|
|
№
1(83)/2018
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
АЛЮЗІІ НА ПАСЛАННІ АПОСТАЛА ПАЎЛА Ў ПАЭМЕ МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА «ПРА ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА» Інтэрв’ю
Элы ДЗВІНСКАЙ з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем СУШАМ
СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ Спадчына
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза
Паэзія
Літаратуразнаўства
Проза
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына
Асобы
|
Марыя Магдалена дагэтуль застаецца самай загадкавай у хрысціянстве святой. Усплёск цікавасці да яе жыцця выклікаецца і пастаянна падтрымліваецца то рок-операмі, то рознымі публікацыямі (асабліва нашумелым, не прынятым Касцёлам у 1990-я гады раманам Дэна Браўна «Код да Вінчы», дзе яна выведзеная каханаю Хрыста). Марыя Магдалена — адна з любімых святых і на Беларусі. Гэтую любоў можна тлумачыць яе адданасцю вучэнню Езуса, яе ахвярнасцю. Паводле Евангелля, Марыя Магдалена паўсюль аддана ішла за Хрыстом, прысутнічала пры Яго ўкрыжаванні і была першаю сведкаю Яго ўваскрасення. Святую Магдалену шануюць і католікі, і праваслаўныя, але па-рознаму. Праваслаўная Царква ў аповедзе пра жыццё святой Марыі Магдалены прытрымліваецца евангельскіх сведчанняў і дакладнага царкоўнага падання пра яе як роўнаапостальную святую жанчыну-міраносіцу. Паколькі з Магдалены выганялі нячысцікаў, у праваслаўнай іканаграфіі яе галоўным атрыбутам з’яўляецца посуд з пахошчамі, але часам сустракаюцца таксама выявы, дзе Магдалена намаляваная з галавою ільва. У праваслаўі лічыцца, што Марыя Магдалена памерла як святая ў Эфесе, дзе і была пахаваная.
Для католікаў Магдалена — былая грэшніца, якая зарабляла блудам, але, пачуўшы пропаведзі Хрыста, пакінула сваё «рамяство» і раскаялася. Пасля ўкрыжавання і ўваскрасення Хрыста Марыя Магдалена стала пустэльніцаю і, па адной з версій, у канцы жыцця жыла на землях сучаснай Францыі. На гісторыю жыцця Марыі Магдалены наклаліся жыццяпісы сястры Марфы і Лазара Марыі і Марыі Егіпецкай: ёй прыпісалі падарожжа ў Ерузалем, а затым — на поўдзень Францыі, куды яна дабралася на судне, кіраваным анёлам. Там яна жыла ў пячоры і 30 гадоў аддавалася найстражэйшай аскезе, каючыся ў сваіх грахах. Яе адзенне стлела, галізну прыкрывалі толькі доўгія валасы, але яе старое цела анёлы кожную ноч ўзносілі на нябёсы, каб вылечваць яго. Святая Марыя Магдалена лічыцца католікамі апякункаю сям’і, таму паломнікі прыязджаюць да яе абраза, каб маліцца пра дабрабыт у шлюбе, прасіць аб нараджэнні дзяцей, аб заканчэнні сямейных канфліктаў. Злучэнне дзвюх асобаў — святой благавесніцы і распусніцы, якая пакаялася і стала вялікай пустэльніцай, — адлюстравалася ў еўрапейскім мастацтве эпохі Рэнесанса і Барока. У заходнееўрапейскай іканаграфіі Магдалена набывае трывалы вобраз распусніцы, якая пакаялася. Сюжэт з вобразам Магдалены ў пячоры, пачынаючы з эпохі Рэнесанса, выкарыстоўваўся вельмі актыўна, калі мастак хацеў пад прыстойнаю падставаю напісаць прывабнае жаночае цела. Заходнееўрапейскія мастакі эпохі Рэнесанса, якім тэма распусніцы дазваляла даць сабе волю, малявалі Магдалену па-жаночаму прывабнай і нават эратычнай, з паўаголенымі або аголенымі грудзьмі, голымі плячыма. У заходнееўрапейскім жывапісе XVII–XIX стст. Магдалена традыцыйна паказаная ў выглядзе пустэльніцы з чэрапам, без адзежы або ў рызе, пакрытай доўгімі, густымі залацістымі валасамі. Паступова ствараецца вялікая галерэя карцін і скульптураў на тэму «Марыя Магдалена, якая каецца». Менавіта гэтак яе ўспрымалі Тыцыян (1477–1576), Эль Грэка (1541–1614), Мікеланджэла ды Караваджа (1573–1610), Гвідо Рэні (1575–1642), Арацыа Джанцідэскі (1563–1639), Сымон Вуэ (1590–1649), Хасэ дэ Рыберы (1591–1652), Жорж Дзюменіль дэ Латур (1593–1652), Франчэско Хайес (1791–1882); скульптары Пэдро дэ Мэна (1628–1688), Антоніо Канова (1757–1822). У гонар Марыі Магдалены праваслаўнымі ўзводзіліся цэрквы. Так, у Мінску каля Старажоўскіх могілак у 1847 г. па ініцыятыве Міхаіла Галубовіча — аднаго з вядомых дзеячаў уз’яднання ўніятаў з Праваслаўнаю Царквою — на ахвяраванні вернікаў была ўзведзена царква, пры якой існавала багадзельня для састарэлых і інвалідаў. І сёння ў вёсках Альгомель Столінскага раёна і Парычах Светлагорскага раёна дзейнічаюць цэрквы імя святой Магдалены.
Выявы святой у жывапісе беларускіх майстроў XVIII–XIX стагоддзяў захаваліся не вельмі добра, таму цікава, што ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь за апошнія гады ў экспазіцыі і на выставах тройчы з’явіліся выявы Марыі Магдалены, якая каецца ў пячоры. Усе яны датаваныя ХІХ ст. і з’яўляюцца алтарнымі карцінамі, якія, у адрозненне ад абразоў, пісаліся алеем ці тэмперай на палатне па законах рэалістычнага свецкага мастацтва. Толькі адна з іх сапраўды шырока вядомая — «Марыя Магдалена, якая каецца» (1861) работы беларускага мастака Апалінарыя Гараўскага. Дзве іншыя карціны паўсталі перад гледачамі ўпершыню пасля рэстаўрацыі, а таму хочацца пазнаёміць з гэтымі адкрыццямі музейных рэстаўратараў чытачоў «Нашай веры». Дзве першыя карціны звязаны з Заходняй Беларуссю, з Вілейшчынай, дзе гэтая святая была надзвычай шанаваная. Цікава, як разумелі гэты вобраз тры розныя майстры — народны мастак, прадстаўнік мясцовай мастацкай школы, і выхаванец пецярбургскай Акадэміі мастацтва. Разгледзім тры вобразы Магдалены, створаныя на працягу аднаго стагоддзя. Алтарная карціна «Пакаянне святой Марыі Магдалены» з царквы ў вёсцы Бараўцы Вілейскага раёна Мінскай вобласці — прыклад правінцыйнага «наіўнага» барока канца XVIII — пачатку ХІХ ст. Карціна паступіла ў музей у 1981 годзе. Тады з паддашша невялікай драўлянай цэркаўкі ў Бараўцах супрацоўнікамі музея былі вывезеныя некалькі твораў вялікага памеру — «Казанская Маці Божая», «Укрыжаванне», «Тайная Вячэра», «Аарон». Хутчэй за ўсё, гэтыя творы былі прывезеныя ў Бараўцы з буйной царквы, магчыма, з Вілейкі, дзе да гэтага часу стаіць царква св. Марыі Егіпецкай, якую часта атаясамліваюць з Марыяй Магдаленай. Карціна знаходзілася ў вельмі дрэнным стане і была ўмацаваная, але чарга на яе рэстаўрацыю дайшла толькі праз 30 гадоў: рэстаўрацыю выканала рэстаўратар першай катэгорыі Святлана Ішмаева. Карціна досыць вялікая (145?118), напісаная на двухчасткавым палатне пэндзлем мясцовага вясковага майстра: Магдалена намаляваная традыцыйна: з аголенымі грудзьмі, доўгімі валасамі, з чэрапам і бізуном для самабічавання; яна сядзіць (хутчэй, «вісіць» з-за вельмі ўмоўнай перспектывы) на нейкім падабенстве радзюжнага грубага крэсла ва ўмоўнай мясцовасці з абрывістымі схіламі і некалькімі зялёнымі дрэвамі (відавочна, маецца на ўвазе пустыня). На Магдалене цёмна-блакітны гімацій і ярка-чырвоны шалік, які раздзімаецца, нагадваючы пра крывавыя раны, і лёгкія сандалі на босых нагах. Рукі Магдалены злучаныя ў малітоўным жэсце, вочы апушчаныя долу — яна пакутуе, а не ўзносіць малітву. Фігура і твар Магдалены намаляваныя аб’ёмна, са святлоценявай мадэліроўкаю, хаця і вельмі спрошчана. Малюнак графічны, з рэзкімі контурамі тканінаў і прыгожымі сілуэтамі. Усе атрыбуты пустэльніцтва — чэрап (сімвал смерці), разгорнутая кніга, пасудзіна для пахошчаў (згадка пра абмыванне ног Хрыста мірам), а самае галоўнае — крыж з распяццем Хрыста (злева на другім плане), які сведчыць пра адданае служэнне Магдалены Хрысту. Тры галоўкі анёлаў з рознакаляровымі крыламі з нябесаў («залатыя» нябёсы літаральна намаляваныя ў абрамленні шэрых аблокаў) — напамін аб тым, што кожны вечар анёлы забіралі Магдалену на неба, каб залечваць яе раны. Гэтыя дэталі сведчаць аб сімвалічным падыходзе да гісторыі Марыі, жаданні аўтара карціны перадаць не адзін канкрэтны момант яе жыцця, а ўвесь яе шлях. Іканапісны прынцып жыційнасці і барочную экспрэсіўнасць народны майстар змяшаў разам для паўнаты вобраза, не турбуючыся аб чысціні жанра. Гэты абраз мае не ціхі, малітоўны, а наадварот, — дынамічны характар. Уся яго прастора пранізаная рухам, трывожным асвятленнем, што лічылася абавязковым для алтарнага вобраза, які павінен уздзейнічаць на верніка эмацыянальна, абавязкова прыцягнуць яго ўвагу. Для каталіцкай барочнай карціны характэрныя такая перабольшаная патэтыка і экспрэсіўнасць. Дыдактычны і фальклорны характар гэтага абраза відавочныя: гэта прыклад правінцыйнага барока, наіўны, але абаяльны ў сваёй шчырасці.
У 2014 г. на выставе «Мастацтва рэстаўрацыі. Магія майстэрства» была паказана яшчэ адна ўніяцкая алтарная карціна — «Марыя Магдалена», якую можна назваць узорам мясцовай мастацкай школы. На першы погляд, гэта карціна больш прафесійнага майстра, магчыма, вучня мясцовай, хутчэй за ўсё, віленскай мастацкай школы пачатку ХІХ стагоддзя. Кампазіцыя карціны — вольны парафраз знакамітага твора італьянскага жывапісца балонскай школы Гвідо Рэні (1575–1642) (1633 г.; Нацыянальная мастацкая галерэя ў Рыме), якую мастак мог бачыць на гравюры Рафаэля Моргена 1801 года: Магдалена ў позе адпачываючай жанчыны сядзіць у скалах, абапіраючыся на руку, і ў задуменні глядзіць у нябесы. Гвідо Рэні спецыялізаваўся на вобразе Марыі Магдалены, і яго карціны часта служылі ўзорам для іншых мастакоў, асабліва ў іканаграфіі твару Марыі. Наш невядомы мастак крыху змяніў кампазіцыю: адной рукою святая абапіраецца на закрытую кнігу, другой — на чашу, у якой яна калісьці прынесла міра, каб абмыць цела Хрыста. Побач на скалах — чэрап, каля ног — бізун як сімвал утаймавання. Мастак не паказвае тут ні перабольшанага руху, ні моцных эмоцый. Відавочна, што фігура і поза святой пісаліся мастаком з натуры, хаця ён і натхняўся ўзорнай карцінаю Гвідо Рэні. Алтарны абраз лаканічны і стрыманы па каларыце: блакітны, белы, шэры і залаты колеры з густам падабраныя мастаком. Галоўны колеравы акцэнт — прыгожае блакітнае адзенне Магдалены, якое кантрастуе з белым верхам. Яна апранутая па шляхецкай модзе пачатку ХIХ ст. у сукенку з высокай таліяй і золатою стужкаю. На адвароце карціны маецца вельмі цікавы надпіс, які дае магчымасць меркаваць пра паходжанне гэтай карціны. Надпіс абвяшчае, што першага верасня 1912 года ў Манькавічах адрэстаўраваў («одновил») карціну нехта Г. Лэнскі («H. Łęski»). Спачатку здалося, што надпіс памылковы і карціну «паправіў» Зянон Ленскі (1864–1929) з Сулы, мастак, які вучыўся ў Парыжы, Мюнхене і Пецярбургу. Але наўрад ці такая дакладнасць надпісу была ўласцівая пецярбургскаму прафесійнаму мастаку, хоць, магчыма, ён па-свойску і прымаў удзел у рэстаўрацыі твора. Слова «одновил» можа азначаць, што ён даў грошай на рэстаўрацыю, а можа, сваёй рукою пачысціў карціну. Манькавічы — вядомае месца ардынацыі Радзівілаў у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці. Але ёсць і іншыя Манькавічы — у былым Вілейскім павеце (цяпер Пастаўскі раен), за 16 кіламетраў ад Паставаў, якія належалі Марыі з Друцкіх-Любецкіх, жонцы Гілярыя Лэнскага (Hilary Łęski, 1834–1920), сына мінскага маршалка Аляксандра Лэнскага, сябра віленскага Таварыства сяброў навук, гаспадара некалькіх дамоў і маёнткаў пад Івянцом і Вільняй. Ён быў фундатарам будаўніцтва будынка Таварыства прыяцеляў навук у Вільні і касцёла пад тытулам апостала Паўла (1910) у сваім маёнтку ў вёсцы Войдаты, недалёка ад Вільні. У Манькавічах у сям’і Лэнскіх таксама быў сядзібны дом, дзейнічала з 1871 г. каменная праваслаўная царква св. Георгія, быў пабудаваны і сямейны магільны склеп Друцкіх-Любецкіх. Да 1920 г. Манькавічы належалі да Вілейскага павета, у вёсцы жыло каля 80-ці жыхароў.
Гілярый Лэнскі меў у сваіх маёнтках добрую мастацкую калекцыю, у тым ліку карціны вядомых італьянскіх і рускіх мастакоў — Івана Айвазоўскага, Ёзафа Грасі і іншых. Магчыма, абраз быў набыты Ленскім для свайго новага касцёла ці знаходзіўся раней у царкве ў Манькавічах. Але, здаецца, справа ў іншым: Лэнскія, акрамя сына Уладзіміра, мелі дачку Марыю Магдалену (1883–1936), якая ў 1912 г. выйшла замуж за капітана-артылерыста Цэзарыя Халлера дэ Галенбурга, і, магчыма, гэты абраз быў падарункам любімай дачцэ на яе вяселле, бо яна атрымала імя ў гонар гэтай святой. Марыя Магдалена Халлер (Лэнская) урэшце і атрымала Манькавічы ў спадчыну пасля Першай сусветнай вайны, а з 1936 г., пасля яе смерці, Манькавічамі тры гады валодалі іх нашчадкі — Цэзарый Халлер (малодшы) і Вольга з Халлераў — Падольская. Маёнтак з усімі мастацкімі каштоўнасцямі быў разрабаваны і знішчаны ў гады Другой сусветнай вайны, а карціна ў надзвычай дрэнным стане апынулася ў музеі пасля адной з музейных экспедыцый 1950–1960-х гг. па Віцебшчыне. Яна была адрэстаўраваная ў 2014 г. рэстаўратарам першай катэгорыі Святланай Дзікуць. І, нарэшце, звернемся да трэцяй выявы Магдалены — прыкладу акадэмічнай рэлігійнай карціны пэндзля акадэміка Апалінарыя Гараўскага (1833–1900), нараджэнца Ігуменскага павета Мінскай губерні. Аб гісторыі стварэння гэтай карціны ўжо пісалася ў часопісе «Наша вера» («Належыць Беларусі…», № 4, 2014 г.). Апалінарый Гараўскі працаваў над ёю ў 1861 г. на радзіме, у вёсцы Уборкі Ігуменскага павета. Гісторыя напісання твора добра дакументаваная ў перапісцы мастака з Паўлам Траццяковым. З іх ліставання вядома, што ў той час мастак знаходзіўся пад уплывам «жаночых галовак» французскага мастака эпохі Барока Жана-Батыста Гроза і хацеў сам стварыць карціну ў гэтай стылістыцы. Французскі жанрыст XVIII ст. Жан-Батыст Гроз (1725–1805) быў надзвычай папулярны ў асяроддзі расійскіх акадэмічных мастакоў, і яго творчасць мела шмат перайманняў. Сентыментальнасць Гроза, звязаная з ідэаламі пастаральнага жыцця на прыродзе філосафаў эпохі Асветніцтва Русо і Дзідро, спалучаецца ў Гроза з дыдактыкаю і маралізатарствам. «Галоўкі» ў стылі Гроза пісаліся мастакамі розных краінаў, іх заказвалі, любілі і збіралі і ў Расіі. У бібліятэцы Акадэміі мастацтваў былі арыгінальныя малюнкі Гроза, пра якія Гараўскі мог ведаць і капіраваць іх. Карціна пісалася А. Гараўскім па ўсіх правілах жанравага жывапісу — з папярэднім эскізам, эцюдамі з натуршчыц, алоўкавыя замалёўкі якіх захоўваюцца ў Дзяржаўным Рускім музеі. Твар яго Магдалены нагадвае «грозаўскія галоўкі», але не літаральна, а па духу. Магдалена намаляваная паўаголенаю, з традыцыйна доўгімі залацістымі валасамі, перад раскрытаю кнігаю ў пячоры, з рукамі, складзенымі ў малітоўным жэсце. Побач з ёю — выява чэрапа. Магдалена намаляваная ў малітве, але без залішняй экзальтацыі. Апалінарый Гараўскі, мастак ХІХ ст., выбраў уласцівы духу свайго часу традыцыйны шлях станковай сентыментальнай карціны. Яго Магдалена прыгожая не цялеснаю прыгажосцю, а духоўнай. Гэта прыклад акадэмічнага жывапісу вельмі добрай якасці. Надпіс на адвароце карціны сведчыць, што А. Гараўскі меў намер падарыць яе бялыніцкаму касцёлу, што, хутчэй за ўсе, і зрабіў, але карціна паступіла ў музей у 1964 г. ад прыватнага калекцыянера з Тосна, што пад Ленінградам.
Як бачым, сэнс вобраза Марыі Магдалены на працягу ХІХ ст. не быў значна змененым: традыцыя еўрапейскіх майстроў па-ранейшаму панавала на нашых землях, уплываючы на густы мясцовых майстроў рознага прафесійнага ўзроўню. Алтарныя карціны першай паловы XIX ст. пры іх традыцыйнасці маюць розныя варыяцыі іканаграфіі і кампазіцыі, што сведчыць і аб мастацкім тэмпераменце аўтараў, і аб яго навацыях у жывапісе, і аб адноснай свабодзе ў выбары ўзорных твораў. Паступова бізун як галоўны сімвал пакаяння (першая Магдалена) змяніўся чашаю з мірам (другая Магдалена), а потым і зусім знік у карціне Апалінарыя Гараўскага, заменены крыжам і кнігаю — сімваламі духоўнага пакаяння. Паступова знікаюць і выразныя прыкметы грэшніцы: аголеныя грудзі, якія народны мастак яшчэ сарамліва прыкрываў тканінамі, і доўгія залатыя валасы ўжо не так прыцягвалі ўвагу. З 1969 г. Каталіцкі Касцёл ужо не называе Магдалену жанчынаю, якая каецца, але ў мастацкім увасабленні яна застаецца сімвалам жаночай прыгажосці, пакаяння і абрання новага шляху веры. У жніўні 2017 года на захаванне ў Мінск прыбыла частка мошчаў Марыі Магдалены, што яшчэ раз сведчыць пра ўплыў гэтай святой на духоўнае жыццё ўсіх хрысціянаў.
|
|
|