|
***
Песні мае — гэта птушкі крылатыя,
З родных палёў каласкі.
Песні мае — гэта хмаркі калматыя
З сіняй нябёс вышыні.
Песні мае — гэта хвалі шумлівыя,
Шэпты зялёных палёў,
Ветру асенняга песні тужлівыя,
Казкі цяністых лясоў.
Песні мае — гэта слёзы гарачыя,
Літыя сэрцам ў цішы.
Песні мае — гэта радасці светлыя
Кволай дзявочай душы.
12/V–25 г.
|
***
Льецца песня веснавая,
Песня волі, кліч жыцця.
Зноў душа мая спявае,
Поўна мар і забыцця.
Звонкі гоман ў полі, ў лесе,
Даль ў праменнях зіхаціць.
Сонца кросны тчэ на стрэсе,
Сонца ў хвалях ўсцяж гарыць.
15/VI–25 г.
|
Лета
Ў полі ціха, толькі ветрык
Каласамі ледзь шуміць.
То ён кветку пацалуе,
То ў траве зашамаціць.
Сонца промні залатыя
Шле з блакітаў вышыні,
Песціць шчыра землю-маці
Сярод гэтай цішыні.
Ўсюды свет, цяпло, прыволле,
Ўсюды мір і супакой.
І здаецца, ўсе шчаслівы
Гэтай летняю парой.
23/ХІ 25 г.
|
Жаданне
Ой, хацела б я тым вольным
Вецярочкам быць,
З траўкай, з кожным каласочкам
Ў полі гаманіць.
З кожнай кветкай цалавацца,
З хвалькай жартаваць,
Між галінак затаіўшысь,
Лісце калыхаць.
Слухаць казкі сініх даляў,
Хмаркі ў небе гнаць
І аб роднай Беларусі
Песні ўсцяж спяваць.
20/ХІІ 25 г.
|
***
Вітаю песняй маладою
Цябе, мой родны мілы кут.
Навек з’яднана я з табою,
Мой слаўны беларускі люд.
Вітаю вас, дзядоў загоны,
І вас, засценкі родных хат,
І лесу вабныя заслоны,
Садочкаў мілых ветлы рад.
Прасторы сэрцу дарагія,
Я вам на вернасць прысягаю.
Нясу вам сілы маладыя
І вольнай песняй вас вітаю.
19/І–26 г.
|
Ноч
Ноч. Поўны шэптаў і казак таемных
Поле, балоты, лясы.
Кветкі свой пах разліваюць прыемны,
Ззяючы срэбрам расы.
Сціхла на поплаве песня начлежнікаў.
Толькі ў прасторы палёў
Конь часам пырхне, забразгае путам,
Хвіля – і ціха ўсё зноў.
Месячык срэбны плыве над зямлёю,
Далі вартуе, глядзіць.
Ветрык-гарэзнік ледзь-ледзь павявае.
Ноч. Ўсё заціхла. Ўсё спіць.
1/ІІ – 26 г.
|
Завіруха
Зашумела завіруха,
Хмары неба агарнулі
І рагоча вецер глуха,
Люты правіць гулі.
Хіляць дрэвы стан свой голы,
Жаляцца галінкі.
І ў шалёным карагодзе
Кружацца сняжынкі.
Мора белае бушуе,
Ўсё з вачэй знікае.
Ой ты, злая завіруха!
Ой, зіма ліхая!
14/ІІ – 26 г.
|
Пралеска
Яшчэ дзе-недзе снег бялее
І ў лесе свежы халадок,
А ўжо вясне на прывітанне
Расцвіў пралесачкі цвяток.
Ківае сіняю галоўкай
І усміхаецца, бы ў сне.
Люблю я мілую пралеску.
Яна мне шэпча аб вясне.
4/ІІІ–26 г.
|
***
A. S.
Мілы дружа, я плакаць не буду,
Думкі чорныя прэч адганю
. . . . . . . . . . . .
Ў маім сэрцы шмат сіл і агню.
Не спалохае злосная бура,
Крылаў ясных не зломе віхор.
Не схілюсь перад горам панура:
Пакахала я моцна прастор.
Перапоўнена сэрца каханнем,
Бачыш, любы, няма ўжо слёз.
Выйдзем разам вясне на спатканне,
Песню выснуем з сонечных кроз.
12/IV 28 г.
|
***
A. S.
Прыйдзеш ты, калі вясна ударыць,
Смехам бэзавым зазвоніць сад.
Маладосць рассыпле цуда-чары,
Агняцветных песняў вадаспад.
Прыйдзеш ты, калі ў праменнях сонца
Расцвіце, абудзіцца прастор.
Будзе радасць гэтакай бясконцай,
Будзе шчасце аж да самых зор!
Прыйдзеш ты ў вясновы ціхі вечар,
Калі сэрца стукае мацней,
Расцалуеш валасы і плечы,
Усміхнешся сінявой вачэй.
21/ХІІ 30 г.
|
***
Ой, упалі з неба слёзкі,
Ясныя упалі
На кляновыя лісточкі,
На рабін каралі.
Ой, упалі, ой, упалі
На палі-даліны.
Загарэліся, скацілісь
Нізкай журавіннай.
Загарэліся расою
У віргінь пялёстках.
Ой, упалі, ой, упалі
Дыяменты-слёзкі.
20/XІ–27 г.
|
Гл. таксама:
:: «СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...» ::
|
|