Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

***
Шматлікія прымоўклі галасы,
людскія спрэчкі супыніла згода.
На сціплыя пагоркі і лясы
з нябёсаў апусцілася лагода.
І яблыня шыкоўна расцвіла
ад дотыку нябеснага спрыяння.
Любові непатушанай і зла
як быццам і няма супрацьстаяння.
Як скараціў святлісты поўдзень цень!
Заснуў далёкі землятрус шматбальны.
Нарэшце наш звычайны «добры дзень!»
гучыць як падарунак музыкальны.

***
Зацятае ты ўсё ж, сумленне.
Твая згрызота не заглухла.
Мяне зноў ставіш на калені,
раней хоць выплакацца мог я.
Перад касцёльнай спавядніцай
не раз сціскаўся ў ком нікчэмны.
А ўсё ж не змог абараніцца
ад успамінаў пад’ярэмных.
Душы аціхлае азерца
бярэцца хвалямі заўсёды,
як памяць стукаецца ў сэрца
без папярэджання і згоды.
Не ведаў, што часіна прыйдзе,
каб пугай біць сябе драцянай…
Сумленне, я цябе пакрыўдзіў
парой затлумлена-няўцямнай.

***
Не беспрычынна, ды толькі захутка
у небыццё праваліўся мой хутар.
Дзе мае яблыні, грушы, таполі?
Чыстае поле.
Ну і куды вось маглі праваліцца
вокны і лаўкі, сталы і паліцы?
Мо ад самоты бязлюднага будня
высахла студня?
Пыл паўцякаў ад старых штукатурак.
Гэта ж куды павалокся падмурак?
След твой ну дзе, мая ранняя доля?
Чыстае поле.
Хоць ты пастаў замест ссунутых печак
некалькі свечак.

***
Над намі лунаюць парады-наказы.
І розумам мы ўжо ўвабралі дзяціным
такую жывую крылатую фразу:
«Не хлебам адзіным…»
Ужо пасталеўшы, за родным парогам,
над прывідным скарбам карпеем гадзіны…
Хоць помнім, што гэта абвешчана Богам:
«Не хлебам адзіным…»
Не хлебам адзіным жыві, чалавеча.
Ці поўную радасць прыносіць удача?
Як часта, прагнаўшы рашуча галечу,
начамі душа твая ціхенька плача.
Ах, колькі ў яе нечаканых надломаў!
Як хоча яна сваю высвеціць долю,
калі вырываецца з пышных харомаў,
каб раптам адчуць паднябесную волю,
дзе столькі з’яднанага з ветрам раздолля,
сюды прылятае, як быццам дадому.
Як часта, пакінуўшы веліч застолля,
яна адчувае страшэнную стому.
Як хочацца ёй памаркоціцца ціха,
як доўга самоціцца, ледзьве жывая.
Не раз і не два чалавечая пыха,
штурвал ухапіўшы, душу забывае.
«Не хлебам адзіным…» Святая парада
зноў ззяе ў спрадвечнай сваёй пазалоце.
Ах, як яна позна, вось гэтая праўда,
усведамляецца сэрцам і плоццю.

***
Хіба агонь пажарны
бывае добрым, родным?
Ён быў і ёсць пачварным,
бо ён заўжды галодны.
Не ціхім, цёплым нейкім —
бязлітасным і дзікім,
не хоча быць маленькім,
ён прагне быць вялікім.
Не надта лёгка сціхне,
ён мае шмат адвагі,
калі аднойчы ўспыхне —
клубок гарачай звягі.
Тушыце гнеў бязмерны
усмешкаю лагоднай.
Агонь — ён крыважэрны,
агонь заўжды галодны.

***
Майдан быў значна раней —
у часе імперыі Рымскай
кіпеў аж натоўп-ліхадзей
на плошчы Ерусалімскай.
Такое калісьці было —
нянавісць вірыла патопам,
калі стогалосае зло
вылазіла з нетраў натоўпу…
Натоўп, ты зусім не падрос.
Ты ёсць, як і быў, самазваны,
калі непадсудны Хрыстос
быў крыкам тваім лінчаваны…
Ерусалім ці Парыж,
святога не ведаеш страху.
Ты некага цягнеш на крыж,
кідаеш нявінных на плаху.
Ты ўсіх акунаеш у боль,
падкідваеш катам найгоршым —
ці гэта французскі кароль,
ці цар з яго хворым Алёшам.
Дарма спадзяешся на цуд —
што могуць твае небаракі?..
О плошчаў затлумленых люд,
ты сейбіт усё-ткі ніякі.
Ні тупат, ні крык і ні грук
штодзённасць аздобіць не ў стане.
А злосць, што грувасціш на брук, —
хіба яна коласам стане?

***
Цемра раскінула крылы,
зоркі заплавалі нізка!
І да сябе прытуліла
нас ты, зямная калыска.
Ветраны дзень адляцелы
стомы падкінуў задужа —
сном абгарні нашы целы,
закалышы нашы душы.
І супакою ласунак
дорыць нам ціша начная…
Божы ты ёсць падарунак,
наша калыска зямная.
Цяжка нам звычку парушыць —
смокчам начамі няўдачы…
Закалышы нашы душы,
каб не зайшліся ад плачу.

***
Эпоха прыйшла не мая.
Рулюе паўсюдна прагматык.
Учэпісты практык. А я
на ўзбочку — музейны рамантык.

Люляю, штодзень калышу,
як майскага бэзу галінку,
ціхмяную вельмі душу,
што танна каштуе на рынку.

Банкрутства як настае?
Яе ж не адняць, не адрэзаць.
І акцыі заўтра яе
уверх яшчэ, можа, палезуць?


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY