Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Уладзімір СІЎЧЫКАЎ

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»

У Пружанах. 17 сакавіка 2017 г. Фота Міхася Кенькі.

Нямецкі прынц — беларускі магнат

Бывае, што сацыяльныя сеткі забіраюць замнога часу, але нярэдка прыносяць яны і найкарыснейшую інфармацыю.

Дазнаўся, да прыкладу, з Фэйсбука, што заўчора і ў Харкаве прэзентавалі гістарычны раман-эпапею Ірыны Данеўскай пад назваю «Нямецкі прынц Багуслаў Радзівіл». Дзякуючы кіеўскай пісьменніцы чытач зможа павандраваць разам з адным з найцікавейшых прадстаўнікоў магутнага магнацкага роду па Заходняй Еўропе першай паловы ХVІІ стагоддзя, наведаць Нідэрланды «Залатога стагоддзя», Францыю часоў кардыналаў Рышалье і Мазарыні, Англію падчас рэвалюцыі, «узяць удзел» у баталіях Трыццацігадовай вайны і ў трагічных падзеях у Вялікім Княстве Літоўскім часоў «Крывавага патопу», дазнацца пра палітычныя інтрыгі дый амурныя прыгоды, пра малазнаныя цікавосткі з жыцця славутых гістарычных асобаў.

На прэзентацыі аўтарка прызналася, што працавала над раманам пра складаную і супярэчлівую гістарычную постаць, творчую асобу і мецэната, сына віленскага кашталяна Януша Радзівіла і Лізаветы Сафіі Гагенцолерн каля пяці гадоў і выкарыстоўвала ўсю наяўную інфармацыю пра тую эпоху, да якой змагла падступіцца, што значную дапамогу аказалі ёй працы і парады маладых беларускіх навукоўцаў Міколы Волкава і Кірылы Карлюка. Прызналася Ірына Данеўская і ў тым, што сталічнае выдавецтва «Теmporа» змяніла прапанаваную ёю назву кнігі «Нямецкі прынц з Вялікага Княства Літоўскага» на тую, што значыцца на вокладцы. (Мне гэтаксама не даспадобы правакацыйная выдавецкая назва, бо, відавочна, не зусім адпавядае задуме дый сутнасці твора. Тым болей, што Багуслаў Радзівіл, сярод тытулаў якога і «князь Свяшчэннай Рымскай імперыі», можа лічыцца немцам толькі па кудзелі!)

Крыху збянтэжыла і тое, што не прагучала выразна, не было акцэнтавана, што раман базуецца найперш на кнізе «Багуслаў Радзівіл. Аўтабіяграфія», якая выйшла ў 2009 годзе ў Мінску па-беларуску ў выдавецтве «Радыёла-плюс», якое дагэтуль ачольваю. Гэтаксама меў я гонар укладаць тое адметнае і вельмі інфарматыўнае выданне і напісаць да яго пасляслоўе. І сёння ўдзячны за прадмову да «Аўтабіяграфіі» гісторыку і тагачаснаму амбасадару Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Генрыку Літвіну. Мая заўсёдная падзяка — гэтаксама дыпламату і паланісту, перакладчыку тэкстаў кнігі Анатолю Бутэвічу, навуковаму рэдактару Андрэю Янушкевічу, рэцэнзенту Пятру Васючэнку. Дзякую дызайнеру Міхаілу Драко, мастаку Аляксею MaRa за дазвол скарыстаць на франтыспісе парадна-рамантычны партрэт выбітнага дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ, князя слуцкага і капыльскага, якога лічу фактычным заснавальнікам майго роднага Жодзіна, харунжага ВКЛ (з 1638 года), канюшага ВКЛ (з 1646 года), а таксама дзякую ўсім, хто спрычыніўся да выхаду тае кніжкі. Значыць, працавалі не дарма!

Сведчаннем таму і гістарычна-мастацкая эпапея, што пабачыла свет па-ўкраінску ў братняй краіне. Той важкі, амаль што на 700 старонак фаліянт пастараюся неадменна набыць праз калегаў-выдаўцоў альбо ад самой аўтаркі. Тым болей, што з каментароў да фэйсбукавай публікацыі вынікае — прэзентаваны том прысвечаны юначым гадам князя Багуслава Радзівіла (1620—1669), а эпапея пра яго неадменна будзе мець працяг.

21 лістапада 2016 г.

  
У базыліцы святога Пятра ў Рыме
пры надмагіллі Язафата Кунцэвіча.
Верасень 2015 г.
Фота Алесі Сіўчыкавай.
У Медным (Цвярская вобласць),
у мемарыяле беларусаў і палякаў,
ахвяраў сталінізму.
Верасень 2008 года.
Фота Таццяны Сямёнавай-Сіўчыкавай.

Гасцінны палацык

На вандроўку падгаварыў мяне літаратуразнаўца і перакладчык Міхась Кенька. На маю замову два гады таму ён перагледзеў, «асвяжыў» свой пераклад аднаго з самых беларусацэнтрычных твораў Юзафа Ігнацыя Крашэўскага (1812—1887) — гістарычнай аповесці «Кароль у Нясвіжы. 1784».

Аповесць выйшла ў серыі «Мая беларуская кніга» і сярод іншых кніг серыі не раз была прадстаўлена чытачам на прэзентацыях у сталіцы. А тут прыспела нагода — 130-я ўгодкі з дня адыходу пісьменніка — пагаварыць пра яе і ў музеі-сядзібе «Пружанскі палацык», дырэктар якога Юры Зялевіч ласкава пацвердзіў сваё запрашэнне па тэлефоне і праз Фэйсбук. Якраз там была запланаваная прэзентацыя перакладаў твораў Юзафа Ігнацыя Крашэўскага — празаіка, філосафа, публіцыста, гісторыка, мастака, кампазітара, грамадскага дзеяча… Як вядома, Крашэўскі быў узгадаваны на Пружаншчыне, у маёнтку Доўгае, а вучыўся ў Свіслацкай гімназіі і ў Віленскім універсітэце. Творчая спадчына яго не можа не ўражваць: яму належаць больш за 600 (!) тамоў твораў, прычым больш за траціну з іх — гэта раманы, аповесці, навуковыя працы па гісторыі, філасофіі, літаратуразнаўстве…

Прыехалі мы са спадаром Кенькам зараней, а таму паспелі прагуляцца па алеі ў парку пейзажнага тыпу, дзе пераважаюць ясень, вольха, граб і дуб, пабачыць аранжарэю. У ёй і ў цяпліцах калісьці расло больш за 100 найменняў кветак і 60 дрэваў ды кустоў, у асноўным экзатычных — пальмы, апельсіны, лімоны, мірты, камеліі, агавы… Этнограф Міхал Федароўскі ў свой час пісаў: «На ўсю Літву была вядома аранжарэя Швыкоўскіх. Падобнай ёй не мелі і Радзівілы».

Ведалі мы, што «Пружанскі палацык» — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры неарэнесансу, адзіны такога тыпу, адноўлены ў Беларусі. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай пружанская сядзіба перайшла ва ўласнасць Румянцавых і была даволі вялікім гаспадарчым комплексам. За Швыйкоўскімі, новымі гаспадарамі, займела яна абсалютна адрозны ад планаў пачатку ХІХ стагоддзя выгляд. Маршалак Валенці Швыйкоўскі збудаваў у маёнтку і бровар з цагельняй. Пры ім сядзіба набыла стан, вельмі блізкі да сённяшняга. Аўтарам праекта сядзібы ў стылі «венецыянскага палацца» лічыцца дойлід італьянскага паходжання Францішак Марыя Ланцы. Ансамбль сядзібы ўлучае мураваны дом, які складаецца з дзвюх групаў двухпавярховых аб’ёмаў, аб’яднаных аднапавярховым корпусам, і два флігелі.

Напрыканцы мінулага стагоддзя ў сядзібе размясціўся мясцовы краязнаўчы музей. Ягоны дырэктар неяк паказаў сваю гаспадарку даўняму знаёмцу дый наракаў, што, як заўсёды, у культурніцкай сферы не стае музею фінансавання. А той пахадзіў-пахадзіў паўсюль, а потым і кажа напаўжартам: «Ды ты, спадару Юрасю, проста балюеш тут, раскашуеш, нібыта магнат! Як на добры лад, дык ты дзяржаве яшчэ і даплочваць павінен!»

Да пачатку імпрэзы паспелі са спадаром Кенькам вывесіць у параднай зале постары ды плакаты «500-годнасць», прысвечаныя слаўнаму юбілею беларускага кнігадруку, раскласці кнігі ды іншыя падарункі музейшчыкам.

«Пружанскі палацык» папраўдзе быў рады вітаць усіх, хто прыйшоў на сустрэчу з творчасцю слыннага пісьменніка-«шматстаночніка», а распачаў імпрэзу струнны калектыў выкладчыкаў Дзіцячай школы мастацтваў імя Рыгора Шырмы «Аркі» пад кіраўніцтвам Вольгі Барысюк.

У музейнай зале сабралася шмат людзей, якія цікавяцца творчасцю Крашэўскага — тытана ХІХ стагоддзя, бо яго ўплыў на грамадска-культурнае і навуковае жыццё тагачаснай Еўропы цяжка пераацаніць, яго можна паставіць у адзін шэраг з такімі знакамітымі асобамі нашай гісторыі як браты Тышкевічы, Адам Кіркор, Ян Чачот...

Пяць гадоў таму ў сувязі з 200-гадовым юбілеем тут ладзілася шмат разнастайных мерапрыемстваў, прысвечаных славутай асобе. Нягледзячы на тое, што сёлета такой маштабнасці няма, тым не менш, даследчыцкая праца і збор матэрыялаў працягваюцца.

Значную дапамогу пружанцам яшчэ ў 2003 годзе аказаў польскі музей Ю. І. Крашэўскага ў Раманаве па ініцыятыве яго тагачаснага дырэктара Ганны Чабадзінскай-Пшыбыслаўскай: перадаў «палацыку» больш за 130 копій фотаздымкаў і дакументаў, малюнкаў і карцінаў.

З таго часу колькасць прадметаў, якія захоўваюцца ў «Пружанскім палацыку», значна ўзрасла. Але расповед аб шматграннасці Крашэўскага чалавека, які шмат гадоў займаецца даследаваннем яго спадчыны, ганаровага госця імпрэзы Ганны Чабадзінскай-Пшыбыслаўскай, слухалі з вялікай цікавасцю і павагаю.

Да сённяшняга дня творы Крашэўскага не страцілі сваёй папулярнасці. Яны пастаянна перавыдаюцца па-польску. У апошнія гады з’явіўся шэраг перакладаў твораў класіка на беларускую мову. Аб гэтым, як і наогул аб становішчы ў беларускай літаратуры расказаў я як выдавец і як сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў. Найбольш падрабязна спыніўся на папулярнай серыі айчыннай класікі «Мая беларуская кніга», якая за апошнія два гады разгарнулася ўжо ў 51 том.

У чым жа сакрэт папулярнасці Крашэўскага? Што прываблівае да яго твораў сёння? На гэтыя пытанні быў запрошаны адказаць кандыдат філалагічных навук, тэкстолаг і перакладчык Міхась Кенька. У ягоным творчым даробку і чатыры перакладзеныя аповесці Крашэўскага, але, натуральна, найпадрабязней спыніўся ён на свежавыдадзенай — «Кароль у Нясвіжы. 1784». У ёй расказваецца пра паездку на сейм у Гародню ў 1784 годзе апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя ВКЛ Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Падчас падарожжа ён спыняўся і ў Нясвіжскім палацы наймагутнейшага магната Караля ІІ Станіслава Радзівіла, знакамітага Пане Каханку, які наладзіў Панятоўскаму неверагодна пышны і ўрачысты, феерычны і фантасмагарычны прыём. Спадар Міхась адзначыў таксама, што да перакладаў твораў Крашэўскага звяртаўся і нараджэнец пружанскай зямлі Васіль Сёмуха, з якім ён творча спаборнічаў і талент якога цэніць вельмі высока. Напрыканцы свайго выступлення 70-гадовы юбіляр, вядомы і як складальнік зборнікаў анекдотаў, атрымаў ад дырэктара музея падарунак і пажартаваў: «Дата мая даволі важкая, а таму святкаваць можна цэлы год!»

У 2012 годзе выйшла паэма Крашэўскага «Вёска», пераклад якой на родную мову зрабіў паэт Мікола Папека з вёскі Лінова. Ён гэтаксама падзяліўся вопытам судакранання з творчай спадчынай свайго вялікага земляка, адзначыў яе ўплыў на Янку Купалу і на Уладзіміра Караткевіча.

Удзел у імпрэзе бралі і госці з Брэста, на жаль, скрозь рускамоўныя. Даследчыца і журналістка Руслана Гусева выступала як аўтарка чатырох кніг, прысвечаных Крашэўскаму. Кандыдат педагагічных навук, прафесар Марыя Жыгалава, чамусьці гаварыла пераважна пра Каэтана Крашэўскага. Паэтка Любоў Красеўская не адмаўляла імавернасці далёкага сваяцтва са сваім амаль што цёзкам па прозвішчы, але мімаволі задаваўся я пытаннем, ці дадаюць хоць што-небудзь рускай ці беларускай літаратурам яе паэтычныя пераклады на рускую мову?

На заканчэнне госці — слухачы і выступоўцы — агледзелі музейную экспазіцыю: кветкавую залу, паляўнічы кабінет і пакой трафеяў, этнаграфічны куток, залу друкаваных выданняў XIX—пачатку XX стагоддзяў, а таксама Res Sacrae — выставу твораў сакральнага прызначэння Пружаншчыны з найстарэйшым экспанатам музея — унікальным абразом XVI стагоддзя «Тайная Вячэра».

Але, мабыць, найболей затрымаліся ў зале, прысвечанай братам Крашэўскім. Сярод самых цікавых экспанатаў там — прыжыццёвыя выданні кніг Ю. І. Крашэўскага — «Сакрэт пана Чурылы» (Варшава, 1877 г.) і «Стах з Конар» (Кракаў, 1879 г.), два арыгінальныя памятныя медалi ў гонар 50-годдзя літаратурнай творчасці Крашэўскага 1879 года. Пачэснае месца на сцяне заняў новаствораны барэльеф (таніраваны гіпс, бо на бронзу ў музея грошай не хапіла) Ю. І. Крашэўскага разца 85-гадовага юбіляра, славутага мэтра Івана Міско. (Праўда, у першапачатковым, цнатліва-белым варыянце, які ўдалося пабачыць яшчэ ў майстэрні, барэльеф падабаўся мне болей.) Папоўніліся музейныя фонды і саліднай аўтаманаграфіяй, якую перадаў скульптар.

Адмыслова з’ездзілі за паўдзясятка кіламетраў на ростані, дзе пры паваротцы, што вядзе ў Доўгае, сфатаграфаваліся на памяць каля гранітнага памятнага знака з надпісам:

«Славутаму земляку Юзэфу Ігнацы Крашэўскаму
28.07.1812—19.03.1887.
Пісьменніку, мастаку, гісторыку, выхадцу з маёнтка Доўгае».

Графік аднадзённай вандроўкі быў вельмі напружаны, але хацелася б куды болей увагі і часу аддаць яшчэ адной славутасці Пружанаў — касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта цудоўная святыня была пабудавана ў 1883 годзе, а знакамітая яна тым, што тут у сане святара служыў Казімір Свёнтэк — будучы кардынал, першы ў гісторыі Беларусі.

...Развітваліся з гаспадарамі на чыгуначнай станцыі з фацэтнаю назваю Аранчыцы, да якой крыху раўніва ставіцца ліновец Мікола Папека. Мужчыны пасмакавалі моцнага свойскага напою, які тут жа ахрысцілі «папекаўкаю», а кабеты — медавухі на, зноў жа, свойскім, гатунку кшталту «ізабэлы», вінаградзе і на мёдзе! Больш за тое, атрымалі ад паэта-пчаляра, заснавальніка і фундатара знакамітай Мядовай прэміі для літаратараў Брэстчыны Міколы Папекі важкія прэзенты — слоікі-паўлітровікі з плёнам руплівіцаў з ягонай пасекі.

17 сакавіка 2017 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY