|
|
№
2(84)/2018
Вялікія містыкі
Дыскусія
Пераклады
Асобы
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці
Паэзія
Успаміны
На кніжнай паліцы
In memoriam
Спадчына
Літаратурная спадчына
Культура
Архітэктура
|
Сёлета спаўняецца 150 гадоў як завяршыўся зямны шлях Канстанціна Тышкевіча — слаўнага беларускага вучонага, які разам са сваім братам Яўстахам стаяў ля вытокаў айчыннай гісторыі, археалогіі, краязнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі. Абодва разам закладалі асновы музейнай справы ў нашым краі. Абодва ўжо пры жыцці займелі высокі аўтарытэт у навуковых колах, стаўшы абранымі ў розных еўрапейскіх краінах ганаровымі сябрамі нацыянальных Акадэмій навук. Прызнанне навуковых дасягненняў Канстанціна і Яўстаха з гадамі не толькі не страцілася, а наадварот — чым далей ідзе час, тым усё большую значнасць яно набывае. Браты Тышкевічы не забытыя і сёння, іх імёны нярэдка згадваюцца ўдзячнымі нашчадкамі на Беларусі і ў суседніх краінах на навуковых канферэнцыях, у музейных экспазіцыях, у турыстычных вандроўках… Але ў адным мы ўсё ж засталіся безуважнымі да волатаў нашай навукі: іх найбагацейшая творчая спадчына да нядаўняга часу заставалася цяжкадаступнаю, бо амаль нічога з яе не было ў нас перавыдадзена, перакладзена. І гэта пры тым, што многае з напісанага братамі Тышкевічамі ніколькі не страціла сваёй каштоўнасці. Канстанцін-Бэнэдыкт Тышкевіч нарадзіўся ў Лагойску, родавым маёнтку Тышкевічаў, 5 (17) лютага 1806 года ў сям’і буйнога землеўласніка, барысаўскага павятовага маршалка графа Пія Тышкевіча і графіні Аўгусты-Марыі Плятэр. Як сведчаць гісторыкі, і бацька, і адукаваная, набожная маці, аказвалі на выхаванне дзяцей вельмі вялікі ўплыў. Менавіта ад іх Канстанцін пераняў не толькі шырокія веды, але і такія рысы характару, як лагоднасць у абыходжанні з людзьмі і непахісную сумленнасць. Пачатковую адукацыю ён атрымаў дома, пад наглядам маці і пад кіраўніцтвам хатняга настаўніка. Потым хлопчыка аддалі ў езуіцкую школу ў Полацку, дзе ён навучаўся ажно да самога закрыцця калегіі езуітаў, а пасля яшчэ год спасцігаў навукі ў школе ксяндзоў дамініканаў у Забеллі Віцебскай губерні. Пераехаўшы ў Вільню, Канстанцін завяршыў там гімназічныя дысцыпліны і ў 1823 г. паступіў на аддзяленне права Віленскага ўніверсітэта, у якім тады яшчэ не заціхла рэха вальнадумства. Там пад кіраўніцтвам прафесараў юрыспрудэнцыі, палітэканоміі, гісторыі ён набываў вышэйшую адукацыю і ў 1828 г. скончыў універсітэт. Славутая alma mater забяспечыла здольнага юнака адукацыяй высокага еўрапейскага ўзроўню, што дазволіла яму атрымаць месца службоўца ў канцылярыі міністра фінансаў Каралеўства Польскага ў Варшаве, дзе ён праслужыў некалькі гадоў, да пачатку Лістападаўскага паўстання, што, найхутчэй, прымусіла яго завяршыць службовыя абавязкі і вярнуцца ў 1831 г. у Лагойск. Тут ён цалкам прысвяціў сябе асабістаму жыццю, напоўненаму грамадскімі, навуковымі і культурнымі інтарэсамі. У 1836 г. яго жонкаю стала Паўліна Цеханавецкая, якая нарадзіла шчасліваму Канстанціну сына Оскара і дачку Марыю. Жывучы да канца жыцця ў Лагойску, Канстанцін Тышкевіч усклаў на свае плечы ўсе турботы па кіраванні гаспадарчымі справамі. Графская сядзіба была разбудавана вельмі прадумана, з улікам усяго неабходнага для жыцця. У Лагойску Канстанцін Тышкевіч заснаваў крэдытны банк для мяшчанаў і сялянаў, у якім тыя пры пэўных умовах маглі браць пазыкі; адкрыў цукровы і цагляны заводы; майстэрню па пераплаўцы мясцовай жалезнай руды на жалеза для вырабу разнастайных земляробчых прыладаў, якія раней за вялікі кошт прывозілі з-за мяжы; мануфактуру па вытворчасці льняных і баваўняных тканінаў, на якой праз некаторы час мясцовыя і запрошаныя з Германіі майстры штогод выраблялі каля мільёна локцяў грубых палотнаў і танчэйшага паркалю. Такім чынам, дзякуючы К. Тышкевічу ў гэты адгароджаны ад цывілізаванага свету лясамі і балотамі край пранікаў эканамічны прагрэс. Засвоеныя ў Віленскім універсітэце навукі і вопыт працы, набыты ў фінансавай сферы, спатрэбіліся К. Тышкевічу ў яго гаспадарчай дзейнасці на радзіме. Выдатна наладжаныя справы ў земляробстве Лагойскага графства, якія вяліся з улікам навейшых еўрапейскіх дасягненняў, а таксама шырока разгорнутая, перадавая на той час прамысловасць зрабілі маладога графа за кароткі тэрмін паспяховым прадпрымальнікам. Салідныя прыбыткі дазвалялі яму быць вольным у ажыццяўленні ўласных жаданняў, і ён выкарыстоўваў іх на карысць сваіх даволі затратных інтарэсаў. Канстанцін ніколі не абмяжоўваўся гаспадарчымі клопатамі: маючы перад сабою жывы прыклад бацькі, ён не мог не пераняць ад яго любові да мастацтваў, да навукаў; не мог не праяўляць шчырай зацікаўленасці да сівой даўніны, асабліва той, якою было напоўнена наваколле спадчынных земляў Тышкевічаў. І ў гэтым ён не быў адзінокі: тыя ж закладзеныя бацькам інтарэсы з юначых гадоў захапілі і малодшага брата Яўстаха, які ў будучыні вырас у вядомага этнографа, археолага, асветніка, культурнага дзеяча. Сучаснікі, якім давялося быць знаёмымі з братамі ў гады іх творчай актыўнасці, адзначалі ў іх падыходзе да працы і падабенства, і адметнасць кожнага: Канстанцін вызначаўся палымянасцю творчага парыву, спалучанай з дапытлівай разважлівасцю, а Яўстах меў характар больш стрыманы, але не менш настойлівы і мэтанакіраваны. Без усялякіх сумненняў можна сцвярджаць, што пакінутая гэтымі сапраўднымі вучонымі спадчына — нацыянальны скарб Беларусі. Распаўсюджаная ў першай палове ХІХ ст. па ўсёй Еўропе захопленасць археалогіяй і краязнаўствам зрабілася для Канстанціна Тышкевіча не проста любімым, але і неабходным заняткам, стала мэтаю яго жыцця. На працягу 30-ці гадоў нястомным даследчыкам былі раскапаныя сотні курганоў і гарадзішчаў у Барысаўскім павеце, у наваколлях Мінска і роднага Лагойска. Не жадаючы адставаць ад навейшых дасягненняў у археалагічнай навуцы, Тышкевіч уважліва сачыў за яе развіццём, знаёміўся з усімі магчымымі публікацыямі, наведваў розныя краіны, завязваў стасункі з археалагічнымі таварыствамі Вільні, Кракава, Прагі, Парыжа, Лондана, Масквы. І калегі ўжо ўспрымалі яго не як правінцыйнага аматара, а як грунтоўнага, эрудзіраванага вучонага. У першай палове ХІХ ст. пачаў фарміравацца новы навуковы кірунак — беларусазнаўства, і неацэнны ўклад унеслі ў яго станаўленне Канстанцін і Яўстах Тышкевічы. Як і іншыя патрыятычна настроеныя сучаснікі, браты Тышкевічы пачалі збіраць парэшткі айчыннай гісторыі. Калекцыя іх знаходак разрасталася: спачатку яна займала ў Лагойскім палацы дзве залы — Вялікую і Малую, а потым да іх дадалася і трэцяя. Археалагічныя знаходкі Тышкевічаў былі прадстаўлены вялікай колькасцю вырабаў з каменю, жалеза і бронзы. Пра мінуўшчыну краю расказвалі шматлікія старажытныя гетманскія булавы, маршальскія жэзлы, сцяг, адабраны палкаводцам Стафанам Чарнецкім у шведаў. Гонарам экспазіцыі былі 200 палотнаў, выкананых майстрамі італьянскага жывапісу з Рыма, Фларэнцыі, Неапаля; 48 копій барэльефаў з грэчаскага Парфенона. Упрыгожвалі калекцыю два мініяцюрныя партрэты легендарнага караля Стафана Баторыя. Вялікую колькасць складалі карціны і эскізы сюжэтных кампазіцый, напісаных вядомымі айчыннымі мастакамі: А. Арлоўскім, Я. Дамелем, В. Ваньковічам, А. Бартэльсам, Ф. Смуглевічам, Я. Рустэмам, С. Чаховічам, Ю. Пешкам і іншымі. У музеі знаходзіліся партрэты ўсіх пакаленняў роду Тышкевічаў. Мелася тут унікальная калекцыя ручнікоў, сурвэтак і іншых узораў, якія ткалі на заснаванай К. Тышкевічам у Лагойску фабрыцы льняных і баваўняных вырабаў. Сярод тысяч кніг і рукапісаў, сабраных у бібліятэцы музея, было 1060 старажытных граматаў, рукапісныя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй ВКЛ і Рэчы Паспалітай, каля 15 тысяч кніг, прысвечаных мінуўшчыне Айчыны, каля 500 старажытных помнікаў кнігадруку, старадаўнія геаграфічныя карты, аўтографы і малюнкі. Уражваў Лагойскі музей і вялікай экспазіцыяй зброі. Сваім прыватным музеем старажытнасцяў у Лагойску Тышкевічы далі пачатак усёй музейнай справе на Беларусі: менавіта з яго пачала ў будучыні разрастацца сетка гісторыка-краязнаўчых музеяў па ўсім нашым краі. Лагойск быў невялікім мястэчкам, якое налічвала ўсяго толькі дзве тысячы жыхароў, і таму пабачыць музей маглі нямногія наведвальнікі. Акрамя таго, плошчаў для экспазіцыі не хапала, а жаданне паказаць сабраныя багацці ўсё больш расло. Канстанцін Тышкевіч піша прашэнне ў сталіцу Расійскай імперыі, у складзе якой знаходзіўся Лагойск, назваўшы 2 гарады, дзе мог бы размясціцца музей, — Мінск і Вільню. Праз 3 гады з Пецярбурга прыйшоў дазвол на адкрыццё музея старажытнасцяў у блізкай сэрцу абодвух братоў-рупліўцаў Вільні, куды Тышкевічы перавозілі каштоўныя экспанаты на падводах. Праз год пасля такога бяспрыкладнага падарожжа, 1 студзеня 1856 г., у памяшканні бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта быў адчынены Віленскі музей старажытнасцяў. Акрамя братоў Тышкевічаў, свае прыватныя калекцыі музею перадалі У. Сыракомля, І. Ходзька, А. Кіркор, Т. Нарбут, Ю. Крашэўскі, М. Балінскі, Ф. Багушэвіч і інш. У яго экспазіцыі былі створаны аддзелы археалогіі, этнаграфіі, мастацтва, зброі, мінералогіі, арніталогіі. У фондах музея захоўваліся старадаўнія дакументы, кнігі, нумізматыка. Пасля вядомых палітычных падзеяў закрыццё Віленскага музея старажытнасцяў, у які было ўкладзена столькі сілаў, ведаў, душы і любові, стала сапраўднай трагедыяй для братоў Тышкевічаў. Вялікая частка археалагічнай калекцыі апынулася ў Румянцаўскім музеі, адкуль яна трапіла ў Гістарычны музей Масквы, дзе захоўваецца і цяпер. Багатыя антыкварныя зборы сям’і разышліся за межы Беларусі: сёння яны знаходзяцца ў Вільнюскім гісторыка-этнаграфічным музеі, Варшаўскім музеі археалогіі, Палангскім музеі бурштыну і ў прыватных калекцыях. Напружаная праца па гаспадарцы, няпростыя ўмовы падчас экспедыцый, калі даводзілася прабірацца па балотах, у непагадзь плысці па рацэ супраць сцюдзёных вятроў, начаваць у закінутых гумнах, часам уласнымі рукамі праводзіць раскопкі, не маглі не адбіцца на стане здароўя К. Тышкевіча. Апошняя яго хвароба працягвалася нядоўга, але прыносіла нечалавечыя пакуты. Гэта была сібірская язва, прычынаю якой мог стаць удзел у археалагічных раскопках. Цяжкахворага, яго перавезлі ў Мінск, але, нягледзячы на намаганні дактароў, пасля двух месяцаў пакутаў, захоўваючы поўную свядомасць да апошніх хвілін, 1 (13) ліпеня 1868 г. Канстанцін Тышкевіч пакінуў гэты свет. Ён быў пахаваны ў Лагойску, каля сценаў касцёла св. Казіміра. Маштабны праект «Беларускі кнігазбор», у якім мусіць быць прадстаўлена ўсё найбольш значнае, чым багатае наша краснае пісьменства і навуковая літаратура, у сваім плане прадугледзеў і выданне творчай спадчыны абодвух братоў паасобку. На пачатку гэтага года з друку выйшаў том выбраных твораў Канстанціна Тышкевіча. Самым славутым яго творам стала фундаментальная краязнаўчая манаграфія «Вілія і яе берагі». І хоць створана яна была ў ліку першых (рукапіс аўтар завяршыў у 1858 г., былі нават выкананы некаторыя дрэварыты), аднак з-за цяжкасцяў з выданнем публікацыя была затрымана, і кніга пабачыла свет пазней за ўсе астатнія — праз 13 гадоў пасля яе напісання і праз 3 гады пасля смерці яе аўтара, калі намаганнямі сына Оскара, пры актыўнай дапамозе і з прадмоваю Юзафа-Ігната Крашэўскага, які вельмі высока цаніў дзейнасць К. Тышкевіча, была надрукаваная ў 1871 г. ў Дрэздэне. К. Тышкевіча цікавіла ўсё, што магло паўней і ярчэй прадставіць Вілію, таму кніга «Вілія і яе берагі» стала сапраўднай універсальнай энцыклапедыяй гэтае ракі. На яе старонках падаюцца найбагацейшыя звесткі з гідраграфіі, батанікі, заалогіі; фактычна ўвесь змест даследавання суправаджаецца гістарычнымі паведамленнямі пра мінуўшчыну, дзе кожны аб’ект падсвечаны старажытнымі ці старымі дакументамі. Кніга напоўнена глыбокімі ведамі аўтара па рэлігіі і культавай архітэктуры: касцёлы, кляштары, капліцы, цэрквы і г.д. Грунтоўнае апісанне замкаў, палацаў, сядзібаў часам суправаджаецца выкананымі з натуры графічнымі малюнкамі. Значнае месца ў навуковай спадчыне К. Тышкевіча займае напісаная ім па-польску праца «Гістарычнае паведамленне пра старажытныя замкі, гарадзішчы і могільнікі ў Літве і Русі Літоўскай» (1859 г.). Фактычна гэтай кнігаю і іншымі публікацыямі ў газеце «Kurier Wilenski» («Виленский вестник»), якую рэдагаваў А. Кіркор, К. Тышкевіч паклаў пачатак вывучэнню старажытных гарадоў беларускай зямлі. Апошняю вялікаю працаю К. Тышкевіча стала кніга «Пра курганы на Літве і Заходняй Русі» (1865), выдадзеная па-руску. Пры падрыхтоўцы тома выбраных працаў К. Тышкевіча я натрапіў на нечаканае для мяне паведамленне самога аўтара пра існаванне яшчэ адной нідзе не згаданай у беларускіх крыніцах яго кнігі — «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва» (1858). Трэба сказаць, што акрамя К. Тышкевіча, бадай, ніхто з калекцыянераў не звяртаў увагі на гравіравальныя дошкі-клішэ, з якіх рабіліся адбіткі, пасля чаго графічныя лісты шырока разыходзіліся сярод людзей. У калекцыі графа былі 220 гравіраваных медных бляхаў айчыннай вытворчасці XVII — пач. XІХ ст., якія сталі важным матэрыялам для вывучэння гісторыі гравіравання ў старажытнай Літве. Менавіта ў падарожжы па Віліі ў К. Тышкевіча нарадзілася ідэя яшчэ адной кнігі, якую ён выдаў ужо праз год! На адным з перавозаў, ля карчмы, граф выпадкова спаткаў старога майстра, які ў мінулым служыў наборшчыкам у друкарні, дзе рабіў адбіткі з гравіравальных дошак. Медныя бляхі з гравіраванымі малюнкамі былі аднымі з тых прадметаў, здабыць якія было цяжэй за ўсё, бо іх пасля выкарыстання перакоўвалі ў падносы, кацялкі, глякі ці наогул пераплаўлялі для рознага начыння. Нямала гравіравальных бляхаў знаходзілася ў віленскіх друкарнях, а таксама ў кляштарных друкарнях розных манаскіх ордэнаў, дзе захоўваліся багатыя склады медных пласцінаў з выявамі святых апекуноў, заснавальнікаў і дабрадзеяў тых кляштараў. Нястомны калекцыянер разлічваў выпусціць унікальны матэрыял па айчынным гравіраванні ў дзвюх кнігах пад агульнаю назваю «Помнікі айчыннага гравёрнага мастацтва». Выданне з самога пачатку лічылася надзвычайнай рэдкасцю, бо ніколі не з’яўлялася ў кніжным гандлі. Чым жа гэтая кніга такая неацэнная для гісторыі беларускага мастацтва? У першы раздзел (1858) задуманага выдання К. Тышкевіч уключыў гравюры малых формаў. Ва ўступе аўтар упершыню зрабіў спробу назваць мастакоў-гравёраў, якія працавалі на Літве і Русі, і тым самым раскрыў не вядомую дагэтуль старонку, звязаную з зараджэннем каталіцкай традыцыі ў айчыннай графіцы, расказаўшы пра яе першыя крокі ў нашым краі. Ён пакінуў нагляднае ўяўленне пра гравюры, шырока прадставіўшы ў кнізе каля 180-ці твораў, зробленых пераважна віленскімі мастакамі, класіфікаваўшы выявы па чатырох раздзелах. Дзякуючы дайшоўшаму такім чынам да нас ілюстрацыйнаму матэрыялу нястомны збіральнік музейных каштоўнасцяў даў нам магчымасць азнаёміцца хоць бы з часткаю найбагацейшай калекцыі, сабранай братамі Тышкевічамі ў Лагойску і Вільні. У 2-гі раздзел выдання К. Тышкевіч намерваўся ўключыць гравюры вялікага фармату, папярэджваючы чытача, што гэта можа быць звязана з тэхнічнымі складанасцямі. На жаль, нам дагэтуль так і невядома, ці ўдалося графу адолець іх і поўнасцю ажыццявіць свой намер. Ніхто з даследчыкаў такой яго кнігі не бачыў і не згадваў яе сярод іншых публікацый вучонага. Паводле сцвярджэнняў В. Каратынскага, гравюры вялікага фармату, як і малога, усё ж былі адціснутыя ў Лагойску (і да таго ж, «нескупым тыражом»), але на час напісання ім артыкула памяці К. Тышкевіча яшчэ не было надрукаваных тлумачальных тэкстаў да іх. Другая частка «Помнікаў айчыннага гравёрнага мастацтва», як сцвярджаў гэты біёграф К. Тышкевіча, «цалкам гатовая і чакае свайго з’яўлення перад публікай». Прафесійныя сувязі К. Тышкевіча не могуць не ўражваць сваімі маштабамі. Навуковыя заслугі вучонага былі ацэнены ў розных краінах Еўропы і свету. Ён быў абраны членам Усходнеамерыканскага этнаграфічнага таварыства (Société ethnographie américaine et orientale) і Геаграфічнага таварыства ў Парыжы, ганаровым членам Імператарскай Акадэміі навук у Пецярбургу, Каралеўскай акадэміі навук Швецыі ў Стакгольме, Інстытута археалогіі ў Лондане, многіх навуковых айчынных і замежных археалагічных таварыстваў. Высакародная справа К. Тышкевіча перажыла ўсе варварскія знішчэнні. Імя яго засталося незаплямленым у нашай гісторыі. І рэдка хто з вучоных мінулых стагоддзяў, як ён і яго брат Яўстах, па-ранейшаму застаецца непахісным аўтарытэтам у сучасных навукоўцаў. Пра іх абодвух напісаны дзясяткі даследаванняў, у іх гонар штогод у Лагойску і ў іншых гарадах Беларусі наладжваюцца «Тышкевічаўскія чытанні», дзе падводзяцца вынікі даследчай дзейнасці вучоных з розных куткоў Беларусі. А на радзіме, у Лагойску, мясцовы музей носіць імя братоў Тышкевічаў — там разгорнутая экспазіцыя, прысвечаная ўсяму славутаму роду.
Гл. таксама:
|
|
|