|
|
№
1(83)/2018
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Жанна НЕКРАШЭВІЧ-КАРОТКАЯ
АЛЮЗІІ НА ПАСЛАННІ АПОСТАЛА ПАЎЛА Ў ПАЭМЕ МІКАЛАЯ ГУСОЎСКАГА «ПРА ЖЫЦЦЁ І ПОДЗВІГІ СВЯТОГА ГІЯЦЫНТА» Інтэрв’ю
Элы ДЗВІНСКАЙ з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесем СУШАМ
СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ Спадчына
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза
Паэзія
Літаратуразнаўства
Проза
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына
Асобы
|
9 студзеня сярод лаўрэатаў прэміі «За духоўнае адраджэнне» высокую ўзнагароду за факсімільнае ўзнаўленне і папулярызацыю кніжнай спадчыны Францішка Скарыны атрымаў калектыў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, кандыдат культуралогіі Алесь Суша адказаў на нашыя пытанні.
— Алесь Аляксандравіч, вельмі важным вынікам святкавання 500-годдзя беларускага кнігадруку быў выхад 21-га тома факсімільнага ўзнаўлення кніг Францішка Скарыны. Раскажыце, калі ласка, якія ўстановы Беларусі атрымалі гэтыя кнігі? У бібліятэкі якіх краін яны паступілі? — Раённыя, абласныя бібліятэкі, установы культуры атрымалі кнігі бясплатна. Выданні трапілі ў самыя буйныя музеі краіны, у акадэміі, інстытуты, навуковыя ўстановы, якія носяць імя Францішка Скарыны. Кнігі былі перададзеныя ў замежныя зборы нацыянальных бібліятэк іншых краін, у беларускія інфармацыйныя цэнтры за мяжой. У нас захоўваюцца прыязныя стасункі з многімі нацыянальнымі бібліятэкамі свету, і факсімільнае выданне стала выдатнаю магчымасцю актуалізаваць усе нашыя кантакты. Кнігі перадаваліся падчас сімпозіумаў, сустрэч і прэзентацый. У далёкіх краінах уручэнне адбывалася праз нашыя дыпламатычныя службы. Акрамя таго, наладжваліся культурныя стасункі, якія ў далейшым паўплываюць на супрацоўніцтва нашай краіны з замежжам. Такім чынам факсімільнае выданне трапіла ва ўстановы 60-ці краінаў свету. З кнігамі Францішка Скарыны можна будзе пазнаёміцца ва ўсіх краінах Еўропы. Прэзентацыі «Кніжнай спадчыны» прайшлі ў Маскве, Кіеве, Рызе, Таліне, Празе, Марціне (там знаходзіцца Нацыянальная бібліятэка Славакіі), Берліне, Мадрыдзе. Акцыі па святкаванні 500-годдзя беларускага кнігадруку адбыліся ў прадстаўніцтве ААН у Швейцарыі, мерапрыемствы праводзіліся таксама з удзелам беларускай дыяспары. — Яшчэ ў 2012 годзе Вы з калегамі распачалі велізарную працу па даследаванні, апісанні і алічбоўцы ўсіх асобнікаў кніг нашага першадрукара, якія знаходзяцца ў Расіі, ва Украіне, у Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША. Нацыянальная бібліятэка ініцыявала навукова-даследчую працу «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Аўтарам ідэі факсімільнага ўзнаўлення выступіў дырэктар бібліятэкі Раман Сцяпанавіч Матульскі. Ці не было ў той час звычайных чалавечых сумневаў: а ці знойдуцца сучасныя Багдан Онкаў і Якуб Бабіч, каб фінансава падтрымаць выданне? — У 2012 годзе мы праводзілі наш першы Міжнародны кангрэс, прымеркаваны да 90-годдзя Нацыянальнай бібліятэкі. На кангрэсе была агучаная думка пра тое, што набліжаецца 500-годдзе беларускага кнігадруку і трэба добра да яго падрыхтавацца. На працягу апошніх дзесяці гадоў бібліятэка займалася праектамі па факсімільным узнаўленні кніжнай спадчыны. Мы перавыдалі самыя старажытныя рукапісы: «Полацкае Евангелле», «Слуцкае Евангелле», «Баркалабаўскі летапіс». Было зроблена факсімільнае выданне шэрагу твораў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, літаратурных зборнікаў рознага зместу. Мы шукалі спосабы папулярызацыі кніжнай спадчыны і сем гадоў таму склалі праграму інвестыцыйных праектаў, у якіх былі ўлічаныя самыя розныя магчымасці. Выданне спадчыны Францішка Скарыны здавалася вельмі значным, але рызыкоўным праектам. Мы стварылі адпаведную канцэпцыю, абмеркавалі яе ў сваім калектыве, пакрысе пачалі збіраць кола зацікаўленых людзей. З боку дзяржавы таксама адчувалі падтрымку. У 2011 г. рэалізавалася дзяржаўная праграма «Культура Беларусі», мэтаю якой было стварэнне лічбавай бібліятэкі Францішка Скарыны. Фінансаванне было невялікім, але падтрымка дала важны стымул для далейшых дзеянняў. У 2013 г. мы заключылі пагадненне з банкам «БелВЭБ», які стаў нашым спонсарам і партнёрам праекта. Звычайна фінансавыя ўстановы працуюць дзеля камерцыйнай ці якой-небудзь іншай выгады, а ў дадзеным выпадку была бачная персанальная зацікаўленасць работнікаў банка: яны чыталі і глыбока аналізавалі выданні Скарыны. Гэты праект пачаў рэалізавацца акурат тады, калі моцна адчуваўся сусветны эканамічны крызіс, праходзілі банкаўскія рэформы, але наш крок быў правільным, ён паўплываў на імідж банка ў краіне. Нам прыемна было папрацаваць з прафесіяналамі. — У Вас было благаслаўленне Мітрапаліта Філарэта на гэтую дзейнасць? — Так, мы атрымалі благаслаўленне Мітрапаліта Філарэта. Праект мае дачыненне не проста да кніжнай спадчыны, але да Бібліі. Адбывалася ўзнаўленне не простых кніг, а Святога Пісання. Калегі, партнёры і Царква маглі дапамагчы ў навуковым асэнсаванні пытанняў Бібліі. — Адкрыццём «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» стала поўная публікацыя яго прадмоваў, праз якія ён паўстае перад намі як глыбока духоўны пісьменнік. Гэта падаецца вельмі каштоўным. Ці адчулі Вы моцны імпульс веры Францішка Скарыны як хрысціянскага багаслова? — Натуральна, што выданне кніг Францішка Скарыны не магло абысціся без аналізу аўтарскіх тэкстаў, створаных самім першадрукаром. Ён пісаў прадмовы і пасляслоўі, дзе тлумачыў не толькі сэнс той ці іншай біблійнай кнігі, але і яе ролю ў жыцці кожнага хрысціяніна. Уражвае глыбокая рэлігійнасць аўтара. Францішак Скарына як тэолаг яшчэ недастаткова адкрыты. Кнігі Скарыны даследаваліся ў кантэксце мастацтвазнаўства, літаратуразнаўства, мовазнаўства. У багаслоўскім жа аналізе яго тэкстаў зроблена няшмат. Публікацыя гэтых твораў (іх можна пабачыць у факсіміле і прачытаць у перакладзе на рускую, беларускую і англійскую мовы) была вельмі патрэбнаю і актуальнаю. На беларускай мове перакладаў прадмоваў Францішка Скарыны не выходзіла ніколі. Алесь Бразгуноў выдатна папрацаваў як перакладчык, захаваўшы стылістыку і вельмі дакладна перадаўшы стыль аўтара. Прыемна, што гэтая зладжаная праца дала вынік. Над факсімільным узнаўленнем працавала цэлая каманда. Я быў адказным рэдактарам. Навуковыя тэксты да кожнага тома рыхтаваліся супольна мною і Галінай Уладзіміраўнай Кірэеевай, загадчыцай навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства. Спецыялісты рыхтавалі пераклады тэкстаў на англійскую мову. Усім працэсам кіраваў наш дырэктар, доктар педагагічных навук, прафесар Раман Сцяпанавіч Матульскі. Добра, што слова Скарыны будзе даступным і зразумелым для шырокай аўдыторыі.
— Ваша дысертацыя «Культурная спадчына Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі ў кантэксце дыхатаміі „Усход — Захад“» вызначыла хрысціянскую культурную стратэгію, якую Вы паспяхова працягваеце праз выданне кніг, рэалізацыю выставачных праектаў. — Любое дысертацыйнае даследаванне — гэта адказнасць. Маё рашэнне было прадуманым, бо я абраў прадметам вывучэння культурную спадчыну Грэка-каталіцкай Царквы. Я ўсведамляў, што яна слаба вывучаная. Разуменне таго, што наша краіна страчвае шмат магчымасцяў з-за недастатковай увагі да сваёй багатай культурнай спадчыны, прымушала развіваць гэтую тэму. Яна была для мяне вельмі блізкаю і цікаваю, я шмат падарожнічаў па Беларусі, кантактаваў са святарамі, якія служаць у грэка-каталіцкіх святынях. Для таго, каб знайсці пацвярджэнне сваіх ідэй і гіпотэз, мне даводзілася шмат працаваць у музеях, бібліятэках і архівах Беларусі і замежжа. Прыступючы да «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны», мы не баяліся, што бяром непасільны крыж, бо разлічылі ўсе чалавечыя рэсурсы, далучылі да гэтай справы навукоўцаў, перакладчыкаў і мастакоў, прааналізавалі ўсё вельмі дэталёва. — Мастацкае афармленне выдання рабіў сын Гаўрылы Вашчанкі? — Вельмі плённым было наша супрацоўніцтва з дызайн-студыяй «Collection», якую ўзначальвае Канстанцін Вашчанка. Ён прыдумаў асноўныя мастацкія элементы выдання. Нам вельмі пашанцавала папрацаваць разам. — У 2016–2017 гадах Вам удалося ў трох кнігах для дзяцей школьнага ўзросту гарманічна паказаць асобу Францішка Скарыны як навукоўца, медыка, першадрукара, чалавека эпохі Рэнесансу. Вы добра выявілі розныя грані яго асобы. — Для мяне ўсё было проста. Па адукацыі я — культуролаг. Культуралогія прадугледжвае агляд розных сфераў культуры. Калі я вывучаю кніжную спадчыну, то заглыбляюся ў яе і ў мастацтвазнаўчым плане, і з пункту гледжання мовазнаўства, літаратуразнаўства, філасофскага і тэалагічнага зместу. Тое ж можна сказаць пра асобу Францішка Скарыны: яна была вельмі шматгранная. Для мяне першадрукар быў цікавы як перакладчык, мовазнаўца, паэт, філосаф. Такі падыход дэманструе нам багацце спадчыны Францішка Скарыны. — Вы пішаце навуковыя працы па-беларуску. Як сфармавалася Ваша беларусацэнтрычнасць? — Я нарадзіўся ў Беларусі, таму не магу не цікавіцца роднаю зямлёю і яе моваю. Мае артыкулы друкаваліся на розных мовах: і па-польску, і па-англійску, і па-ўкраінску, аднак я лепш адчуваю беларускую мову — мову маёй маці, родную і блізкую для мяне. На ёй мне выказвацца нашмат прасцей, таму я пішу менавіта па-беларуску. Праз мову продкаў можна выявіць свой культурны код, закладзены стагоддзямі, і сваю, бацькамі ўзгадаваную асабістасць. Гэта натуральнае пакліканне душы. — Якія традыцыі веры і любові да беларускага слова захоўваюцца ў Вашай сям’і? — Мае бацькі былі актыўнымі вернікамі, хадзілі ў царкву, вера мела для іх вялікае значэнне. Агульнакультурны фон выхавання перадаваўся праз пакаленні. У школьныя і студэнцкія гады адной з любімых завядзёнак у мяне было наведваць кнігарні, хадзіць на прэзентацыі. Маці была журналістам, працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, у Інстытуце культуры Беларусі. Для яе культурная тэматыка была надзвычай важнаю, таму я таксама захапіўся пытаннямі культуры і ў гэтым кірунку атрымаў адукацыю. Для нашай сям’і традыцыі слова і кнігі вельмі значныя. Мая жонка Ксенія таксама бібліятэкар, мы з ёй супольна працавалі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, а цяпер яна выхоўвае дзетак — Кастуся і Караліну. Яна была каардынатарам шэрагу кніжных праектаў, звязаных з гістарычнымі кнігазборамі, з бібліятэкай Сапегаў, працавала як складальнік зборніка «Здабыткі». Яе маці была выкладчыцаю, бацька — выдаўцом, таму традыцыі слова для яе з дзяцінства таксама былі блізкімі і важнымі. — Шчыры дзякуй за размову, Алесь Аляксандравіч.
Гутарыла Эла Дзвінская.
|
|
|