Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Кс. Юрый САНЬКО
Аляксей ЯРОМЕНКА

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»

Парафіяльныя каталіцкія могілкі Мінска, якія потым атрымаюць назву «Залатагорскія»1, былі закладзеныя ў 1793 годзе. Месца пад пахаванні вылучылі на ўсход ад горада на землях роду Вайніловічаў, па Барысаўскім тракце, за скрыжаваннем, дзе ад тракту адыходзіла адна з дарогаў на Сляпянку (1, 2, 19).

Да канца XVIII ст. у Рэчы Паспалітай могілкі традыцыйна знаходзіліся на цвінтарах — агароджанай тэрыторыі касцёлаў і цэркваў. І толькі ў 1770 г. Станіслаў Любамірскі, вялікі маршалак каронны, запатрабаваў ад касцёльных уладаў выносіць месцы пад пахаванні па-за межы гарадоў і мястэчак. А ў 1792 г., 18 лютага, Камісія паліцыі Абодвух Народаў выдала Заканадаўчы Універсал для вольных гарадоў адносна могілак, дзе магістрам гарадоў загадвалася дамовіцца з касцёльнымі ўладамі аб стварэнні могілак за гарадскімі межамі ў кароткі тэрмін — на працягу трох месяцаў (4).

У Мінску не сталі доўга цягнуць, і ўжо ў наступным 1793 годзе новая некраполія была ўтвораная, саступіўшы першынство Гродна, дзе заснаванне новых фарных могілак адбылося адразу, у 1792 годзе. Дарэчы, знакамітыя Росы ў Вільні былі закладзеныя толькі ў 1796 г., а кракаўскія Ракавіцы і ўвогуле ў 1801 годзе. Кальварыйскія ж могілкі ў Мінску былі далучаныя да катэдральнай парафіі горада ў 1798 г.

Ёсць меркаванне, што пахаванні на Залатой Горцы існавалі і раней, нават у XVII ст.2 і першапачаткова, у 1793 г., могілкі былі заснаваныя як грэка-каталіцкія (24).

Напачатку тэрыторыя Залатагорскіх могілак 3 была падобная ў плане да квадрата памерамі 63 на 63,2/3 сажні (каля 134 х 135 м), пры гэтым плот могілак ад Барысаўскага тракта (сёння пр-т Незалежнасці) знаходзіўся на адлегласці каля 30 м, а паўднёва-заходняя мяжа могілак цягнулася ўздоўж дарогі на Сляпянку (вул. Казлова) (10, 15). У сярэдзіне ХІХ ст. адзначалася, што могілкі падзяляліся ровам на рыма-каталіцкі і ўніяцкі сектары (24).
Фрагмент праекта пашырэння
тэрыторыі Залатагорскіх могілак
у 1861 г.

У 1796 г. у цэнтры могілак была ўзведзена драўляная капліца, асвечаная пад тытулам Усіх Святых — у стылі класіцызму, з 4-калонным порцікам, вежачкаю-званіцаю над галоўным фасадам і сігнатуркаю над вільчыкам даху алтарнай часткі; у алтары быў змешчаны абраз Найсвяцейшай Марыі Панны з Дзіцяткам; пад капліцаю была створаная крыпта «для захоронений давних фундаторов и духовных лиц». Тытул Найсвяцейшай Тройцы быў нададзены гэтай капліцы ў 1842 г., калі яна, у сувязі са знікненнем фарнага Траецкага касцёла ў Мінску, была ўзведзена ў статус новага самастойнага парафіяльнага касцёла. Драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы стаяў фронтам да Сляпянскай дарогі, таму можна меркаваць, што галоўны ўваход на могілкі ў той час знаходзіўся з боку сённяшняй вул. Казлова 4 (1-а, 2, 19, 20).

Справа ад уваходу ў касцёл, на адлегласці каля 20–25 м, бочным фасадам да Сляпянскай дарогі, пабудавалі капліцу ў гонар святога Роха, таксама драўляную, крытую гонтай і з выяваю Усёбачнага Вока Божага на франтоне. У яе алтары змясцілі цудадзейную статую святога, якая, згодна з гарадскім паданнем, уратавала Мінск ад эпідэміі халеры — яна была перанесеная сюды са скасаванага ў 1833 г. кляштара баніфратраў5 (знаходзіўся на сённяшняй пл. 8 сакавіка перад ракою) (3, 16).

Уласна «халерныя могілкі» знаходзіліся тут жа, на Залатой Горцы, на адлегласці ў 53 сажні (каля 110 м) на ўсход ад адпаведнага кута могілак — сёння гэта месца каля скрыжавання вуліц Чырвоназоркавай і Залатая Горка. Тэрыторыя могілак была невялікаю, а па форме гэта быў прастакутнік памерамі каля 20 на 30 сажняў (прыкладна 40 х 60 м) (10, 15).

Пасля сярэдзіны XIX ст. паўстала пытанне аб пашырэнні могілак, а драўляны касцёл быў прызнаны «зусім струхлелым». У 1861 г. пан Эдвард Ваньковіч, уладар маёнтка Сляпянка, згадзіўся ўдвая пашырыць пляц пад пахаванні, дадаўшы са сваёй зямлі трапецыяпадобны надзел у паўночна-ўсходнім напрамку (усходні вугал даходзіў да «халерных могілак»6), па плошчы амаль роўны першапачатковай тэрыторыі. У той час тут яшчэ стаяла леснічоўка, гаспадару якой, верагодна, быў выдадзены іншы будынак. Увогуле гэтыя землі знаходзіліся па-за межамі горада. У раёне сённяшняй пл. Перамогі на той час дзейнічала гарадская «Борисовская караульная застава» — кантрольна-прапускны пункт на ўездзе ў горад з боку Барысава: такім чынам мяжа Мінска ў гэтым напрамку пачыналася менавіта адсюль. Як бачна на праекце пашырэння могілак, у той час квартал паміж сённяшнімі вуліцамі Казлова і Захарава займалі землі парафіі касцёла Найсвяцейшай Тройцы; тут змяшчаўся шпіталь-«багадзельня» (прыкладна там, дзе сёння крама «Акіян»; а другі парафіяльны шпіталь стаяў па дыяганалі праз скрыжаванне — тут, у «жаночым» і «мужчынскім» будынках, вернікі даглядалі старых парафіянаў, якія засталіся без родзічаў і сродкаў на жыццё) і шэраг гаспадарчых пабудоваў (10, 15).
Фотаздымак Залатагорскіх могілак Х. Руефа, зроблены з самалёта.
Верасень 1941 г.

На вылучанай зямлі ў тым жа 1861 г. пачалося і ўзвядзенне новага касцёла, цяпер мураванага, у стылі неаготыкі, які мы добра ведаем і сёння, атынкаванага набела, з высокаю спічастаю вежаю-званіцаю па-над выцягнутым аб’ёмам малітоўнай залы, падтрыманай моцнымі контрфорсамі. Будаўніцтва, якое вялося паводле праекта акадэміка Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў М. Сівіцкага, было скончанае праз тры гады, і 1 лістапада 1864 г. новая святыня была асвечаная пад трайным тытулам — у гонар Найсвяцейшай Тройцы, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны і святога Роха. Касцёл узнёсся на мяжы першапачатковай і новай частак могілак і цяпер быў разгорнуты галоўным фасадам на Барысаўскі тракт. Сюды ж быў перанесены і галоўны ўваход на могілкі — яго ў 1893 г. пазначыла мураваная неагатычная брама, фланкаваная дзвюма брамамі і завершаная стромкімі пінаклямі з крыжамі. Уся тэрыторыя могілак была абнесеная штыкетным плотам (7, 17).

Драўляны касцёл быў прыстасаваны пад жалобную капліцу, а каплічка святога Роха — пад «склад церковных вещей, оставшихся после упразднения в городе Минске монастырских церквей [т.е. костелов]»; (цудадзейная статуя знайшла сваё месца ў правым бочным алтары новага касцёла); пры гэтым у 1893 г. залатагорская некраполія была афіцыйна зачынененая для новых пахаванняў (24).

  
Мецэнатка, дзяячка
беларускай культуры
Магдалена Радзівіл.
Выгляд Залатагорскіх могілак.
Фотаздымак пач. ХХ ст.

Капліца святога Роха дастаяла да 1901 г., на яе месцы і была пабудавана драўляная каплічка «Укрыжаванне». Мінск жа працягваў разрастацца, і тэрыторыя Залатагорскіх могілак была аточаная кварталамі прыватных сядзібаў. Пры гэтым напрыканцы ХІХ ст. цалкам зніклі «халерныя могілкі», аб чым сведчаць мапы горада — у гэты час уся тэрыторыя была забудаваная прыватнымі жылымі хацінамі з гаспадаркамі7 (3, 10, 17, 24). Працягвала развівацца і Траецкая парафія — пры касцёле дзейнічалі школа арганістаў, Траецкае брацтва, а колькасць вернікаў складала амаль 9 000 чалавек. Касцёл Найсвяцейшай Тройцы, разлічаны на 500 парафіянаў, ужо не мог змясціць усіх сваіх вернікаў, і ў 1910-я гг. варшаўскі архітэктар Дзяконьскі распрацаваў праект новай велічнай дзвюхвежавай трохнававай базылікі з чырвонай вонкавай цэглы ў стылі неаготыкі, разлічанай на 3 000 вернікаў. Аднак здзейсніцца гэтым планам перашкодзіла Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і ваяўнічы атэізм... (3, 9).
Фрагмент мапы горада Мінска, 1892 г.
Урочышча Доўгі Брод і
Залатагорскія могілкі (РДГА).

У 1937 г. касцёл быў зачынены савецкімі ўладамі, са святыні былі вынесеныя алтары, арганы, касцёльнае начынне; знікла і знакамітая статуя святога Роха. Пры пабудове Дома спецыялістаў (цяпер тэрыторыя д. 44 па пр-це Незалежнасці) быў зрыты рэльеф перад касцёлам і знішчана прыгожая неагатычная брама. Другая сусветная вайна пашкодзіла Траецкі касцёл больш за астатнія святыні горада — ад яго застаўся толькі перыметр абгарэлых сценаў; тэрыторыя ж могілак, як сведчаць фотаздымкі, была моцна разрытая варонкамі ад выбухаў8. Пасля вайны будынак былой святыні трошкі падлаталі і зрабілі тут кнігасховішча (1, 11).

У 1949 г. творчы калектыў дойлідаў пад кіраўніцтвам архітэктара М.В. Баршча спраектаваў забудову кварталаў уздоўж галоўнага праспекта нашай сталіцы ад пл. Перамогі да пл. Я. Коласа (на той час — Камароўская плошча)9. Як бачна на праекце, трасіроўка вуліц, якія атачалі квартал Залатагорскіх могілак, амаль не змянілася: Барысаўскі тракт у гэтым месцы стаў вул. Савецкай (сёння пр-т Незалежнасці); дарога ў Сляпянку, яшчэ ў ХІХ ст. стаўшы вул. Даўгабродскай10, так і засталася Даўгабродскай, страціўшы толькі пачатак пад вул. Казлова; вул. Залатагорская стала Чырвоназоркавай (Краснозвёздной); а завулак Кладбішчанскі стаў вул. Радыста (потым — Радыстаў, сёння — вул. Залатая Горка). Пры гэтым здадзены ў 1954 г. дом № 44 па пр-це Незалежнасці не закрануў гістарычнай тэрыторыі могілак (21, 22, 24), чаго нельга сказаць аб забудове вул. Казлова — тут планавалася ўзвесці жылёвую забудову кшталту дамоў 34–38 на пр-це Незалежнасці, а ў выніку пазней, у 1973 г., пабудавалі Палац мастацтва (вул. Казлова, 3). Створаная пры гэтым капітальная падпорная сцяна знішчыла паўночна-заходні схіл залатагорскага ўзвышша. Паўднёва-ўсходняя частка могілак была забудаваная, паводле праекту 1949 г., дамамі № 1 і 3 па вул. Залатая Горка11. Усходняя, большая, частка могілак адышла ў ведамства Мінскіх тэлефонных сеткаў, частку паўночнай занялі прыватныя гаражы (22, 24).
Фрагмент праекта забудовы вул. Даўгабродскай, 1949 г. (22)

Такім чынам, будынак былога Траецкага касцёла, акружаны высокімі дамамі, апынуўся ўнутры квартала. А між тым яшчэ на пачатку ХХ ст. адзначалася, што касцёл, невялікі па аб’ёме, успрымаецца велічным дзякуючы добраму праглядванню ў навакольнай забудове. З іншага боку, трэба адзначыць, што менавіта прыхаванасць касцёла ў сярэдзіне квартала дапамагла зберагчы будынак святыні ад знішчэння.

Пасля рэстаўрацыі 1983 г. (праект быў выкананы напрыканцы 1970-х гг., арх. А. Малахоўскі)12 будынак былога касцёла, атрымаўшы статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння, быў прыстасаваны пад залу камернай музыкі Белдзяржфілармоніі. Што ж датычыцца тэрыторыі могілак, ад іх на паверхні зямлі не засталося анічога (5, 24).

Аднак не прайшло і 10-ці гадоў як становішча цалкам змянілася. З 1991 г. у Траецкім касцёле ў вольны ад канцэртаў час аднавіліся набажэнствы, а 16 жніўня 1998 г. статуя святога Роха, выкананая з бронзы скульптарам Валяр’янам Янушкевічам, ізноў заняла сваё месца ў правым бочным алтары13 (1).

Нарэшце 5 ліпеня 2006 г., згодна з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая таго ж года, будынак святыні быў перададзены вернікам цалкам. З-пад зямлі былі выкапаныя і размешчаныя каля касцёла некалькі надгробкаў. У верасні 2017 г. з Прылукаў былі вернутыя каля дзясятка надмагілляў, вывезеныя туды за савецкім часам; яшчэ адно надмагілле было знойдзена ў сутарэннях д. № 44. З гэтых матэрыялаў і плануецца зрабіць мемарыял страчаным Залатагорскім могілкам.

31 кастрычніка 2017 г. рашэннем Адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска № 1068 за парафіяй Траецкага касцёла была замацаваная тэрыторыя14, якая дагэтуль належала Мінскім тэлефонным сеткам і апошнія гады была пакінутая без карыстання — пляц з вышкаю і параю будынкаў. Менавіта тут вернікі парафіі, разам са сваім пробашчам кс. Юрыем Санько, мараць стварыць і мемарыял страчаных могілак, і малітоўны вулічны пляц.

Траецкая парафія працягвае сваё жыццё. Новы эпізод упісаны і ў гісторыю Залатагорскай некраполіі: 17 лютага 2018 г. у касцёле знайшоў вечны супакой прах Магдалены Радзівіл (+1945)15; згодна з яе тэстамэнтам, вядомая мецэнатка і дзяячка беларускага культурнага руху нарэшце пахавана ў Мінску: урна з яе прахам умураваная ў левую бочную сцяну малітоўнай залы касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
Фота Аляксея Яроменкі

ЛІТАРАТУРА І ІНШЫЯ КРЫНІЦЫ
1. Залатагорская святыня. Юбілейны альбом з нагоды 150-годдзя пасвячэння касцёла. — Мінск, 2014.
1-а. Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, І частка. — Мінск, 2003.
2. N. Rouba. Przewodnik po Litwie i Bialejrusi. — Wyd. III. — Wilno, 1908.
3. Ks. J. Źyskar. Nasze kościoły. — Warszawa, 1913.
4. Я. Розмус, Ю. Гардзееў. Фарныя могілкі ў Гродне, 1792-1939. // Наша вера. — № 3, 2003.
5. Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. — Мінск, 1985–1988.
6. I. B. Chodźko. Diecezja Mińska około 1830 roku. T. 1–2. Wyd. Marian Radwan. — Lublin, 1998.
7. Калекцыя фотаздымкаў канца XIX — пач. XX ст. з аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
8. Памятная книжка виленского генерал-губернаторства на 1868 г. под ред. А.М. Сементовского. — С.-Пб., 1868.
9. Порядок богослужения для духовенства римско-католического исповедания Виленской епархии на: а – 1878 г., б – 1885 г., в – 1895 г., г – 1929 г., д – 1937 г.
10. Калекцыя мапаў г. Мінска XVIII–XX стст. Прыватны архіў Паўла Растоўцава.
11. Артыкул, прысвечаны гісторыі Залатой Горкі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.svaboda.org/a/zalatahorskija-mohilki/28005166.html.
12. T. Czerniawska i A. Jaroszewicz. Rzymsko-katolicki cmentarz Kalwaryjski w Mińsku na Białorusi. — Warszawa, 1996.


  1. «Існуюць розныя паданьні пра паходжаньне назвы. Найбольш трапную версію ... дае наш зямляк Павал Шпілеўскі, які ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя рыхтаваў гістарычны нарыс, прысьвечаны Менску. Піша, што калісьці менчукі любілі адпачываць на лясістай ускраіне гораду, землі якой належалі абшарніку Ваньковічу. Усё ўзвышша займалі бярозы. І калі ўвосень падарожнікі ўяжджалі ў Менск — тут праходзіла галоўная траса, якая зьвязвала горад з Лагойскам, Барысавам, Смаленскам, — яны бачылі фантастычную карціну, „залатую горку“. Усе бярозы ўбіраліся ў жоўтае лісьце. Адсюль і пайшла назва» (11). «Паводле іншай версіі, у гэтых мясцінах нібы знаходзілі шмат залатых скарбаў. Рэлігійнае тлумачэнне паходжання гэтай назвы звязана з тым, што калі ксёндз пасля Імшы абвясціў збор сродкаў на пабудову святыні, людзі склалі на зняты ім арнат цэлую горку залатых манетаў» (1).
  2. Мажліва, менавіта з гэтым звязаны вядомы здымак траўня 1943 г. з Бундэсархіва, на якім Вільгельм Кубэ разам з нямецкімі вайскоўцамі разглядае старажытныя залатагорскія пахаванні. Вядома, што гаўляйтар цікавіўся старажытнасцю і нават падтрымліваў археалагічныя даследаванні ў акупаваным Мінску.
  3. «По сведениям 1856 г. золотогорское кладбище разделялось рвом на «католический» и «православный» участки. Захоронения католиков занимали территорию перед костелом, православных — заднюю часть кладбища за храмом» (24). Праваслаўны сектар на Залатагорскіх могілках утварыўся з пауніяцкага. Вядомыя нават спрэчкі паміж уніяцкім і каталіцкім духавенствамі аб тым, каму першапачаткова належалі гэтыя могілкі. Тым не менш, на мапе Мінска, датаванай каля 1800 г. (у гэты час аб скасаванні Уніі нават гаворка не ідзе), могілкі пазначаныя як «католиц. Кладбище» (10, 24). Хутчэй за ўсё, Залатагорскія могілкі спачатку пазіцыянаваліся як сумесныя для абодвух абрадаў Каталіцкай Царквы (і грэцкага, і рымскага), у той час як Кальварыйскія лічыліся толькі рыма-каталіцкімі.
  4. «Кладбище с деревянными костелом и часовней представлено на панорамном рисунке северо-восточных окрестностей Минска, выполненном в 1840-х гг. Чеславом Монюшко» (24).
  5. У сваю чаргу статуя святога Роха трапіла да баніфратраў з мінскага кляштара рахітаў, які дзейнічаў у горадзе з 1752 г., але ў 1821 г. быў аб’яднаны з кляштарам баніфратраў. Галоўным алтаром у рахіцкім касцёле лічыўся алтар менавіта св. Роха, верагодна, у ім і была ўсталяваная статуя святога (1-а).
  6. Так планавалася паводле праекта 1861 г., аднак у выніку паміж «халернымі» і Залатагорскімі могілкамі ўсё ж засталася адлегласць каля 50 м (10).
  7. Апошні раз на мапах горада «халерныя могілкі» пазначаныя ў 1888 г.(10). Калі ж дакладна яны ўзніклі, невядома. Эпідэміі халеры фіксаваліся ў Мінску і ў XVII, і ў XVIІI, і ў XIХ стст. (1603, 1655, 1706 гг.); найбольшымі ахвярамі вызначылася эпідэмія 1848 г., калі загінула больш за 1000 жыхароў горада (24). Верагодна, у раёне Залатой Горкі «халерныя» пахаванні рабілі пасля заснавання аднайменных каталіцкіх могілак, паколькі «халерныя» былі дакладна па-за імі. Аднак, хутчэй за ўсё, заснаваныя яны былі да 1848 г., таму што цудадзейная статуя св. Роха, якая, як сведчыла паданне, «уратавала Мінск ад халеры», з’явілася на Залатагорскіх могілках у 1830-я гг., пасля закрыцця гарадскога кляштара баніфратраў у 1833 г., імаверна ў 1836 г., калі будынкі баніфратраў былі прададзеныя «с публичного торга» (1-а). Цяжка ўявіць, што культ святога Роха быў створаны ў Мінску на працягу 10-ці гадоў пры адсутнасці баніфратраў і рэпрэсіях з боку царскіх уладаў Каталіцкага Касцёла пасля паўстання 1831 года.
  8. Вядомы здымак 1940-х гг., на якім бачна, што тэрыторыя могілак ад праспекта адгароджаная калючым дротам на слупах. Аднак хто і з якой нагоды гэта рабіў, застаецца пакуль нявысветленым. Мажліва, гэта агароджа руінаў Дома спецыялістаў.
  9. На праекце, на добраўпарадкаванні каля касцёла, бачна скарачэнне «КЛ» — верагодна, так праектанты пазначылі былое «кладбище». Мажліва, паводле праекта планавалася пакінуць каля касцёла хоць некаторую частку старажытных пахаванняў (22).
  10. Гэтыя мясціны, у складзе маёнтка Сляпянка, што належалі роду Ваньковічаў, былі вядомыя як урочышча Доўгі Брод каля в. Камароўка (10).
  11. На месцы крамы «Акіян», праз вуліцу ад могілак, стаяў дом працаўнікоў Кінастудыі (па інш. зв. — інтэрнат Наргаса). Будынкі, значна пашкоджаныя падчас вайны, былі цалкам разабраныя напрыканцы 1940-х гг. («Вячэрні Мінск», 14.12.2005).
  12. У 1979 г. быў выкананы і першы праект ахоўнай зоны помніка; аўтар І. Царыкаў (24).
  13. Ён жа аўтар і статуі Найсв. Марыі Панны ў левым алтары, насценных стацый, Укрыжавання ў нартэксе. Пазней ён выканаў барэльефны круглы медальён у гонар зніклых могілак пры ўваходзе на пляцоўку касцёла.
  14. У 2017 г. праектанты ОАО «Белрэстаўрацыя» распрацавалі новы праект ахоўнай зоны, згодна з якім увесь квартал былых Залатагорскіх могілкаў павінен ахоўвацца ад забудовы.
  15. Магдалена Радзівіл (1861–1945) належала да графскага каталіцкага роду Завішаў; нарадзілася 26 чэрвеня (8 ліпеня па новым стылі) 1861 г. у Варшаве ў сям’і графа Яна Завішы (1822–1887) і графіні Марыі Квілецкай. Была ахрышчана, атрымаўшы імя Марыя Магдалена. Дзяцінства правяла ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні — у родавых маёнтках Жарноўкі і Кухцічы. У Мінску доўгі час арандавала сем пакояў першага паверха ў даходным доме Абрампольскага (дом знаходзіцца справа каля Чырвонага касцёла на пл. Незалежнасці, вул. Савецкая, 17). М. Радзівіл мела дачыненне і да Залатагорскай парафіі горада: перад Першай сусветнай вайной яна для дабрачынных мэтаў набыла будынак на Кладбішчанскім завулку, 3 (т. зв. дом Баравіка; сёння на гэтым месцы — жылы дом № 3 па вул. Залатая Горка).

    У час падарожжа па Еўропе Магдалена пазнаёмілася ў Вялікабрытаніі з маладым князем Мікалаем Радзівілам (1880–1914), які быў пляменнікам нясвіжскага ардыната Антонія Радзівіла і стаў яе мужам.

    Фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт і інш. дзеячы нацыянальнага беларускага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і інш.

    З канца 1918 г. жыла у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі. З 1932 г. жыла ў Швейцарыі. Дапамагала беларускім арганізацыям у Заходняй Беларусі, літоўскаму і габрэйскаму культурным рухам. Памерла ў 1945 г. у Фрыбургу (Швейцарыя). Сям’я выканала апошнюю волю памерлай — быць пахаванай у Мінску, з якім была звязаная вялікая і найлепшая частка яе жыцця.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY