Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Андрэй КРАСОЎСКІ

БЕЛАРУСКАЯ МОВА Ў ФАШЧАЎСКІМ КАСЦЁЛЕ

Касцёл у Фашчаўцы (нямецкі здымак часоў апошняй вайны).
Каталіцкі асяродак з цэнтрам у в. Фашчаўка сучаснага Шклоўскага р-на пачаў фармавацца ў XVII ст. Прывілеем караля Жыгімонта ІІІ Вазы з Магілёўскай каралеўскай эканоміі ў 1612 г. на фундуш калегіума езуітаў у Оршы было вылучана 5 вёсак1. Ужо ў 1630-х гг. у новым езуіцкім маёнтку існавала капліца з цудатворным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі; каля 1668 г. быў збудаваны першы драўляны касцёл, а ў 1754 г. — вялікі мураваны. Нават у пач. ХХ ст. сяляне былых езуіцкіх вёсак трымаліся каталіцкай веры і складалі пераважную большасць парафіянаў фашчаўскага касцёла, утвараючы своеасаблівы анклаў сярод навакольнага праваслаўнага насельніцтва [1, с. 247–252].

У тыя часы літургічнай мовай Рыма-каталіцкага Касцёла была лацінская. Менавіта на лаціне цэлебравалася святая Імша, на гэтай жа мове гучалі малітвы Брэвіярыя. Нацыянальныя мовы ўжываліся ў казаннях, паралітургічных абрадах, малітвах і рэлігійных спевах. Пэўныя гістарычныя прычыны прывялі да таго, што значнае распаўсюджанне ў каталіцкім рэлігійным жыцці на беларускіх землях атрымала польская мова. Менавіта яна доўгі час ужывалася ў якасці нацыянальнай мовы ў тутэйшых касцёлах. Мерапрыемствы царскай улады па распалячванні касцёла і ўвядзенні расійскай мовы ў «дадатковае» набажэнства ў другой палове XIX ст. не мелі значных поспехаў.

Характарызуючы гэтую сітуацыю, кс. Язафат Фрыдэрык Жыскар — гісторык Касцёла і публіцыст — падаваў у 1913 г. ва ўводзінах да каталіцкай энцыклапедыі «Nasze Kościoły» наступныя звесткі:

«Збліжаючыся з беларускім народам, цяжка не заўважыць яго дзіўнае стаўленне да роднай мовы. Заўсёды ў хатнім побыце беларус карыстаецца ўласнай мовай, але толькі не ў касцёле. Там ён моліцца, спавядаецца, і хоча слухаць казанні на польскай мове. Польская культура так укаранілася сярод беларусаў, што надта дзіўнай стала б для іх беларуская прамова ксяндза ў касцёле. Выключэннем з’яўляюцца дзве парафіі — Фашчаўка і Ула, дзе здаўна ўведзена навука па-беларуску. Сваю мову беларус называе „простай“ (казаць „па-простаму“), а польская мова — гэта мова „панская“, „ксяндзоўская“. Адмаўленне такога традыцыйнага разумення польскай мовы будзіць у беларусе непрыязнасць. Асабліва з ксяндзом хоча беларус размаўляць па-польску ці прынамсі жадае, каб ксёндз да яго звяртаўся на польскай мове, а іначай абражаецца. Не раз даводзілася аўтару чуць: „Я ж, папунечка (ойча), па-польску разумею“» [2, с. 32].

На падставе гэтай інфармацыі ў некаторых публікацыях сцвярджаецца, нібыта літургія ў Фашчаўцы і Уле таксама адпраўлялася па-беларуску, што не адпавядае рэчаіснасці у варунках надзейна замацаванай лацінскай мовы. Аднак сам факт ужывання ў фашчаўскай і ульскай парафіях беларускай мовы падчас навукі (казанняў), на фоне амаль паўсюднага панавання ў касцёлах польскай мовы, быў рэдкай з’явай для тых часоў, асабліва калі ўзяць пад увагу тое, што самі католікі аддавалі перавагу польскай мове, якая ў іх свядомасці мела рысы элітарнасці і сакральнасці.

Пра касцёл у м. Ула2 Лепельскага дэканата ў гэтым жа выданні маецца асобны артыкул, у якім кс. Жыскар падрабязна расказаў гісторыю мястэчка і парафіі. І хаця папярэдне ён пісаў пра заведзеныя тут здаўна казанні на беларускай мове, але ў самім артыкуле мы сустракаем толькі кароткую згадку пра аднаго ксяндза, які выкарыстоўваў беларускую мову ў душпастырскай дзейнасці:

«Цяжка не затрымацца даўжэй на асобе аднаго з ульскіх пробашчаў, які, праўда, нядоўга быў у Уле, але добрую пасля сябе пакінуў памяць. Быў гэта кс. Уладзіслаў Міржвінскі. Не раз называлі яго вар’ятам, чалавекам неўраўнаважаным, але меў ён толькі адну хваробу, якая так рэдка сустракаецца ў наш час, — любіў Касцёл і народ больш за самога сябе, больш за ўласныя выгоды. Гэтым можна растлумачыць шалёную прывязанасць народа да яго, якую ён здабыў паўсюль. Ужо мінула шмат часу пасля таго, як кс. Міржвінскі выехаў з Улы, прымушаны да гэтага акалічнасцямі, якія не залежалі ад духоўнай улады, а народ і цяпер помніць дзейнасць таго Божага апостала.

Найбуйнейшы плён прынесла ягоная энергічная барацьба з п’янствам, якое паменшала сярод людзей. Добра ведаючы беларускую мову, ён прамаўляў да сэрца народа, і яго заўсёды разумелі» [2, с. 417].
  
Біскуп Францішак Альбін Сымон. Кс. Язафат Фрыдэрык Жыскар.

Пэўныя парасткі беларушчыны былі ў гэтай парафіі і раней. Праз кс. Адама Станкевіча стала вядома пра чатыры сшыткі з казаннямі на беларускай мове, якія паходзілі з Віцебскай губерні. У рукапісах было пазначана, што ў 1870 і 1872 гг. гэтыя казанні чыталіся ў м. Ула [3, с. 64]. Прыкладна ў той жа час — у 1876 г. — лепельскі павятовы спраўнік3 у адным з данясенняў паведамляў віцебскаму губернатару, што ульскі касцёл — адзіны ва ўсім Лепельскім павеце, дзе гавораць казанні па-беларуску, а ва ўсіх астатніх — па-польску [4, арк. 33].

Калі ўпершыню былі заведзены казанні па-беларуску ў фашчаўскім касцёле, дакладна невядома. Дакументальна засведчаны той факт, што 2 ліпеня4 1894 г. біскуп-суфраган Францішак Альбін Сымон, які прыбыў у Фашчаўку з душпастырскай візітацыяй, «прамовіў экспромтам казанне на простай беларуска-польскай мове». Пра гэта даносіў горацкаму павятоваму спраўніку сведка тых падзеяў — станавы прыстаў5 Г. П. Пара-Леановіч [5, арк. 34]. У гэтым жа рапарце адзначалася, што фашчаўскія парафіяне «проста размаўляюць па-беларуску, і вельмі рэдкі селянін разумее чыстую польскую мову» [5, арк. 35 адв]. Цяжка вызначыць, ці прамаўляў біскуп па-беларуску з польскімі цытатамі са Святога Пісання, ці, наадварот, гаварыў па-польску з беларускімі каментарамі. Польскую мову біскуп Сымон, канечне, ведаў, а вось пра ўзровень яго валодання белаrрускай мовай можна толькі здагадвацца, бо паходзіў ён з ваколіцаў Жытоміра і ніколі на беларускіх землях не служыў [6, с. 1193–1194]. Акрамя таго, не ясна, што разумеў пад беларуска-польскай мовай сам станавы прыстаў.

Загадам ад 18 лістапада 1894 г. магілёўскі губернатар абавязаў паліцыю два разы на год падаваць звесткі пра ўсіх каталіцкіх святароў, якія жывуць на тэрыторыі даручанага таму ці іншаму спраўніку павета [5, арк. 42]. Згодна з чарнавіком першага такога рапарта, горацкі павятовы спраўнік, акрамя інфармацыі пра кс. Іосіфа Вайцахоўскага, планаваў напісаць, што дзеці фашчаўскіх парафіянаў «польскай пісьменнасці вучацца ад сваіх бацькоў настолькі, каб умець маліцца Богу, а размоўная мова між сялянамі-каталікамі выключна беларуская» [5, арк. 44]. Падобная інфармацыя змешчана ў данясеннях станавых прыставаў за 1895 і 1898 гг. — яны сцвярджалі, што тутэйшыя сяляне моляцца Богу на польскай мове, але размаўляюць між сабою па-беларуску [5, арк. 56, 145]. Што датычыцца польскай пісьменнасці, то, паводле складзеных у 1896 г. станавымі прыставамі спісаў, зусім нязначная колькасць сялянаў умела чытаць па-польску. Напрыклад, у вёсках Слабодка, Княжыцы і Крывель, агульная колькасць насельніцтва якіх дасягала 800 чалавек, валодалі навукай чытання і пісьма па-расійску толькі дзевяць мужчын, з якіх чацвёра ўмелі таксама чытаць па-польску і адзін — чытаць і пісаць [5, арк. 77–112].
Пілігрымы з Магілёўскай архідыяцэзіі ў Чэнстахове, 1912 г.

Некаторыя цікавыя звесткі пра тагачасную фашчаўскую парафію захаваліся дзякуючы кс. Жыскару. Ён меў магчымасць пазнаёміцца з гэтым каталіцкім асяродкам яшчэ ў 1911 г., бо нейкі час служыў вікарыем у магілёўскім фарным касцёле св. Казіміра [7, c. 111–114]. Верагодна, менавіта ў той час ён наведваў фашчаўскія фэсты, што пазней адлюстравалася ў яго публікацыях [2, с. 52–55]. Надта ўразілі кс. Жыскара фашчаўскія парафіяне сваёй пабожнасцю падчас пілігрымкі, што рушыла ў 1912 г. з Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі, да Маці Божай Чэнстахоўскай. У брашуры пра гэтае падарожжа ён пісаў наступнае:

«Першымі далучыліся да нас 13 чалавек з Фашчаўкі, той веруючай і адзінай у сваім родзе парафіі. Мала хто мае пра яе паняцце. Калісьці працавалі тут ксяндзы езуіты, вялікі, цудоўны касцёл перажыў пасля іх шмат небяспечнасцяў. Парафія складаецца з сялян, якія размаўляюць па-беларуску, на гэтай жа мове спяваюць у касцёле, убіраюцца ў народныя строі. Такая ў іх моцная вера і памяць пра даўнія часы, што калі папытаць кагосьці, ці ходзіць на Імшу ў нядзелю, то той вытарашчыць вочы, усміхнецца і скажа: «Папунечка, я ж з Фашчаўкі!» А калі папытаць маленькую дзяўчынку, ці ведае пацеры, то атрымаеш адказ: «Я з Фашчаўкі». Пабожныя і прывязаныя да касцёла, яны былі прыкладам для іншых, ехалі ўрачыста, а спеў у іхным вагоне не сціхаў, хацелі маліцца і спяваць цэлую ноч, і толькі зважаючы на тых, што ўжо спалі, замыкалі вусны» [8, с. 10].

Калі цягнік ненадоўга спыніўся ў Беластоку, то пілігрымы з Магілёўшчыны праспявалі на станцыі па-беларуску касцёльны гімн «Ах, мой Божа, веру Табе…» [8, с. 16].

У асобным артыкуле пра Фашчаўку ў энцыклапедыі «Nasze Kościoły» кс. Жыскар зноў са шчырым замілаваннем і цеплынёй выказваў захапленне гарачай верай і любоўю тутэйшых людзей да Касцёла і не абмінуў увагаю адметныя нацыянальныя асаблівасці парафіі:

«Народ тутэйшы не гаворыць па-польску, але захаваў сваю чыстую беларускую мову. Вялікія намаганні даклалі айцы езуіты, каб не страціў беларус сваёй мовы. Яны выдалі беларускі катэхізіс, прамаўлялі казанні да людзей на іх мове, увялі ў касцёле беларускія спевы. І нават сёння кожны селянін выдатна ўмее спяваць беларускую песню «Ах, мой Божа, веру Табе…». Асабліва велічнае і глыбокае ўражанне робіць гэты гімн падчас фэстаў, калі вялікі натоўп людзей быццам аднымі грудзямі заспявае яго і прыгожая мелодыя запаўняе ўвесь храм і цвінтар.
Кс. Караль Слівоўскі (справа)
і кс. Уладзіслаў Міржвінскі (злева).
Фрагмент здымка. Уладзівасток, 1922 г.
(з архіва парафіі Найсвяцейшай Багародзіцы ва Уладзівастоку).

Фашчаўка да такой ступені захавала свой нацыянальны беларускі характар, што і па сённяшні дзень яе жыхары апранаюцца ў беларускія строі. Саматканая спадніца, белая вышываная кашуля, адметным спосабам завязаная на галаве хустка — гэта тыповы строй фашчаўскай жанчыны, які вылучае яе амаль сярод усіх суседак.

<…>

Некаторыя ксяндзы прамаўлялі да людзей у касцёле па-беларуску і так гэтым прывязалі да сябе парафіян, што тыя для іх што заўгодна гатовыя былі зрабіць. Два гады служыў тут ужо вядомы чытачам кс. Міржвінскі, які сваёй руплівай працай і адданасцю людзям заслужыў нечуваную прывязанасць да сябе» [2, с. 52–54].

Чытаючы сведчанні кс. Жыскара, перш за ўсё трэба звярнуць увагу на яго думку пра значны ўплыў езуітаў на захаванне мовы і традыцыйнай культуры фашчаўскімі парафіянамі. Фашчаўка з навакольнымі вёскамі сапраўды належала аршанскім езуітам з 1612 па 1820 гг. — яны сталі тут першымі каталіцкімі місіянерамі, заснавальнікамі касцёла і парафіі [9, с. 1055–1068; 10 с. 351–354]. Цяжка сказаць, чаму кс. Жыскар лічыў, што менавіта езуіты пачалі прамаўляць казанні па-беларуску ў Фашчаўцы. Магчыма, такое меркаванне ў пачатку ХХ ст. існавала ў асяроддзі тутэйшых вернікаў ці духавенства, а кс. Жыскар проста яго пераказаў. Што датычыцца ўвядзення ў касцёл спеваў на беларускай мове, то вядомы ў Фашчаўцы беларускамоўны гімн «Ах, мой Божа, веру Табе…» сапраўды некаторыя крыніцы прыпісваюць увядзенню езуітаў. Пра езуіцкія карані гімна пісаў паэт і фалькларыст Аляксандар Рыпінскі (1809–1900). Ён надрукаваў па памяці тэкст гэтай песні яшчэ ў 1840 г. сярод рэлігійных спеваў у фальклорным зборніку «Białoruś» [11, с. 34–35]. Аўтар адзначаў, што спеў «Ах, мой Божа, веру Табе…» — новы і надта папулярны сярод уніятаў. Складальнікамі названай песні А. Рыпінскі лічыў езуітаў:

«Гэты цудоўны напамін6 пакінулі па сабе езуіты, і няма цяпер ніводнага касцёла, дзе б тая песня не была шырока распаўсюджаная: як сваімі чулымі словамі, так і кранальнымі нотамі» [11, с. 38].

Калі ўлічваць тое, што А. Рыпінскі пакінуў родную Віцебшчыну і выехаў у Францыю пасля паўстання 1830–1831 гг., то вельмі верагодна, што ўсе звесткі пра гімн «Ах, мой Божа, веру Табе…» можна адносіць да перыяду ягонага дзяцінства і юнацтва. Праўда, існуе яшчэ адно меркаванне, паводле якога гэты слынны каталіцкі спеў склаў полацкі ўніяцкі біскуп Якуб Мартусевіч. Пісаў пра тое ў 1889 г. вядомы фалькларыст, літаратуразнаўца і педагог Браніслаў Эпімах-Шыпіла [12, арк. 3]. Ужо ў ХХ ст. збіральнік і даследчык рэлігійных спеваў у Заходняй Беларусі Адольф Клімовіч сцвярджаў, што гімн «Ах, мой Божа, веру Табе…» быў «зложаны ў 1829 годзе полацкім біскупам Мартусэвічам» [13, с. 49]. Калі гэтая інфармацыя адпавядае рэчаіснасці, то спеў не мае ніякага дачынення да дзейнасці езуітаў, бо ўжо ў 1820 г. царскі загад змушаў іх выехаць з Расійскай Імперыі. Меркаваны час складання самога спеву ўскосна пацвярджаецца стылем, які характэрны менавіта для ХІХ ст. [13, с. 49]. Прыкладна ў той жа час — у 1835 г. — названая песня ўпершыню друкуецца на старонках каталіцкай беларускамоўнай катэхізмоўкі [14, с. 22–24]. Некаторыя даследчыкі лічылі, што спеў «Ах, мой Божа, веру Табе…» быў ці не самым папулярным беларускім каталіцкім гімнам у ХІХ ст. і меў шырокае практычнае бытаванне (найдаўжэй на Віцебшчыне і Магілёўшчыне) [12, с. 49]. Выкарыстоўваў гэты гімн і класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч у сваёй паэме «Вечарніцы». З гэтай песні пачынаў сваю «Беларускую хрэстаматыю» Б. Эпімах-Шыпіла. Спяванне гімна «Ах, мой Божа, веру Табе…» ў Фашчаўцы можна лічыць адметным толькі з пункту гледжання яго трываласці ў гэтай парафіі, бо сам спеў не быў унікальным і нейкі час меў шырокае распаўсюджанне на беларускіх землях. Дакладна вызначыць аўтара гімна пакуль немагчыма, але на падставе вядомых крыніцаў часам яго стварэння можна назваць першую трэць ХІХ ст.

Такім чынам, пакуль няма дакладных звестак, на падставе якіх можна пацвердзіць спрычыненасць езуітаў да ўвядзення беларускіх спеваў і казанняў у Фашчаўцы і праверыць інфармацыю кс. Жыскара. Аднак, трапіўшы ў друк, меркаванне пра заслугі езуітаў ва ўвядзенні беларускай мовы ў фашчаўскім касцёле хутка распаўсюдзілася і нават сёння сустракаецца на старонках публіцыстычна-краязнаўчых выданняў, а часам і ў навуковых працах.

На нашу думку, зафіксаваныя ў пач. ХХ ст. беларускія казанні ў Фашчаўцы і Уле — гэта след душпастырскай працы кс. Уладзіслава Міржвінскага, хаця нельга абсалютна адмаўляць езуіцкі ўплыў у гэтым кірунку. Паводле звестак кс. Жыскара, неардынарны і энергічны кс. Міржвінскі прамаўляў па-беларуску ў мястэчку Ула. У артыкуле пра фашчаўскую парафію той жа аўтар хаця і піша пра кс. Міржвінскага, але не звязвае яго з беларускамоўнымі казаннямі і піша неканкрэтна: «Некаторыя ксяндзы прамаўлялі да людзей у касцёле па-беларуску…» Між іншым, першыя сведчанні пра беларускія казанні ў Фашчаўцы з’яўляюцца ў прэсе менавіта тады, калі ўзначаліў парафію кс. Міржвінскі. Калі ў ульскай парафіі гэты святар мог працягваць традыцыю, якая ўжо існавала ў 2-й палове ХІХ ст., то верагодна, што ў Фашчаўцы кс. Міржвінскі стаў ініцыятарам увядзення казанняў на беларускай мове.

Уладзіслаў Аляксандравіч Міржвінскі (Мяжвіньскі) 7 нарадзіўся ў 1880 г. у Віленскай губерні ў дваранскай сям’і. У 1892–1897 гг. вучыўся ў першай гарадской вучэльні Дзвінска8, у 1898–1903 гг. — у Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Пасвечаны ў святарскі сан у 1903 г. біскупам Гаспарам Цыртаўтам у Коўне. 16 снежня 1903 г. кс. Міржвінскі быў скіраваны ў мястэчка Ракаў9 Мінскай губерні, каб выконваць абавязкі вікарнага ксяндза, а 4 лютага 1904 г. быў прызначаны пастаянным вікарыем. Пазней ён служыў вікарыем у Санкт-Пецярбургскім касцёле св. Станіслава, пасля — вікарыем у Варонежы. У хуткім часе кс. Міржвінскі быў пераведзены на пасаду вікарыя ў Бабруйск, акрамя таго, прызначаны настаўнікам Закону Божага ў тутэйшую мужчынскую гімназію. 6 чэрвеня 1906 г. кс. Міржвінскага прызначылі вікарыем у катэдральны касцёл Магілёва і адміністратарам парафіі ў в. Свяцілавічы10. 7 жніўня 1907 г. ён быў прызначаны адміністратарам парафіі ў м. Ула, але ўжо 18 красавіка 1908 г. пераведзены на пасаду вікарыя ў Фашчаўку, а з 28 чэрвеня 1908 г. узначаліў фашчаўскую парафію. Акрамя таго, з 26 верасня 1908 г. выкладаў Закон Божы ў фашчаўскай народнай вучэльні [7, с. 122; 15, с. 155–158].

Кс. Уладзіслаў Міржвінскі быў досыць актыўным святаром, і ягоная дзейнасць заўсёды прыцягвала ўвагу царскай улады і Праваслаўнай Царквы. Шмат разоў на яго скардзіліся — абвінавачвалі ў празелітызме сярод праваслаўных, парушэнні расійскага заканадаўства ў сферы рэлігіі, адкрыцці нелегальных каталіцкіх школак, варожым стаўленні да пануючай веры [7, с. 122–124; 15, с. 155–158].

Парафіяне прыхільна ставіліся да свайго душпастыра. Пра гэта красамоўна сведчыць хаця б той факт, што калі духоўныя ўлады вырашылі перавесці кс. Міржвінскага з Ракава, вернікі даслалі мітрапаліту ліст з просьбаю, пад якой стаялі 263 подпісы за тое, каб ксяндза пакінулі на гэтай пасадзе. Ракаўскі маянтковец К. Здзяхоўскі таксама пісаў мітрапаліту, што ў парафіі «яшчэ не было такога руплівага святара» [7, с. 122].

Ужыванне кс. Міржвінскім у казаннях беларускай мовы знайшло сваё адлюстраванне ў тагачаснай прэсе. 14 верасня 1908 г. у Фашчаўцы адбыўся традыцыйны фэст на свята Узвышэння Святога Крыжа, якое з даўніх часоў збірала шмат пілігрымаў. У хуткім часе ў віленскай літоўскай газеце «Viltis» з’явіўся артыкул, напісаны невядомым пілігрымам-літоўцам пра гэтую ўрачыстасць:

«Фашчаўка, Магілёўская губ. На адлегласці 30 вёрст ад Магілёва ёсць вёска Фашчаўка, дзе знаходзіцца парафіяльны касцёл. Гэтая парафія вылучаецца сярод іншых тым, што тут няма ні шляхты-палякаў, ні апалячаных гараджанаў, а ўсе 3 300 парафіянаў — сяляне-беларусы. У гэтым годзе падчас фэсту на свята Узвышэння Святога Крыжа я быў у Фашчаўцы і таму тое, што я там пачуў і пабачыў, хачу расказаць чытачам [газеты] “Viltis”».

Сабралася вельмі многа людзей. Цудоўны вялікі касцёл не змог змясціць усіх паломнікаў. Галоўным чынам была чутна беларуская мова, нярэдка польская, дзе-нідзе літоўская. Набажэнства ў касцёле праводзілася на трох мовах, як таго і патрабавала справядлівасць. Раніцаю літоўцы спявалі гімны і слухалі казанне на сваёй роднай мове.

Перад Cумай працэсія спявала па-польску, а пасля было казанне таксама на польскай мове.

У канцы Сумы сам фашчаўскі плябан прапаведаваў па-беларуску. Я першы раз чуў казанне на гэтай мове, таму здзівіўся. Прапаведнік даволі весела і хораша гаварыў па-беларуску. Некаторыя слухачы, у асноўным прыехаўшая здалёк «шляхта», смяяліся з таго, што святар прамаўляе казанне «па-простаму». Беларусы слухалі з асаблівай уважлівасцю, на іх тварах блішчэлі слёзы, большасць у канцы заплакала. Было відавочна, што яны вельмі высока ацанілі казанне на сваёй роднай мове.

Пасля працэсія спявала беларускую песню “Ах, мой Божа, веру Табе…”, складзеную яшчэ езуітамі. Спявалі ўсе: і мужчыны, і жанчыны, і дзеці — усе ведаюць гэтую песню на памяць.

Так што цяпер у фашчаўскім касцёле набажэнства праводзіцца па-беларуску. Я вырашыў даведацца, ці не перашкаджаюць гэтаму палякі. Плябан адказаў мне, што «эндэкі»11 вельмі злуюцца на яго за гэта. А вось польскія святары Пецярбурга, Варшавы і кракаўскія езуіты ў адзін голас раяць вучыць у беларускіх касцёлах па-беларуску, пацвярджаючы, што Апостальская Сталіца нічога не мае супраць гэтага.

Князь Яўген Любамірскі12 піша фашчаўскаму плябану наступнае: “…Я мáю вялікую павагу да Вас за Вашую асветніцкую працу сярод сялянаў, якая можа мець поспех толькі пры выкарыстанні роднай мовы, як кажа святы Павел — “якая карысць ад пропаведзі, калі слухач яе не разумее”…»

Скацікас [17, с. 2]

Аўтар падпісаўся псеўданімам Skatikas, што перакладаецца з літоўскай мовы як «грош». Цікава, што праз некалькі гадоў у беларускамоўнай каталіцкай газеце «Biełarus» (№ 30, 17.10.1913) нехта пад псеўданімам «Грош» пісаў пра аднаўленне касцёла ў в. Пагост Аршанскага павета, пра казанні езуітаў на беларускай мове, пра ўжыванне тут гімна «Ах, мой Божа, веру Табе...» і навучанне праўдам каталіцкай веры па-беларуску. Верагодна, аўтар абедзвюх нататак — кс. Вінцэнт Грашыс (літ. Vincentas Grašis, 1870–1930), які з 1908 г. па 1919 г. быў пробашчам у Оршы і Аршанскім дэканам. Прозвішча Grašis таксама перакладаецца з літоўскай як «грош». Сустракаюцца няпэўныя звесткі, што кс. Грашыс быў карэспандэнтам «Нашай Нівы».

Гэтая газетная нататка выклікала пэўны розгалас у краёвым друку. У скарочаным варыянце яе перадрукавалі ў польскамоўнай віленскай газеце «Kurjer Litewskі» [17, с. 3] і (сцісла) — у беларускамоўнай «Нашай Ніве» [18, с. 6].

Хаця імя фашчаўскага плябана ў газетным артыкуле не называецца, але вядома, што кіраваў фашчаўскай парафіяй на той час менавіта кс. Міржвінскі. Трэба думаць, што выкарыстанне кс. Міржвінскім беларускай мовы ў душпастырскай дзейнасці мела ўстойлівы характар, бо ён прамаўляў па-беларуску не толькі ў Фашчаўцы.

Так, 25 лістапада 1908 г. адбылася ўрачыстасць асвячэння новага касцёла ў Чавусах. Горад не меў каталіцкай святыні ажно цэлых 45 гадоў і толькі дзякуючы намаганням некаторых парафіянаў і пробашча суседняй радамльскай парафіі кс. Францішка Будрыса новы касцёлік нарэшце быў пабудаваны. Цырымонію яго асвячэння правёў шклоўскі пробашч кс. Нікадзім Дзядуль, але кс. Міржвінскі таксама ўдзельнічаў ва ўрачыстасці. Невядомы чавускі парафіянін сведчыць пра гэта так:

«Падчас саленнай святой Імшы ксёндз Ул. Міржвінскі, пробашч з Фашчаўкі, прамовіў прыгожае казанне на беларускай мове, чым моцна ўсіх уразіў. Асабліва тых слухачоў, якія прыбылі здалёк, бо для іх гэтая мова была лепш зразумелай» [19, с. 4].

Цяжка вызначыць, ці быў кс. Міржвінскі свядомым прыхільнікам беларусізацыі Касцёла, ці проста не цураўся «простай» мовы, каб данесці слова Божае да тых парафіянаў, якія дрэнна разумелі польскую мову. Пра ўдзел гэтага святара ў беларускім рэлігійным, грамадска-палітычным ці асветніцкім руху няма ніякіх звестак. Вядома, што кс. Міржвінскі меў пэўныя сувязі з польскімі гурткамі. Так, у 1908 г. ён разам з магілёўскім дэканам кс. Пятром Зялінскім уваходзіў у склад кіраўніцтва магілёўскай арганізацыі «Польскае таварыства асветы і дабрачыннасці» [20, с. 42].
Біскуп Стэфан Антоні Дзенісевіч

Надоўга затрымацца ў Фашчаўцы кс. Міржвінскаму не давялося. 6 снежня 1908 г. архідыяцэзія атрымала ліст з Дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў, дзе паведамлялася, што, паводле атрыманых Дэпартаментам звестак, «святар Міржвінскі на новым месцы службы працягвае шкодную дзейнасць: 28 верасня 1908 г. ён арганізаваў патаемную польскую школу ў в. Дуброўка, у хаце селяніна Кульбіцкага, дзе былі выкрытыя 34 каталікі ва ўзросце ад 9 да 14 гадоў. А 6 кастрычніка святар Міржвінскі арганізаваў такую ж школу ў Фашчаўцы ва ўласнай кватэры. Там ён праводзіць узмоцненую прапаганду супраць праваслаўя, пераконвае сялян, каб яны не выпраўлялі сваіх дзяцей-католікаў у народную школу. Просім звольніць айца Уладзіслава Міржвінскага з гэтай пасады і паведаміць нам пра гэта» [15, с. 158].

Патаемныя школкі служылі перш за ўсё для каталіцкай адукацыі — катэхізацыі дзяцей, падрыхтоўкі іх да першай споведзі і Камуніі, вывучэння малітваў. Але верагодна, што малітвы дзеці вучылі па-польску і на гэтай жа мове спасцігалі навуку чытання. Духоўныя ўлады не маглі ігнараваць просьбу Дэпартамента, і 11 снежня 1908 г. кс. Міржвінскаму загадваюць выехаць у Выбарг, дзе ён мусіў чакаць далейшых распараджэнняў [6, с. 158]. Аднак запісы ў метрычных кнігах сведчаць, што ён да 4 студзеня 1909 г. заставаўся ў Фашчаўцы [21, арк. 24–35 адв, 50–50 адв].

Пасля кс. Міржвінскага парафію ўзначаліў кс. Антоні Мацулевіч. Дакладна невядома, ці працягваў новы святар практыку ўжывання беларускай мовы ў казаннях, прыхільнікам якой быў ягоны папярэднік, але сама парафія ўжо паспела займець пэўную рэпутацыю. Пра гэта сведчаць хаця б звесткі пра душпастырскую візітацыю, якую выканаў біскуп-суфраган Магілёўскай рыма-каталіцкай архідыяцэзіі прэлат Стэфан Антоні Дзенісевіч увосень 1909 года.

Біскуп прыехаў у Фашчаўку 19 верасня 1909 г. і прабыў тут да 21 верасня. За гэтыя тры дні сакрамэнт бежмавання атрымалі 1 239 вернікаў. Але душпастырская праца біскупа Дзенісевіча не абмяжоўвалася ўдзяленнем сакрамэнтаў — ён часта і горача прамаўляў да народа, катэхізаваў дзяцей. У Фашчаўцы ксёндз-біскуп гаварыў казанні на беларускай мове [22, с. 9, 138].

Праз некалькі гадоў, ужо пасля смерці біскупа, кс. Францішак Будзька — дзеяч беларускага каталіцкага руху — пісаў пра тыя падзеі так:

«Будучы ўжо цяпер біскупам, [Дзенісевіч] паспяшыў на ўлюбляную Беларусь, каб адбыць візітацыю парахвій. Тутака ў чыста беларускай парахвіі Фашчоўка ня толькі казаў свайму капеляну гаварыць навукі па-беларуску, але і сам меў навуку ў гэтай мове. Трэба ж было відзець вялікую радасць парахвіян, што біскуп прагаварыў да іх у іх бацькоўскай, спрадвечнай мове!» [23, с. 2].

Цікава, што менш чым праз паўгода пасля візітацыі ў архідыяцэзіяльным друку з’явіўся артыкул пра катэхізацыю беларусаў. Ананімны аўтар13 пісаў, што падчас наведвання Фашчаўкі біскуп і ксяндзы, якія суправаджалі яго, прамаўлялі казанні на беларускай мове, бо іначай іх проста не зразумелі б. Сучаснік, а можа і ўдзельнік, тых падзей сведчыць, што фашчаўскія парафіяне дрэнна разумеюць польскую мову і з гэтай прычыны нават папрасілі біскупа садзейнічаць адкрыццю польскай школы. Заяву з такой просьбай яны яшчэ раней падавалі апекуну навучальнай акругі [24]. Дакладныя абставіны гэтага звароту невядомыя, але такія памкненні сведчаць пра статус польскай мовы ў свядомасці католікаў, нягледзячы на тое, што іх родная мова ўжо пачала гучаць з амбоны.

Згодна з інфармацыяй інвентара фашчаўскага касцёла, на пасаду пробашча з 20 красавіка 1911 г. заступіў кс. Ян Баравік [25, арк. 169–169 адв]. Ён апекаваўся парафіяй не менш за дзесяць гадоў. Пад датаю 21 студзеня 1922 г. ягоны подпіс апошні раз сустракаецца на старонках кнігі перадшлюбных экзаменаў фашчаўскага касцёла [26, арк. 196 адв]. На час душпастырства гэтага святара прыпалі цяжкія выпрабаванні войнамі і рэвалюцыямі. У ваколіцах Фашчаўкі з восені 1915 г. асела значная колькасць палякаў — уцекачоў з ахопленых вайною мясцінаў. Яны прынеслі з сабою жывую польскую мову, што мела ўздзеянне на тутэйшае насельніцтва. «Цэнтральны абывацельскі камітэт Царства Польскага» апекаваўся польскімі выгнанцамі. Фашчаўка ўжо ўвесну 1916 г. стала цэнтрам інструктарскай акругі Цэнтральнага абывацельскага камітэта. Прыкладна ў гэты ж час для польскіх выгнанцаў былі заснаваныя ў вёсках Башкіраўка і Дуброўка дзіцячыя прытулкі, а ў вёсках Фашчаўка, Дуброўка і Княжыцы — школы [27, с. 4]. Надта дбайным і актыўным інструктарам быў ксёндз Вітальд Гратоўскі — пробашч з Плоцкай дыяцэзіі, які разам з усёй сваёй парафіяй асеў у Фашчаўцы. Узначаліўшчы фашчаўскую інструктарскую акругу, кс. Гратоўскі пры энергічнай дапамозе кс. Яна Баравіка заснаваў тут не толькі школы і дзіцячыя прытулкі, а яшчэ курсы для непісьменных і краму, ладзіў чытанні і лекцыі. Установамі для польскіх выгнанцаў карысталіся таксама беларусы [28, с. 57]. Тым не менш, у артыкуле пра Магілёўшчыну14 ў выданні польскіх уцекачоў Фашчаўка ўважалася за выключна беларускую парафію:

«У прамянях вялікага каталіцкага касцёла жыве ў сямі вёсках беларускі каталіцкі народ, які захаваў свае звычаі, мову і строй. Яны прывязаныя да сваёй веры, моляцца па-беларуску, спяваюць у касцёле, а таксама падчас працэсій і пілігрымак, вядомы з XVII ст. (sic! — Аўт.) прыгожы гімн “Ах, мой Божа, веру Табе…”» [29, c. 9].

У 1917 г. для дапамогі кс. Баравіку на пасаду вікарыя быў прызначаны беларус кс. Аляксандар Мікалаевіч Сак. Ён нарадзіўся 14 жніўня 1890 г. у в. Сёгда15 Навагрудскага пав. Мінскай губерні. Паходзіў з праваслаўнай сям’і. Атрымаў пачатковую адукацыю ў мясцовай народнай вучэльні, пасля вучыўся ў Навагрудскай гарадской вучэльні, а яшчэ пазнеў паступіў у рэальную вучэльню Пінска, дзе правучыўся тры з паловаю гады. Быў выключаны ў 1907 г. па падазрэнні ў рэвалюцыйнай дзейнасці. А. Сак быў чытачом і падпісчыкам беларускай газеты «Наша Ніва». Некалькі разоў ён наведваў рэдакцыю газеты, дзе пазнаёміўся з Самуілам Плаўнікам (Змітраком Бядулем), Антонам Лявіцкім (Ядвігіным Ш.), Вацлавам Ластоўскім. У 1911 г. А. Сак паступіў у Пецярбургскі лясны інстытут. Падчас вучобы ён пазнаёміўся з выбітнымі беларускімі дзеячамі — Браніславам Тарашкевічам, Антонам Грыневічам і прафесарам Браніславам Эпімахам-Шыпілам, а праз апошняга — з Іванам Луцэвічам (Янкам Купалам) і Зміцерам Жылуновічам (Цішкам Гартным). Праз два з паловаю гады А. Сак пакідае вучобу, а ўвесну 1914 г. паступае ў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Санкт-Пецярбургу [30, с. 297–298].
Аляксандр Сак (здымак з судовай справы).

У біяграфіі, напісанай пасля арышту ў 1930 г., А. Сак апісваў атмасферу ў семінарыі наступным чынам:

«Пасля паступлення майго ў семінарыю я захаваў сваю беларускую нацыянальнасць, але гэта выклікала шэраг непаразуменняў з таварышамі па семінарыі і часта прыходзілася спрачацца наконт пытання, ці могуць ксяндзы быць беларусамі — гэта ўсё больш замацоўвала мой намер у наступнай маёй працы ксяндзом прысвяціць сябе служэнню каталікам-беларусам. Маё адмоўнае стаўленне да абшарнікаў і польскай шляхты было ўжо, верагодна, вядома ў семінарыі» [30, с. 298].

У 1917 г. А. Сак прыняў святарскі сан. 24–25 мая 1917 г. ён браў удзел у з’ездзе ксяндзоў-беларусаў у Мінску. З 21 чэрвеня 1917 г. быў прызначаны вікарным ксяндзом у Фашчаўку, але праз тры месяцы пераведзены на пасаду адміністратара Мікуліна-Руднянскай капліцы. Напрыканцы 1918 г. жыў у мястэчку Сянно. У 1919–1921 гг. выконваў абавязкі пробашча ў Свяцілавічах і адначасова быў адміністратарам парафіі ў Шклове [31, с. 71]. Прыкладна ў 1922 г. кс. Сак узначаліў фашчаўскую парафію. Пад датаю 19 лютага 1922 г. ёсць яго подпіс у кнізе перадшлюбных экзаменаў фашчаўскага касцёла [26, арк. 199 адв], што пацвярджаюць і афіцыйныя крыніцы [32].

Заспеў кс. Сака ў Фашчаўцы экзарх Грэка-каталіцкай Царквы а. Леанід Фёдараў, які прыбыў у Магілёў 11 чэрвеня 1922 г. на запрашэнне магілёўскага каталіцкага дэкана кс. Іосіфа Белагаловага. 13 чэрвеня адзначалася свята ў гонар св. Антонія Падуанскага, цудадзейны абраз якога знаходзіўся ў магілёўскім катэдральным касцёле. У Магілёў сышліся пілігрымы з ваколічных парафій. Пасля літургіі, якую адслужыў а. Леанід, працэсія рушыла на могілкі. Там адбылася ўрачыстая літургія, а фашчаўскі пробашч кс. Сак прамовіў казанне на беларускай мове пра з’яднанне Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў. Як адзначаў а. Леанід, кс. Сак «казаў проста, захапляльна, чулліва, але, мабыць, надта агітацыйна» [33, с. 489–490].

Каля двух гадоў кс. Сак апекаваўся фашчаўскай парафіяй. Касцёльныя ўлады планавалі перавесці яго ў Петраград, і з гэтай прычыны 9 лютага 1924 г. ён быў вызвалены ад абавязкаў пробашча ў Фашчаўцы. Аднак кс. Сак прасіў пакінуць яго ў Беларусі. У лісце пад датаю 23 сакавіка 1924 г. ён пісаў адміністратару Магілёўскай архідыяцэзіі: «... мaю мацi, якую не магу пакiнуць на волю лёсу. Акрамя таго, ёсць у мяне яшчэ адна мацi — мая Айчына. Так дзiўна да недарэчнасцi складваецца, што на Беларусi няма анiводнага беларускага святара. Таму шкада мне і яе». Кс. Сак некаторы час жыў у Мінску, пасля некалькі гадоў служыў у розных беларускіх парафіях. У канцы 1929 г. ён публічна выракся святарскага сану [31, с. 71]. На допытах у ГПУ А. Сак не адмаўляў таго, што паўсюдна карыстаўся беларускай мовай у казаннях і частых размовах з парафіянамі [30, с. 298].

Маюцца няпэўныя звесткі, што пасля кс. Сака ў Фашчаўцы служыў кс. Война. Пра гэта згадваў 29 чэрвеня 1924 г. Вацлаў Ластоўскі ў лісце да аднаго з кіраўнікоў камуністычнай партыі:

«Як Вам ведама, пасля выезду біскупа Роппа і высылкі біскупа Лазінскага кіравецтва Магілёўскай Архіепіскапіяй апынулася ў руках кс. Зелінскага б[ылога] магілёўскага дзекана, які зьяўляецца па перакананьню польскім эндэкам. Згодна са сваімі поглядамі, ён замяніў на Беларусі ўсіх ксяндзоў-беларусаў палякамі (прыкл. высланы ў Вялікаросію кс.кс. І Жалнеровіч, А. Ермаловіч, В. Кундэ, А. Сак і інш.). Нават у Фашчоўцы (каля Магілёва), дзе ніколі не было казаньняў і малітваў па-польску, цяпер кс. Война завёў польскую мову. У выніку ва ўсёй Савецкай Беларусі, праз касьцёл ідзе нечуваная па размаху полёнізацыя» [34, с. 74].

Трэба думаць, што маецца на ўвазе кс. Стэфан Война (нар. у Варшаве). У 1926–1928 гг. ён служыў у г. Рагачове [35, с. 516–517]. Магчыма, кс. Война толькі часова ўзначальваў фашчаўскую парафію, бо ў тым жа 1924 г. у Фашчаўку быў прызначаны ксёндз беларус Альбін Шаціла.

Кс. Альбін Шаціла нарадзіўся 2 студзеня 1887 г. у в. Сёмкава Слабодка Ігуменскага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям’і. У 1912–1917 гг. вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай семінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Прыняў святарскі сан у 1917 г. і быў накіраваны ў парафію мястэчка Чачэрск Рагачоўскага павета, а ў 1924 г. пераведзены ў Фашчаўку. Абслугоўваў таксама і суседнія парафіі, якія не мелі душпастыра. Прамаўляў казанні на беларускай мове [36, с. 446].

У сярэдзіне 1926 г. у Магілёў прыбыў новы Апостальскі адміністратар Магілёўскі і Мінскі — біскуп Баляслаў Слосканс. У пасляваенным эмігранцкім друку беларускі рэлігійны дзеяч а. Леў Гарошка пісаў, што для таго, каб паведаміць сваім вернікам аб яго прызначэнні, біскуп выдаў свой першы пастырскі ліст, які быў апублікаваны на дзвюх мовах: беларускай і польскай. Пры рэдагаванні беларускага тэксту пастырскага ліста яму нібыта дапамог кс. Пётр Януковіч [37, с. 8].

У той жа час кс. Шаціла дапамог біскупу Баляславу Слоскансу знайсці ў Магілёве кватэру, але Эксцэленцыя рэдка затрымліваўся ў Магілёве на доўгі час, бо да першага арышту ў верасні 1927 г. актыўна візітаваў парафіі. Наведваў біскуп Слосканс і Фашчаўку. Як успамінае а. Леў Гарошка, казанні падчас візітацый біскуп пераважна гаварыў па-беларуску і нават на допытах у ГПУ спачатку адказваў на пытанні па-беларуску [37, с. 8–11].
Кс. Пётр Януковіч (1910-я гг. ?).

Звесткі са спасылкаю на а. Л. Гарошку досыць сумнеўныя, бо не маюць пацвярджэння ў іншых крыніцах пра жыццё і дзейнасць гэтага каталіцкага іерарха. Артыкул а. Гарошкі ў значнай ступені абапіраецца на дыярыуш біскупа Слосканса (у некаторых месцах — даслоўна), але ў арыгінале няма згадак пра карыстанне біскупам беларускай моваю.

З восені 1926 г. у Шклове служыў кс. Януковіч, але жыў ён у Фашчаўцы. У прыватным асобніку рубрыцэлі на 1917 г. кс. Адам Станкевіч пазначыў, што кс. Януковіч быў звязаны з беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам16 [31, с. 492–494]. Хутчэй за ўсё, гэты святар прабыў тут нядоўга, бо ў рубрыцэлі на 1928 г. ён значыцца ўжо пробашчам парафіі св. Францішка ў Ленінградзе. Праз некалькі гадоў кс. Януковіч зноў вярнуўся ў Фашчаўку.

У верасні 1929 г. быў арыштаваны кс. Шаціла. Некалькі месяцаў ён прабыў у няволі, а пасля вызвалення служыў у мінскім касцёле святых Сымона і Алены [37, с. 446]. Памяць пра кс. Шацілу доўга жыла ў фашчаўскай парафіі. Яшчэ ў пачатку 1990-х гг. некаторыя жыхары в. Княжыцы ўспаміналі, што ён казаў ім: «Вучыцеся хрысціць, бо не стане ксяндзоў» [39, с. 12–13].

Хто быў фашчаўскім пробашчам у 1930–1932 гг., дакладна невядома. Прыкладна з канца 1933 г. у шклоўскую парафію вярнуўся кс. Пётр Януковіч. Хутчэй за ўсё, ён апекаваўся і фашчаўскай парафіяй. Яго арыштавалі ў Фашчаўцы 9 чэрвеня 1937 г. [7, с. 138; 37, с. 477]. У хуткім часе парафію скасавалі. Касцёльны будынак не перажыў часы ваяўнічага атэізму — ён быў знішчаны ў 1960-я гг. Парафію аднавілі толькі ў 1990-х гг.

Такім чынам, у канцы ХІХ–пач. ХХ ст. у фашчаўскай парафіі выспела спрыяльная сітуацыя для ўвядзення казанняў на беларускай мове. На той час абсалютную большасць сярод парафіянаў складалі беларусы, якія вылучаліся сярод іншых католікаў Магілёўшчыны гарачай вераю, пабожнасцю і любоўю да Касцёла. Магчыма, менавіта дрэннае разуменне парафіянамі польскай мовы стала адным з вырашальных фактараў, які паўплываў на ўвядзенне ў касцёл мовы беларускай. Першыя спробы ўжывання беларускай мовы ў фашчаўскім касцёле маглі рабіць яшчэ езуіты, але дакладных звестак пра гэта няма. Нельга таксама адмаўляць магчымасць эпізадычнага выкарыстання беларускай мовы ў казаннях у ХІХ ст. — ужо ў 1894 г. біскуп Сымон звяртаўся па-беларуску да фашчаўскіх вернікаў. Амаль бясспрэчна, што ініцыятарам увядзення казанняў на беларускай мове ў 1908 годзе стаў кс. Уладзіслаў Міржвінскі, дзякуючы якому Фашчаўка набыла рэпутацыю выключна беларускай парафіі. Дакладна вядома, што ў 1920-я гг. гаварылі па-беларуску казанні ў Фашчаўцы кс. Аляксандр Сак, а пасля яго кс. Альбін Шаціла. Апошні фашчаўскі пробашч кс. Пётр Януковіч таксама мог прамаўляць па-беларуску.

У гэтай публікацыі не разглядалася праблема нацыянальнай самасвядомасці фашчаўскіх парафіянаў, бо для паўнавартаснага даследавання пакуль недастаткова матэрыялаў.

ЛІТАРАТУРА
1. А.В. Красоўскі. Да пытання ўзнікнення рыма-каталіцкага асяродка і парафіі ў вёсцы Фашчаўка Шклоўскага раёна // Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць: зборнік навуковых прац удзельнікаў Х Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 25–26 мая 2017 г. — Магілёў: МДУХ, 2017.
2. Ks. J. Źyskar. Nasze kościoły. — Warszawa: druk Piotra Laskauera, 1913. — T. 1.
3. Ks. A. Stankiewicz. Rodnaja mowa ŭ światyniach. — Wilnia: biełaruskaja drukarnia im. Fr. Skaryny, 1929. — 192 s.
4. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ), ф. 1430, воп. 1, спр. 35861.
5. НГАБ, ф. 2005, воп. 1, спр. 472.
6. Католическая энциклопедия. — Москва: издательство францисканцев, 2011. — Т. IV.
7. С.Г. Козлов-Струтинский. Материалы к истории Римско-католического прихода во имя Посещения Пресв. Девой Марией св. Елисаветы и к истории католического кладбища выборгской стороны в Санкт-Петербурге. — Санкт-Петербург, 2010. — 262 с.
8. Ks. J. Źyskar. Wspomnienia z pielgrzymki z Mohylowskiej archidyecezyi do Częstochowy w 1912 r. — Warszawa: druk Piotra Laskauera, 1912. — 40 s.
9. Ks. S. Zalęski TJ. Jezuici w Polsce. — Kraków: drukarnia W.L. Anczyca i SP, 1905. — T. IV. — cz. III.
10. Ks. S. Zalęski TJ, «Jezuici w Polsce». — Kraków: drukarnia W.L. Anczyca i SP, 1906. — T. V. — Сz. I.
11. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва, ф. 66, воп. 1, спр. 1256.
12. A. Rypiński. Białoruś. Kilka słów o poezji prostego ludu tej naszej polskiej prowincji, o jego muzyce, śpiewie, tańcach, etc. — Paryż: w księgotłoczni J. Marylskiego, 1840. — 231 s.
13. І. Багдановіч. Шлях да святыні: вобраз святыні ў беларускай паэзіі // Наша вера. — 2000. — №4 (14).
14. Krótkie zebranie nauki chrześciańskiey dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego. — Wilno: w drukarni dyecezalnej, 1835.
15. М. Ефимова. Вера сквозь века. История римско-католической церкви Дальнего Востока России. — Владивосток, 2007. — 244 с.
16. Viltis. — № 111 (146). — 24.09.1908.
17. Kurjer Litewski. — № 221. — 26.09.1908.
18. Наша Ніва. — № 21. — 09(22).10.1908.
19. Kurjer Litewski. — № 282. — 07.12.1908.
20. Памятная книжка Могилевской губерніи на 1909 годъ. — Могилевъ губ.: губернская типографія, 1909.
21. НГАБ, ф. 1781, воп. 48, спр. 22.
22. M. Radwan. Kościół w Rosji i na Białorusi w relacjach duszpasterzy (1892–1926). — Kraków: wydawnictwo «SCJ», 1999. — 270 s.
23. Ś.P. Biskup Stefan Denisewicz // Biełarus. — №5. — 30.01.1914. — S. 2–3.
24. O katechizowaniu Białorusinów // Wiadomości Archidyecezyalne. — №1. — 1910. — S. 20–21.
25. НГАБ, ф. 1718, воп. 26, спр. 1500.
26. НГАБ, ф. 1781, воп. 48, спр. 23.
27. Wygnańcy na Mohylowszczyźnie // Godzina Polski. — Łódź. — № 67. — 06.03.1916.
28. M.A. Nowakowski. Z działalnosci C.K.O. w Mohylewszczyznie // Odrodzenie. — Kijów: drukarnia polska w Kijowie.
29. T. Chrucki. Szlakami Mohylewszczyzny // Odrodzenie. — Kijów: drukarnia polska w Kijowie.
30. А. Лебедев, В. Пинчуков, С. Лясковски. Костел и власть на Гомельщине (20–30-е годы ХХ в.). — Варшава-Люблин-Гомель: Instytyt Pamięci Narodowej; Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. — 470 c.
31. Ю. Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ ст. — Мінск-Мюнхен: «Беларускі кнігазбор», 1999. — 752 с.
32. Directorium divini officii et missarum pro archidioecesi mohiloviensi in annum domini 1923 [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.petergen.com/bovkalo/sp/mohylow1923.html
33. Диакон Василий ЧСВ (В. фон Бурман). Леонид Федоров: жизнь и деятельность. — Рим, 1966. — 835 с.
34. Я. Траццяк. Беларускае духавенства ў першай палове ХХ ст. // Białoruskie Zeszyty Historyczne. — 1999. — № 12.
35. R. Dzwonkowski. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR 1917–1939: martyrologium. — Lublin: Towarzystwo Naukowe KUL, 1998. — 664 s.
36. Л. Маракоў. Рэпрэсаваныя каталіцкія духоўныя, кансэкраваныя і свецкія асобы Беларусі 1917–1964. — Мінск, 2008. — 776 с.
37. A. Л. Гарошка. Старонкі з крыжовае дарогі Каталіцкае Царквы на Беларусі (да 60-х угодкаў Я.Э. Балеслава Слосканса) // Божым Шляхам. — Парыж. — № 56, верасень-кастрычнік 1953 г.
38. Elenchus cleri ecclesiarum archidioceseos Mohiloviensis in Russia in diem 1 januarii 1928 [Электронны рэсурс]. — Рэжым доступу: http://www.petergen.com/bovkalo/sp/mohylow1928.html
39. Kс. К. Тамэцкі, К. Бендаў. Гісторыя каталіцкага касцёла ў Фашчаўцы. — Мсціслаў, 2002. — 23 с.
40. Biełarus. — № 5. — 30.01.1914.


  1. Фундуш складаўся з вёсак Чарніца (цяпер Фашчаўка), Княжычка (цяпер Княжыцы), Чална (цяпер Саськаўка), Чамаданы (цяпер Старыя Чамаданы) і Крывель. У 1634 г. была далучана в. Дубраўка. Пазней на землях фашчаўскага маёнтка ўзнікла в. Слабодка. Усе паселішчы цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Фашчаўскага і Гарадзецкага с/с Шклоўскага р-на.
  2. Цяпер аг. Ула Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.
  3. Павятовы спраўнік (рас. дарэф. у?здный исправникъ) — начальнік паліцыі ў павеце ў Расійскай Імперыі.
  4. Усе даты ў артыкуле да 26 студзеня 1918 г. падаюцца паводле Юліянскага календара.
  5. Станавы прыстаў (рас. дарэф. становой приставъ) — паліцэйская службовая асоба ў Расійскай Імперыі, якая ўзначальвала стан — паліцэйска-адміністратыўную акругу з некалькіх валасцей.
  6. Маецца на ўвазе гімн «Ах, мой Божа, веру Табе…».
  7. У польскамоўных крыніцах прозвішча падаецца як Mierzwiński, а ў расійскамоўных — Миржвинскій.
  8. Сучасны Даўгаўпілс, Латвія.
  9. Цяпер аг. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.
  10. Цяпер аг. Свяцілавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.
  11. Скарачэнне ад першых літар польск. Narodowa Demokracja (Нацыянальная Дэмакратыя) — прастамоўная назва ідэйна звязаных польскіх нацыяналістычных арганізацый к. ХІХ – пач. ХХ стст. У гэтым кантэксце — польскія нацыянал-шавіністы.
  12. Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе князь Яўген Адольф Любамірскі (1825–1911), гаспадарчы і палітычны дзеяч, уладальнік маёнтка Дуброўна ў Горацкім пав. Магілёўскай губ.
  13. Магчыма, аўтарам быў той жа кс. Францішак Будзька. Артыкул падпісаны крыптанімам Х. Гэтак жа падпісваў свае пераклады на беларускую мову кс. Будзька.
  14. Аўтар артыкула — Тэадор Хруцкі — магчыма, быў мясцовым жыхаром.
  15. Цяпер вёска знаходзіцца ў Райцаўскім с/с Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.
  16. У рубрыцэлі адзначаны цэлы шэраг ксяндзоў, у тым ліку кс. Шаціла і Сак.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY