Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Юры ЛАЎРЫК

БІБЛІЯТЭКА ДАМІНІКАНСКАГА КАНВЕНТА Ў НЯСВІЖЫ

Звесткі пра нясвіжскі дамініканскі канвент небагатыя: яны грунтуюцца, галоўным чынам, на інфармацыі, змешчанай У. Сыракомлем ў кнізе «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах»1. Людвік Кандратовіч, працуючы бібліятэкарам у нясвіжскім замку, цікавіўся мінулым мястэчка і меў доступ да архіўных дакументаў. Ён часта наведваў касцёлы і кляштары Нясвіжа, знаёмячыся з іх мастацкім аздабленнем і са зборамі; пазней гэтае зацікаўленне знайшло свой адбітак у напісанні прысвечанага Нясвіжу раздзела згаданай кнігі.

Дамініканскі канвент быў асабліва блізкі аўтару, бо ў яго мурах некалі размяшчалася павятовая школка, якую ў дзяцінстве наведваў будучы пісьменнік2. З эсэ «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» мы даведваемся, што кляштар знаходзіўся на рынку і быў заснаваны ў 1672 г. смаленскім падчашым Базылём Бакановічам; пазней фундуш быў павялічаны нясвіжскім ардынатам кн. Міхалам Казімірам Радзівілам, таму ў дамініканскім касцёле былі змешчаны партрэты абодвух фундатараў. У. Сыракомля паведамляе, што яшчэ ў ягоны час у кляштары зберагалася «невялікая бібліятэка, дзе сабраны творы маральнага і аскетычнага зместу»; у яе фондах захоўвалася 1-е выданне вершаў Яна Каханоўскага, а таксама быў аддзел забароненых кніг3.

На пачатку ХХ ст. гістарычныя звесткі пра нясвіжскі дамініканскі канвент падсумаваў аўтарытэтны даследчык мінуўшчыны лацінскіх законаў на Беларусі і ва Украіне Я. М. Гіжыцкі, дапоўніўшы іх інфармацыяй з даступных яму дакументаў4. Навуковец высвятліў, што апошні раз канвент згадваецца ў афіцыйных спісах Мінскай дыяцэзіі за 1873 г., а значыць гэтым годам можна датаваць заканчэнне яго існавання; пасля гэтага будынак кляштара яшчэ нейкі час выкарыстоўваўся як вязніца для непакорнага расійскім уладам каталіцкага духавенства5.

Пасля ліквідацыі канвента кляштарны кнігазбор (ці, прынамсі, істотная яго частка) мусіў увайсці ў склад бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі князёў Радзівілаў, дзякуючы чаму нямала выданняў з дамініканскімі правенецыямі захаваліся да нашых дзён у фондах айчынных бібліятэк. Ва ўмовах Беларусі, дзе кляштарныя бібліятэкі нішчыліся ўладамі на працягу стагоддзяў, захаванасць значнай часткі фонда кнігазбору — даволі рэдкая з’ява. У такой сітуацыі выяўленне пост-дамініканскіх кніг у сучасных фондасховішчах і суаднясенне іх са згаданым вопісам канвентуальнай бібліятэкі (а таксама з іншымі інвентарамі, калі яны будуць выяўлены) можа скласці грунтоўны падмурак для віртуальнага бібліяграфічнага рэканструявання гэтай гістарычнай калекцыі.

Сёння кнігі дамініканаў з Нясвіжа найбольш шырока прадстаўлены ў зборах Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі6 і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі7. Адна кніга з уладальніцкім надпісам нясвіжскіх дамініканаў была выяўлена ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі8 падчас пошуку, зробленага згодна з нашай просьбай колішнім загадчыкам аддзела рэдкай кнігі гэтай установы М. Герасімавым, якому мы выказваем шчырую падзяку за дапамогу.

На вялікі жаль, у кнігах былой бібліятэкі Нясвіжскай ардынацыі, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, правененцый нясвіжскага дамініканскага кляштара не выяўлена.
  
Тытульная старонка 4-га тома
з падрыхтаванага езуітам Вінцэнтам Гудры
шматтомнага зборніка
«Тэалагічная бібліятэка прапаведнікаў»
(«Bibliotheca Concionatorum
Theologica». Аўгсбург, 1764).
Тытульная старонка 1-га тома
зборніка казанняў
піяра Самуэля Высоцкага
«Хвала Богу, слаўнаму ў сваіх святых»
(«Chwała Chwalebnego w Swiętych
Swoich Boga». Варшава, 1747).

* * *

Вопіс канвентуальнага кнігазбору дамініканаў у Нясвіжы ўваходзіць у cклад адзінкі захавання, якая змяшчае інвентары шэрагу беларускіх кляштарных кнігазбораў — пераважна дамініканскіх і бэрнардынскіх9. Кнігі ў вопісе бібліятэкі нясвіжскіх дамініканаў (а значыць і ў бібліятэчных шафах) згрупаваныя паводле жанрава-тэматычнай прыкметы і ўтвараюць сем раздзелаў рознай велічыні: «Concionatores et Catechistae» («Прапаведнікі і катэхісты»), «Theologi» («Тэолагі»), «Conversistae» («Палемісты»), «Philisophi» («Філосафы»), «Ascetae» («Аскеты»), «Historici et Miscellanei» («Гісторыкі і пісьменнікі розных жанраў»), «Rethores et Poetae» («Аратары і паэты»).

Такая сістэматызацыя, па-першае, адлюстроўвае асноўныя кірункі ў чытанні нясвіжскіх дамініканаў, а па-другое, дэманструе іерархію прыярытэтаў, цалкам адпаведную мэтам і задачам закону.

1mo. Concionatores et Catechistae. Згадаем, што афіцыйная назва ордэну дамініканаў гучыць як «Ordo Praedicatorum» («Ордэн Прапаведнікаў»), і што гэты ордэн быў створаны менавіта з мэтаю евангелізацыі, прапаведніцтва і барацьбы з ерасямі. Менавіта таму на першае месца вынесены раздзел, у якім сабраныя творы найбольш вядомых казнадзеяў.

Тут мы сустракаем папулярнае ў мендыкантаў шматтомнае выданне «Bibliotheca Concionum» Вінцэнта Гудры, двухтомнік Шпанэра «Polyanthea», «Niebo Sprawiedliwym, Piekło Grzesznikom» Антона Даўгялы, «Gody Baranka» Венгрыновіча, «Annus Apostolicus» Лясэльва, «Głos Pasterza» Яна Пашакоўскага, «Exorty Postne»* Пятра Трухновіча, зборнікі казанняў езуітаў Пятра Скаргі (ажно ў 3-х асобніках!), Младзяноўскага і Вайніловіча, піяра Самуэля Высоцкага, дамініканіна Біркоўскага і францішканіна Ласеўскага і нават уніяцкага мітрапаліта Іпата Пацея.

Аўтараў гэтага раздзела можна пералічваць бясконца, і большасць імёнаў будуць нам знаёмыя, бо тут сабраныя творы ці не ўсіх найпапулярнейшых на той час прамоўцаў. Разам з тым, у пераліку асобаў пераважаюць усё ж прапаведнікі беларускія і польскія, хоць не бракуе і замежных (у тым ліку, такіх аўтарытэтных, як Бесэй, Бурдалу, Гартунг, Лаўксмін або дэ ля Вега). Падобная сітуацыя і з мовамі — пануе польская, але і лаціна прадстаўлена дастаткова шырока; іншыя ж мовы (як, напрыклад, французская, Gallica Lingua) — толькі паасобнымі выданнямі. Некалькі кніг надрукавана гатычным шрыфтам (Typo Gottico).

З жанравага пункту гледжання, апрача ўласна зборнікаў казанняў сустракаюцца і дапаможнікі па прапаведніцтве. Усяго ў раздзеле паказана 189 пазіцый, але з улікам дублетных асобнікаў і шматтомнікаў змешчаныя там кнігі (друкаваныя выданні і, зрэдку, рукапісы) перасягаюць дзве сотні тамоў.

2do. Theologi. Цалкам лагічна на другім месцы ў гэтай іерархіі апынуўся менавіта раздзел, прысвечаны тэалогіі, бо немагчыма навучаць веры, не ведаючы грунтоўна, напрыклад, яе дагматыкі. Да таго ж, дамінікане ад самага пачатку славіліся як найвучонейшыя сярод лацінскіх законаў, і толькі езуіты змусілі іх крыху пацясніцца на сваім п’едэстале.

Гэты раздзел змяшчае 122 пазіцыі, але колькасць тамоў перасягае далёка за 300 з прычыны шматтомных выданняў. Сярод гэтых кніг, насуперак загалоўку, можна сустрэць не толькі ўласна тэалагічныя трактаты, але і нарматыўныя дакументы Касцёла — пастановы Трыдэнцкага Сабору, сінодаў Віленскай дыяцэзіі (у прыватнасці, праведзеных біскупамі Міхалам Зянковічам і Казімірам Бжастоўскім), дапаможнікі па кананічным праве, творы айцоў Касцёла, працы па біблеістыцы і ўласна тэксты Святога Пісання (ёсць тут і адно нясвіжскае выданне — «Wykład Pisma S. wierszem X. Korzenieckigo S. J.»). Разам з тым, некаторыя змешчаныя кнігі з большым правам знайшлі б сваё месца ў іншых раздзелах (напрыклад, кнігу Яна Пашакоўскага «Absurda Jansenistica» больш лагічным было б шукаць у наступным раздзеле, а «Catechismus Romanus Andreae Leodii» i «Catechismus Concilii Tridentini» — у папярэднім).

Кнігі гэтага раздзела, за вельмі рэдкім выключэннем, напісаны на лаціне, а айчынных аўтараў можна злічыць па пальцах (апроч названых вышэй, згадваюцца «Compendium Theologiae Moralis» Францішка Прылуцкага, «Questiones Theologiae Canonico-Morales» Аляксандра Баканоўскага і некалькі іншых твораў).

У гэтым раздзеле ўжо ў значна большай ступені, чым у папярэднім, прадстаўлены працы вучоных дамініканаў, пачынаючы ад Альберта Вялікага з «Пастылай на Евангелле паводле Лукі» і ягонага славутага вучня Тамаша з Аквіна са сваёй «Summa Theоlogiaе» (прычым, у некалькіх выданнях), і заканчваючы такімі паслядоўнікамі апошняга, як Жан Ганэт ці Марцін Віганд. Натуральна, што і тут сустракаецца нямала аўтараў езуітаў (з найбольш вядомых назавём Белярміна і Баўмгартнера); ёсць таксама кнігі бэнэдыктынаў, францішканаў, кармэлітаў, ерамітаў св. Паўла і прадстаўнікоў іншых законаў.

3tio. Conversistae аб’ядноўвае кнігі па хрысціянскай апалагетыцы. Гэтая дысцыпліна з’яўляецца такой жа часткай агульнай тэалогіі, як, напрыклад, тэалогія маральная або дагматычная. Таму вылучэнне гэтае галіны ў асобны раздзел можна растлумачыць тым, што некалі яна павінна была быць грунтам для выканання адной з галоўных задачаў закону — барацьбы з ерасямі і неадпаведным трактаваннем догматаў і Святога Пісання. Гэта было актуальна ў ХІІІ ці ў ХVІ стст., але ў ХVІІІ ст. праблема ўжо страціла падставы свайго існавання, таму ў нашым вопісе гэты раздзел найменшы — ён налічвае толькі 14 пазіцый прыкладна ў 40 тамах і мае кірунак, хутчэй, антыюдэйскі.

Раздзел не змяшчае выданняў іншаверцаў ХVІ ст., на прысутнасць якіх у бібліятэцы спадзяваўся У. Сыракомля, а асобны фонд забароненых кніг у вопісе зусім не згадваецца. Сярод аўтараў выразна пераважаюць езуіты (Ян Пашакоўскі, Альберт Каяловіч, Марцін Каранецкі і інш.), хоць часам ёсць і прадстаўнікі іншых ордэнаў, як, напрыклад, дамініканін Пётр Дарагашэўскі з «Tarczą wiary Xsowej» ці францішканін Фр. Прылуцкі з «Theologią Duchową». За выключэннем адной кнігі («De Scientia et Voluntate Dei F. Joannis Thomae Boxadors O.P.»), усе творы з гэтага раздзела напісаныя па-польску.
  
«Духоўныя рэкалекцыі»
францішканіна Францішка Прылуцкага
(«Rekollekcye Duchowne». Нясвіж, 1774).
Зборнік жыццяпісаў святых,
падрыхтаваны езуітам Пятром Скаргам
(«Exorty Postne». Вільня, 1747).

4to. Philisophi. Гэты раздзел мае, хутчэй, вучэбнае прызначэнне, бо ў той час філасофія, якая ўключала ў сябе курсы прыродазнаўчых і дакладных навук, з’яўлялася апошняй прыступкай да вывучэння тэалогіі. Філасофскі раздзел не належыць да самых вялікіх — ён змяшчае толькі 54 пазіцыі (каля сотні тамоў), сярод якіх трактаты і падручнікі (а таксама, відаць, студэнцкія рукапісныя «скрыпты») па філасофіі ў яе тамістычна-арыстоцелеўскім выглядзе.

Большасць кніг напісана на лаціне, але зрэдку сустракаюцца і паасобныя тэксты па-польску (напрыклад, «Algebra początkowa Xa Więgleńskiego» або «Nauka o Sferze y Cyrkułach pisana»); аўтары таксама пераважаюць заходнееўрапейскія, нярэдка дамінікане або езуіты. Сярод найбольш вядомых імёнаў можна згадаць францішканіна Фартуната з Брыксіі, бэнэдыктына Альфонса Вэнзля, езуіта Максімільяна Гела або нашага земляка Якуба Накцыяновіча, які таксама рэпрэзентуе Таварыства Езуса.

5to. Ascetae. У гэтым раздзеле прадстаўлены кнігі па аскетыцы, або іначай кажучы, па спірытуальнай тэалогіі, што, як і апалагетыка, уваходзіць у склад тэалагічных дысцыплін. Размяшчэнне гэтага раздзела ў вопісе нават пасля філасофіі можна растлумачыць толькі тым, што для дамініканаў — пры іх скіраванасці на інтэлектуальнае развіццё — аскетыка мела дапаможнае значэнне (у адрозненне ад бэнэдыктынаў або бэрнардынаў).

Гэты раздзел дастаткова вялікі і змяшчае амаль усе найбольш важныя творы згаданай тэматыкі; у ім прастаўлена 159 пазіцый у амаль 200-х тамах на лацінскай і польскай мовах. Сярод аўтараў кніг ёсць і замежныя, і айчынныя духоўныя пісьменнікі, а з увагі на прыналежнасць да таго ці іншага ордэну пераважаюць езуіты.

Сярод пералічаных у гэтым раздзеле знайшлі сабе месца такія класічныя хрысціянскія тэксты як, напрыклад, «Listy S. Franciszka Salezyusza», «Сollationes Patrum Joannis Cassianae Eremitae», «Ćwiczenia Duchowne S. Іgnacego, pisane przez X Ludv: Bourdaloue S.J.», «Rozmyślania Nabożne Św. Augustyna» ці «O Naśladowaniu X Tomasza á Kempis Exemplarzów 7». З менш вядомых сёння, але папулярных у свой час кніг назавем «Sermones Ascetici» Шротэра, «Pamiątka Pasterskiego Affektu» Мансі, «Rekollekcye Duchowne» Прылуцкага, «Zbior Powinności Xtiańskiej» Вітвіцкага, «Soloquia Xtiana» Тылькоўскага.

Прадстаўленыя ў двух апошніх раздзелах вопісу творы маюць вучэбнае значэнне: яны ахопліваюць літаратуру па гісторыі і рыторыцы, а таксама ўключаюць паэтычныя творы.
  
Пачатак 1-га раздзела
«Статута Вялікага Княства Літоўскага»
(«Statut Wielkiego Ksiestwa Litewskiego».
Вільня, 1693).
“Выклад рыторыкі”аўтарства езуіта
Цыпрыяна Суарэса (Соарыюса)
(“Retoricae Explanatio”. Нясвіж, 1764).

6to. Historici et Miscellanei. Усяго тут прадстаўлена 163 пазіцыі ў болей чым 200-х тамах на польскай і лацінскай мовах (у некаторых выпадках, магчыма, і па-італьянску). Сыходзячы з пералічаных у раздзеле кніг, на першае месца ў загалоўку больш слушным было б вынесці слова «Miscellanei» — настолькі яны разнастайныя.

Не здаецца выпадковасцю, што раздзел пачынаецца славутым нясвіжскім выданнем, якое прысвечана фундатарам канвента — «Icones Familiae Radivilianae». Ёсць там і іншыя выданні, тым ці іншым чынам звязаныя з гэтым магнацкім родам: «Kazania y Mowy na Pogrzebie Anny Radziwiłłówny Xiężny», «Peregrynacya J. O. Xcia Mikołaja Radziwiłły» і г.д.

Гісторыі іншага славутага беларускага роду была прысвечана кніга «Historia Chodkieviczów. Miscellanea», а зададзеная творам Альбрыхта Станіслава Радзівіла агіяграфічная тэматыка працягвалася ў такіх творах як «żywoty Świętych X. Skargi S.J.», «żywoty S.S. Zak. Kazn.» і «Martyrologium Romanum». Больш шырока гісторыю Касцёла нясвіжскія дамінікане вывучалі па славутых працах Баронія («Dzieie Kościelne X. Baroniusza Kardynała») і Амата («Historiae Eccles.ae Utriusque Testam. Fris Hyacinti Amat de Graveson Vol. 6»), а пра мінуўшчыну і дзейнасць розных законаў даведваліся з кніг «Historia Conscripta Societtis Jezu á P. Sacchino», «Liber miraculor. B. V. Mae Luceriensis O.P.», «Sacrum Theatrum Dominicarum, Fris Vinc. Mariae Fontanae O.P.», «Historia Peruana Ord. S. Augustini P. Ioachimi Brutlio eiud Ordis», «Kroniki Zakonu Franciszkańskiego X. Bernarda Saniga eusd. Ordis».

Мінуўшчына Рэчы Паспалітай асвятлялася ў такіх працах з дамініканскай бібліятэкі, як «Annales Poloniae» Веспасіяна Ціхоўскага ці «Historia Królów Polskich», а таксама ў «Historуi Polskiey» Нарушэвіча. Дамінікане маглі чытаць і кнігі па антычнай гісторыі (напрыклад, Тацыта), і па сучаснай («Historia Powszechna», «Historia Germanica Turcar»). Патрэбы ведання права забяспечвалі юрыдычныя выданні: «Statut WXLittgo, za Zygmunta, Władysława, Jana Trzeciego czwarty raz wydany») і «Instituti et Constitutionum S.J.».

Нясвіжскія дамінікане разумелі і неабходнасць адпачынку — нездарма некаторыя кнігі ў гэтым раздзеле мы сёння аднеслі б да мастацкай літаратуры («Tysiąc Nocy y iedna w Tomach 3», «Dworzanin Polski» Лукаша Гурніцкага) ці да літаратурных дапаможнікаў, як вельмі папулярны ў той час слоўнік сімвалаў аўтарства Пічынэлі («Libri Mundi Symbolici Dni Piccinelli. Exemp. 2»). Больш за тое, у зборы былі нават кнігі з апісаннем гульняў («Zabaw Przyjemnych y Pożytecznych Tomów 4»).

7mo. Rethores et Poetae. Тут прысутнічае 49 пазіцый, некаторыя з якіх — у колькасці двух ці болей асобнікаў. Як вынікае з загалоўка, гэты раздзел павінен змяшчаць творы свецкае рыторыкі і паэзіі. Часткова так і ёсць, і мы сапраўды можам заўважыць тут імёны Цыцэрона, Авідзія, Вергілія, Грацыяна, а таксама падручнікі па рыторыцы і паэтыцы («Rethorica Cypriani Soarij S.J.», «Historia Poeticae», «Gradus ad Parnasus, Elegantias Poeticas contines»). Не менш шырока ў раздзеле прадстаўлены традыцыйныя граматычныя (Альвар) і лексіграфічныя (Кнапіус, Вагнер, Шырвінд) выданні, граматыкі і слоўнікі сучасных моваў — французскай, нямецкай.

Такім чынам, мы коратка азнаёміліся з колам чытання, якое забяспечваў нясвіжскім дамініканам іх канвентуальны збор. У далейшых публікацыях рубрыкі мы спадзяемся працягнуць тэму кляштарных бібліятэк.


* Тут і далей назвы кніг даюцца ў той форме, у якой яны зафіксаваныя ў вопісе; арыгінальная форма назвы гэтага выдання: «Exhorty Postne».
  1. Вандроўкі па маіх былых ваколіцах // Сыракомля, Ул. [Кандратовіч, Людвік] Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка / Уладзіслаў Сыракомля. — Мінск: Маст. літ., 1993. — С. 173–321.
  2. Тамсама, с. 284.
  3. Тамсама, с. 229.
  4. Wołyniak [Giżycki, J. M.]. Wiadomości o dominikanach Prowincyi Litewskiej / Zebrał Wołyniak; poprzedził przedmową O. Woroniecki OP. — Cz. 1. — Kraków, 1917. — S. 133–137.
  5. Тамсама, с. 136–137.
  6. Garzoni, T. Il Theatro de vari e diversi cervelli mondаni / Nuouamente format, & posto in luce da Tommaso Garzoni. — In Venetia, 1598. — [4], 98, [2] f. (Шыфр ЦНБ НАНБ: Д16-18/Нр327 Нр5628); Czerniewski, A. Strzały Jonathy Słowa Boskie... / Antoniego Czerniewskiego. — Wilno, 1728. — [36], 578, [22] s. (Шыфр: Об16-18/Нр165 Нр4736); Cicero, M. T. Epistolarum selectarum libri IV. Olim commentationibus Benedicti Herbesti illustrati nunc in commodiorem Ordinem digesti ad usum scholarum Societatis Jesu / M. Tullii Ciceronis. — Nesvisis, 1761. — [20], 314, [3] p. (Шыфр: Об16-18/Нр124 Нр3429); Ambschell, A. Dissertatione de centro gravitates in subsidium suorum discipulorum conscripta / ab Antonio Ambschello. — Labacum, 1779. — 239 p., 2 tab. (Шыфр: Об16-18/Нр513 Нр6615); і інш.
  7. Zienkowicz, M. J. Synodus Diocesana Vilnensis ... / ab Illustissimo, Excelcissimo ac Reverendissimo D. Michaele Joanne Zienkowicz … celebrate. — Vilnae, 1744. — [14], 194 s. (Шыфр НББ: 096/4943); Zrzelski, J. Bolesław albo Król Boleści Jezus Chrystus ... / Podany przez W. X. Jana Zrzelskiego... — Wilno, 1740. (Шыфр: 096/4967); і інш.
  8. Агентов, М. И. Краткая немецкая грамматика, в пользу российского юношества / переводчиком Михаилом Агентовым… — Москва, 1762. — [8], 196, [2] с. (Шыфр Прэзідэнцкай б-кі: 1328390 рф).
  9. Cathalogus Librorum Bibliothecae Conventus Nesvisiensis Ordinis Praedicatorum // НГАБ: Фонд 1781. — Воп. 32. — Спр. 186. — Арк. 113–120.
На ілюстрацыях прадстаўлены выданні са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Гэтыя кнігі з’яўляюцца аналагічнымі тым, што прадстаўленыя ў вопісе бібліятэкі нясвіжскіх бэрнардынаў, хоць і паходзяць з іншых кляштарных кнігазбораў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY