Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Віктар ЖЫБУЛЬ

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»

Невядомыя вершы Ядвігі Бяганскай

Пісьменніца Ядвіга Бяганская вядомая ў літаратуры як аўтарка кніг прозы для дзяцей, а таксама перакладчыца з некалькіх славянскіх моваў. Аднак пачынала свой творчы шлях яна з вершаў яшчэ ў 1920-я гг. амаль адначасова з такімі паэткамі, як Зінаіда Бандарына, Наталля Вішнеўская, Яўгенія Пфляўмбаўм. У тагачасным друку Я. Бяганская здолела апублікаваць толькі тры вершы ў часопісе «Малады араты» (1926, № 12, 15), адзін з іх — пад псеўданімам Ядвіга Рута. Наступныя публікацыі пісьменніцы, калі не ўлічваць некалькіх перакладаў, належаць да часу яе рэабілітацыі пасля сталінскіх рэпрэсій і датуюцца ўжо 1954 годам. Можа скласціся ўражанне, што ў ранні перыяд творчасці паэтка пісала мала, аднак нядаўняя архіўная знаходка сведчыць, што гэта зусім не так.

Знаходка гэтая — рукапісны нататнік Ядвігі Бяганскай, выяўлены Ганнай Запартыкай некалькі гадоў таму пры разборы і апрацоўцы асабістага фонду пісьменніцы Валянціны Коўтун (1946–2011), які паступіў у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва неўзабаве пасля яе смерці. На аранжавай скураной вокладцы нататніка зроблены загаловак «Архіў», напісаны рукой самой паэткі. Змест нататніка складаецца з двух раздзелаў. Першаму з іх — істотна большаму па аб’ёме — папярэднічае аўтарскі каментар: «Вершы розных гадоў, якія ўдалося сабраць пасля доўгіх год майго выгнання. 1925–1930 гады». Гэты раздзел налічвае 44 вершы, з якіх пры жыцці аўтаркі публікаваліся два: «Аб сабе» і «Бягуць гады, бягуць…». Вершы размешчаны пераважна ў храналагічнай паслядоўнасці, якая, аднак, строга не вытрымліваецца.

Звяртаюць на сябе ўвагу дакладныя даты напісання, прастаўленыя над кожным творам. Хутчэй за ўсё, вершы ў нататнік Я. Бяганская перапісвала з іншых рукапісаў, якія захоўваліся ў яе асабістым архіве, або нават аднаўляла па памяці: радкі, якія не ўдалося ўзгадаць, у некаторых вершах замененыя на шматкроп’і.

Самы ранні верш, змешчаны ў нататніку, — «Прызнанне» — датуецца 5/V–25 г.:
Любіла я свой край маленства,
Любіла шнур высозных гор,
Любіла бор стары шумлівы,
Байкала сонечны прастор.
Тайгі суровай, векавечнай
Любіла я тужлівы спеў.
Ў ім чула смутак я адвечны,
Ў ім чула я грымотаў гнеў.
Любіла я той край далёкі.
Любіла, з гэтым не таюся.
Бо я не ведала, не знала,
Што край мой родны Беларусь…

Паводле сваіх кампазіцыйных і рытмічна-інтанацыйных асаблівасцяў гэты твор перагукаецца з хрэстаматыйна вядомым вершам «Люблю» Канстанцыі Буйло («Люблю свой край, старонку гэту, // Дзе я радзілася, расла…»), аднак распавядае Ядвіга Бяганская пра ўласна перажыты вопыт: нарадзілася яна 16 (29) лютага 1908 г. сапраўды пасярод тайгі, у далёкім Верхне-Удзінску (цяпер Улан-Удэ), куды яе бацька, беларус Іосіф Вікенцьевіч Бяганскі, сын малазямельнага селяніна з-пад Барысава, яшчэ сямнаццацігадовым юнаком прыехаў на заробкі. Там ён уладкаваўся працаваць на чыгунку, даслужыўся да машыніста і пабраўся шлюбам з дзяўчынай з-пад Менска, якая прыехала ў адведкі да сястры. А ў 1922 г. Бяганскія, разам з сем’ямі іншых землякоў-перасяленцаў, вярнуліся на Беларусь.
Ядвіга Бяганская з мужам Міхаілам Леберфарбам, сынам Уладзіславам і белым медзведзянём. Чукотка, пасёлак Певек, 1948 г.

Тэма нацыянальнага ўсведамлення працягваецца ў вершы «Я дачка беларускай зямлі…» (18/VI–25 г.), дзе паэтка з гонарам клянецца:
Беларускай старонцы сваёй
Я аддам ўсё жыццё і ўсе сілы,
Роднай мовы сваёй і зямлі
Не зракуся да самай магілы.

Патрыятычным настроем напоўнены таксама вершы «Жаданне» (20/ХІІ–25 г.), «Вітаю песняй маладою…» (19/І–26 г.). Тэматычна з імі звязана і пейзажная лірыка, прасякнутая любоўю да роднай прыроды, з якой лірычная гераіня адчувае асаблівую, непадзельную лучнасць:
Восень, забыцце і ціша,
Вечнасці песня чуваць,
Ветрык ціхутка калыша
Дрэвы, што ў сонцы гараць.
Ліст залаценькі апошні
Сонца цалуе і смерць.
Так на жыцця майго пожні
Сэрца канае, а верыць.
30/VІ–25 г.

Але адухоўленыя карціны прыроды і надвор’я — хутчэй не непасрэдныя пейзажныя замалёўкі «з натуры», а адлюстраванне ўнутранага стану самой лірычнай гераіні, яе інтымных перажыванняў. Гэта пацвярджае той факт, што, напрыклад, верш «За акном зажурылася восень…» пісаўся не ўвосень, а ўлетку — 29 чэрвеня 1930 года. Падобна, што верш створаны пад уплывам «Трыпціха» Уладзіміра Дубоўкі, для якога характэрныя не толькі падобныя настроі і матывы, але нават кампазіцыйныя элементы. Вось як намалявала свой унутраны пейзаж Я. Бяганская:
За акном зажурылася восень,
Неба шэрымі плешча крыламі.
Я не ведаю, мабыць, здалося,
Што ў душу нехта кінуў камень.
Я не ведаю, мабыць, здалося.
Вецер нудныя правіць літанні,
І заплакана шэпчуць бярозы.
Мо здалося, што сэрца паранена,
Што з вачэй пакаціліся слёзы.
Мо здалося, што сэрца паранена…

Нагадаем: той падобны Дубоўкаў верш уяўляе з сябе аўтарскую інтэрпрэтацыю малайскай паэтычнай формы пантума. Вось яго першая частка:
Журавінамі плача восень,
апавіўся тугою абшар.
Я не ведаю, можа здалося, —
надзвычайна баліць душа.

Апавіўся тугою абшар,
а верасень сэрца нявечыць.
Надзвычайна баліць душа,
быццам цісне цяжар адвечны.

А верасень сэрца калечыць
пальцамі жоўтых кляновых лістоў.
Той цяжар непазбыўны адвечны
галаву схіляе на дол.

  
Ядвіга Бяганская
з малодшым сынам Яўгенам.
Рэчыца, 1950 г.
Ядвіга Бяганская
з сынам Яўгенам.
Мінск, 1985 г.

У адрозненне ад свайго славутага сучасніка, Я. Бяганская звярнулася не да «чыстага» пантума, а да спрошчанага, да таго ж з «абсечанай на палове» апошняй страфой. Магчыма, журботны, неспакойны настрой верша быў выкліканы трагічнымі прадчуваннямі: ён пісаўся ў час, калі на Беларусі распачалася масавая хваля арыштаў інтэлігенцыі па вядомай сфальсіфікаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Неўзабаве, 24 ліпеня 1930 г. быў арыштаваны і муж Ядвігі Бяганскай — рэлігійны і грамадскі дзеяч, паэт Аляксандр Сак. Вершы, якія паэтка напісала пасля гэтай даты («І ці шмат яшчэ прыйдзецца жыць…», «Не дары мяне, восень, слязамі…», «Ў белых далях халодная ціш…», «Ўсё міне, як з сонейкам туман…», «Даўно ужо я радасці не піў…», «Прыйдзеш ты, калі вясна ударыць…») прысвечаны пераважна А. Саку, і яны прасякнуты болем расстання і спадзяваннем на магчымую сустрэчу, якая верне закаханым шчасце і радасць жыцця. Вылучаецца верш «Даўно ужо я радасці не піў…» (15/ХІІ–30 г.), напісаны ад мужчынскага імя, дзе лірычны герой, трэба думаць, сам зняволены муж аўтаркі, настроены, нягледзячы на ўсе нягоды, «нязломным быць у роспачы і горы»:
Даўно ужо я радасці не піў.
Я так даўно не усміхаўся людзям.
Ўвесь свет здаецца сёння мне чужы,
Ад болю страшнага закамянелі грудзі…

Увогуле, паэтычную спадчыну Ядвігі Бяганскай 1925–1930 гг. складае пераважна глыбока асабістая лірыка. І, думаецца, адна з прычынаў таго, што паэтка не імкнулася публікаваць свае вершы, іх занадта інтымны характар. Некаторыя творы маюць характар вершаў-прысвячэнняў. Два з іх — з пазначэннямі «На магілу К.» і «На магілу А.» — адрасаваны заўчасна памерлым блізкім сябрам. Цікава, што сваімі матывамі і вобразамі паэзія Я. Бяганскай набліжаецца месцамі да нашаніўскіх традыцый («Вітаю песняй маладою // Цябе, мой родны мілы кут. // Навек з’яднана я з табою, // Мой слаўны беларускі люд», «Ноч. Поўны шэптаў і казак таемных // Поле, балоты, лясы»), а месцамі — да эстэтыкі мадэрнізму і дэкадансу («Маўчаць палі ў хітоне змроку», «Хвіля — і ноч ўсё навокал // Чорным цалункам накрые», «Сэрца Requiem спявае», «Ўстану я з магілы // Белая, бы фея», «Нехта чорны глядзіць і з сабою заве, // На чало маё з міртаў ўскладае вянок»).

Вершаў на запатрабаваную ў 1920-я гг. сацыяльную (і сацыяльна-класавую) тэматыку ў нататніку амаль няма. Твораў, дзе так ці інакш адбівалася б жыццё грамадства, а не асабістыя пачуцці аўтаркі і яе захапленне прыродай, у першым раздзеле толькі тры. Так, у вершы «З мінулага» распавядаецца пра цяжкі лёс селяніна, які ў свой час шмат працаваў, «здабыў панам багацце, збудаваў двары», а цяпер, хворы і нікому не патрэбны, ціха памірае на халоднай печы. Верш «Грэшніца» — сюжэтны гумарыстычны абразок пра бабульку, якая, рыхтуючыся да споведзі, так захапілася пералічэннем сваіх грахоў, што заснула і праспала саму споведзь:
І прыйшлося нашай бабцы
Споведзь адлажыць
І яшчэ грахоў з дзясятак
Розных прылічыць.

А верш «Замалёўка» (29/ХІІ/25 г.) адлюстроўвае радасць сялянскай сям’і з нагоды выпраўлення маленькага хлопчыка Данілы ў школу.

Твораў за 1931–1937 гг. у нататніку няма: магчыма, яны ў архіве Я. Бяганскай не захаваліся, а магчыма, яна іх тады і не пісала. Гэта быў нялёгкі перыяд у жыцці пісьменніцы: у 1931–1934 гг. яе муж незаслужана адбываў пакаранне на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала. (У жніўні 1937 г. яго арыштуюць паўторна і расстраляюць.) Мабыць, асцерагаючыся публікаваць уласныя вершы, яна, жонка «ворага народа», занялася перакладамі: у 1932–1933 гг. перастварыла з польскай мовы аповесць «Палю Парыж» Бруна Ясенскага, а з рускай — «Аповесць пра нафту» Льва Вайзенберга, зборнік матэматычных галаваломак «Цікавыя задачы» Якава Перэльмана і кнігу нарысаў «Героіка будняў» (апошнія дзве — у суаўтарстве з М. Каравайчык). Працавала Я. Бяганская на той час выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй узорнай чыгуначнай школе № 25 імя А. Чарвякова і на курсах павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, пакуль сама не была беспадстаўна арыштаваная 6 лістапада 1937 года. 4 студзеня 1938 г. яе асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі і саслалі ў лагер на Калыму. Дачку Ядвігі Бяганскай і Аляксандра Сака, трохгадовую Галіну (у будучым — вядомага архітэктара), узяла на выхаванне цётка…

«1938 год, Калыма» — менавіта такі загаловак мае другі раздзел нататніка, якому папярэднічае аўтарскі каментар: «Тое вельмі нямногае, што захавалася пасля вобыскаў, якія час ад часу праводзіла ў бараках лагернае начальства». У раздзеле змешчаны 11 вершаў. Магчыма, некаторыя з іх былі адноўленыя паэткай па памяці. Даты пазначаны толькі пад трыма тэкстамі, але пры жаданні можна ўстанавіць і час стварэння некаторых іншых. Напрыклад, верш, адрасаваны Кузьму Чорнаму ў адказ на яго ліст, напісаны не пазней за лістапад 1944 г., час смерці пісьменніка, а верш «Памёр Купала…» не мог з’явіцца раней за 28 чэрвеня 1942 года. Пад вершам «Сярод жывых цябе даўно няма…», прысвечаным A. S. (А. Саку), стаіць дата 1942–1945 гг. Думаецца, у гэты прамежак часу пісаліся і верш «Бацьку», што пачынаецца такімі самымі радкамі («Сярод жывых цябе даўно няма. Сярод магіл няма тваёй магілы…»), а таксама верш «Дачушцы», канцоўка якога часткова супадае з канцоўкаю верша «Бацьку».
Ядвіга Бяганская ў Каралішчавічах.
Другі справа — Сяргей Грахоўскі. 1960-я гг.

У адрозненне ад першага раздзела нататніка, вершы з другога публікаваліся, прычым двойчы ў адным і тым самым выданні — газеце «Літаратура і мастацтва». Першы раз гэта адбылося 15 чэрвеня 1990 г. — яшчэ пры жыцці Я. Бяганскай. Падборка мела назву «З Калымскага сшытка (1938–1948 гг.)», а публікацыю суправаджаў уступны артыкул самой аўтаркі «Вечны смутак і боль» — своеасаблівы рэквіем па бязвінна загубленых блізкіх людзях: бацьку Іосіфу Бяганскім, мужу Аляксандру Саку, матчыным стрыечным браце Аляксандру Гайдукевічу і яго сястры Ядвізе Гайдукевіч-Саяпінай, бацькавых пляменніках Вікторыі Навіцкай і Іосіфу Сайкоўскім… Другі раз тыя самыя вершы (+ яшчэ два) убачылі свет праз сем гадоў — 4 красавіка 1997 г., калі аўтаркі ўжо не было ў жывых (а памерла яна 3 сакавіка 1992 г.), — гэтым разам ужо пад агульнай назвай «Над Калымой ні воблачка, ні хмаркі...» і з прадмовай Алы Канапелькі, дзе і распавядалася пра сшытак-нататнік з недрукаванымі вершамі.

Зразумела, што гэтая частка паэтычнай спадчыны Я. Бяганскай — з другога раздзела — убачыла свет на хвалі агульнага вяртання ў літаратуру рэпрэсаваных пісьменнікаў, калі асаблівая ўвага надавалася творам, дзе непасрэдна распавядалася пра рэпрэсіі (перажытые ў турмах, лагерах, высылках). Тады ў часопісе «Полымя» (1990, № 3) выйшлі і ўспаміны Я. Бяганскай «Мая Галгофа: Старонкі перажытага», дзе пісьменніца падрабязна расказала пра сваю маладосць, студэнцкія гады, настаўніцкую працу, але больш — пра жудасную атмасферу неапраўданых арыштаў 1930-х гг., уласнае зняволенне, невыносныя этапы, цяжкі лагерны побыт... А вось на інтымную лірыку Ядвігі Бяганскай, створаную яшчэ да рэпрэсій, быццам бы і забыліся: крыху не да таго было, хоць гэта і не зусім так: разам з нататнікам паэткі ў архіве В. Коўтун знайшоўся і машынапісны перадрук некаторых вершаў 1925–1930 гг. — відаць, і яны таксама чакалі сваёй публікацыі, але чамусьці не дачакаліся…

Звяртае на сябе ўвагу цікавы факт: з рукапісамі Ядвігі Бяганскай адначасова мелі справу Валянціна Коўтун і Ала Канапелька. Імёны гэтых дзвюх пісьменніц усплываюць у сувязі і з яшчэ адной «рэпрэсаванай паэткай», якая ўрэшце аказалася містыфікацыяй, — Лесяй Беларускай (Ларысай Марозавай). У свой час артыкулы пра такую асобу публікаваліся ў газетах і часопісах, яе вершы трапілі на старонкі паэтычных анталогій, а навукоўцы распачалі спробы адшукаць якія-небудзь дакументы, звязаныя з Л. Марозавай…
Разам з пісьменнікамі Беларусі

Цяпер ужо вядома, што прыдумаў Лесю Беларуску ўкраінскі паэт і мастак Васіль Малагуша (1911–2007), які з пачатку 1990-х гг. жыў у Мінску; біяграфію Ларысы Марозавай аформіла ў дакументальны нарыс Ала Канапелька (гл. «Полымя», 1997, № 12), а вершы яе пісала Валянціна Коўтун — урэшце, яна сама і прызналася ў гэтым, выдаўшы кнігу «Малітва да Калымы» (2009). Цяпер мы можам выказаць меркаванне, што вытокі творчасці Лесі Беларускі варта пашукаць не толькі ў рамане «Крутой марштрут» Яўгеніі Гінзбург, але і ў «лагернай» паэзіі і прозе Ядвігі Бяганскай. Скажам, арыгінальны і ўражвальны сваім трагізмам вобраз — «арган свяшчэннай Калымы», «арган касцей, прадзьмутых сцюжай лёсу» Лесі Беларускі — ці не натхнёны «магутным, велічным арганам» узбуранай стыхіі ў Я. Бяганскай? Некаторыя вершы маюць падобныя подпісы і даты: «Магадан, 1938», «Бухта Нагаева, 1938» — гэта можна пабачыць у абедзвюх паэтак: і ў прыдуманай, і ў рэальнай.

Леся Беларуска аказалася таленавіта зробленай містыфікацыяй, якая была прынятая на веру многімі беларусамі, неабыякавымі да аднаго з найбольш трагічных перыядаў нашай гісторыі, — сталінскіх рэпрэсій. Аднак найчасцей рэальная, непрыдуманая гісторыя выглядае не менш цікавай і кранальнай за любыя містыфікацыі. Гэта пацвярджае і выпадак з Я. Бяганскай і яе творчасцю — як ужо вядомай, так і невядомай. Некаторыя не апублікаваныя раней вершы Ядвігі Бяганскай нядаўна ўжо ўбачылі свет у анталогіі жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы». Цяпер, у юбілейны для паэткі год, хацелася б пазнаёміць з яе невядомымі творамі і чытачоў «Нашай веры».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY