураў, з якога большая частка паўстанцаў адышла да Мазыра. 19 студзеня прапанова Радзівіла здацца з правам свабоднага выйсця была адхіленая. Тады загаварылі гарматы. Увечары таго ж дня Мазыр паў. Рэшткі паўстанцаў былі адціснутыя да Прыпяці і перабітыя. Такі ж лёс напаткаў Бабруйск і іншыя гарады. У сваю чаргу Хмяльніцкі выслаў у Беларусь 6 тыс. казакаў Чарнігаўскага палка пад камандаваннем палкоўнікаў Сцяпана Падбайлы і Іллі Гаркушы, даручыўшы ім заняць пераправы цераз Дняпро каля Лоева — г. зв. «Лоеўскай брамы» — шляху з ВКЛ ва Украіну. Польны гетман таксама меў усяго каля 6 тыс. войска, але перавага праціўніка значна павялічылася, калі Хмяльніцкі накіраваў яшчэ 15-тысячнае аб’яднанае казацкае войска пад агульным камандаваннем берасцейскага шляхціца Міхаіла Крычэўскага, які 31 ліпеня раптоўна ўдарыў першы. Князь вытрымаў націск і імкліва заатакаваў казакаў пад моцным агнём. Зыход бітвы вырашыў удар у тыл кавалерыйскіх аддзелаў Адама Паўловіча і Самуля Камароўскага. Было знішчана амаль усё войска Крычэўскага, а сам ён, знойдзены цяжка параненым, памёр на трэці дзень у лагеры Радзівіла. Прайшло некалькі дзён, і вынікам перамогі пад Лоевам стала мірная дамова ў Збораве. Паводле яе ўсё памежжа з Украінай кантралявалася войскамі ВКЛ. У снежні Радзівіл склаў вялікую рэляцыю аб ваеннай кампаніі на поўдні Рэчы Паспалітай, атрымаў публічныя падзякі ад сенатараў, кінуў пад ногі каралю казацкія сцягі, здабытыя пад Лоевам, і паклапаціўся аб тым, каб гэтая перамога была ўвекавечана ў серыі палотнаў і габеленаў. Вясной 1651 года польны гетман пачаў рыхтавацца да новага паходу супраць казакаў. У шэрагах яго войска стаяла 15 тысяч чалавек. Напрыканцы мая Хмяльніцкі накіраваў да Радзівіла пасольства на чале з палкоўнікам Падбайлам. Парламенцёры перадалі словы Хмяльніцкага аб тым, што казакі заўсёды з Літвой жылі ў сяброўстве і толькі да палякаў маюць рахункі. Радзівіл, хаця палякаў вельмі не любіў (у 1636 годзе, падчас Віленскага Сойму, падтрымліваючы бацьку, які сутыкнуўся з кароннымі вяльможамі, крыкнуў, што «прыйдзе час, калі палякаў не цераз дзверы, але цераз вокны будзе выкідваць»), адказаў, што Літва і Польшча складаюць адну дзяржаву. І 6 ліпеня зноў атрымаў перамогу пад Лоевам. Усё адбылося настолькі хутка, што бакі нават не паспелі ўжыць агняпальную зброю. Раптоўнасць і імклівасць вырашылі зыход бітвы. Амаль уся казацкая старшына была перабітая. Трафеямі войска ВКЛ сталі 20 баявых казацкіх сцягоў. У сярэдзіне ліпеня прыйшла вестка пра паражэнне Хмяльніцкага пад Берасцечкам. 8 жніўня войскі ВКЛ увайшлі ў Кіеў. 4 верасня пад Васількавам Радзівіл злучыўся з каронным войскам, каб даць новую генеральную бітву. Але не спатрэбілася; 29 верасня пад Белай Царквой была заключана новая мірная дамова. Польны гетман знаходзіўся на вяршыні славы. Як вызваліцеля Кіева яго параўноўвалі з Баляславам Храбрым. На ўшанаванне той падзеі быў выбіты медаль з надпісам на лацінскай мове: «Табе, каралю Яну Казіміру, Радзівіл аддае ў рукі разбітыя муры Кіева і зброю бунтаўшчыкоў». Нягледзячы на ўсе перамогі, драматызм становішча Рэчы Паспалітай заключаўся ў тым, што грамадзянская вайна ішла не толькі на палях бітваў. Адбылося мноства ўнутраных канфліктаў, якія адыгралі сваю ролю ў катастрафічных наступствах. На Варшаўскім Сойме 1652 года, 26 лютага, князь рабіў справаздачу аб дзеяннях войскаў Рэчы Паспалітай падчас усёй кампаніі. Сойм быў скліканы з мэтай выдзялення сродкаў на правядзенне новай вайны з казакамі. Але замест гэтага галоўнае для краіны пытанне патанула ва ўнутрыпалітычнай барацьбе, якая на пачатку сакавіка з аголенымі шаблямі вылілася на вуліцы. Падчас Берасцейскага Сойму 30 сакавіка 1653 года Радзівіл вымусіў караля аддаць яму найвышэйшую ў ВКЛ пасаду віленскага ваяводы (з гэтай нагоды быў выбіты медаль з выявай толькі што пабудаванага радзівілаўскага палаца і ганарлівым надпісам на лаціне: «Калі валадарыш і прыгожыя будуеш палацы, слушна твая Вільня шануе цябе як свайго палатына»). У верасні таго ж года кароннае войска на чале з Янам Казімірам у ходзе вайсковых аперацый ва Украіне было блакіравана ў крэпасці Жванец. Кароль загадаў польнаму гетману ісці на дапамогу, але той не здолеў гэтага зрабіць (ці не захацеў). У снежні да Жванца дайшлі весткі, што Земскі Сабор у Маскве вырашыў узяць Запарожскае войска пад апеку Маскоўскай дзяржавы. Гэта азначала аб’яўленне вайны Рэчы Паспалітай. Перад маскоўскай пагрозай Рэч Паспалітая і Турцыя прымірыліся. Хмяльніцкі ад’ехаў у Пераяслаў, дзе 8 студзеня 1654 года аддаў Украіну пад уладу цара Аляксея Міхайлавіча. Кароль быў вельмі абураны паводзінамі польнага гетмана і толькі яго лічыў віноўным у няўдалым паходзе ва Украіну. Тым не менш Радзівіл працягваў барацьбу за вялікае гетманства, што каштавала чарговага сарванага Сойму. У выніку толькі праз месяц, калі 80-тысячнае маскоўскае войска імкліва наступала, спусташаючы ВКЛ, кароль пад ціскам апазіцыі аддаў булаву. Тое, што Радзівіл варты быў яе, бачылі многія. Галоўнае супрацьдзеянне ішло з боку караля, які лічыў польнага гетмана зацятым сепаратыстам. Радзівіл абураўся тады, што ўсё робіцца «на зло ВКЛ…», і рыхтаваўся да вайны сам як мог. Яшчэ 16 лютага ён выдаў Універсал аб зборы войска, а казакам нагадаў, каб тыя «ярма царскага, горшага ад няволі паганскай, на сябе не бралі». Але польную булаву кароль прызначыў свайму надзейнаму прыхільніку Вінцэнту Гансеўскаму, а пры вялікім гетмане паставіў двух камісараў, якія мусілі кантраляваць яго кожны крок. Вайна з Масквой, што пачалася 20 мая 1654 года, застала ВКЛ цалкам непадрыхтаваным. 1 чэрвеня капітуляваў Белы, 3-га — Дарагабуж, 25-га пачалася аблога Смаленска. У ліпені 1654 года пад камандаваннем вялікага гетмана было сабрана каля 10 тысяч войска, але ў лагеры пад Оршай ён меў усяго каля 4 тысяч. У тых абставінах ён бачыў выйсце ў тым, каб нападаць на малыя групы войскаў праціўніка і дапамагаць абложаным крэпасцям. Аляксей Міхайлавіч, разумеючы небяспеку для сваіх тылоў, вырашыў ліквідаваць войскі, сканцэнтраваныя пад Оршай, і накіраваў 20 тысяч на чале з адным са сваіх лепшых палкаводцаў Якавам Чаркаскім, а з боку Мсціслава — яшчэ 15 тысяч Трубяцкога. Радзівіл вырашыў змагацца з тымі сіламі, што меў, толькі каб не дапусціць злучэння Чаркаскага з Трубяцкім, і 12 жніўня разбіў Чаркаскага пад Шкловам. Страты войска ВКЛ склалі 700 чалавек, у праціўніка — у разы больш. Але з-за слабасці сіл выкарыстаць перамогу належным чынам не ўдалося. З усходу цераз Дняпро ўжо перапраўлялася войска Трубяцкога, што «спазнілася толькі на гадзіну бітвы». Пачаўся адыход на захад. Трубяцкі ішоў следам. Два дні былі страчаны з-за нездароўя князя, а маскоўцы тым часам пачалі адразаць шляхі да адступлення. На світанні 24 жніўня ў адкрытым полі пад Шапялевічамі стаялі 5 тысяч вялікага гетмана супраць 25 тысяч. Малы літоўскі фронт не мог доўга трымацца. Правы фланг Радзівіла хутка быў абыйдзены і пачаў адступаць. Каля пераправы цераз Друць маскоўцы асабліва зацята атакавалі Радзівіла, які вылучаўся сярод сваіх жаўнераў «у белым атласным жупане, на пярэстым кані». Князь быў паранены ў правую нагу і страціў каня. 3 кастрычніка 1654 года капітуляваў Смаленск. Разам з вайсковым шчасцем вялікага гетмана пакідала і здароўе — моцна пакутаваў ад болю ў суставах. Усе, хто здолеў ацалець пасля паражэння пад Шапялевічамі, збіраліся ў лагеры вялікага гетмана ў наваколлі Менска. Пакрысе падыходзілі падмацаванні, у тым ліку і з Кароны, значныя сілы выставілі таксама сем’і Радзівілаў і Сапегаў — усяго прыблізна 15 тысяч. На плечы князя лёг вялікі цяжар. Набліжаўся час аплаты наёмнаму войску, а дзяржаўны скарб быў пусты. Не хапала людзей, зброі, пораху — і ўсё гэта на фоне звадак з каралём і яго атачэннем. Праціўнік адышоў з ВКЛ (эпідэмія чумы ў Масковіі і дэзарганізацыя тылу), пакінуўшы ў захопленых гарадах свае гарнізоны. Пад ціскам караля ў апошнія дні снежня 1654 года вялікі гетман пачаў зімовую кампанію, што зводзілася да аблогі ўмацаваных пунктаў, для чаго адсутнічалі адпаведныя сродкі. Адразу ж войска ВКЛ спазнала вялікія страты не столькі ў баях, колькі ад маразоў, снегападаў, голаду і дэзерцірства. У тых умовах галоўнымі мэтамі вялікага гетмана сталі Шклоў і Магілёў, куды першыя літоўскія атрады прыбылі 13 лютага 1655 года. Казакі наказнога гетмана Залатарэнкі як маглі перашкаджалі аблозе, робячы рэйды па тылах, знішчаючы населеныя пункты і гарнізоны. З надыходам вясны ўсё большая небяспека пагражала з боку маскоўскіх войскаў. Адступленне пачалося 11 мая. Разумеючы, што ўтрымацца ў здабытых прыдняпроўскіх гарадах няма шанцаў, Радзівіл забраў гарнізоны з Копыся, Оршы і Дуброўны.
Паміж двух ліхаў. «Гаворка ідзе не пра славу, не пра Рэч Паспалітую, не пра волю і дабрабыт, але пра жыццё. З абодвух ліхаў меншае павінны абраць, з плачам развітваючыся з уласнай свабодай». Князь Януш Радзівіл. 1654 год.
24 мая 1655 года маскоўскія войскі пачалі наступ. 3 ліпеня яны былі ўжо на подступах да Менска. У той жа час скарыстаў зручны момант шведскі кароль Карл Х Густаў. Яго 50-тысячная выдатна ўзброеная і навучаная армія хлынула моцным патокам на Карону і Вялікае Княства. Нездарма гэты перыяд нашай гісторыі атрымаў назву Патоп. Вялікі гетман «аддаў перавагу шведскай пратэкцыі перад маскоўскай тыраніяй». ВКЛ мусіла адарвацца ад Кароны, а шведскі кароль –стаць вялікім князем. У жніўні маскоўскія войскі стаялі пад Вільняй. Князь разлічваў адвесці свае харугвы на Жамойць (сучасная Літоўская Рэспубліка), дзе можна было б чакаць дапамогі шведаў. Апошняй спробай пазбегнуць праліцця крыві быў ліст Радзівіла і Гансеўскага да цара з прапановай аб мірных перамовах, якая была адхілена, бо калі ВКЛ хоча міру, то няхай паддаецца «пад царскую руку». Увечары 8 жніўня ў Вільню ўвайшлі казацкія атрады Залатарэнкі. На наступны дзень пачаліся масавыя забойствы, рабаўніцтва і праявы вандалізму. Разбурэнні дапоўніў пажар, які лютаваў 17 дзён. Квітнеючы горад ператварыўся ў гурбу развалінаў… Пад пахавальны гром маскоўскіх гарматаў атрады вялікага гетмана адступалі ў напрамку Жамойці на Кейданы. 18 жніўня ў Яшунах Радзівіл і яшчэ 435 прадстаўнікоў ВКЛ паставілі свае подпісы пад часовай дамовай аб уніі ВКЛ са Швецыяй. 24 жніўня царскі пасол Ліхараў прапанаваў князю перайсці на службу да Аляксея Міхайлавіча. Вялікі гетман адмовіўся, падкрэсліваючы, што «ў Віленскім павеце ратныя царскія людзі сялянаў, кабетаў і малых дзяцей сякуць усіх ды хаты паляць». 20 кастрычніка, пасля доўгіх і складаных перамоваў, у Кейданах быў заключаны Акт уніі ВКЛ са Швецыяй, але яшчэ 12 жніўня частка войска ВКЛ, дакладней, тое, што ад яго засталося, выйшла з-пад гетманскай улады, і 23 жніўня атрады, падначаленыя пераважна Гансеўскаму, стварылі ў Вербалаве (на прускай мяжы) канфедэрацыю на баку Яна Казіміра, які аб’явіў князя ворагам Айчыны.
17 снежня яшчэ нядаўна самы магутны чалавек ВКЛ зачыніўся з невялікім атрадам у галоўнай крэпасці Падляшша — Тыкоцінскім замку, дзе быў абложаны войскамі Паўла Яна Сапегі — новага галоўнакамандуючага войскамі ВКЛ. Пакутуючы ад страшэннага болю, духоўна прыгнечаны, усімі пакінуты, Радзівіл памёр ноччу з 30 на 31 снежня 1655 года. Тыкоцін абараняўся яшчэ два гады. Цела вялікага гетмана было вывезена і пахавана ў маёнтку Сялец пад Брэстам, а пасля вайны яго парэшткі ціха і таемна перапахавалі ў кальвінісцкім зборы ў Кейданах.
Некаторыя рысы Януш ІХ Радзівіл герба «Трубы», з Божай ласкі князь на Біржах і Дубінках, граф на Невелі і Себежы, князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі, цівун рэтаўскі, староста казімерскі, камянецкі, мсціслаўскі, быстрыцкі, вількіцкі і інш., нарадзіўся 2 снежня 1612 года ў мястэчку Папелі Вількамірскага павета ў сям’і віленскага ваяводы і вялікага гетмана літоўскага князя Крыштофа Радзівіла і Ганны з Кішак. Януш — чацвёрты сын Крыштофа, у 1625–1628 гадах вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Ва ўзросце 16 гадоў быў адпраўлены за мяжу працягваць вучобу і пабачыць свет. За пяць гадоў ён прайшоў навучанне ў Лейпцыгскім, Альтдорфскім і Лейдэнскім універсітэтах. Напрыканцы 1632 года кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV накіраваў яго з дыпламатычнай місіяй у Галандыю і Англію. Выдатна справіўся з абавязкамі і за гэта атрымаў пасаду, якая датуль заставалася вакантнай 60 гадоў, — падкаморага літоўскага. Восенню 1633 года вярнуўся на радзіму, дзе з навербаванымі па даручэнні караля тысячай чалавек іншаземнай пяхоты, 200 драгунамі, а таксама пушкарамі і ваеннымі інжынерамі, так неабходнымі пад мурамі Смаленска, за які ішла чарговая вайна з Маскоўскай дзяржавай, прыняў камандаванне над пяхотай і гусарскімі харугвамі. Пасля смерці бацькі ў верасні 1640 года стаў уладальнікам Біржаў, Кейданаў, Свядосці, Візуноў, Попеля, Яшуноў, Любіча, Дойлідаў, Заблудава, Орлі, северскага і быстрыцкага старостваў, магілёўскай эканоміі. Яго людзі зіхацелі ад золата. Былі апрануты ў аксаміт, шоўк, собалі, рысі, пурпур, вышываную золатам парчу, рубіны і дыяменты. Казакі яго ўласнага войска былі ў зялёным атласе і багатых панцырах, а харугва лёгкай кавалерыі — у пурпуры. Але ўсе яго багацці не маглі кампенсаваць той лад жыцця, які назаўсёды адбіўся ў памяці пакаленняў пры слове «Радзівілы». 19 красавіка 1646 года князь атрымаў з рук караля булаву польнага гетмана літоўскага і праз два гады пацвердзіў, што не дарэмна трымае яе ў руках. З таго часу ён стане ў цэнтры драматычных ключавых падзеяў і застанецца адной з самых супярэчлівых постацяў у нашай гісторыі.
|
|
|