Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Уладзімір ВАСІЛЕВІЧ

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ

ІМЯ гэтай слаўнай жанчыны, нараджэнкі нашага краю, на жаль, падзабытае сёння ў Беларусі, хоць яно заслугоўвае значна большай да сябе ўвагі і ўдзячнасці.

Нарадзілася Эма Яленская ва Усходнім Палессі, у вёсцы Камаровічы Мазырскага павета Мінскай губерні 29 (паводле некаторых крыніц — 28) лютага 1864 г. у сям’і Амеліі (родам з Аскеркаў) і Зыгмунта-Гектара Яленскіх. У сямігадовым узросце дзяўчынка страціла бацьку. Дзіцячыя гады правяла пераважна на радзіме, а таксама ў маёнтку Глінцішкі, які належаў яе дзядзьку Мечыславу, пад Вільняю і ў самой Вільні. Навучалася дома пад наглядам маці і хатніх настаўнікаў. Адчуваючы ў Эме здольнасці да навукі, маці заўсёды клапацілася пра адукацыю дачкі, садзейнічала набыццю ёю ведаў не толькі на радзіме, але і за мяжою. У 1890 г. Эма выйшла замуж за двараніна Расійскай Імперыі доктара Казіміра Дмахоўскага і ў тым жа годзе разам з ім пераехала з родных Камаровічаў у Вільню, дзе ёй наканавана было пражыць усё астатняе жыццё — яшчэ 28 гадоў.

Рознабаковыя інтарэсы Эмы Яленскай выявіліся з маладога ўзросту. Чым бы ні займалася яна потым на працягу свайго жыцця, ва ўсім адчувалася яе шчырая зацікаўленасць і адданасць абранай справе, сур’ёзны падыход, глыбіня разважанняў, мэтанакіраванасць.

Дзейнасць Эмы Яленскай-Дмахоўскай выразна ўвасобілася ў трох кірунках.

З яе імем звязаны прыкметныя для таго часу набыткі ў польскай літаратуры. Як пісьменніца яна працягвала традыцыі Баляслава Пруса і Элізы Ажэшкі, з якімі вяла перапіску. Звычайна падпісваючы свае мастацкія творы дзявочым прозвішчам, Эма Яленская стварыла шэраг цікавых празаічных і драматургічных твораў. Яе аповесць «Паненка» ў 1897 г. на конкурсе імя Б. Пруса, што праводзіла папулярная газета «Kurier Codzienny», атрымала першую ўзнагароду. Затым былі кнігі «Матка», «Двор у Галінішках», «Ад кахання», зборнік навелаў «Бацяны» і іншыя. У 1903 г. на конкурсе драматургіі імя Генрыка Сянкевіча была адзначана яе драма «Сын», пастаўленая ў Лодзі і Вільні. А ў Варшаве ігралі яе п’есу «Крыўда». Пяру Эмы Яленскай належыць і прасякнутая ідэямі патрыятызму аднаактоўка «Хвіля». Творы пісьменніцы вызначаюцца займальнай фабулай, яны былі перакладзены на нямецкую, чэшскую, рускую мовы, і сёння, перажыўшы больш за стагоддзе, выдаюцца ў Польшчы і не губляюць свайго чытача.

Ад імя Эмы Яленскай-Дмахоўскай неад’емная і яе грамадска-палітычная, асветніцкая праца, якой яна актыўна займалася на працягу ўсяго свайго жыцця, да самых апошніх дзён: стварала рухомыя бібліятэкі, арганізоўвала школы і сама выкладала ў іх, дапамагала настаўнікам словам і грашыма, з самаахвярнасцю навучала народных настаўніц, клапацілася пра забяспечанасць навакольных школаў, падтрымліваючы з імі цесныя кантакты. Рэдагуючы часопіс «Zorza Wileńska», а пасля яго закрыцця — часопіс «Jutrzenka», неаднойчы трапляла ў канфліктныя сітуацыі з цэнзурай і паліцыяй. Выданне першага часопіса закончылася працяглым палітычным працэсам і заключэннем у 1911 г. Яленскай-Дмахоўскай на два месяцы ў Лукішскую турму. Падчас нямецкай акупацыі яна была звязаная з гэтак званым Адукацыйным камітэтам, была заснавальніцай і прэзідэнтам Патрыятычнага саюза полек.

Трэцяя істотная грань дзейнасці Эмы Яленскай-Дмахоўскай выклікае ў нас, яе землякоў найбольшую цікавасць, бо яна звязаная са збіраннем, публікацыяй і вывучэннем вуснапаэтычнай творчасці і быту беларускага народа. Набыўшы добрую адукацыю і застаючыся ў роднай вёсцы, яна, як і яе маці, не цуралася простага люду, а, як відаць з яе грунтоўнага этнаграфічнага нарыса «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце», вельмі добра і ўсебакова ведала жыццё палескага селяніна. Ужо на раннім этапе сваёй творчасці Эма Яленская выпрацавала ў сабе рысы ўважлівага даследчыка, аналітыка, здольнага без сентыментальнасці ці паблажлівасці (што часам праяўлялася ў падобнага роду творах іншых аўтараў) аб’ектыўна расказаць пра свой народ з усімі яго вартасцямі і заганамі.

З усёй сур’ёзнасцю яна паставілася да пошукавай работы, пра што сведчыць не толькі разнастайнасць жанраў, якім яна ўдзяліла сваю ўвагу, але і колькасць запісаў. Будучы знаёмая з найбольш значнымі зборнікамі беларускага фальклору, Эма Яленская ведала, на што можна арыентавацца і што трэба шукаць. Плён яе збіральніцкай дзейнасці быў даволі значны, асабліва калі ўлічыць, што ўсё яна рабіла без чыёйсьці дапамогі і рабіла на самым высокім узроўні. Нават пераехаўшы на сталае пражыванне ў Вільню і страціўшы непасрэдныя кантакты з беларускай вёскаю, яна не забывалася пра зробленыя на Палессі свае запісы, прыводзіла іх да ладу дзеля таго, каб праз краязнаўчы часопіс «Wisła» азнаёміць з імі чытача. І ўжо ў 1891 г. у сваіх лістах да славутага вучонага Яна Карловіча Эма Яленская паведамляе пра рукапісныя зборнікі вуснай народнай творчасці, якія ёй удалося сабраць і ўпарадкаваць. Аднак, нягледзячы на намаганні польскіх навукоўцаў, іх так і не ўдалося апублікаваць пры жыцці Эмы Яленскай.

Лёс гэтых рукапісаў склаўся па-рознаму. Адзін з двух пакінутых Эмай Яленскай зборнікаў, у якім былі сабраныя казкі, з вялікім спазненнем, але ўсё ж пабачыў свет. Маўклівае, бяздзейснае існаванне калекцыі казак Яленскай працягвалася роўна тры чвэрці стагоддзя. Ад забыцця яны былі ўратаваныя беларускімі даследчыкамі і неўзабаве сталі здабыткам сучаснага чытача. 62 тэксты казак пра жывёлаў, чарадзейных, сацыяльна-бытавых, анекдотаў і паданняў, сабраных Эмай Яленскай, былі выдадзены ў Мінску ў 1976 г. асобнай кніжкаю пад назваю «Беларускі казачны эпас» (склад. У. В. Анічэнка). З рукапісу ж казак, які складаецца са 150-ці старонак, відаць, што тэксты збіральніца рыхтавала найперш для польскамоўнага чытача, пра што сведчыць не толькі напісанне польскай графікай, але і тлумачэнне паасобных мясцовых словаў у падрадковых заўвагах польскімі адпаведнікамі. Відавочна, што творы запісваліся ад добрых казачнікаў, бо яны пазбаўленыя характэрных для выпадковых інфарматараў блытаніны, пераскокаў, паўтораў, кантамінацый. Наўрад ці Эма Яленская апрацоўвала іх — яна заўсёды была ўважліваю, беражліваю ў адносінах да слова.

Другі рукапісны зборнік «Песні, прыслоўі і загадкі з Камаровіч», які складаецца пераважна з 367-ці тэкстаў песняў розных жанраў, на вялікі жаль, да цяперашняга часу не апублікаваны.

Галоўная ж этнаграфічная праца Эмы Яленскай, на шчасце, своечасова дайшла да чытача: у 1891–1892 гг. у часопісе «Wisła» быў апублікаваны яе нарыс «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце».

У многіх пытаннях Эма Яленская была для этнографаў свайго часу неаспрэчным аўтарытэтам. Так, падтрымліваючы намер Зыгмунта Глогера зрабіць выданне, прысвечанае 100-годдзю Адама Міцкевіча, Ян Карловіч звяртаецца менавіта да Э. Яленскай як найбольш кампетэнтнай знаўцы вуснай творчасці беларусаў з прапановаю ўдзельнічаць у падрыхтоўцы кнігі і просьбаю даслаць для яе штосьці з фальклорных ці этнаграфічных матэрыялаў, якія б пераклікаліся з творчасцю вялікага паэта. У выніку ў юбілейны двухтомнік А. Міцкевіча ўвайшло эсэ Э. Яленскай «Свіцязь», пабудаванае на мясцовых легендах.

Можна без перабольшвання сцвярджаць, што палескі фальклорна-этнаграфічны перыяд жыцця Эмы Яленскай, а таксама прагрэсіўнае пісьменства сфарміравалі яе як асобу, падвялі да наступных жыццёвых кірункаў — мастацкай літаратуры і грамадскай дзейнасці.

З пераездам Эмы Яленскай у Вільню яе думкі пра Палессе, як і яе фальклорная і этнаграфічная праца, паступова аддаляліся, бо новае асяроддзе скіроўвала да іншых тэмаў. Аднак, калі абставіны сутыкалі Э. Яленскую з простым народам, то гэта не мінала яе ўвагі.

Прыкметным у творчасці на той час ужо вядомай пісьменніцы стаў нарыс «Кальварыя пад Вільняй» (1903), дзе яна распавяла пра пілігрымку да адной з самых славутых мясцовых святыняў. Адданая каталічка, Эма Яленская не магла не далучыцца да патоку вернікаў. Жывыя, дакладныя назіранні падчас паломніцтва дапамагалі ёй у гэтым творы выйсці за рамкі рэлігійнага зместу: тут ужо адчуваецца рука вопытнага літаратара, здольнага маляўніча падаць і апісанні прыроды, і яскравыя партрэты сустрэтых ёю ў дарозе людзей. Жывучы цяпер на скрыжаванні самых разнастайных традыцый, у гушчыні розных моваў і гаворак, Э. Яленская выказала сваё ўспрыманне кожнай з іх пры апісанні шматнацыянальнага людскога натоўпу пілігрымаў, якія з усяго свету сцякаліся да шанаванай каталіцкай святыні ў Верках. Пры ўсёй суб’ектаўнасці ацэнак нельга не заўважыць сімпатый Эмы Яленскай да блізкай ёй з маленства беларускай мовы, якую яна (што пацвярджаюць і сучасныя дыялектолагі) перадавала ў сваіх запісах з максімальнай дакладнасцю. <...>

Творчы шлях Эмы Яленскай-Дмахоўскай быў нядоўгім, але надзвычай плённым. Памерла Эма Яленская-Дмахоўская ў Вільні 24 студзеня 1919 г., праз два тыдні пасля таго, як бальшавікі першы раз занялі горад, і была пахаваная на могілках Росы.

Уладзімір Васілевіч

Гл. таксама:
:: КАЛЬВАРЫЯ ПАД ВІЛЬНЯЙ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY