|
|
№
1(83)/2018
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
АЛЮЗІІ НА ПАСЛАННІ АПОСТАЛА ПАЎЛА Ў ПАЭМЕ МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА «ПРА ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА» Інтэрв’ю
Элы ДЗВІНСКАЙ з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем СУШАМ
СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ Спадчына
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза
Паэзія
Літаратуразнаўства
Проза
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына
Асобы
|
Пра візіт «ad limina Apostolorum» Візіт «ad limina Apostolorum» — «Да апостальскіх парогаў» распачынаецца задоўга да выезду біскупаў у Рым, да іх сустрэчы з Папам і да наведвання Ватыканскіх дыкастэрый. Перад гэтым кожная дыяцэзія павінна падрыхтаваць адмысловую справаздачу паводле прадстаўленай Ватыканам схемы: пра існуючыя структуры, напрамкі пастырства, пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця, пра эканамічную сітуацыю і г.д., а таксама пра існуючыя праблемы. Справаздача рыхтуецца на італьянскай мове і займае прыкладна каля 70-ці старонак. Потым біскупы пішуць справаздачы ў тыя дыкастэрыі, якія Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў наведае падчас візіту. Усе гэтыя дакументы за некалькі месяцаў да візіту перадаюцца ў Ватыкан для іх вывучэння ў паасобных дыкастэрыях. Такім чынам, яшчэ да таго, як біскупы наведаюць тую ці іншую Кангрэгацыю ці Папскую Раду, там ужо дастаткова ведаюць пра стан канкрэтнага душпастырства. Кангрэгацыя па справах біскупаў рыхтуе канкрэтны план візіту «ad limina», дзе падрабязна распісана, калі і ў якой Кангрэгацыі ці Папскай Радзе адбудзецца адмысловае спатканне. Праграма прадугледжвае і спатканне са Святым Айцом, і цэлебрацыю Эўхарыстыі ў чатырох Вялікіх базыліках: св. апостала Пятра, св. Паўла за мурамі, св. Яна на Латэране і Божай Маці Вялікай. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі мела дванаццаць такіх спатканняў, а іх колькасць у дзень часам дасягала чатырох. (Але былі і свабодныя дні — субота ці нядзеля.) Візіт «аd limina» не абмяжоўваецца толькі спатканнямі і цэлебрацыямі. Так, беларускія біскупы мелі магчымасць прыняць удзел у агульнай аўдыенцыі Святога Айца 31 студзеня і разам з ім канцэлебраваць св. Імшу ў свята Ахвяравання Езуса 2 лютага, калі Касцёл адзначае дзень малітваў у інтэнцыі кансэкраванага жыцця. Цэлебравалі яны Імшу і пры гробе св. Яна Паўла II, падчас якой дзякавалі Богу і папу Вайтылу за адраджэнне структураў Каталіцкага Касцёла на Беларусі. Біскупы таксама былі запрошаныя наведаць Генеральны дом сясцёр змёртвыхпаўстанак і там цэлебраваць св. Імшу. Наведалі яны і Генеральны дом Кангрэгацыі айцоў марыянаў, а таксама духоўны цэнтр супольнасці Sant’Egidio, вядомай сваімі экуменічнымі ініцыятывамі. Не абыходзіцца такі візіт і без кантактаў са СМІ. Я асабіста пасля спаткання з Папам даў інтэрв’ю для двух беларускіх тэлеканалаў і Ватыканскага тэлебачання, а таксама для беларускай, польскай і італьянскай рэдакцый Ватыканскага радыё і для двух журналістаў, што сведчыць пра значнасць такога візіту і пра ролю беларускага Касцёла ў Еўропе і свеце, асабліва пасля мінулагодняга Пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску, аб чым многія вельмі цёпла ўспаміналі. Апошні візіт «аd limina» стаў чацвёртым у сучаснай гісторыі Каталіцкага Касцёла на Беларусі і першым падчас Пантыфікату папы Францішка. Гэты візіт мае вельмі вялікае значэнне як для кожнай дыяцэзіі, так і для ўсяго мясцовага Касцёла. Найперш падрыхтоўку справаздачы можна назваць своеасаблівым рахункам сумлення, які дапамагае лепей асэнсаваць стан Касцёла, яго дасягненні і праблемы. Як без адпаведнага рахунку сумлення нельга думаць пра духоўнае дасканаленне, так і без падрабязнай справаздачы пра стан дыяцэзіі нельга марыць пра плённае развіццё яе дзейнасці. Візіт «аd limina» — гэта ўнікальная магчымасць для Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў спаткацца з Пантыфікам і кіраўнікамі розных Ватыканскіх дыкастэрый. Выключнасць гэтых спатканняў у тым, што не паасобны біскуп, але ўсе могуць выказацца адносна сітуацыі сённяшняга Касцёла і атрымаць кваліфікаваныя адказы на важныя праблемы. У гэтым праяўляецца калегіяльнасць епіскапату мясцовага Касцёла ў лучнасці з Пятром нашага часу — Рымскім Папам — і Апостальскім Пасадам. Спатканне з папам Францішкам адбылося ў вельмі цёплай, амаль сямейнай атмасферы. Яно мела іншы, чым пры Яну Паўлу II і Бэнэдыкце XVI фармат. Раней Папа на пачатку сустракаўся з паасобнымі біскупамі, а потым з усёю Канферэнцыяй. Цяпер жа Пантыфік сустракаецца ў нефармальнай атмасферы з усімі бікупамі. Папа задаваў пытанні нам, а мы — яму. Кожны меў магчымасць задаць пытанне і атрымаць адказ. Адчувалася прыязная, даверлівая атмасфера, як быццам адбывалася сустрэча бацькі з дзецьмі. Вельмі важнаю была рэакцыя Папы на запрашэнне прыехаць у Беларусь. Пантыфік напомніў, што наш прэзідэнт А. Р. Лукашэнка ўжо яго запрасіў, і сказаў, што ў гэтым годзе візіт немагчымы з-за таго, што ўсё распісана, але не выключыў магчымасці візіту ў перспектыве. Беларускія біскупы пакінулі папскую бібліятэку, дзе адбылася сустрэча, умацаваныя айцоўскімі словамі падтрымкі Пантыфіка і з надзеяй, што час візіту наступніка святога апостала Пятра на шматпакутную беларускую зямлю ўжо набліжаецца. Візіты ў розныя Ватыканскія дыкастэрыі далі магчымасць больш поўна акрэсліць сітуацыю Касцёла ў розных сферах душпастырства і касцёльна-дзяржаўных адносінаў. У цэлым трэба сказаць, што і працэс адраджэння, і стан душпастырства беларускага Касцёла быў прызнаны здавальняючым, хаця былі выказаны некаторыя канкрэтныя заўвагі і прапановы ўдасканаліць яго. Супольнае прабыванне, малітва і абмяркоўванне праблемаў Касцёла ў нашай краіне ў розных Ватыканскіх дыкастэрыях стала яшчэ адным знакам праяўлення калегіяльнасці беларускага епіскапату. Як вядома, Рымская Курыя інтэрнацыянальная, і ў ёй працуюць прадстаўнікі мясцовых Касцёлаў усіх кантынентаў. У Рыме заўсёды, а падчас візіту «аd limina» асабліва, моцна адчуваецца пульс жыцця сусветнага Касцёла, і беларускія біскупы вельмі добра гэта адчулі. Візіт «аd limina» даў магчымасць беларускім іерархам адчуць сябе пасламі Беларусі ў Вечным горадзе і стаў добраю нагодаю прадставіць не толькі наш Касцёл, але і Бацькаўшчыну Апостальскаму Пасаду, а праз яго інтэрнацыянальнасць — усяму свету. Такім чынам, гэты візіт выйшаў далёка па-за рэлігійныя межы. Упэўнены, што спатканне са Святым Айцом Францішкам, яго асабістая адкрытасць, гэтаксама як і іншых дыкастэрый, іх імкненне дапамагчы ў вырашэнні важных праблемаў стануць новым імпульсам для развіцця Касцёла ў Беларусі, каб ён быў сапраўднай радасцю і надзеяй нашай Бацькаўшчыны.
|
|
|