|
|
№
2(84)/2018
Вялікія містыкі
Дыскусія
Пераклады
Асобы
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці
Паэзія
Успаміны
На кніжнай паліцы
In memoriam
Спадчына
Літаратурная спадчына
Культура
Архітэктура
|
Канстанцін ТЫШКЕВІЧ
ПОМНІКІ АЙЧЫННАГА ГРАВЁРНАГА МАСТАЦТВАВодціскі з малых дошак, якія знаходзяцца ў Лагойскай бібліятэцы графа Канстанціна Тышкевіча НЕКАЛЬКІ СЛОЎ АД ВЫДАЎЦА Прыгожае мастацтва ў кожнага народа было вынікам яго спеласці, адзнакай яго маральнай адукаванасці. Кожны народ у сваім зародку, у сваім пачатковым развіцці пагарджаў мастацтвам, абсалютна не адчуваў яго патрэбы, бо найчасцей, заняты заваёвамі і промысламі, ён дбаў толькі пра забеспячэнне сваіх матэрыяльных патрэбаў, пра тое, каб зрабіць свой быт выгодным і незалежным. Гэтая маральная рыса і гэтая высакародная народная ўласцівасць звычайна пачынае развівацца значна пазней. Калі патрэбы цела, матэрыяльныя патрэбы будуць задаволеныя, а праз гэта будзе забяспечаны спакой у гэтым складаным целе, якім з’яўляецца кожны народ, — у ім пачынае зараджацца яго маральная сіла, развіваюцца яго эстэтычныя ўласцівасці. З гэтай крыніцы бяруць свой пачатак розныя віды мастацтва. Таму мастацтва ва ўсіх яго праявах утварае галіну, якая выклікае цікавасць у даследчыкаў любой мінуўшчыны; у залежнасці ад таго, на якім узроўні яны стаяць і наколькі даўно ў пэўнай краіне існуюць, яны з’яўляюцца вельмі дакладным паказчыкам яго маральнага развіцця. Гэтая думка ў нашай краіне была вядомая і сённяшнім пакаленнем дастаткова ацэненая, паколькі шмат людзей, якія прысвяцілі сябе навуцы, пачалі старанна вывучаць гэты прадмет, і кожны, хто мае сэрца і хоць крыху матэрыялаў, спяшаецца імі аказаць дапамогу працаўнікам. З мастакамі і іх творамі ў Польшчы і Літве ад найдаўнейшых часоў і да нашых дзён нас пазнаёміў п. барон Раставецкі ў сваёй саліднай працы пад назваю «Слоўнік польскіх мастакоў». Айчыннае гравіравальнае мастацтва дагэтуль не мела свайго гісторыка. Мы неаднаразова чыталі і чулі, што вучоны і глыбокі даследчык нашай мінуўшчыны п. Ю. І. Крашэўскі працуе над айчыннай іканаграфіяй. Прадмет гэты надзвычай абшырны і новы для ўяўленняў грамадства; з прычыны недахопу матэрыялаў, раскіданых па ўсёй краіне і якія нялёгка ўдаецца сабраць, ён павінен стварыць аўтару вялікія цяжкасці пры выкананні гэтай працы. Кожны дом, кожная самая бедная сям’я ў нас маюць нехлямяжую гравюру, нейкі святы абразок, нейкі занядбаны кавалак гравіравальнай бляхі, які парою ўяўляе гравіравальную рэдкасць. Не спяшаюцца з ёю на дапамогу даследчыку толькі таму, што наогул яе не цэняць і яе вартасці не разумеюць і не вераць, што яна магла б быць рэдкасцю выключна па той прычыне, што яна валяецца ў іх без пашаны. І колькі ж гэтак (ведаем з уласнага вопыту) найрадчэйшых помнікаў мастацтва — невядомых, кінутых на волю чалавечай абыякавасці, цалкам загінула! Колькі ж гравіравальных блях, калі яны знаходзіліся ў адных руках, і калі з іх не ўмелі зрабіць ніякага публічнага ўжытку, пайшло ў абмен на мядзяны кацялок! А там пад молатам катляра, абыякавага да твораў мастацтва, назаўсёды гінулі сляды разца, захаванне якіх засведчыла б вялікую паслугу для навукі. Уладальнік багатых збораў айчыннага гравіравальнага мастацтва ў Медыцы апублікаваў у 1829 і 1830 гг. у «Czasopiśmie Lwowskim» паведамленне пра польскіх гравёраў. Трохразовае выданне дрэварытаў з бібліятэкі Кракаўскага ўніверсітэта (першае — у 1837 годзе, другое — у 1840, і менавіта апошняе — у 1849 годзе, сістэматычна складзенае і навукова патлумачанае п. Юзафам Мучкоўскім) аказала нам вялікую паслугу на ніве даследаванняў у гэтай навуцы. За імі — вядомы сваімі шматлікімі навуковымі працамі ў нашым пісьменстве п. Амброзій Грабоўскі даў нам цудоўны прыклад у перайманні, калі паспяшаўся апублікаваць у «Bibliotece Warszawskiej» апісанне гравюр і прозвішчы гравёраў, якія знаходзяцца ў яго зборы. Усё гэта — багатыя матэрыялы для навукі, гэта несумненная нацыянальная ўласнасць. Але ў іх мы не сустрэнем і мінімальнага матэрыялу па гісторыі Літоўскага гравіравальнага майстэрства. А між тым Літва, магутная, на працягу некалькіх вякоў самастойная краіна, таксама мела эпоху свайго асветніцтва, свайго захаплення прыгожым мастацтвам — гэтага маральнага боку народнага жыцця, розныя віды мастацтва якога былі трывалай і прыгожай праяваю. У параўнанні з іншымі народамі, нават з братняй Польшчай, Літва сапраўды вельмі позна пачала развіваць у сабе ўяўленні аб прыгожым мастацтве. Паганскі ліцвін, які шанаваў Перкуна, кланяўся святому Знічу, знаходзіўся пад пераможным уплывам крыва-крывейтаў, быў увесь час замарочаны пастаяннымі войнамі з суседняй Руссю, з заезджымі крыжакамі, жывучы пасярод цёмных і дзікіх лясоў — дзе ён мог развіць маральныя народныя асаблівасці? Дзе ён мог ствараць і пеставаць свае эстэтычныя ўяўленні? Хрысціянства ў ліку іншых паслуг, якія яно аказвала на маральнасць літоўскага народа, прынесла і ўяўленні пра мастацтва, якое, аднак, вельмі нясмела і марудна пашыралася па Літве. Манаскія ордэны і кляштары, здаецца, былі першым прытулкам для літоўскага гравіравальнага мастацтва і першымі сховішчамі твораў мастацтва, якое развівалася і навучалася на набожных узорах, на выявах святых. Найстаражытнейшыя помнікі мясцовага гравіравальнага мастацтва, распаўсюджаныя на Літве, сягаюць, наколькі нам вядома, толькі да сярэдзіны XVIII стагоддзя, і яны нам прадстаўлены ў адных толькі выявах святых альбо ў гербах нейкіх мецэнатаў, ці выбітных апекуноў касцёла альбо манаскага ордэна, да якіх яны, у адпаведнасці з уяўленнямі той эпохі, пакорна былі прыпісаныя. Хоць у іх можна адзначыць нямала думкі і добрую кампазіцыю, аднак самі гравёры бывалі людзьмі, якія працавалі інстынктыўна, паводле ўзораў замежных майстроў, без усялякай адукацыі. Толькі Віленскі ўніверсітэт звярнуў сваю ўвагу на гэтую галіну навукі, калі ў 1805 годзе адчыніў школу гравіравальнага мастацтва пры ўніверсітэце. Настаўнікам гэтай школы быў П. Саўндэрс, паводле паходжання англічанін; на працягу некалькіх год кіравання школай гравіравальнага мастацтва ён выпусціў нямала здольных гравёраў. Абразкі святых, запатрабаваныя набожнымі жыхарамі Літвы, былі заўсёды выключным прадметам для разца вучняў літоўскай школы; што ж датычылася кніг, якія выдаваліся ў Вільні, то гравюры да іх рабіліся не іначай як менавіта ў Вільні мясцовымі гравёрамі. Нямала таксама гравіравалася партрэтаў; вельмі цаніліся імкненні стварыць гістарычныя і алегарычныя творы, якія, дарэчы, не былі пазбаўленыя пэўных вартасцяў. Калі ж пры заняпадзе Віленскага ўніверсітэта школа гравіравальнага мастацтва аказалася зачыненая, то яе вучні заставаліся адзінымі майстрамі, гледзячы на якіх маладыя аматары гэтай справы імкнуліся прадоўжыць гравіравальнае мастацтва ў Літве. Калі ж з прыходам літаграфіі і далейшых спосабаў, якія палегчылі распаўсюджванне малюнкаў, гэтыя сродкі, значна таннейшыя, зрабіліся больш выгоднымі дзеля мясцовых патрэбаў, гравёрнае мастацтва ў Літве канчаткова заняпала; а мастацкія скарбы, назапашаныя за час існавання школы, а потым яе вучняў, запоўнілі сховішчы кляштараў, дзе іх калі-нікалі капіравалі і пускалі ў публічны зварот, і пачалі станавіцца помнікам айчыннай мінуўшчыны. Нямала гравіравальных блях знаходзілася ў друкарнях, бо кожная з тых, што дзейнічалі ў Вільні, выдаючы нейкую працу ўласным коштам, дзеля таго, каб зрабіць у ёй аздабленні, загадвала гравіраваць прызначаныя малюнкі, бляхі ад якіх заставаліся яе ўласнасцю. Жулкоўскі, колішні арандатар друкарні ксяндзоў піяраў (пасля ён перадаў яе Забагонскаму, стаўшы каля 1833 года ўладальнікам малой кнігарні ў Вільні), рабіў водціскі абразкоў святых і вёў імі свой гандаль, і з гэтага ж часу запрошаныя Жулкоўскім лепшыя гравёры віленскай школы, такія, як, напрыклад, п. Міхал Падалінскі, працавалі выключна на яго. Што ўжо казаць пра такія кляштарныя друкарні, як ксяндзоў базыльянаў ці таварыства ксяндзоў місіянераў у Вільні? Яны няспынна рабілі водціскі абразкоў святых, якія ім дастаўлялі то лепшыя, то горшыя маладыя літоўскія гравёры. І сёння кожны з кляштараў, як віленскіх, так і іншых, што яшчэ існуюць у Літве, мае больш-менш багатыя склады гравіравальных блях з выявамі ці сваіх святых патронаў, ці заснавальнікаў і дабрадзеяў кляштараў, якія ў розныя часы былі гравіраваныя і назапашваліся ў сценах манаскага ордэну. У калекцыях прыватных асобаў гравіравальнымі помнікамі найчасцей былі ўжо толькі сабраныя водціскі; збіранне ж выгравіраваных блях, невядома чаму, не станавілася ў нас мэтай пошукаў аматараў навуковых калекцый. Мой збор у гэтым сэнсе з’яўляецца малым выключэннем. Ма́ю ў ім некалькі сот блях айчыннага гравіравання, сабраных у розныя часы. Можа, таксама я мaю гэтыя зборы па той прычыне, што мне акалічнасці лепш, чым іншым, спрыялі ў збіранні зaлежаў навукі і мастацтва. Адданы гэтай ідэі на працягу ўсяго майго жыцця, я не ўпусціў скарыстацца любой прадстаўленай мне магчымасцю і набываў іх то па адной з рук прыватных асобаў, то ў вялікай колькасці ў кляштарах пасля іх скарачэння, калі, згодна з распараджэннем урада, іх колькасць у Літве змяншалася. І такім чынам склалася калекцыя, якую я сёння задумаў апісаць і прадставіць матэрыял па айчыннай іканаграфіі. У навуковых зборах, якія ў нашай краіне знаходзяцца ў прыватных руках, недахоп падрабязных каталогаў і абыякавасць ва ўзаемнай перадачы адзін другому паведамленняў пра гэтыя інтэлектуальныя скарбы выклікае грамадскае шкадаванне, бо іначай аматар навукі, прысвячаючы сябе гэтай працы, ведаў бы, дзе ён павінен нешта шукаць; у цяперашні ж час мы абсалютна нічога не ведаем пра зборы, якія мае нехта іншы з нас. Сёння, калі дзякуючы адкрыццю Музея старажытнасцяў і Археалагічнай камісіі ў Вільні адкрылася сапраўднае навуковае вогнішча для Літвы, пры пасрэдніцтве «Запісак», якія публікуюцца пры гэтай камісіі і якія ахвотна гатовы прысвяціць свае старонкі гэтаму прадмету, каб гэтае паведамленне магло лёгка разысціся па краіне, ідзе гаворка толькі пра добрую волю нас саміх. Гэтую цяперашнюю маю публікацыю, зыходзячы з формы блях і зместу, які яны прадстаўляюць, я падзяліў на два раздзелы: на раздзел малых блях і на раздзел вялікіх блях. У першым раздзеле, акрамя блях цалкам панішчаных, а таксама каліграфічных узораў, тытулаў кніжак, малюнкаў, разнастайных білетаў і этыкетак, з якіх я не рабіў водціскаў, паколькі яны не маюць ніякіх вартасцяў для айчыннага гравіравальнага мастацтва, я змясціў 173 водціскі з блях (часткова таксама дэфектных), якія, аднак, прадстаўляюць вялікую навуковую цікавасць. Я падзяліў гэты раздзел на 4 часткі. У 1-й я змясціў бляхі з прозвішчамі і без іх, але вядомых мне гравёраў Літвы; шэраг гэтых гравюраў пачынае датавацца сярэдзінай мінулага стагоддзя і працягваецца да нашых дзён; змяшчае яна ў сабе 103 творы з кароткім паведамленнем пра некаторых нашых гравёраў. 2-я частка змяшчае ў сабе 50 выяваў святых, выгравіраваных у Літве невядомымі майстрамі; да іх я далучыў некалькі абразкоў, выгравіраваных у Любліне і ў Віндаве. У 3-ю частку я ўключыў абразкі, выгравіраваныя ў Англіі і Францыі для нашых манаскіх ордэнаў. У 4-й частцы пад назваю «Разнастайныя гравюры» знаходзяцца разнародныя водціскі, якія не маюць між сабою ніякага блізкага сваяцтва і не маюць на сабе прозвішча аўтараў. У другім раздзеле, ажыццяўленнем якога я задумаў заняцца адразу ж пасля апублікавання цяперашняга, і публікацыя якога павінна пайсці нашмат цяжэй, чым гэтая, з той прычыны, што раздрукоўка з блях вялікага фармату патрабуе большага клопату, я прадстаўлю грамадскасці творы вялікіх памераў, створаныя нашымі гравёрамі, больш глыбокія і больш смелыя паводле сваіх задумаў; знойдуцца сярод іх і прадметы несумненнай гістарычнай вартасці. Я зрабіў усё, што было ў маіх сілах. Пацешуся ад усяго сэрца, калі гэтая публікацыя з водціскаў гравіравальных блях, якія знаходзяцца ў маёй калекцыі, трапяць да намечанай мною мэты — г. зн., калі той, хто будзе працаваць над гісторыяй мастацтва ў нашай краіне, знойдзе ў ёй матэрыял для сваёй працы.
Пераклад з французскай мовы
Паводле: Pomniki rytownictwa Krajowego.
Гл. таксама:
|
|
|