Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(83)/2018
З жыцця Касцёла

«ДА АПОСТАЛЬСКІХ ПАРОГАЎ»
Мастацтва
Да 500-годдзя беларускага кнігадруку
Інтэрв’ю

СЛОВА ФРАНЦІШКА СКАРЫНЫ ГУЧЫЦЬ ПА ЎСІМ СВЕЦЕ
Спадчына

МІНСКАЯ НЕКРАПОЛІЯ «ЗАЛАТАЯ ГОРКА»
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Проза

НАШЫХ ДЗЁН КРЫГАХОД
Паэзія

ВЕРШЫ
Літаратуразнаўства

«СЭРЦА REQUIEM СПЯВАЕ...»
Проза

З НІЗКІ «УЛАДЗЕВЫ ГІСТОРЫІ»
Постаці
На кніжнай паліцы
Літаратурная спадчына

ПАНЕНКА З ВЁСКІ КАМАРОВІЧЫ
Асобы

Вера ЛОЙКА

«ГОЛАС, ЯКІ ЖЫВЕ Ў НАС»

«Добрыя дні выпадаюць на долю разважлівых людзей, але найлепшыя дні дастаюцца таму, хто адважыцца быць вар’ятам!» Такія вось словы прачытала я — не памятаю ў якой кніжцы — яшчэ ў дзяцінстве. Словы гэтыя леглі на душу, бо ўзрост быў якраз той, калі мары і мроі сягаюць далёка за родныя ваколіцы. Тыя самыя мары, якія рэдка збываюцца, але абавязкова павінны быць. Словы гэтыя я запомніла, а галоўнае, запомніла імя аўтара — Сігрыд Унсет, нарвежская пісьменніца. І доўгія гады яна заставалася для мяне толькі аўтарам гэтых некалькіх радкоў, пакуль аднойчы знаёмае імя не глянула з вокладкі на бібліятэчнай паліцы — «Крысцін, дачка Лаўранса». З таго часу мінула каля дваццаці гадоў, а я так і чытаю гэтую кнігу. Вядома, бібліятэчны асобнік я здала і пасля настойлівага наведвання букіністычных крамаў набыла свой, і не толькі «Крысцін…», але і раман «Улаў, сын Аўдуна з Хествікена». Гэтымі творамі я, здараецца, «частую» сяброў, бо ў нашай краіне імя Сігрыд Унсет малавядомае, і кожны раз мне радасна адчуваць, што вось і яшчэ адзін прыхільнік (а часцей прыхільніца) з’явіўся ў цудоўнай пісьменніцы, якая стала апалагетам хрысціянства праз сваю мастацкую прозу. Але да гэтага быў доўгі і няпросты шлях, і на пачатку яго пісьменніца прытрымлівалася атэістычных поглядаў.

Сігрыд Унсет нарадзілася 20 мая 1882 года ў Даніі, адкуль родам была яе маці Шарлота Гют. Бацька ж — Інгвальд Унсет — быў вядомым нарвежскім археолагам, і гэта паўплывала на цікавасць яго дачкі да гісторыі, вынікам якой сталіся выдатныя гістарычныя раманы. А як магло быць іначай, калі ў дзяцінстве маленькая Сігрыд мела за цацку тэракотавае жарабя, знойдзенае пры раскопках старажытнай Троі і падоранае бацьку яго калегам, выдатным археолагам Генрыхам Шліманам. А любімымі чытанкамі былі нарвежскія і ісландскія сагі з іх акцэнтам на сюжэт, а не на разважанні апавядальніка. Менавіта гэты метад яна ў будучыні выкарыстае ў сваіх гістарычных творах.

Бацька будучай пісьменніцы займаў пасаду дырэктара Музея старажытнасці, таму дзяўчынка часта гуляла сярод экспанатаў музея, слухала аповеды пра мінуўшчыну Нарвегіі. Усё гэта з часам дасць свой плён.

Але шчаслівае дзяцінства скончылася рана: Сігрыд было 11 гадоў, калі горача любімы бацька памёр. Маці і тры дзяўчынкі, старэйшай з якіх была Сігрыд, засталіся без сродкаў для існавання. Толькі праз два гады ўдаве прызначылі пенсію, якая складала 800 кронаў на год, але гэтага было вельмі мала.

Сігрыд захапляецца батанікай, піша вершы, трагічныя гісторыі пра каханне, малюе пейзажы, ставіць хатнія пантамімы і ролевыя гульні. Яна думае, кім ёй стаць — актрысай або мастаком. Але ўсё вырашыла маці — ёй трэба набыць прафесію, якая б карміла, і Сігрыд паступае ў Гандлёвае вучылішча. Яна вывучае сакратарскую справу і марыць вучыцца жывапісу, але пасля заканчэння вучылішча паступае на працу ў нямецкую электратэхнічную фірму на месца сакратара. Ёй 16 гадоў. 30 кронаў на месяц, дзевяцігадзінны працоўны дзень, двухтыднёвы летні адпачынак… Заробкам яна дзеліцца з сям’ёю, а па начах піша кнігу — пра Сярэднявечча.

Сяброўцы па перапісцы ў Швецыі яна паведамляе, што ад веры ў Бога яна «вылечылася» яшчэ да канфірмацыі і што для свайго пакоя набыла карціну маладога нарвежскага мастака Андэрса Кастуса Сварстада… Пройдуць гады і гэта інфармацыя адыграе ў яе лёсе вялікую ролю.

…Выдавец не прыняў рукапіс яе гістарычнага рамана, параіўшы маладой дзяўчыне напісаць што-небудзь сучаснае. І яна піша. Раман «Фру Марта Оўлі» пачынаецца з фразы: «Я здраджвала свайму мужу». Гэты раман не аўтабіяграфічны — у Сігрыд яшчэ не было ні мужа, ні каханага, але гэта разумелі толькі тыя, хто блізка ведаў пісьменніцу. З пэўнымі перашкодамі раман быў выдадзены. Гэта быў 1907 год. У гонар дэбюта маці падарыла Сігрыд кніжку сваіх любімых вершаў, на якой напісала: «…будзь такой жа бездакорна сумленнай, гэтак жа смела глядзі ў вочы жыццю і праўдзіва апісвай тое, што бачыш».

З першай жа кнігаю да яе прыйшоў поспех, але ганарар, які быў на сотню кронаў большы за гадавы заробак сакратаркі, яна патраціла на кнігі і працягвала працаваць у электратэхнічнай кампаніі і па начах пісаць раманы, апавяданні, вершы. Кнігі выходзяць адна за другой, і нарэшце яна атрымлівае стыпендыю нарвежскага Саюза пісьменнікаў на паездку за мяжу. Пасля дзесяці гадоў у электратэхнічнай кампаніі Сігрыд пакідае абрыдлую працу — цяпер яна можа пісаць не толькі ноччу, але і днём, калі захоча і дзе захоча. І Сігрыд Унсет едзе ў горад сваёй мары — Рым.

Пра гэты горад ёй шмат расказваў бацька, і яна цудоўна сябе там адчувае: знаходзіць вясёлую кампанію, а суседнюю з ёй кватэру здымае таксама нарвежац, і гэта — мастак Андэрс Кастус Сварстад. Вось тут і стала знакаваю, невыпадковаю карціна, некалі купленая Сігрыд для свайго пакоя. А вось рэлігія нават тут, у горадзе, дзе мноства помнікаў хрысціянства, яе не кранае. Праўда, Сігрыд наведвае Імшу, але здараецца гэта часцей за ўсё пасля працяглай начной гулянкі і асаблівых уражанняў не пакідае. Яна лічыць сябе няверуючай, яна прыехала з пратэстанцкай краіны і, нарэшце, яна не ведае італьянскай мовы…

Неўзабаве Сігрыд Унсет і Андэрс Сварстад «уцякаюць» у Парыж. Гэта было б падобна да «мядовага месяца», калі б не адна акалічнасць — Сварстад жанаты, і ў яго трое дзяцей, малодшаму з якіх няма і двух гадоў. Але пакуль што гэта не бянтэжыць Сігрыд. Андэрс разводзіцца, яны жэняцца і, нарэшце, Сігрыд нараджае сына! Яна хацела нараджаць толькі сыноў, нават у друку прызнавалася ў гэтым — занадта цяжкая доля жанчыны. Але другой нарадзілася дзяўчынка. Яе нараджэнне кардынальна зменіць жыццё сям’і...

Жаданне стварыць моцную сям’ю змусіла Сігрыд Унсет узяць на сябе клопаты і пра трох дзяцей Сварстада ад першага шлюбу, хоць ён быў супраць, як і яе родныя. І аказалася, што яна пераацаніла свае сілы. Сын Сварстада ад першага шлюбу і іх агульная дачка былі псіхічна нездаровымі дзецьмі. І Сігрыд не вытрымала: цяжарная трэцім дзіцем, яна пакідае мужа і з’язджае ў Лілехамер. Меркавалася — адпачыць, аказалася назаўсёды. Там нарадзілася яе трэцяе дзіця — сын. І менавіта там яна публічна пагадзілася з хрысціянскімі догмамі і адмовілася ад перакананняў вольнага юнацтва.

Каб лепш зразумець гісторыю і культуру Сярэднявечча, якое заўсёды вабіла Сігрыд, трэба было зразумець і вучэнне Каталіцкага Касцёла. І калі напачатку яна гатова была «ледзь не дзякаваць Богу, што вырасла сапраўднай язычніцаю», то крыху пазней прыйшла да такой высновы: «Ва ўсялякім разе, абрады Рымска-каталіцкага Касцёла не раздражняюць разумнага чалавека, у адрозненне ад вынаходніцтваў усіх гэтых шматлікіх “пратэстанцкіх” сектаў».

Сыну яна дала імя Ханс Бэнэдыкт Х’ю Сварстад. Ханс — у гонар святога Яна, Бэнэдыкт — у гонар заснавальніка ордэну бэнэдыктынаў, Х’ю —у гонар англійскага каталіцкага пісьменніка Роберта Х’ю Бенсана.

Шлях акрэслены, і ў далейшым яе жыцці няма месца мужу, бо шлюб іх несапраўдны — Каталіцкі Касцёл не прызнае разводу. Пэўна, былі і іншыя, больш прыземленыя прычыны, і пра іх яна раскажа ў сваім новым рамане, які пачынае пісаць менавіта ў гэты час. Гэта — галоўная кніга яе жыцця «Крысцін, дачка Лаўранса» (1920–1922).

Гэты раман не аўтабіяграфічны, ды і дзеянне ў ім адбываецца ў XIV стагоддзі. Але пазней Сігрыд Унсет скажа, што ўвасаблялася ў сваіх персанажаў да такой ступені, што, здавалася пакідала сваё цела і станавілася іншым чалавекам. І найбольш моцна яна адчула гэта, калі стварала вобраз Крысцін, дачкі Лаўранса. «Ніхто не значыў для мяне столькі, колькі значыла яна», — сказала Сігрыд Унсет пазней, падчас свайго пяцідзесяцігадовага юбілею. Гэтыя словы гучаць як прызнанне ў тым, што Крысцін — гэта яна, і хай сабе іх аддзяляе шэсць стагоддзяў — «у жыцці ёсць нешта такое, што ніколі не мяняецца».

Калі я зусім нядаўна прачытала кнігу Слапгард Сігрун «Каралева слова» пра жыццёвы і творчы шлях Сігрыд Унсет, мяне не пакідала пачуццё, што я гэта ўсё аднекуль ведаю. А гэта я добра ведала Крысцін і пазнавала яе рысы ў Сігрыд, і часам іх проста немагчыма было раздзяліць. «Калі б я нічога не напісала, я была б зусім іншым чалавекам — не ведаю, якім», — скажа Сігрыд Унсет напрыканцы жыцця…

Лютэранства, якое панавала ў Нарвегіі, яе не задавальняла. У адным з лістоў яна пісала: «Мне адчайна не хапае даўняга Касцёла, які ніколі не вучыў: вось гэта добра, таму што старое, або — таму што новае, але ён меў віно для Камуніі, якое чым старэй, тым лепш, і хлеб, які лепш за ўсё спажываць свежым».

Крыніцамі навяртання пісьменніцы сталі яе гістарычныя напрацоўкі і любоў да культуры Сярэднявечча. Яна называла гэта «голасам, які жыве ў нас». Голас, які жыў у ёй, быў сугучны каталіцкаму вучэнню, і Сігрыд хацела яго слухаць. У лісце да шведскай пісьменніцы Хелены Нюблум яна піша: «Кожны раз, калі жыццё сутыкае мяне з нечым незразумелым або на першы погляд бессэнсоўным, мне нязменна прыходзіць у галаву, што толькі Каталіцкі Касцёл, і ён адзін, здольны адказаць на ўсе пытанні. Гэтыя адказы могуць здавацца як прыемнымі, так і непрыемнымі, але як бы ні было, толькі яны могуць задаволіць патрабаванні маёй логікі».

Але гэта ў лісце. Тым жа, хто знаходзіўся блізка, пісьменніца даверыць свае думкі не магла, бо гэта выклікала іронію і неразуменне. Ну і яна часам пераходзіла на самаіронію, каб хоць паўсловам выказаць тое, што яе хвалявала і зведаць рэакцыю на гэта. Старой сяброўцы яна піша: «А ўвогуле я зрабілася заядлай рэакцыянеркай… Накупіла цэлую гару каталіцкай дагматыкі і апалагетыкі».

Відаць, якой самотнай яна была са сваімі новымі поглядамі сярод людзей, што былі побач здавён. Але яна больш не лічыць, што чалавек стварыў Бога як ідэальнае ўяўленне аб самім сабе, яна чуе Яго голас.

Шлюб давялося скасаваць. Зрэшты, ён быў не касцёльным, а гэтак званым грамадзянскім, і развод быў толькі канстатацыяй таго, што даўно сталася фактам. Вось толькі думка, што сям’ю трэба было захаваць дзеля дзяцей раз-пораз наведвала Сігрыд Унсет — яна не магла не адчуваць адказнасці не толькі за сваіх дзяцей, але і за трох прыёмных, адарваных ад сваёй маці. Да канца сваіх дзён яна будзе падтрымліваць іх матэрыяльна, ды і не толькі іх, а вельмі многіх людзей, якія мелі ў гэтым патрэбу. У яе з’явілася такая магчымасць, бо кнігі выходзяць штогод і добра прадаюцца, а ў 1928 годзе яна атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры за раман «Крысцін, дачка Лаўранса». Ёй было 46 гадоў — толькі Кіплінг быў маладзейшы за яе, калі атрымаў Нобелеўскую прэмію. І толькі дзве жанчыны былі гэтак уганараваныя да яе — шведка Сельма Лагерлёф і італьянка Грацыя Даледа. На той час ужо выйшаў і раман «Улаў, сын Аўдуна» (1925), якім пісьменніца прадоўжыла хрысціянскую тэму ў сваёй творчасці. Сюжэты і героі раманаў розныя, і дзеянне адбываецца за пакаленне да «Крысцін…», але пісьменніца звязала іх невялікім штрышком — напрыканцы «Улава…» на некалькіх старонках з’яўляецца малады Лаўранс, бацька Крысцін.

У сувязі з вялікім поспехам дачкі яе маці Шарлота Унсет дала інтэрв’ю. Яна сказала, што заўсёды адчувала сябе чужой у сучасных раманах Сігрыд Унсет, але была нібыта дома ў яе сярэднявечных раманах. На пытанне, ці ганарыцца яна сваёй дачкой, маці адказала: «Так, толькі мой вопыт падказвае, што ніхто нічога ў гэтым жыцці за так не атрымоўвае. Жыццё не казка. І калі атрымліваеш нешта, за гэта даводзіцца заўсёды плаціць». Тут міжволі прыгадваюцца словы з рамана «Крысцін…»: «У свой час ад вас запатрабуюць, каб вы расплаціліся за ўсё, што вамі ўзята ад жыцця, можаш не турбавацца!..»

Пакуль што Сігрыд Унсет расплачваецца грашыма — на сродкі з Нобелеўскай прэміі яна заснавала «Фонд Марэн Шарлоты Унсет Сварстад», яе псіхічна хворай дачкі, для дапамогі бацькам, якія даглядаюць дзяцей-інвалідаў дома. Вялікая сума была ахвяраваная ў фонд падтрымкі пісьменнікаў, і яшчэ Унсет заснавала фонд, сродкі з якога ішлі на навучанне дзяцей з незабяспечаных сем’яў у каталіцкіх школах. Апроч фондаў, Сігрыд Унсет займалася і ўласнаю дабрачыннасцю: перш за ўсё яна старалася дапамагчы сваім калегам пісьменнікам і заўсёды сачыла, каб чэк быў ананімны. Зрэшты яна рабіла гэтак яшчэ задоўга да атрымання Нобелеўскай прэміі.

Нельга сказаць, што Сігрыд Унсет ішла па шляху да святасці. Яна б, вядома, хацела, але… Цяжка было змагацца з пыхаю, гняўлівасцю. Пісьменніца шмат працавала, вельмі стамлялася і ў выніку паказвала сябе не з лепшага боку перад тымі, хто трапляў пад руку. Заставалася маліцца, што яна і рабіла. Вядома, што малітвы яна ўзносіла, стоячы на каленях, да пяці разоў на дзень. Складана было з уласнымі дзецьмі. Старэйшы сын быў далёкі ад рэлігіі і патрабаваў ад маці паважаць яго выбар, што было для Сігрыд Унсет вельмі складана. Усё ж яе характар быў хутчэй уладны, чым мяккі. Тым не менш яна не прызнае аўтарытарных рэжымаў і вельмі крытычна ставіцца да дзвюх краін — Савецкага Саюза і Германіі, у якой якраз пры актыўнай падтрымцы народу прыходзіць да ўлады Гітлер.

Сігрыд Унсет была адным з самых папулярных аўтараў у Германіі, яна атрымлівала нядрэнныя грашовыя паступленні ад выдання там сваіх кніг, але пакрывіць душою не змагла — у яе выклікае агіду ідэя аб перавазе германскай расы. Заклікі да захавання толькі здаровых немаўлятаў і знішчэння хворых выклікаюць у яе жах. Яе дачка псіхічна хворая, значыць, калі б яна нарадзілася ў Германіі, то таксама не мела б права на жыццё? Вядома, дзяўчынка прыносіла ёй шмат турботаў і хваляванняў, але не менш і радасці. Трывожылі Сігрыд Унсет і факты пераследу габрэяў у Германіі. Яна гучна заяўляе аб гэтым, але не ўсе падзяляюць яе перакананні. Не менш таленавіты і славуты нарвежскі пісьменнік Кнут Гамсун, таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі (1920 г.), адкрыта выказвае сваю падтрымку палітыцы Гітлера. Нават свой нобелеўскі медаль Гамсун падорыць Гебельсу. Гэта здарыцца ў 1943 годзе, калі вайной будзе ахоплена вялікая частка Еўропы. Унсет жа свой медаль прадасць і грошы накіруе ў Фінляндыю, якая змушана абараняцца ад Чырвонай Арміі.

А пакуль што Унсет і Гамсун адстойваюць кожны свае перакананні і нарвежскія пісьменнікі мусяць стаць на нейкі бок. Вынік відавочны — у 1935 годзе Сігрыд Унсет абраная старшынёю Саюза пісьменнікаў, і адзін з калегаў сказаў, што яна будзе першым «сапраўдным мужчынам» на гэтай пасадзе за доўгі час. Між тым Саюз пісьменнікаў падзяліўся на два лагеры — на тых, хто па-ранейшаму падтрымліваў сувязі з Германіяй, і тых, хто разарваў усялякія кантакты. Кнігі Сігрыд Унсет былі забаронены ў Германіі ў 1933 годзе, і яна была гэтым задаволеная, хоць гэта і быў адчувальны ўдар па фінансах. Але, «калі Бог зачыняе дзверы — акно адчыняе» (ксёндз Ян Твардоўскі) — яе кнігі выдаюцца ў ЗША і добра там прадаюцца, так што пакуль няма чаго турбавацца. Унсет нават катэгарычна адмаўляецца ад прапановаў з Амерыкі наконт пастаноўкі або экранізацыі яе твораў.

На пачатку 1939 года памерла дачка пісьменніцы — Марэн Шарлота, крыху пазней памерла маці. У 1940 годзе фашысцкая Германія напала на Нарвегію. Заставацца на радзіме Сігрыд Унсет не магла — яна была самай вядомай у краіне (і не толькі сваёй) антыфашысткаю. Але перад тым як пакінуць радзіму, яна запісала антыфашысцкую прамову на грампласцінкі, якія праз нейтральную Швецыю былі перасланыя ў Лондан і Вашынгтон — іх слухалі ў Нарвегіі. На наступны дзень на прамову зрэагавалі ў Германіі. Кнігі Сігрыд Унсет ужо даўно спальвалі там на вогнішчах, але цяпер у нямецкай прэсе было забаронена называць і яе імя.

Давялося стаць на лыжы і праз горы перайсці ў Швецыю. І там яна даведалася, што яе старэйшы сын, малодшы лейтэнант Андэрс Сварстад, загінуў у адным з першых баёў з гітлераўцамі: за год яна страціла дачку, маці і сына, і ў яе застаўся адзіны малодшы сын, які здолеў трапіць у Швецыю. Яны павінны былі адправіцца ў Амерыку, але ўсе білеты на параходы былі прададзены. І тады Сігрыд Унсет з сынам пачалі сваё доўгае падарожжа ў Амерыку праз Маскву, Сібір, Японію і Ціхі акіян. Сваімі ўражаннямі ад знаёмства з Савецкім Саюзам яна падзеліцца ў кнізе «Вяртанне ў будучыню». Уражанні былі не лепшыя, таму пасля заканчэння вайны кнігу не выдалі ў Нарвегіі. Савецкае пасольства выкажа пратэст з пагрозаю (у выпадку публікацыі кнігі Унсет) забараніць нарвежскім выдавецтвам друкаваць творы савецкіх пісьменнікаў. Праўда, на той час кніга ўжо выйшла ў Даніі, Швецыі і Ісландыі.

Некалькі гадоў, якія Сігрыд Унсет правяла ў ЗША, яна выкарыстоўвала свой аўтарытэт, каб абудзіць чытачоў, амерыканскі народ, у тым ліку і амерыканскага Прэзідэнта, бо Амерыка не спяшалася адкрыць другі фронт, і Унсет не можа з гэтым змірыцца — яна па натуры змагар. Яна выступае з лекцыямі і прамовамі, расказвае пра свае ўцёкі з акупаванай Нарвегіі, падарожнічае па Амерыцы, піша.

Таварыства «Абарона Амерыкі, Гарвардская група» даручыла славутай нарвежцы скласці спіс найважнейшых культурных каштоўнасцяў краіны, аб захаванні якіх саюзнікі павінны будуць клапаціцца ў першую чаргу, калі выступяць супраць нямецкіх захопнікаў. Унсет захапілася гэтай працаю. У прадмове яна піша: «Менавіта Каталіцкі Касцёл увёў у звычай чалавецтва мастацтва дзеля мастацтва, гэта значыць мастацтва як сродак выяўлення вобразаў, што ўзнікаюць у свядомасці чалавека. Лютэранская Рэфармацыя на нейкі час спыніла будаўніцтва новых цэркваў і ўпрыгожванне старых». Спіс ёй неаднойчы вярталі і выказвалі заўвагі, але Унсет упарта працуе над ім, каб адчуваць сябе карыснаю для Нарвегіі.

У Амерыцы яе застае сумная вестка пра смерць Андэрса Кастуса Сварстада. Нягледзячы на развод, яны заставаліся бацькамі для ўсіх сваіх дзяцей, родных і прыёмных, жывых і памерлых, і гэта іх аб’ядноўвала. Даходзілі весткі пра гібель на вайне сыноў яе сяброў, пра смерць сяброў і знаёмых. А яна была далёка і не магла нават развітацца. Не, яна не магла прабачыць немцам іхніх злачынстваў і не ўтойвала гэтага. У сувязі са сваімі поглядамі Унсет атрымлівала шмат лістоў, і не ўсе яны былі кампліментарнымі. Да прыкладу, нямецкія католікі сцвярджалі, што яе нежаданне прабачыць — гэта грэх. На гэта яна адказала: «Магу толькі сказаць, што прабачаю ўсім, хто ўчыніў зло асабіста мне, а астатнім Бог прабачыць». Не магла яна забыцца і пра тыя цяплушкі, забітыя зняволенымі, якія бачыла на чыгуначным вакзале ў Сібіры, яна паўтарала, што ўлада ў Савецкім Саюзе была і застаецца дыктатураю. А вось як яна звярнулася да тых, хто на сваіх плячах вынес увесь цяжар акупацыі: «Мы, хто жыў за межамі Нарвегіі ўвесь гэты час, пакуль вы неслі крыж, што выпаў нашай радзіме, мы лічым, што ў нас няма права да вас звяртацца. Мы павінны чакаць, пакуль вы звернецеся да нас…»

Адразу пасля вызвалення Нарвегіі яна вярнулася на радзіму. Сігрыд Унсет узяла актыўны ўдзел у спрэчках пра пакаранне ваенных злачынцаў, уключылася ў справы Саюза пісьменнікаў, але… вайна спыніла яе старшынство, да ўлады прыйшлі новыя людзі. Яна была нібыта і не патрэбна. Яе яшчэ запрасілі пасядзець у першым радзе на святкаванні 50-годдзя Саюза пісьменнікаў, пасля чаго яна вярнулася ў Лілехамер, дзе і пражыла апошнія гады.

Паціху аднаўляўся дом, сад, вярталіся прыхаваныя вернымі сябрамі кнігі — яе галоўнае багацце. Як і раней, прыходзіла шмат лістоў, у прыватнасці з Германіі. Нямецкія прыхільнікі яе творчасці не маглі змірыцца з тым, што Сігрыд Унсет ненавідзіць немцаў. Яе кнігі зноў чытаюць у Германіі, але ёй гэта ўжо нецікава. Яна ўсё часцей вярталася ў думках у Амерыку і прызнавалася, што нідзе так шмат не працавала, як там. Магчыма, гэта гаварыла крыўда на сваю незапатрабаванасць. Усё ж лепшыя свае творы — «Крысцін…» і «Улаў…» — яна напісала дома. Проста тады яна яшчэ была маладой, поўнай сілы, і побач былі блізкія, любімыя людзі. І ўсе яны яшчэ былі жывыя…

Здараліся і невялікія радасці: яе ўганаравалі вышэйшым ордэнам Нарвегіі — Вялікім крыжам святога Улава — «за заслугі ў галіне літаратуры і верную службу Айчыне». Сігрыд Унсет адказала: «Не варта так ужо дзякаваць мне за напісанне “Крысцін, дачкі Лаўранса”. Мне гэта было няцяжка, бо я пражыла ў гэтай краіне тысячу гадоў».

Вайна скончылася, і неяк неўпрыкмет знік падзел паміж людзьмі. Вось і яе сын і падчарка сябруюць з тымі, хто ў вачах Сігрыд Унсет запляміў сябе падтрымкай нацыстаў. Ханс напісаў артыкул, у якім заклікаў працягнуць руку такім людзям, а яна не магла з гэтым пагадзіцца. Яна выступае за суровы суд і за смяротнае пакаранне, з адным выключэннем — для Гамсуна.

Яна адмовілася ад удзелу ў нямецкай акцыі «Маці гавораць са светам». Меркавалася, што гэта будзе кніга, напісаная ад імя розных маці, з аднаго і з другога боку. Унсет коратка і рашуча адказала, што хоць яна і страціла сына, а значыць, ніколі ўжо не зможа быць шчаслівай, усё ж у жыцці бываюць рэчы і горшыя. Напрыклад, убачыць свайго сына ў шэрагах гітлерюгенда або камсамола. Калі спаведнік прызначыў ёй за пакуту адпраўляць у Германію пасылкі з дапамогаю, яна абышлася дробязямі і падпісвацца не стала. У Нарвегіі таксама не хапала і ежы, і адзення, і іншых неабходных рэчаў. Для таго, каб прыстойна апрануцца, даводзілася выкарыстоўваць старыя шторы, мэблевую тканіну, цяжка было сабраць святочны стол у дзень Божага Нараджэння… Нястача для яе не навіна — сям’я Унсет зведала яе пасля смерці бацькі, але тады ўсё ж было адчуванне, што жыццё цудоўнае — куды яно дзелася? Сігрыд Унсет працягвае шукаць у сабе гэтае адчуванне і вырашае, што трэба наведаць дарагія сэрцу мясціны. Больш за ўсё ёй хацелася ў Англію, але на такое падарожжа сілы ўжо не хапала. Заставалася Данія, дзе яна нарадзілася. Магчыма, гэта будзе іх апошняя сустрэча. Так і сталася: у Даніі Сігрыд Унсет адчула сябе дрэнна, і яе пасадзілі на цягнік да Осла, дзе яе сустрэла сястра, каб перавезці ў Лілехамер. Яе лячылі вітамінамі і гармонамі, але хвароба была звязана не столькі з фізічным, колькі з псіхалагічным станам. Непаразуменні з сынам, праблемы з выдаўцамі, ды і проста навакольны свет, які імкліва мяняўся, а яна не магла яго — такі — прыняць. Яна чакала смерці, але не хуткай. «Спадзяюся, што буду паміраць доўга і ў мяне хопіць часу пакаяцца ва ўсіх маіх грахах», — сказала яна сябру. Спадзяванні былі дарэмнымі. У адзін дзень у яе перасталі працаваць і сэрца, і ныркі. Ніхто не чакаў такога хуткага канца, нават родных не выклікалі. Сігрыд Унсет памерла ноччу ў адзіноце. Раніцаю медсястра знайшла пісьменніцу на падлозе побач з ложкам. Ніхто не чуў, каб яна клікала на дапамогу. Яе пахавалі побач з дзецьмі на месцы, якое яна выбрала сама…

«Усе агні ў рэшце рэшт дагараюць». Гэтыя словы лейтматывам праходзяць праз апошнюю, трэцюю кнігу рамана «Крысцін, дачка Лаўранса» — «Крыж». Іх сказаў герой трылогіі Сіман Дарэ перад смерцю, жадаючы супакоіць Крысцін. «Прыйшоў час, калі гэтыя словы Сімана Дарэ ізноў адгукнуліся ў сэрцы Крысцін». Гэта час стратаў, старэння, адзіноты. Такі ж час прыйшоў і для самой Сігрыд Унсет. Адзін за адным яе пакідалі людзі, якіх яна любіла, якія былі блізкімі, і ўжо амаль не было каму засланіць яе ад бязлітаснага скразняку, што абавязкова ўтвараецца паміж прыадчыненымі дзвярыма. Адны — тыя, праз якія яна прыйшла ў гэты свет, і другія — праз якія мусіла пакінуць яго назаўсёды…

Агонь Сігрыд Унсет дагарэў 10 чэрвеня 1949 года, калі ёй было 67 гадоў. Не такі ўжо вялікі ўзрост, але ў межах свайго жыцця пісьменніца пражыла мноства іншых лёсаў — цяжкіх і шчаслівых адначасна. «І ўсё ж яна любіла гэтае жыццё, яна радавалася і дрэннаму і добраму, і не было дня, які б яна пагадзілася вярнуць Пану Богу, не было такіх пакутаў, якімі б яна ахвяравала без жалю…». Яна напісала гэта пра Крысцін. І пра сябе. Насамрэч, яна напісала гэта пра ўсіх нас.

Выкарыстаная літаратура:
Сигрид Унсет. Улав, сын Аудуна из Хествикена. — Москва, 1984.
Сигрид Унсет. Кристин, дочь Лавранса. — Петрозаводск, 1986.
Слапгард Сигрун. Сигрид Унсет. Королева слова. Б.С.Г. —Пресс ОГИ, 2009.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY