Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Андрэй ШПУНТ

РУДАМІНЫ-ДУСЯЦКІЯ — СЛАЎНЫЯ СЫНЫ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Строгая абарончая готыка касцёла св. Яна Хрысціцеля ў Камаях грэе душу і радуе вока. Як пісаў наш археолаг, гісторык, медыявіст і грамадскі дзеяч на ніве беларускага адраджэння Міхась Ткачоў: «імя будаўніка-архітэктара невядома, але мяркуецца, што ім быў мясцовы майстра са сціплымі ведамі ў архітэктуры». Аднак будаўнік камайскага касцёла валодаў густам і пачуццём меры, што па сутнасці адно і тое ж, чаго немагчыма сказаць пра тых, «з ведамі», шматлікіх аўтараў сучасных архітэктурных «дасягненняў».

Там, у Камаях, на свята Божага Цела, аднойчы адчуў пад шатамі харугваў сярод старанна паголеных сялянаў, чырвоныя шыі якіх кантраставалі з беласнежнымі сарочкамі, быццам «Фальксваген», што давёз нас з Менска да сценаў касцёла, — не легенда германскага аўтапраму, а машына часу, бо і ў 1606 AD мы бачылі б тую ж карціну... Ці, можа, сцены касцёла з умураванымі ў іх ядрамі — гэта тая машына, што спрыяе падарожжам у часе? Ці то магло здацца ў юнацтве? Але здалося, як наяве...

Імя фундатара, пачутае мною ад бацькі, рэстаўратара Аркадзя Шпунта, суседнічала з годам лёсавызначальнай бітвы пад Хацінам — 1621-м, калі асабліва вызначылася гусарская рота Яна Рудаміны-Дусяцкага. У той час, калі гісторыя Бацькаўшчыны толькі-толькі пачала вызваляцца ад бээсэсэраўскай ілжы і занядбання, няцяжка было і памыліцца не толькі майму бацьку, а нават Міхасю Ткачову. Пазней даведаўся, што калі ў 1603–1606 гг. ішло будаўніцтва святыні, будучы гусарскі ротмістр вучыўся ў Інгальштацкім універсітэце, а потым у Аўгсбургу, а яго бацька, таксама Ян Рудаміна-Дусяцкі, войскі браслаўскі і фундатар камайскага касцёла, памёр у ліпені таго ж 1621 г., калі яго сын рыхтаваўся сустрэць турак на мяжы Рэчы Паспалітай на правым беразе Днястра ля Хацінскага замка.
Камайскі касцёл. Канец XIX ст.
Гравюра па замалёўцы Альфрэда Ромера.

Лёгкае расчараванне ад таго, што фундатар і герой — розныя постаці, прайшло пасля знаёмства з іх жыццяпісамі (каго гэта цікавіць, могуць звярнуцца да гербоўнікаў Нясецкага, Урускага ці «Гістарычных помнікаў» Свенцкага), менавіта яны трапілі на старонкі «Польскага біяграфічнага слоўніка». Нездарма ў 1576 г. канцлер літоўскі Мікалай Радзівіл «Руды» далучыў да герба «Трубы» «слаўнага жаўнера» (паводле Нясецкага), віленскага купца і буйнога гандляра пушнінаю, старосту ўцянскага Мацея і яго сына — войскага браслаўскага Яна. Паводле рэкамендацыйнага ліста канцлера Ян Рудаміна ўдзельнічаў пад камандаваннем гетмана дворнага літоўскага Рамана Сангушкі ў вайне супраць Масквы, між іншым, у 1567 г. прымаў удзел у баях пад Сушай і ў пераможнай бітве пад Чашнікамі. Змагаўся таксама ў кампаніях Стэфана Баторыя пад Полацкам, Вялікімі Лукамі і Псковам у 1579–1581 гг.

Яны вылучаліся нават на тле іншых прадстаўнікоў гэтага выдатнага беларускага роду, гісторыя якога магла скончыцца не пачаўшыся, бо недзе перайшлі дарогу каралеве Боне, жанчыне з жалезнаю хваткаю. Магчыма, гэта адбылося ў выніку нейкіх гаспадарчых спрэчак, на тым «полі», на якім каралева ў барацьбе з магнатэрыяй і шляхтаю атрымлівала адну перамогу за другой, узмацняючы эканамічны фундамент улады караля і вялікага князя. На шчасце, праз некалькі гадоў пасля смерці мужа, Жыгімонта І Старога, Бона ад’ехала ў Італію (дарэчы, прыхапіўшы вялікія каштоўнасці). Цяпер Рудаміны (прозвішча якіх пайшло ад земляў у Рудамінскай воласці пад Вільняй, падараваных родапачынальніку купцу Андрэю Мікалаю вялікім князем Аляксандрам), маглі ўздыхнуць спакойна. Яны зноў расправілі плечы, пайшлі ўгару, набыўшы, між іншым, маёнтак Дусяты ў Вількамірскім павеце, да назвы якога далучылі сваё прозвішча, што, аднак, не перашкодзіла яшчэ ў 1595 г. прадстаўнікам літоўскай шляхты пратэставаць супраць надання аднаму з Рудамінаў-Дусяцкіх пасады гарадзенскага старосты менавіта на падставе таго, што «новая шляхта».

Фундатар камайскага касцёла — войскі браслаўскі Ян Рудаміна-Дусяцкі, сын віленскага купца і буйнога гандляра пушнінаю Мацея і ўнук родапачынальніка — віленскага радцы, купца Андрэя Мікалая, умела ператварыў купецкі капітал продкаў у зямельныя ўладанні, стаўшы стваральнікам вялікага комплексу родавых маёнткаў на паўночным захадзе Вялікага Княства на Віленшчыне, у Вількамірскім, Ашмянскім і Браслаўскім паветах — Дукшты, Крэўны, Дусяты, Камаі, Граўжышкі, Гняздзілавічы, Вальберавічы, фальварак Нябышын, Відзішкі, Дуды, Губішкі, Пятрова, Стрыгонішкі, Задубінская воласць, фальварак Мілотын і г.д., у тым ліку на Наваградчыне і на Меншчыне. Пад канец жыцця валодаў дзясяткамі фальваркаў і некалькімі дзясяткамі вёсак, ужываючы на магнацкі манер пры прозвішчы «на Палонцы». І калі ў 1595 г. Рудамінаў-Дусяцкіх папракалі за тое, што яшчэ ўчора яны займаліся гандлем, то праз два гады гэты «недахоп» быў пераадолены, калі на грамнічным сойміку ў Вількаміры Ян Рудаміна-Дусяцкі на чале сваёй «групоўкі» выступіў супраць абрання нейкага з дэпутатаў на Літоўскі Трыбунал.

Шляхта, якая валодала землямі на паўночным захадзе Вялікага Княства, вылучалася асаблівай ахвярнасцю для Касцёла. Дастаткова прыгадаць святой памяці воіна і фундатара Юзафа Корсака. …Няма фундатараў, а косткі іх ці раскіданыя чужынцамі, ці няўдзячнымі, атупелымі ў сваім бяспамяцтве нашчадкамі, і толькі храмы стаяць непахіснымі цвярдынямі. Войскі браслаўскі па-гаспадарчаму забяспечыў функцыянаванне святыні. На ўтрыманне плябана з умоваю адпраўлення трох Імшаў штотыдзень прызначыў штогадовы чынш у памеры 75-ці злотых з двара і па 3 грошы з кожнай валокі ў Камайскай воласці, а таксама 2 вёскі (22 валокі і 17 сялянаў), вольнае карыстанне азёрамі, дом з участкам, валоку зямлі і 3 сялянаў для ўтрымання арганіста. Звыш гэтага пабудаваў філіяльны касцёл у Дукштах пад тытулам Узвышэння Св. Крыжа.

Імя фундатара і год яго смерці злучылі гісторыю камайскага касцёла з успамінам пра бітву пад Хацінам у 1621 годзе. Гэты ўспамін падмацоўвае абарончая канструкцыя святыні, а таксама ядры ад шведскіх гарматаў, умураваныя ў сцены ў сярэдзіне XVII ст. па загадзе другога сына фундатара — кашталяна смаленскага Пятра Рудаміны-Дусяцкага. Бітва пад Хацінам згадваецца ў айчынных энцыклапедыях, але акрамя згадак ды некаторых артыкулаў, больш нічога няма. Зразумелае бяспамяцтва. Зразумелае для тых, хто лічыць беларусаў забітым сялянскім насельніцтвам у штучным увасабленні фальклорных калектываў. Нашы браты па тагачаснай зброі — палякі, добра ўсведамляюць, якая пагроза для Рэчы Паспалітай была спынена ў тыя восеньскія дні аб’яднаным польска-літоўскім войскам вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча і казакамі гетмана Пятра Сагайдачнага. Аб гэтым нагадвае надпіс на магіле невядомага жаўнера ў Варшаве, выбіты пасля падзення камуністычнага рэжыму: «CHOCIM 2 IX — 9 X 1621/10 — 11 XI 1673». Памяць аб падзеях замацоўвалася ў шматлікіх успамінах, публікацыях, манаграфіях. Маштаб адведзенай катастрофы ілюструюць намаганні Жыгімонта ІІІ Вазы ўстанавіць літургічную падзяку, якая цэлебруецца 10 кастрычніка.
Бітва пад Хацінам. Юзаф Брандт. 1865 г.

Не будзем стамляць чытача ўсімі акалічнасцямі: каму цікава, той знойдзе шмат даступных інтэрнэт-рэсурсаў. Сцісла пазначым асноўныя вехі. Калі зазірнуць у Электронную энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае», у артыкул «Хацінская бітва 1621» Валерыя Пазднякова, даведаемся, што «вайну пачала Турцыя з мэтай захопу ўкраінскіх і польскіх зямель». Гэта канстатацыя факта, за якім хаваецца гісторыя даволі неблагіх адносінаў Рэчы Паспалітай з Турцыяй у XVI ст., якія пачалі псавацца па віне крымскіх татараў і ўкраінскіх казакаў, што перыядычна рабілі напады на суседнія тэрыторыі, не зважаючы на дзяржаўныя дамовы. Турэцкі султан Асман ІІ — жорсткі, упарты і імпульсіўны падлетак, вырашыў пакласці канец казакам, якіх люта ненавідзеў, а заадно і Рэчы Паспалітай. У верасні-кастрычніку 1620 г. туркі пад Цацораю ўшчэнт разбілі польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкраінскія рэестравыя казакі. 29 красавіка наступнага года Асман ІІ вырушыў з Канстанцінопаля на чале аграмаднага войска, каб завяршыць так удала пачатае.

Адносна колькасці бакоў усе крыніцы і публікацыі пацвярджаюць адно — турэцкае войска пераважала ў два-тры разы. На беразе Днястра, на дзяржаўнай мяжы, стаяла прыкладна 46–50 тыс. супраць 100–120. (В. Пазднякоў падае прыкладна 80 тыс. (каля 30 тыс. кароннае войска, каля 11 тыс. войска ВКЛ і каля 40 тыс. казакаў гетмана Пятра Сагайдачнага) супраць 210 тыс. туркаў і крымскіх татараў).

Наўрад ці бітва пад Хацінам уяўляе цікавасць з пункту гледжання ваеннага мастацтва, але як узор мужнасці і гераізму — бясспрэчна. Нашы войскі стаялі перад упартасцю і перавагаю вельмі небяспечнага праціўніка са слаўнымі баявымі традыцыямі. Безумоўна, мужнасці і гераізму дадавала асоба вялікага гетмана літоўскага Яна Караля Хадкевіча, які пакінуў Днестр за спінаю сваіх ваяроў, адрэзаўшы шляхі да адступлення. На працягу верасня-кастрычніка войска вытрымала шэраг моцных штурмаў, пакутавала ад голаду і хваробаў, але стаяла насмерць. Канешне, яно трымалася і на такіх камандзірах, як Ян Рудаміна-Дусяцкі, які прывёў з сабою гусарскую харугву (100 коней), набраную за свой кошт (яго імя неаднаразова сустракаецца ва ўспамінах удзельнікаў бітвы). 7 верасня ён удзельнічаў у знакамітай контратацы чатырох гусарскіх ротаў, узначаленай вялікім гетманам, тады ўжо вельмі хворым, на турэцкую цяжкую кавалерыю. Удар быў такі моцны, што туркі ў беспарадку адступілі, а гусарскія роты гналі іх ажно да самага лагеру. У Дусяцкага загінула 9 таварышаў, у тым ліку брат Юрый, гусарскі паручнік. Сам ротмістр пазбегнуў смерці коштам забітага пад сабою каня і ранення ў руку...

Відавочна, кароль меў рацыю прасіць аб устанаўленні ўспаміну, бо не інакш як Багародзіца прымусіла ворага павярнуць назад, калі абарона Рэчы Паспалітай абапіралася ўжо не на зброю, а на сілу духу…

…Камайскі касцёл і Хацінская бітва шчыльна пераплеценыя ў асобах двух Янаў. Нам застаецца толькі pro memoria даць кароткую біяграфічную даведку.

Ян Рудаміна-Дусяцкі герба «Трубы» (каля 1543–1621) — войскі браслаўскі (з 1600), фундатар камайскага касцёла св. Яна Хрысціцеля (1603–1606).

Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558–1582. «Ва ўсіх экспедыцыях караля Стэфана Баторыя мужнасцю праславіўся» (паводле Нясецкага), «доблесны воін спураць Масквы ў 1579–1581» (паводле Урускага) пад Полацкам, Вялікімі Лукамі і Псковам. Дэпутат Трыбунала ВКЛ (1602, 1605, 1615).

На смерць войскага браслаўскага адгукнуліся панегірыкамі і нікому не вядомы студэнт тэалогіі Віленскай акадэміі Міхал Баркоўскі, і класік польскай паэзіі Мацей Казімір Сарбеўскі.
Мармуровая дошка ў наваградскім касцёле,
устаноўленая Янам Рудамінам-Дусяцкім
у 1643 г. у памяць загінуўшых пад Хацінам таварышаў яго роты.

Памёр 21 ліпеня 1621 г. і быў пахаваны 21 лютага 1622 г. разам з сынам Юрыем, загінуўшым у бітве пад Хацінам, у бэрнардынскім касцёле св. Францішка ў Вільні.

Ян Рудаміна-Дусяцкі герба «Трубы» (1581–1646) — гусарскі ротмістр, кашталян наваградскі, «муж вялікай навукі» (паводле Нясецкага).

Студэнт Віленскай акадэміі (1595–1596), член студэнцкай Марыйнай кангрэгацыі.

Студэнт Інгальштацкага ўніверсітэта (1600–1604). (Універсітэт быў заснаваны ў 1472 г. кн. баварскім Людвігам Заможным, у адпаведнасці з фундацыйнай булаю ад 1459 г., выдадзенай Апостальскай Сталіцай. Наступ Рэфармацыі зменшыў колькасць студэнтаў, але дзякуючы езуітам універсітэт меў вялікую папулярнасць, асабліва сярод моладзі з Кароны і Вялікага Княства. Трэба адзначыць, што наша шляхецкая моладзь тады ў пераважнай большасці куды ахвотней займалася чым заўгодна, толькі не навукамі — п’янствавала ў кабаках, удзельнічала ў вулічных сутычках, хуліганіла, дэманстравала сваю пыху нямецкім плебеям. Былі выхадкі, якія маглі давесці да эшафоту, як, напрыклад, здарылася з Янам Чапліцам. Лічылі (і не без падставаў), што і без грунтоўнай навукі можна атрымаць уплывовыя месцы на Радзіме. Гэты факт канстатаваў Апостальскі нунцый у Рэчы Паспалітай кардынал Казіма дэ Торэс. Вельмі цікавую статыстыку прыводзіць кс. Павел Чаплеўскі: у стосах атэстатаў Інгальштацкага ўніверсітэта, у якім з 1473 да 1700 гг. навучалася 828 палякаў і літвінаў, было выяўлена толькі 45 атэстатаў для нашых суайчыннікаў: 10 па тэалогіі, 11 па філасофіі, 23 па юрыспрудэнцыі, 1 па медыцыне. У гэтых сціплых лічбах — 4 дактары тэалогіі і 2 дактары права).

Студэнт Аўгсбургскага ўніверсітэта (1604–1606). У гэтым універсітэце вучыліся трое сыноў віленскага ваяводы Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Менавіта Яна Рудаміну Сіротка бачыў гувернёрам для сваіх сыноў, па словах іх тагачаснага ментара Мельхіёра Дзіцыюса: «Пан Рудаміна паважны і спрактыкаваны малады чалавек, але ad gubernandum малады».

Гувернёр сыноў Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі (лета 1606 – травень 1607, калі заўчасна памёр у Балоньі Крыштаф Мікалай Радзівіл, і ад’езд астатніх сыноў у ВКЛ).

Улетку 1608 г. ён вярнуўся ў ВКЛ, суправаджаючы цела нябожчыка ў Нясвіж. Да гэтага часу працягваў навуку і па даручэнні віленскага ваяводы набіраў юнакоў, здольных да службы ў Радзівілаў.

Дэпутат Трыбунала ВКЛ (1610), сакратар і каралеўскі дваранін (1616), ляснічы вількійскі (Жмудзь) (1618), падваявода наваградскі (1619–1622), гусарскі ротмістр у бітве пад Хацінам (1621), удзельнік вайны са Швецыяй (1600–1629) у Інфлянтах (1627), харунжы наваградскі (за ваенныя заслугі) (1627–1636).

Актыўны ўдзельнік палітычнага жыцця Рэчы Паспалітай — наваградскай шляхтаю дзевяць разоў абіраўся на сеймікі і Сеймы, кашталян наваградскі (1636).

У 1643 г. у памяць загінуўшых таварышаў сваёй роты і брата Юрыя ў наваградскім фарным касцёле ўстанавіў мармуровую дошку, а таксама запісаў у вечнае карыстанне ўладанні Палонка і Круковічы на штотыднёвыя Імшы ў інтэнцыі загінуўшых (яшчэ ў 1621 г. вызначыў штогадовы фундуш у памеры 100 зл. на капліцу, дзе яны былі пахаваныя).

Аўтар вершаванага твора «Праўдзівы дыярыуш экспедыцыі Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага супраць Асмана ў Валахіі шчасліва выпраўленай (1640)».

Мацей Казімір Сарбеўскі прысвяціў Яну Рудаміну-Дусяцкаму некалькі сваіх твораў. Памёр 9 лютага 1646 г., пахаваны разам з бацькам і братам Юрыем.


Літаратура:
  1. Пазднякоў В. Рудаміны (Рудаміны-Дусяцкія) // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http:/vkl.by. Час доступу: 20.09.2016.
  2. Пазднякоў В. Хацінская бітва 1621 // Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http:/vkl.by. Час доступу: 20.09.2016.
  3. Ткачоў М. Замкі Беларусі. — Мінск, 1977. — С. 74–75.
  4. Bitwa pod Chocimiem (1621) [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: https://pl.wikipedia.org/w/index.php?title=Bitwa_pod_Chocimiem_(1621)&oldid=46188703. Час доступу: 14.10.2016.
  5. Czaplewski P. Polacy na studiach w Ingolsztacie. — Poznań, 1914.
  6. Lulewicz H. Rudomina Dusiacki Jan // PSB. T. XXXII/4, zeszyt 135. — Wrocław–Kraków, 1991. — S. 670–671.
  7. Lulewicz H. Rudomina Dusiacki Jan // PSB. T. XXXII/4, zeszyt 135. — Wrocław–Kraków, 1991. — S. 672–673.
  8. Niesiecki K.. Herbarz polski. T. VIII. — Lipsk, 1841. — S. 181–186.
  9. Święcki T. Historyczne pamiątki. T. II. — Warszawa, 1859. — S. 38–39.
  10. Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. T. XV. — Warszawa, 1931. — S. 297–300.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY