Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы


Галерэя - дадатак да артыкула
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС

Да разумення сакральнай сутнасці абразоў я прыйшоў доўгім шляхам рэстаўрацыі, якая стала справаю майго жыцця па дзвюх прычынах: першая — гэта захапленне з самага дзяцінства светам прыгожага; а другая — сам час падштурхнуў мяне да гэтага карпатлівага і цікавага занятку. Гэта было ў канцы 1980-х. Дызайн інтэр’ераў і вітражы, якімі я займаўся пасля інтстытута на мастацкім камбінаце ў Мінску, сталі непатрэбным творчым заняткам у час вялікіх ператрусаў у грамадстве. Трэба было шукаць нешта новае, каб проста выжываць. У былой краме «Філатэліст», якая мясцілася насупраць нашага мастацкага музея, адчынілася першая прыватная антыкварная крама. Вось там, у авантурным асяроддзі дылераў і калекцыянераў, я ўпершыню навобмацак адчуў, што такое рэстаўрацыя, што такое наогул сапраўднае сакральнае мастацтва.

Вядома, у інстытуце я вывучаў і іканапіс, тым больш, што ўвесь жывапіс старых майстроў Еўропы абапіраецца на біблейскія сюжэты. Але на пачатку 1980-х натхненне маладых талентаў БДТМІ лунала недзе ў абстрактных кампазіцыях Кандзінскага і Мандрыяна, корпалася ў падсвядомасці сюррэалістычных летуценняў Далі і Магрыта, а іканапіс успрымаўся хутчэй як падмурак, на якім развіваўся жывапіс эпохі Адраджэння і Барока, ці як аснова для творчасці Казіміра Малевіча. Ніхто з выкладчыкаў нашай ВНУ ў перыяд развітога сацыялізму не браў на сябе смеласць развіваць у сваіх вучнях пачуццё малітоўнага суперажывання.

І вось у краме «Філатэліст», які ператварыўся ў «антыкварную Мекку» беларускай сталіцы, я заняўся цалкам новай для сябе справаю — рэстаўрацыяй. Я атрымаў магчымасць мець зносіны з іконаю не толькі як абстракны глядач у музеі, але і як непасрэдны «лекар» старасветчыны. Я мог узяць абраз у рукі, уважліва разгледзець жывапіс, адчуць цяжар кіпарыснай дошкі, падзівіцца ззянню сусальнага золата. Дзесьці з далёкай падсвядомасці пачалі выплываць забытыя словы выкладчыка па матэрыялазнаўстве: крэйдавы ляўкас на асятровых лушпайках, «вытрыманы» бялок для палімента; успомнілася, як трэба «падпусціць» гарэлку пад лісток сусальнага золата, як навесці люстраное ззянне агатавым зубком — усё гэта было ў нас, студэнтаў БДТМІ, толькі на словах і ў занатоўках згубленых канспектаў. На практыцы, на жаль, нічога з сакрэтаў старых майстроў мы не выкарыстоўвалі. Мне даводзілася пачынаць усё з нуля, на ўласным вопыце спасцігаць асновы іканапіснай граматы, без якой немагчыма было прыступіць да працы з сакральнымі рэчамі. Аднак першая думка, якая прыйшла мне ў галаву, калі я ўзяў у рукі сапраўдную старую ікону на рэстаўрацыю: «А ці не падробка гэта?» Першы абраз, які трапіў да мяне на рэстаўрацыю, быў кшталту «хутканапісаных»: ліпавая дошка выглядала так, быццам яе змайстравалі ўчора... У той час, а гэта быў 1990 год, мне здавалася, што кожная ікона павінна быць шэдэўрам не ніжэй за Тройцу Андрэя Рублёва ці працаю сапраўды таленавітага іканапісца. А ў мінскую антыкварную краму пайшоў проста вал абразоў з Расіі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзя так званага сярэдняга кшталту, да якіх рукі савецкіх рэстаўратараў проста не дайшлі. Падчас рэлігійнага нігілізму музейныя работнікі ратавалі з зачыненых храмаў у першую чаргу толькі шэдэўральныя рэчы. І наогул, у калекцыянераў з новаспечаных беларускіх бізнесменаў, якіх былі адзінкі, попытам карысталіся яркія расейскія іконы, дзе фон зіхаціць ад залатога бляску, — «сусалкі». Беларуская інтэлігенцыя, яшчэ больш збяднелая падчас пераменаў, таксама жадала «далучыцца да старажытнасці», але ў межах сваіх магчымасцяў — за 10-20 долараў, таму часта на мой рэстаўрацыйны стол траплялі «хутканапісаныя» іконы з вёсак Сярэдняй Русі і Паволжа. Але маю ўвагу прыцягнулі іншыя абразы — незвычайныя, упрыгожаныя па вуглах букетамі і нават гірляндамі з велізарных яркіх кветак. Іх прывозілі мясцовыя антыкварныя дылеры з Віцебска, Бабруйска, Рэчыцы і Гомеля. Абразы былі напісаныя на тонкіх сасновых дошках, змацаваных дзвюма невялікімі шпонкамі; радзей аснова была з дуба, і ўсе яны былі амаль аднаго памеру — 53х42 см. Такія іконы ў асяроддзі антыкварных дылераў, дакладней — «купі-прадай», мелі своеасаблівыя назвы: народныя, «народкі», вуніяцкія, беларускія, украінскія, палескія, вясковыя... Гэтыя іконы прыцягвалі мой позірк сваёю дзіцячаю адкрытаю наіўнасцю і душэўнаю цеплынёю. Трыццаць гадоў таму я не бачыў такіх «народных» іконаў у нашых музеях, таму гэтыя простыя сакральныя творы я мог параўнаць толькі са сваім «нагледжаным» вопытам на пачатак 1990-х: з наіўным жывапісам Пірасмані, з роспісамі «агоўскіх куфраў», з давыд-гарадоцкімі кветкамі Д. Цубера, з таямнічым светам Я. Драздовіча і А. Кіш.

Народныя іконы для мяне былі роднымі і зразумелымі. У іх прачытвалася кампіляцыя таго прыгожага, дзіўнага і нават казачнага, што атачала жыццё палешукоў: роспісы майстроў віленскага барока ў касцёлах і цэрквах, яркія кветкі насценных дываноў і фляндраваны арнамент мясцовых касонэ-куфраў для пасагу, гравюры ў сакральных кнігах з манастырскіх друкарняў Куцейны і Пачаева, залатыя і маляўнічыя кветкі стараверскіх абразоў Веткі і нават шматвяковыя народныя паданні аб замагільным свеце лясоў і балотаў Палесся. На іконах у вобразах святых лёгка пазнаваліся прататыпы еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння і Барока. Святая Барбара нагадвала венецыянскіх прыгажуняў пэндзля Тыцыяна, у якога мажная постаць італьянкі хаваецца ў шматлікіх складках белай кашулі-шамізэ, падкрэсленай кантрастам цёмна-чырвонай шалі, якая ахутвае рукі святой. Экспрэсіўная пастава архістратыга Міхала, апранутага ў панцыр, з вогненным мячом у руцэ на тле чорна-сініх навальнічных аблокаў нагадвала пра трансцэндэнтальны жывапіс перыяду маньерызму, Эль Грэка і Якаба Панторма. Святы Георгій на поўным скаку забіваў людажэрнага дракона, падобнага хутчэй на мясцовага палескага «цмока» — гадзюку з прыпяцкіх балотаў. Святыя Флор і Лаўр у старадаўнім панцырным узбраенні нагадвалі летапісных нашчадкаў рымскага Аўгуста Кесара — Панямона і Рурыка, ад якіх пайшлі ўсе «ліцары» Кіеўскай Русі. А вялікі італьянец Рафаэль Санці так лёг на сэрца мясцовым палескім багамазам, што быў цалкам «працытаваны» імі ў працы «Madonna Della Sedia» («Мадонна ў фатэлі»).

Нягледзячы на самабытнасць, народныя абразы доўгія гады і нават цяпер лічацца антыкварнымі дылерамі некамерцыйным таварам — на іх немагчыма зарабіць вялікія грошы, бо аматараў на такія іконы няшмат. Яны напісаныя не прафесіяналамі, а аматарамі-багамазамі, якія арцеллю цягаліся па вёсках і збывалі свой нязграбны тавар за капейкі. Беларуская праваслаўная Царква таксама не вельмі прыязна ставіцца да палескай народнай творчасці ў сакральным мастацтве, тым больш што замацавалася думка, што гэта спадчына «мужыцкай» веры — вуніяцкай. Асноваю іканаграфіі рускай праваслаўнай іконы заўсёды быў візантыйскі канон, таму праваслаўныя святары, нават маючы народны шэдэўр у сваёй царкве, успрымалі яго не больш як самабытную ілюстрацыю да Святога Пісання і стараліся схаваць яго далей. Палескія шэдэўры асядалі ў невялічкіх зборах беларускай інтэлігенцыі і там, як родныя, вельмі міла глядзеліся побач з іншымі народнымі артэфактамі: ручнікамі, посцілкамі і г. д. Такім жа чынам палескія іконы сталі трапляць і ў маю калекцыю. Я не ставіў сабе мэту сабраць вялікую колькасць народных абразоў, але нейкім чынам яны самі, адзін за адным, «прыходзілі» да мяне і найбольш ўпадабаныя я набываў у дылераў: то сваім незвычайным каларытам зачэпяць, то цікавым сюжэтам здзівяць і спыняць позірк такою душэўнаю наіўнасцю, што немагчыма прайсці міма. Такіх упадабаных народных абразоў за чвэрць стагоддзя ў мяне назбіралася больш за сотню.

Рэгіён бытавання самабытных абразоў можна акрэсліць межамі Усходняга і Паўднёвага Палесся — там нараджаліся мае улюбленыя палескія абразы. Іканаграфія палескіх абразоў мае сваю асаблівасць. Каб разабрацца ў гэтым пытанні, лепш за ўсё ў думках пабудаваць своеасаблівы палескі іканастас. Уявіце сабе, што час ідзе па крузе і год у прасторы мае выгляд замкнёнага кола, пачатак якога адлічваецца не арыфметычна, а па законах прыроды — ад зімовага сонцастаяння, ад самага кароткага зямнога дня і праз дзень летняга сонцастаяння, праз самы доўгі дзень у годзе, да самага кароткага дня. Так і ўсё жыццё палешука: праца і побыт сям’і прывязаныя да гэтага прыроднага круга — ад зімы да зімы, з лета ў лета. За стагоддзі на Палессі склаўся народны каляндар, які ўвабраў у сябе ўсе назіранні і народную мудрасць многіх пакаленняў. Гэтак жа і сакральны літургічны год палешука пачынаецца ў дзень зімовага сонцастаяння, з Раства Хрыстова, і па крузе часу заканчваецца падрыхтоўкаю да гэтага светлага свята. Таму віртуальна палескі іканастас можна пабудаваць кругам услед за народным календаром, і палескія іконы святых становяцца ў гэтым іканастасе адпаведна народнаму календару Палесся. Цікава, што іканаграфія асноўных дванадзясятых святаў у палескім іканастасе сустракаецца рэдка. За чвэрць стагоддзя ў маю калекцыю з Палесся траплялі толькі адзінкавыя іконы: Дабравешчанне (хутчэй як сакральны напамін пра нараджэнне ў сям’і першынца), Уваскрасенне (уніяцкі абраз 1797 г. з Гомеля) і Укаранаванне Багародзіцы (на мой погляд, кампіляцыя іканаграфіі цудатворнага абраза Успення Багародзіцы з Кіева-Пячэрскай Лаўры). Але затое наместны рад гэтага віртуальнага іканастаса багата ўпрыгожаны абразамі першых хрысціянскіх пакутнікаў, якія выступалі нябеснымі абаронцамі і памочнікамі ў штодзённым зямным жыцці палешукоў. Разгледзім жа, як народны каляндар суіснуе з сакральным мастацтвам у своеасаблівым палескім іканастасе.

Першая ікона, якая ўпрыгожвае чырвоны кут палескай хаты, — абраз Бога-Айца, Саваофа — з тэалагічнага пункту гледжання гэта правільна. Іканаграфія Першай іпастасі Святой Тройцы адлюстроўвае важнае свята ў царкоўным і ў народным календары — Богаяўленне, або Вадохрышча (19 студзеня). У цэнтры іконы мы бачым сівога старца, Бога-Айца, які благаслаўляе свайго Сына Святым Духам у выглядзе белай галубкі, што ад цэнтра іконы накіроўваецца ўніз, амаль да верніка, які моліцца на ікону. Ніз іконы, як даніна еўрапейскаму сакральнаму жывапісу, упрыгожваюць пасланцы нябёсаў — хэрубімы. У вобразе Саваофа палешукі бачылі мудрае бацькоўскае стаўленне Нябеснага Айца да сваіх зямных дзецей. Па народным календары Богаяўленне — гэта пераход ад лютай зімы да вясны («Трашчы, не трашчы — ужо прайшлі Вадохрышчы»). Важны абрад гэтага сакральнага свята — асвячэнне вады, гэта памяць аб святым хросце Езуса Хрыста ў Ярдане. Свянцоная вада, «ярданская», лічыцца гаючаю, таму яе стараліся назапасіць на цэлы год (ёю лячылі хворых, праганялі спалох і нячысцікаў, асвячалі жытло, давалі ў далёкую вандроўку).

Далей за абразом Бога-Айца па календары, 11 лютага, ідзе абраз святога Уласія, біскупа Севасційскага, або святога Уласа, які лічыцца заступнікам хатняй скаціны, асабліва кароваў, таму гэты дзень у народзе празвалі «кароўім святам». У гэты дзень да святога звярталіся з наступнай малітвай: «Святы Улас, дай шчасця на гладкіх цялок, на тоўстых быкоў, каб з двара ішлі граючы, а з поля скачучы». У гэты дзень карову акраплялі свянцонаю вадою, каб яна не хварэла. Гаспадыні на святога Уласа пяклі вялікія аладкі, якія асвячалі ў царкве, і ўвечары ўся сям’я збіралася за сталом і вячэрала асвячоным пачастункам са сметанковым маслам. «На Уласа бяры каўшом масла!» — казалі ў народзе. Адну аладку абавязкова пакідалі як «гаючую» і хавалі за абразом святога Уласа (калі карова захварэла, ёй давалі «гаючую» аладку).

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY