Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Крыстына ЛЯЛЬКО

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ

28 мая на 84-м годзе жыцця адышоў у вечнасць Арсень Ліс — выдатны навуковец-фалькларыст, літаратар, доктар філалагічных навук, сапраўдны беларускі інтэлігент, шляхетны прыгожы чалавек і адданы, удумлівы чытач «Нашай веры», мудры дарадца і сябра.

Пакуль нават немагчыма ўявіць, што неўзабаве выйдзе вось гэты, новы нумар квартальніка, а я ўжо не змагу перадаць яго Арсеню Сяргеевічу, каб пасля, праз пару дзён, пачуць у тэлефоне яго такі знаёмы ціхі голас. Ён заўсёды званіў, каб падзякаваць за часопіс, каб падзяліцца ўражаннямі ад прачытанага. Якімі ж чаканымі і важнымі былі для мяне тыя няспешныя, шчырыя размовы з ім, колькі было ў іх ягонай зычлівай сардэчнасці і павагі да нашай працы. І ў гэтым таксама праяўлялася і яго шляхетнасць, і яго людскасць, і яго нязменная жывая зацікаўленасць усім тым, што рабілася і стваралася на роднай мове, што адбывалася ў нашай беларускай прасторы.

Апошнія гады ён прасіў прыносіць таксама новыя нумары часопіса «Ave Maria» і казаў, што яму цікава іх чытаць, распытваў пра нашых маладых аўтараў і супрацоўнікаў, радаваўся, што з’яўляецца ўсё больш беларускіх святароў, якія цікава пішуць і добра валодаюць родным словам. Ён бачыў у гэтым годны працяг каталіцкай духоўнай традыцыі, запачаткаванай ахвярнымі беларускімі святарамі-адраджэнцамі Адамам Станкевічам, Казімірам Сваяком, Вінцуком Адважным…

Мы былі суседзямі з Арсенем Сяргеевічам і больш за 20 гадоў пражылі ў адным мікрараёне, у маляўнічай мінскай Вяснянцы. Часам Арсень Сяргеевіч запрашаў мяне на нядзельныя адвячоркавыя праходкі ўздоўж Свіслачы. Побач з ім добра ішлося. Пры ім, здавалася, аціхалі ўсе душэўныя буры і супакойваліся, кудысьці знікалі ўсе дробныя жыццёвыя мітрэнгі. Ён умеў скіраваць размову на важнае і значнае; заўсёды мудра, спакойна разважаў пра сённяшні дзень краіны, з аптымізмам і вераю глядзеў у будучыню. Не было ніводнай сустрэчы з ім, каб ён не згадаў пра кагосьці з тых, каго называў у сваіх кнігах «дойлідамі беларускай дзяржаўнасці» і «галасамі беларускай зямлі»: пра віленскіх беларусаў Пётру Сергіевіча і Зоську Верас, пра «вечнага вандроўніка» Язэпа Драздовіча, пра сваіх родзічаў «жывапісца залескіх ваколіц» Паўла Южыка і паэта Алеся Салагуба…

З тых праходак я заўсёды вярталася не толькі шчодра адораная і ўзбагачаная новаю інфармацыяй і невядомымі мне раней фактамі, асабліва з жыцця і гісторыі Заходняй Беларусі, але і напоўненая светлаю радасцю ад душэўнага, шчырага сумоўя з гэтым глыбокім, энцыклапедычна адукаваным чалавекам.

Арсень Сяргеевіч часта ўспамінаў родную Смаргоншчыну, вёскі Ветхава і Залессе, распавядаў пра маці, якая прыгожа спявала і «ўсе свае даўнейшыя песні гадавога круга пераняла ад бабы Агаты», а тая «спявала іх нават у свой апошні зямны год…». Напэўна ад тых песень і ўзнікла ў яго душы любоў да народнага меласу, захапленне каляндарна-абрадаваю народнаю творчасцю, якую Арсень Ліс рупліва збіраў, класіфікаваў і апісаў яе ў выдатнай грунтоўнай працы «Паэзія земляробчага календара».

Гэтая паэзія і глыбокая пашана былі і ў ягоных згадках пра свой род, пра сям’ю. Ён любіў успамінаць матчынага бацьку, дзеда Юстына — выдатнага пчаляра і сталяра, сваіх дзядзькоў з іх няпростымі, драматычнымі лёсамі, асабліва дзядзьку Васіля, пра якога напісаў у адным з «Вётхаўскіх эсэ» — «Наканаванасць несвабоды». Апошнія гады Арсень Сяргеевіч пісаў мемуары. Іх фрагменты друкаваў у «Новым часе», частку паспеў выдаць у кнігазбораўскім томе. Падчас нашых апошніх размоваў шкадаваў, што не паспее іх дапісаць, закончыць…

Ён любіў паэзію, ведаў на памяць шмат вершаў. Часам, прыпыніўшы хаду, пачынаў цытаваць што-небудзь з беларускай, украінскай або рускай класікі…

А мне цяпер, у гэтыя скрушныя дні нашага з ім развітання, згадваюцца яго ўласныя вершы — «вершы адной маладосці», якія тры гады таму Арсень Сяргеевіч прынёс пачытаць, а пасля дазволіў надрукаваць у часопісе «Наша вера». У адным з іх 20-гадовы юнак пісаў:

Я ж прад радзімай,
Зямлёй маёй роднай —
Вечна ў даўгу:
Выснаваць песню,
Імя яе годнай,
Усё не магу.

Праз усё сваё жыццё ён снаваў гэтую песню і выснаваў — глыбокую, годную, прыгожую, гэткую, як яго светлая, далікатная, улюбёная ва ўсё роднае і па-сапраўднаму хрысціянская душа. Таму назаўсёды застанецца ён, руплівы дойлід беларускасці, у нашай удзячнай памяці і ў нацыянальным пантэоне лепшых сыноў Айчыны.

Крыстына Лялько


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY