Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Лідзія КАМІНСКАЯ

«ДАЙСЦІ ДА КАЛОЖЫ»

Пра новую кніжку Дануты Бічэль

У снежні мінулага года, напярэдадні юбілею Дануты Бічэль, нашай сталай аўтаркі, лаўрэаткі Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, у выдавецтве «Про Хрысто» ў Мінску выйшла новая кніжачка паэткі з добраю, мудраю назваю — «Дайсці да Каложы». Агорнутая ў цёплую, амаль бурштынавага колеру вокладку з выяваю знакамітай гродзенскай Каложы (мастак Сяргей Шэмет), кніжачка міжволі просіцца ў рукі. «Магчыма, мае вершы будуць падтрымкаю людзям, якія з даверам аддаюцца Божай волі і, акрамя Божай, іншай падтрымкі не маюць», — так кажа паэтка пра свае творы, змешчаныя ў гэтай кнізе: вершы-малітвы, ружанцовыя разважанні і паэтычныя медытацыі да набажэнства Крыжовага шляху.

Вяртаючыся да назвы кніжачкі, варта адзначыць, што ў ёй Данута Бічэль трымаецца аднаго з вызначальных вобразаў сваёй паэзіі — вобразу сцежкі, дарогі («Беларусь — гэта дарога») і выратавальнага духоўнага прыстанку на ёй — старадаўняй хрысціянскай святыні, у якой можна паразмаўляць з Маці Божай Каложскай, «пагладзіць збанкі-галаснікі, гукнуць туды, у той далёкі час, у ХІІ стагоддзе». «Каложа, — піша Данута Бічэль ва ўступе да кніжачкі, — адчуванне несмяротнасці і глыбіні народа, грэла, натхняла, вызначала шлях, пошукі слова, усё маё шчаслівае жыццё. Шчаслівае, бо праз Каложу прысвяцілі мне вершы два вялікія айчынныя паэты — Ларыса Геніюш і Уладзімір Караткевіч».

Кніжачка (накладам у 100 асобнікаў) складаецца з трох раздзелаў: «Цішыня», «Ружанец і Крыжовы шлях», «Едзе-едзе на саначках святы Мікалай». Чаму «Цішыня»? — думала я, у першы раз гартаючы кніжачку (яшчэ ў наборы). Тут жа столькі гукаў, руху, жыцця: вось радасць у вершы «Вадохрышча», дзе ксёндз, Казімірас Жыліс, які «на літоўскіх азёрах вырас», «перапыніць сваё лячэнне, распранецца ўвішна, як хлопчык, першы з крыжам у проламку ўскочыць»; а вось верш «Грамнічка», у якім «цінькае зранку сінічка»; і верш «Папялец» з усведамленнем, што «ўсяму прыходзіць канец»; і верш «Звеставанне» са шчаслівым бусліным клёкатам над Богам абраным краем; і «Вербніца», калі «найпрыгажэйшыя шчасця дарункі — дубчык свянцоны і маміны рукі»; і верш «Хрыстос уваскрос» з заклікам: «не выцірайце шчаслівых слёз», бо «хто адгавеўся, той і падрос»; і верш «Сёмуха», у якую «зоркі ў званочкі звоняць, // перапёлкі купаюцца ў збожжы...// На зямельку сыходзіць // Дух Святы Божы!»; а вось шумна-радасная, урачыстая працэсія ў вершы «Божае Цела», калі «найсвяцейшая Гостыя сагнутых жыццём выпроствае, над узростам, над вёрстамі»... Дык дзе ж ў гэтых вершах цішыня? А вы не проста пагартайце, а пачытайце — і адчуеце, што яна, цішыня, лёгка, цёпла, прасветлена-радасна агортвае душу менавіта пасля чытання. Цішыня ў Дануты Бічэль — сінонім спакою, да якога заклікаюць святары падчас кожнай святой Імшы: «Спакой вам!». Жывіце ў спакоі, людзі, бо шчасце — гэта вера, і «кожны чалавек мае шанец трымацца мацней за Ружанец». Гэта радкі з верша «Фаціма», у якой паэтка ніколі не была, але прысвяціла Мадонне з Фацімы і Яе пастушкам — Люцыі, Францішку, Жасінце — некалькі вершаў, запэўніваючы Маці Божую Фацімскую ў тым, што дзеля Яе ў нас «квітнеюць кусты шыпшыны, дзікія ружы радзімы!», і ва ўсіх старых беларускіх капліцах — у вянках Яе статуэткі, і для Яе — «малітвы, ружанцы, кветкі».

Духоўная паэзія Дануты Бічэль — цалкам новая для сучаснай беларускай літаратуры, яшчэ добра не асэнсаваная ні чытачамі, ні літаратуразнаўцамі. Гэта паэзія вельмі індывідуальная, можна сказаць прыватная, яна пакутліва вырастала з той таленавітай маладой Бічэль, якая напісала ўнікальны збор вершаў «Водар і шолах» (1969 год). Дарэчы, мне ў зборніку «Дайсці да Каложы» вельмі не хапае датавання вершаў, бо і яно, датаванне, як і веданне біяграфіі, таксама дапамагае асэнсоўваць шлях паэткі, зразумець яго логіку. Водарам і шолахам напоўненыя і яе духоўныя вершы, але ў іх над усім валадараць Святы Дух і Маці Божая.
«...даспела гародніна і садавіна,
і жытцо-ярына на нівах,
у лесе ягадкі, грыбы, чабарок,
каб елі-пілі ды незнарок
не падалі з голаду...
і духмянае сенца, і кожная зёлка...
і з дванаццаці зорак
над Унебаўзятай вясёлка...

Гэта радкі з верша «Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі» (таксама без даты), у якім згадваюцца і Аліўная гара ў Гетсіманіі, і духмяны пракос на беразе Гаўі, і герб Мінска, бо і на ім («кожнаму дому людскому спакой») валадарыць Прачыстая Панна.

У вершах, сабраных у раздзеле пад назваю «Цішыня» Данута Бічэль выразна выявілася як Марыйная паэтка (першая на Беларусі!) — і не толькі таму што яна генетычная каталічка, народжаная на хутары, дзе з маленства натуральна адчувала Божую прысутнасць у свеце, але і таму што свядома, усё жыццё, праз грахі і непамыслоты ішла да Маці Божай, давяраючы Ёй, як дзіця, і нарэшце засведчыла свой давер у слове, канчаткова далучыўшыся да Яе войска (у тым ліку праз супрацоўніцтва з часопісамі «Ave Maria» і «Наша вера»).

Адметна, што будучая паэтка нарадзілася на пачатку Адвэнту — 3 снежня, пра што яна піша ў вершы «Адвэнт» (перадапошнім у раздзеле «Цішыня»). Па-дзіцячы наіўна гаворачы ў першых радках пра бусліка, які прынёс яе бацькам, застаўшыся «зімаваць на пустым галлі», і мімаходзь па-жаночы наракаючы на тое, што «жыццё мінае — я ўсё чакаю...», напрыканцы верша яна з удзячнасцю гаворыць пра тое, што яе жыццё напоўненае любоўю («Кожны колас на Яськавым полі // мне натрос асцючкоў любові») і завяршае верш словамі: «Езус народзіцца для Беларусі — // Божа, а я да Цябе тулюся...»

Заканчваецца раздзел «Цішыня» вершам «Батлейка», які без перабольшвання можна назваць пярлінаю каляднай паэзіі. У гэтым вершы нязмушана, непасрэдна, па-дзіцячы светла спалучана асабістае і біблейскае, народнае, казачнае і прыпавесцевае, рэальнае, традыцыйнае і таямнічае, містычнае, неспасцігальнае.
Святую батлейку святы Францішак
выразае з аблокаў-латкаў.
Кліча бяздомных звяркоў і птушак
на ламанне аплатка...
<...>
Пахне сенца ў стозе. Рабая свіначка
рохкае мовай людской.
Цуцык Бурык з бору нясе бярвіначку,
прыбраную зорнай луской...

Апякун святы Юзаф знайшоў каморку,
запрасіў гаспадыньку-вавёрку —
з арэшкамі аладкі пячэ на алеі
ды корміць Божы Бэтлеем.

Так добра спыніцца ў малітве-сне
у Святой Сям’і, між радні...
Добры Божанька, прытулі мяне
да любові, да дабрыні!

Другі раздзел кніжачкі «Ружанец і Крыжовы шлях» мае ў дужках пазнаку: прыватныя медытацыі. Гэта ўнікальная з’ява ў беларускай літаратуры — прыватнага, асабістага, свайго паэтычнага тэксту Ружанца яшчэ ніхто з нашых паэтаў не пісаў, хоць, пэўна ж, многія католікі, асабліва творчыя, даўно разважаюць над таямніцамі радаснымі, таямніцамі святла, балеснымі і хвалебнымі сваімі словамі, асэнсоўваючы Божую Ахвяру дзеля нашага збаўлення і жыцця вечнага — «мы таму і трымаемся тут, што Хрыстос уваскрос». Пад сваім «Крыжовым шляхам» Данута Бічэль таксама зрабіла пазнаку: разважанні маці; і гэта менавіта яе вельмі асабістыя плачкі, яе асабісты крыж, але ж ніхто не жыве без крыжа, хоць, можа, яшчэ не ўсведамляе яго сэнсу, бясконца пытаючы, «за што», і «навошта». Пішучы пра свой асабісты крыж, паэтка з болем гаворыць і пра крыж усяго народа, пакорнага, цярплівага, які «стаіць на каленях пад крыжам чатырыста год» і ўжо амаль не ўсведамляе, што, губляючы сваю мову, душу губляе — «дык як жа такім пакорным падняцца з каленяў?» Можа, спачатку сапраўды стаць на калені? «Упасці пад крыжам, падняцца і крыж падняць!», зразумець, што Езус і сёння «пад крыжам падае за ўсіх нас», і кожнаму самастойна пачаць дасканаленне ўласнай душы, не чакаючы прыкладу прарокаў, павадыроў і святых святароў...

У трэцім раздзеле кніжкі Данута Бічэль змясціла пераважна вершы-падзякі і прысвячэнні, каб сказаць цёплыя словы людзям, якіх, пэўна, сама Божая Маці паставіла на яе жыццёвым шляху, неаддзельным ад яе творчасці. Праўда, раздзел пачынаецца тужлівымі вершамі-ўспамінамі пра тых, каго ўжо няма на свеце — туга па іх адбілася і ў назвах вершаў: «Пакідаю вам кветкі», «Вечаровы смутак», «Мама, тата і я — вінавата», «Настальгія па драўляным доме».

Працуючы ў 1990-я гады ў Літаратурным музеі, водзячы экскурсіі па ўнікальнай выставе «Покліч» пра нашу рэпрэсаваную літаратуру, пра дэвальвацыю тых, каго ўлады пакінулі жыць, змушаючы пісаць ухвальныя савецкія «дрындушкі», як казаў Купала, я заўсёды запіналася, гаворачы пра клерыкальную паэзію — паэзію, створаную святарамі (у 1990-я ў музеі нават быў вечар, прысвечаны Казіміру Сваяку, — ціхі, нешматлюдны, з запаленымі ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка свечкамі). Як жа добра, што ў літаратуры ўсё больш замацоўваецца паняцце «духоўная паэзія», і найбольшы ўнёсак у яе ў наш постатэістычны час зрабіла менавіта Данута Бічэль. Узяўшы за высокую метафару вобраз старажытнай гродзенскай Каложы, яна яшчэ раз засведчыла сваё жывое, дзейснае хрысціянства, сваё жаданне, імкненне «дайсці да Каложы... не заблудзіць, не пераблытаць сцяжынку, якая вядзе да святыні, да Бога», і «пакінуць гэты шлях сваім дзецям, унукам, сябрам, родным людзям, не страціць душы...»

Лідзія Камінская


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY