Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел VI
Міласэрная любоў

Уільям Морыс1 напісаў верш пад назваю «Дастаткова адной любові», а нехта адгукнуўся кароткай рэцэнзіяй: «Не, недастаткова». Вось асноўная ідэя гэтай кнігі. Натуральныя віды любові — не самадастатковыя, патрэбна яшчэ нешта. Спачатку гэтае «нешта» цьмяна вымалёўваецца пад выглядам «добрапрыстойнасці і разважлівасці», пасля акрэсліваецца ясней як цноты і мараль, і ўрэшце аказваецца, што ўсё хрысціянскае жыццё павінна ўвасобіцца ў канкрэтных адносінах і прыйсці на дапамогу пачуццям, каб захаваць іх свежасць і слодыч.

Я кажу гэта не для таго, каб прынізіць натуральныя віды любові, а каб паказаць, дзе іх чакае сапраўдная слава. Калі мы скажам пра сад, што ён сам сябе не агародзіць і не праполе, не абрэжа галінкі на дрэвах, не перакапае глебу і не пастрыжэ газон, то гэта не прыніжэнне для саду. Сад — гэта добра, але ён не з’яўляецца самім дабром. Сад застанецца садам, у адрозненне ад дзікага гушчару, толькі калі нехта будзе пра яго дбаць. Яго сапраўдная слава палягае на іншым. Пра гэта сведчыць тое, што яму неабходная рэгулярная праполка і падразанне. Сад раскашуе жыццём, ён ззяе барвамі, па ім разліваюцца райскія водары, ён напаўняе кожнае імгненне летняга дня такой прыгажосцю, якую ніводзін чалавек ніколі не ствараў і не мог бы нават уявіць у беднасці ўласнага розуму. Каб зразумець, наколькі гэта заслуга самога саду, а наколькі — садоўніка, параўнайце найзвычайнейшыя расліны з матычкаю, граблямі, нажніцамі і пакетам гербіцыду. Вось прыгажосць, моц і пладавітасць, а вось мёртвыя непрыглядныя рэчы. Гэтак жа і нашыя «добрапрыстойнасць і разважлівасць» здаюцца шэрымі і нежывымі ў параўнанні з жывою сардэчнаю любоўю. Назіраючы сад у паўнаце квітнення ягонай славы, мы разумеем, што ўнёсак садоўніка ў гэтую прыгажосць нязначны, у адрозненне ад унёску самой прыроды. Без жыццёвай сілы зямлі, без дажджу, нябеснага святла і цяпла ён не даў бы сабе рады. Уся праца садоўніка ў тым, каб тут крыху падтрымаць, а там крыху падправіць праявы магутнасці і прыгажосці, якія бяруць пачатак з іншай крыніцы. Але якім бы малым ні быў яго ўнёсак, усё ж гэта карпатлівая і неабходная праца. Пасадзіўшы сад, Бог паставіў чалавека гаспадарыць у ім і падпарадкаваў чалавека сваёй уладзе. Пасадзіўшы сад нашай прыроды і даўшы яму квітнець і прыносіць плён у розных праявах любові, Бог паставіў над любоўю волю, каб воля «даглядала» яе. У параўнанні з любоўю яна сухая і халодная, і пакуль Божая ласка не пральецца на наш сад дажджом і сонечным святлом, мы не зможам добра выкарыстоўваць гэтую прыладу. Але карпатлівая, часта знішчальная праца садоўніка тым не менш неабходная. Калі ў ёй была патрэба нават у райскім садзе, наколькі большая гэтая патрэба цяпер, калі глеба стала балоцістаю і яе захапіла пустазелле? Але барані нас Божа брацца за працу так, як стоікі і самазадаволеныя маралісты. Разрыхляючы глебу і падразаючы галінкі, трэба добра памятаць, што сад, які мы даглядаем, поўны такога велічнага бляску і жыццёвай моцы, якія наш розум і воля ніколі не маглі б стварыць. Частка нашага паклікання заключаецца ў тым, каб дапамагчы гэтаму бляску заззяць яшчэ ярчэй, каб дазволіць гэтай велічы раскрыцца ва ўсёй магчымай паўнаце, каб замест убогага хмызняку ў садзе раслі прыгожыя высокія дрэвы і выспявалі салодкія яблыкі, а не горкія дзічкі.

Але гэта толькі частка. Цяпер час звярнуцца да тэмы, якую я вельмі доўга адкладаў. Дагэтуль у кнізе амаль нічога не гаварылася аб тым, як натуральная любоў становіцца суперніцаю любові да Бога. Цяпер жа гэтае пытанне ніяк нельга абмінуць. Ёсць дзве прычыны, якія змушалі мяне адкласці гэтую размову.

На адну з іх я намякаў: гэта не тое пытанне, з якога варта пачынаць большасці людзей. Рэдка хто з нашых сучаснікаў сутыкаецца з падобнай сітуацыяй. Для большасці цяпер эгаізм супрацьстаіць любові да бліжняга, а не любоў да бліжняга — любові да Бога. Небяспечна ўскладаць на чалавека абавязак выйсці па-за межы зямной любові, калі ён, папраўдзе, яшчэ і да яе не дабраўся. Зразумела, даволі проста апраўдваць сваю нелюбоў да бліжніх тым, што гэтак мы імкнемся больш палюбіць Бога, аднак жа прычына бывае зусім у іншым. Цалкам магчыма, што мы толькі «блытаем прыродную загану з узрастаннем у нас Божай ласкі». Многім людзям зусім не цяжка ненавідзець жонку або маці. Марыяк2 цудоўна апісвае здзіўленне і збянтэжанасць Апосталаў, калі яны пачулі гэты незразумелы загад Настаўніка, адзін толькі Юда не здзівіўся і прыняў настаўленне з лёгкасцю.

Але ёсць іншая прычына, па якой дагэтуль было занадта рана закранаць у кнізе тэму гэтага супрацьстаяння. Рэч у тым, што любыя прэтэнзіі на боскасць, уласцівыя натуральнай любові, і так вельмі лёгка абвергнуць. Ніводная натуральная любоў не можа заняць месца Бога проста таму, што без Ягонай дапамогі няздатная нават заставацца сабою і выконваць уласныя абяцанні. Які сэнс даказваць, што нейкі тутэйшы дробны князёк — не імператар, калі без дапамогі імператара яму і паўгода не ўтрымаць свой пасад і не захаваць мір у сваёй маленькай правінцыі? Дзеля ўласнай карысці натуральная любоў павінна згадзіцца на другое месца, бо гэта дае ёй магчымасць заставацца сабою. Гэтае ярмо — яе сапраўдная свабода, яна «становіцца вышэй, калі схіляецца». Бо калі ў чалавечым сэрцы валадарыць Бог, Яму часам даводзіцца выкараняць з яго некаторыя прыроджаныя аўтарытэты, але часцей Ён проста падпарадкоўвае іх сваёй волі, упершыню даючы цвёрдую аснову. Эмерсан3 сказаў: «Калі сыходзяць паўбогі, тады з’яўляюцца богі». Гэта даволі сумніўнае сцвярджэнне. Я б сказаў, што «калі прыходзіць Бог, толькі тады паўбогі могуць застацца». Пакінутыя без нагляду, яны знікаюць або становяцца дэманамі. Толькі дзеля Ягонага імя яны могуць годна і бяспечна «ўзнімаць свой маленькі трызубец». Бунтаўнічы дэвіз «Усё дзеля любові» насамрэч непазбежна забівае любоў (толькі дата смерці пакуль не вызначаная).

Але размову аб супрацьстаянні, якую я з названых прычынаў так доўга адкладаў, больш адкладаць нельга. У ранейшыя часы, да ХІХ ст., гэтае пытанне заняло б вялікую частку кнігі на падобную тэматыку. Людзям віктарыянскіх часоў было неабходна нагадваць, што адной толькі любові недастаткова, старажытныя тэолагі заўжды гучна выказваліся наконт таго, што натуральнай любові надаецца занадта вялікае значэнне. Яны больш баяліся любові, якая ўзносіць іншага чалавека на п’едэстал, чым той небяспекі, што мы будзем любіць бліжніх замала. Кожную асобу — жонку, маці, дзіця, сябра — яны бачылі як магчымага суперніка Бога. Пра гэта гаворыць нам і сам Бог (гл. Лк 14, 26).

Адзін аргумент, які засцерагае нас ад празмернай любові да бліжняга, я мушу адкінуць з самага пачатку. Я раблю гэта з трымценнем, бо ён належыць вялікаму святому і мысляру, якому я бязмерна ўдзячны і вельмі многім абавязаны.

Святы Аўгустын у сваёй «Споведзі» (раздзел XV, 10) так апісвае спустошанасць і адзіноту, у якія ўкінула яго смерць сябра Небрыдыя, што я і цяпер не магу без слёз чытаць гэтыя словы. І там ён робіць выснову: вось што здараецца з тым, хто аддае сваё сэрца камусьці, апроч Бога. Людзі пакідаюць нас. Не дайце, каб вашае шчасце залежала ад таго, што можна страціць. Каб любоў была благаслаўленнем, а не горам, любіць можна толькі Таго Адзінага, Хто ніколі нас не пакіне.

Гэта сапраўды гучыць вельмі разумна. Не варта везці маёмасць у дзіравым чоўне. Не ўкладайце шмат высілкаў і грошай у дом, з якога вас могуць выселіць. Я звышпрактычны і абачлівы чалавек, які заўжды выступае за бяспеку, і маё сэрца схільнае ўхваляць падобныя аргументы. З усіх перасцярогаў супраць любові найбліжэйшая маёй натуры гучыць так: «Сцеражыся! Гэта можа прынесці табе пакуты».

Гэта блізка маёй натуры і тэмпераменту. Але сумленне не дазваляе мне згадзіцца. Ідучы за гэтым заклікам, я адчуваю, што аддаліўся ад Хрыста на тысячу кіламетраў. Калі наогул магчыма быць у нечым цалкам упэўненым, то я, прынамсі, дакладна ўпэўнены ў тым, што Хрыстус ніколі не прапаведаваў такую блізкую мне па натуры ідэю зберагаць сябе і свае высілкі і абмяжоўваць уласную адказнасць, не беручы на сябе зашмат. Думаю, менавіта гэтая мая схільнасць Яму найбольш недаспадобы. Ды і хто мог бы пажадаць палюбіць Бога, рацыянальна разважыўшы, што так нібыта будзе больш бяспечна? Як наогул можна палічыць гэта падставаю для любові? Ці сталі б вы выбіраць па гэтым крытэрыі жонку або сябра, ці нават сабаку? Каб рабіць падобныя разлікі, чалавеку трэба наогул знаходзіцца па-за межамі ўсялякай любові. Нават бунтаўнічы Эрас, які прымушае нас аддаць перавагу каханай, а не шчасцю, больш падобны да Бога-Любові, чым гэта.

Мне здаецца, узгаданы ўрывак са «Споведзі» прадыктавала святому Аўгустыну не яго хрысціянства, а перажытак ганарлівай язычніцкай філасофіі, на чыіх прынцыпах ён выхоўваўся. Падобнае мысленне бліжэй да «апатыі» стоікаў і неаплатанічнага містыцызму, чым да хрысціянскай міласэрнай любові. Мы наследуем Таго, Хто плакаў над Ерузалемам і на магіле Лазара і, любячы ўсіх, меў асабліва «ўмілаванага» вучня. Святы Павел для нас большы аўтарытэт, чым святы Аўгустын, і Павел ніводным знакам не сведчыць, што ён бы не пакутаваў, як усе звычайныя людзі, калі б памёр Эпафрадыт, і ніяк не паказвае, што пачуццё гэтага смутку заганнае (гл. Флп 2, 27).

Нават калі б імкненне застрахаваць сябе ад разбітага сэрца сапраўды было праяваю найвышэйшай мудрасці, ці была гэтая мудрасць у Бога? Відавочна, не. Урэшце, сам Хрыстус усклікнуў: «Чаму Ты Мяне пакінуў?»

У радках, напісаных святым Аўгустынам, няма выйсця з падобнай сітуацыі, і ніхто іншы не зможа нам яго прапанаваць. Любоў — небяспечная інвестыцыя. Любіць — азначае, што ты можаш пацярпець ад любові. Палюбі нешта, і тваё сэрца будзе паранена, а магчыма, і разбіта. Каб захаваць яго ў поўнай бяспецы, не аддавай яго нікому, ні чалавеку, ні жывёле. Рупліва агарні яго з усіх бакоў рознымі захапленнямі, прыемнасцямі, дадай крыху раскошы, не дапускай, каб сэрца да нечага прывязалася, надзейна замкні яго ў куфэрачку ўласнага эгаізму — і ён стане для твайго сэрца труною. Там, у бяспецы, у цямрэчы, нерухомае і пазбаўленае паветра, тваё сэрца зменіцца. Яно не разаб’ецца, а закасцянее так, што яго проста немагчыма стане разбіць, крануць і нават збавіць. Адзіная альтэрнатыва цярпенню, прынамсі рызыцы цярпення, — гэта вечная пагібель. Адзінае месца, апроч Неба, дзе можна схавацца ад усялякай небяспекі і трывогаў любові — гэта пекла.

Я лічу, што нават самая незаконная і неўмеркаваная любоў не так моцна супярэчыць Божай волі, як свядомая абыякавасць і самаізаляцыя. Мы зноў імкнемся закапаць дадзены нам талент, і з той жа самай прычыны: «Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі» (Мц 25, 24). Хрыстус не для таго навучаў і пакутаваў, каб мы здзьмувалі ўсе парушынкі з уласнага шчасця, нават у тым, што датычыць натуральнай любові. Калі чалавек не можа пазбыцца разліку ў адносінах з тымі, каго любіць тут, на зямлі, бачачы іх побач з сабою, ён наўрад ці бескарысліва палюбіць Бога, якога не бачыць. Мы мусім набліжацца да Бога, не імкнучыся пазбегнуць пакутаў любові, а прымаючы іх і прыносячы Яму, адкінуўшы шчыт самаабароны. Калі нашыя сэрцы павінны разбіцца, калі Бог вырашыць, што любоў павінна разбіць іх, няхай так станецца.

Несумненна, што кожная натуральная любоў можа стаць неўмеркаванаю. Неўмеркаваная не азначае «неабачлівая» або «занадта вялікая», гэтае слова наогул не вызначае колькасці. Напэўна, немагчыма «залішне» любіць чалавека. Можна любіць некага залішне ў параўнанні з нашаю любоўю да Бога, але гэтая неўмеркаванасць азначае, што мы замала любім Бога, а не зашмат любім чалавека. Але варта ўдакладніць, што маецца на ўвазе, каб не збянтэжыць тых, хто ідзе па правільным шляху, але можа ўстрывожыцца ад таго, што не адчувае да Бога такой цеплыні і пяшчоты, як да каханай асобы. На маю думку, варта, каб мы імкнуліся да гэтага, і трэба маліцца аб дары палкай любові да Бога. Але ў межах нашага хрысціянскага паклікання адказ на пытанне, каго мы любім больш, Бога ці зямных каханых, не вызначаецца тым, якое з двух пачуццяў мацнейшае. Пытанне ў тым, якое з іх, калі ў выключных абставінах нам давядзецца рабіць выбар, мы выберам, паставім на першае месца, якому з іх мы будзем служыць? Якога з іх, у рэшце рэшт, паслухаецца нашая воля?

Як часта здараецца, словы нашага Пана і больш няўмольныя, і больш літасцівыя, чым развагі тэолагаў. Хрыстус нічога не гаворыць аб тым, што мы мусім абараняцца ад зямной любові са страху, што будзе балюча; Ягоныя словы — як свіст пугі: усялякую любоў трэба растаптаць, як толькі яна пачне замінаць нам ісці за Ім. «Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, маці і жонкі, дзяцей і братоў, сясцёр і нават жыцця свайго, той не можа быць Маім вучнем» (Лк 14, 26).

Як жа нам разумець гэтае «зненавідзеў»? Немагчыма, каб сама Любоў загадвала нам рабіць тое, што мы разумеем пад нянавісцю: песціць свае крыўды, цешыцца чужым няшчасцем, атрымліваць асалоду, прычыняючы некаму боль; гэта супярэчнасць паняццяў. Я лічу, што наш Пан меў на ўвазе тую нянавісць, якой «зненавідзеў» святога Пятра, сказаўшы: «Адыдзі ад Мяне» (Мц 16, 23). Гэтае «зненавідзець» азначае адкінуць, не паддавацца, не саступаць каханым, як бы соладка і ўмольна ні гучалі іх словы, калі іх вуснамі прамаўляе д’ябал. Езус сказаў, што чалавек, які спрабуе служыць двум гаспадарам, аднаго будзе ненавідзець, а другога — любіць. Вядома, тут ідзе гаворка не пра пачуцці прыязнасці або непрыязнасці. Гэта азначае, што ён будзе заставацца верным аднаму з гаспадароў, толькі аднаму з двух будзе падпарадкоўвацца і служыць. Паразважайце яшчэ над гэтымі словамі: «Я палюбіў Якуба, а Эзава меў у нянавісці» (пар. Мал 1, 2–3). Як жа праяўляецца нянавісць Божая да Эзава? Не так, як можна было б падумаць. Няма прычынаў думаць, што Эзаў дрэнна скончыў і душа яго была загублена, нідзе ў Старым Запавеце пра гэта не гаворыцца. Наадварот, усё сведчыць пра тое, што ў звычайным разуменні ягонае зямное жыццё было больш шчаслівым, чым жыццё Якуба. Менавіта на Якубаву долю выпалі ўсе расчараванні, няшчасці, жахі, смуткі і страты. Але ў яго было тое, чаго не было ў Эзава: ён стаў патрыярхам. Якуб перадаў сваім нашчадкам Традыцыю, праз яго Бог клікаў і благаслаўляў, ён стаў продкам Збаўцы. Любоў Божая да Якуба азначае, што яму было вызначана найвышэйшае (хоць і пакутнае) пакліканне; «нянавісць» да Эзава азначае, што ён быў адкінуты Богам. Бог адвярнуўся ад яго, бо ён не здолеў «узяць вяршыню», аказаўся няздатным для выканання задання. Таму ў крайнім выпадку мы павінны адкінуць сваіх самых блізкіх і адмовіць самым каханым, калі яны становяцца паміж намі і нашаю паслухмянасцю Богу. Яны могуць палічыць гэта нянавісцю, але мы мусім не паддавацца шкадаванню, застаючыся сляпымі да іх слёз і глухімі да іх мольбаў.

Не буду называць гэты абавязак цяжкім: некаторым гэта вельмі лёгка, некаторым невыносна. Але, безумоўна, кожнаму няпроста зразумець, калі надышоў час для падобнай «нянавісці». Нам перашкаджаюць нашы характары. Мяккія і чуллівыя людзі — мужы пад уладаю жонак; жонкі, якія ўсё церпяць ад мужоў; бацькі, якія безразважліва любяць дзяцей, і дзеці, якія ва ўсім слухаюцца бацькоў, да канца не здольныя паверыць, што гэты час надышоў. Настойлівыя і самаўпэўненыя асобы, якія не любяць ні з кім цырымоніцца, вельмі хутка прымуць рашэнне. Менавіта таму неабходна так выхаваць сябе і расставіць па парадку свае любові, каб час ненавідзець ніколі не надышоў.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The four loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. Уільям Морыс (William Morris, 1834–1896) — брытанскі паэт і пісьменнік, выдавец, мастак. Выбітны прадстаўнік цячэння прэрафаэлітаў.
  2. Франсуа Марыяк (François Mauriac, 1885–1970) — французскі пісьменнік; лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры (1952); узнагароджаны Вялікім крыжам ордэна Ганаровага легіёна (1958). Адзін з найбуйнейшых каталіцкіх пісьменнікаў XX стагодздзя.
  3. Ральф Уолда Эмерсан (Ralph Waldo Emerson, 1803–1882) — амерыканскі паэт, эсэіст і мысляр, заснавальнік філасофскага цячэння трансцэндэнталізму.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY