Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Шаноўныя чытачы, прапануем вашай увазе тэксты двух інтэрв’ю, у якіх глыбока і востра аналізуецца тэкст адгартацыі папы Францішка «Amoris laetitia». Вось ужо на працягу двух гадоў, якія прайшлі з часу публікацыі гэтага папскага дакумента, вакол яго не сціхаюць дыскусіі. Спадзяемся, што разважанні вядомага польскага тэолага і прафесара а. Яраслава Купчака ОР (арт. «Новая ўспрымальнасць Касцёла?») і італьянскага журналіста і ватыканіста Сандро Магістра (арт. «Статак ведае, куды ісці») дапамогуць вам не толькі лепш зразумець сутнасць адгартацыі пра становішча і месца разведзеных сужэнцаў у Касцёле, але таксама ясней убачыць некаторыя асаблівасці сённяшняга Пантыфікату.

Рэд.

кс. Адам БЛЫШЧ CR

«Статак ведае, куды ісці»

З італьянскім ватыканістам Сандро Магістрам (нар. у 1943 г.), журналістам штотыднёвіка «L’Espresso», аўтарам блога «Settimo Cielo» («Сёмае неба»), які вядзецца на італьянскай, англійскай і іспанскай мовах, размаўляе польскі святар Адам Блышч з Кангрэгацыі ўваскрасення Пана нашага Езуса Хрыста.

— Вы сцвярджаеце, што папа Францішак не жадае развеяць сумненняў і двузначнасці, якія з’явіліся пасля прачытання адгартацыі «Amoris laetitia», нягледзячы на тое, што яго не раз прасілі аб гэтым публічна. Чаму?

— Гэта характэрная рыса цяперашняга Пантыфікату. Яна заключаецца не столькі ў публікацыі новых тэалагічных дакументаў, колькі ў спецыфічным метадзе іх падачы. Святы Айцец падае пастулаты неадназначна, дазваляючы свабодна іх інтэрпрэтаваць. Менавіта так адбылося пасля публікацыі адгартацыі «Amoris laetitia».

— Якія гэта пастулаты?

— Яны знаходзяцца ў некаторых фрагментах восьмага раздзела дакумента, а таксама ў некаторых спасылках да тэксту. Гэтыя пастулаты датычаць прыняцця святой Камуніі разведзенымі людзьмі, якія жывуць у новых саюзах, і практыкі сакрамэнтаў Эўхарыстыі, сужэнства і споведзі.

— Але дакумент узнік не на пустым месцы: ён з’яўляецца вынікам шматлікіх кансультацый і пасяджэнняў дзвюх сесій Сіноду Біскупаў, прысвечаных сям’і, праведзеных у 2014 і 2015 гадах.

— Сходы біскупаў не прынеслі жаданага выніку. Прынамсі трэць удзельнікаў была супраць зменаў, прапанаваных Папам. Пазітыўна да гэтых зменаў аднеслася меншасць, якую падтрымлівала аморфная група астатніх удзельнікаў сінодаў. Гэта адбілася на паслясінадальнай адгартацыі: у ёй не знойдзецца ніводнага сказа, які мог бы стаць для рэфарматараў штандарам навізны. Аднак ёсць шмат няпэўнасці ў аргументацыі. Гэта вобраз Касцёла, які сам падзяліўся ў такіх важных справах.

— У сувязі з гэтым ці падпісалі Вы «correctio filialis»1?

— Не, і не збіраюся гэтага рабіць. Я бачу прынцыповую розніцу паміж тым, што напісалі чатыры кардыналы (гл. інтэрв’ю з а. Яраславам Купчакам ОР. — Заўв. рэд.), якія выказалі свае тэалагічныя сумненні адносна адгартацыі, і папрокамі ў адрас Папы аб прапагандзе ерэтычных меркаванняў, зробленымі ў адкрытым лісце. Праблема ў тым, што ніводнага з сямі ерэтычных тэзісаў, прыпісаных Папу, няма ў яго працах. Гэта вельмі зніжае значнасць «correctio», што хутчэй з’яўляецца праяваю непрыязнасці да Папы.

— Што найбольш раздражняе праціўнікаў Святога Айца?

— Той, хто чытае адгартацыі, добра ведае, што гэта вынік працы розных аўтараў. Агульнавядома, што з Бергольё ў напісанні яго тэкстаў ужо шмат гадоў супрацоўнічае арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс. Гэта заўважна ў «Evangelii gaudium» і «Amoris laetitia». У другім дакуменце можна знайсці цэлыя абзацы, перапісаныя з артыкулаў Фернандэса дзесяці- або дванаццацігадовай даўнасці. Відавочна і зразумела, што Папа не можа сам усё пісаць і карыстаецца дапамогаю чалавека, якому давярае. Але Фернандэс — гэта тэолаг, адносна якога выказала свае перасцярогі Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі, калі ён быў кандыдатам на пасаду рэктара Каталіцкага ўніверсітэта ў Буэнас-Айрэсе. У мяне выклікае сумненні таксама яго публікацыя, пасля якой ён стаў больш вядомы чытачам, — «Аздараві мяне сваімі вуснамі. Пра мастацтва пацалунка». Калі тэолаг з сумніўнай рэпутацыяй мае такі вялікі ўплыў на тэксты Настаўніцкага Інстытута Касцёла, не трэба здзіўляцца, што гэта выклікае занепакоенасць.

— Можа, менавіта па гэтай прычыне з’яўляецца ўсё больш інтэрпрэтацый тэксту Папы? Ці можна сказаць, якая з іх найбольш правільная?

— Гэта вельмі добрае пытанне: яно паказвае, у чым заключаецца праблема. Паколькі адгартацыя падпісаная Папам, здаецца, што менавіта ён можа найбольш адпаведна інтэрпрэтаваць тое, што там напісана. Адначасова папа Францішак адзначыў, што жадае, каб існавалі розныя інтэрпрэтацыі, у залежнасці ад кантэксту, у якім дзейнічае канкрэтны мясцовы Касцёл.

Пасля гэтага ён напісаў ліст да біскупаў Аргенціны рэгіёна Буэнас-Айрэса (гл. інтэрв’ю з а. Яраславам Купчакам ОР. — Заўв. рэд.), у якім заявіў, што прапанаваная імі інавацыйная інтэрпрэтацыя дакумента слушная і што ніякай іншай няма. Але гэта яшчэ не ўсё. У той жа час кардынал Агостыно Валліні2, вікарый Рымскай дыяцэзіі, кіраўніком якой з’яўляецца Папа, апублікаваў рэкамендацыі па выкарыстанні прадпісанняў адгартацыі. Яны дыяметральна адрозніваюцца ад прапановаў аргенцінскіх біскупаў, якія Святы Айцец ухваліў перад гэтым. Урэшце, мы маем таксама інтэрпрэтацыю кардынала Энніо Антанэллі3, былога старшыні Папскай рады па справах сям’і, падобную па сваім змесце да заўвагаў, напісаных для Рымскай дыяцэзіі.

Усё гэта сведчыць пра тое, як папа Францішак кіруе Касцёлам. У яго спосабе кіравання няма нічога канчатковага. Як ён сам неаднаразова казаў, нашмат важней зрушыць з месца пэўныя працэсы, якія могуць працягвацца гадамі, чым атрымаць часовыя вынікі.

— Не трэба забываць, што існуюць таксама дырэктывы з Сан-Дыега4.

— У сваім падыходзе біскуп Робэрт МакЭлрой заходзіць нашмат далей за ўсе інтэрпрэтацыі касцёльнага прагрэсіўнага «лагера». Ён не згадвае пра грэх у кантэксце другога саюзу, зводзіць сакрамэнт споведзі да размовы верніка са святаром, які проста дае парады верніку, каб дапамагчы яму прыняць рашэнне ў адпаведнасці з яго сумленнем. А ў цэлым працэс ацэньваецца ў кантэксце суб’ектыўных пачуццяў сужэнцаў, якія рассталіся. Гэта не што іншае, як легалізацыя разводу ў Касцёле і адмаўленне ад сакрамэнтальнай практыкі. На жаль, з боку Папы няма ніводнага каментарыя адносна гэтай сітуацыі, не кажучы ўжо пра якую-небудзь згадку.

Францішак дазваляе супярэчлівыя інтэрпрэтацыі свайго дакумента. Напрыклад, у Злучаных Штатах ёсць таксама афіцыйная інтэрпрэтацыя арцыбіскупа Філадэльфіі Чарльза Шап’ю5, адпаведная папярэдняму вучэнню Касцёла. У ёй звяртаецца ўвага на тое, што калі ў тэксце дакумента з’яўляюцца няяснасці адносна веры і маралі, то трэба інтэрпрэтаваць іх згодна з вучэннем папярэдніх Папаў.

— Калі мы маем так шмат розных меркаванняў, то ці можна сказаць, якія наступствы гэта будзе мець для Касцёла?

— Працэс, які зрушыла з месца адгартацыя, нялёгка спыніць. Наступнік Францішка, калі ён, напрыклад, будзе паходзіць з асяроддзя касцёльнай традыцыі, не зможа затрымаць яго проста так. Тое, на што сёння даецца згода ў Касцёле, цяжка ануляваць у будучыні: заўсёды ў якасці аргумента будзе выкарыстоўвацца спасылка на цяперашні Пантыфікат і на тое, што было прынята падчас яго.

— А што было прынята?

— Хаця б тое, што Папа, а таксама некаторыя біскупы ці Канферэнцыі Біскупаў асобных краінаў прызналі слушнымі такія вырашэнні складаных сітуацый, якія супярэчаць папярэдняй практыцы і традыцыі Касцёла адносна разведзеных. У выніку некаторыя святары і вернікі робяць што хочуць, спасылаючыся выключна на аўтарытэт сумлення, з якім не дыскутуюць і якому давяраюць без усялякай крытыкі.

— А ці ёсць у адгартацыі нейкія пазітыўныя бакі?

— Гэта вельмі аб’ёмны дакумент. У ім ёсць фрагменты, якія могуць дапамагчы вернікам глыбей усвядоміць вартасць сужэнства і жыць у ім згодна з Евангеллем. Тут няма ніякіх адкрыццяў, хутчэй узгадваецца традыцыйная дактрына. Калі ў адгартацыі і ёсць пэўная навізна, то яна найперш датычыць мовы, вельмі даступнай для звычайнага чытача, што не заўсёды было нормаю ў дакументах Касцёла.

— Можа, таму што Папа з’яўляецца больш душпастырам, чым інтэлектуалам?

— У адукацыі папа Францішак мае вельмі добрую падрыхтоўку. Проста ён не мысляр па жыцці, як яго папярэднікі. Папа Францішак хутчэй з’яўляецца дыялектыкам, які знаходзіцца ў напружанні паміж свабодаю і ласкаю. Пра гэта добра сведчыць выдадзеная нядаўна ў Італіі кніга, прысвечаная тэалагічным і філасофскім вытокам яго думкі6. Яе напісаў прафесар Массімо Боргезі, філосаф з універсітэта ў Перуджы, несумненна, вельмі кампетэнтны чалавек і ў дадатак сябар Бергольё з тых часоў, калі ён яшчэ не быў Папам. У сваёй працы аўтар паказвае, што ўсе вытокі папскай думкі — з найвышэйшай паліцы.

— Хоць сярод іх няма Ратцынгера…

— Гэта праўда, але ёсць іншыя выбітныя асобы, напрыклад, швейцарскі кардынал Ханс Урс фон Бальтазар, уругвайскі філосаф Альбэрто Метол Феррэ, італьянска-нямецкі тэолаг Рамано Гуардзіні або езуіты Гастон Фессар і кардынал Анры дэ Любак. Аднак тое, што ў час фармацыі чытаў Бергольё і з кім ён сустракаўся, — гэта адно, а тое, як гэтыя асобы паўплывалі на яго, — гэта зусім іншае. Згадаем, напрыклад, чатыры папскія пастулаты, на якіх грунтуецца вучэнне ўсяго цяперашняга Пантыфікату7. Ужо тое, што папа Францішак называе гэтыя думкі пастулатамі, выклікае пэўныя пярэчанні.

— Што ў гэтым дрэннага?

— Пастулат — гэта тэзіс, які не патрабуе доказаў. І кожны, хто мае мінімальныя філасофскія веды, можа свабодна паставіць гэта пад сумненне.

— Папа не мусіць быць ані філосафам, ані доктарам Касцёла.

— Але павінен карыстацца ведамі і досведам людзей, якія па статусе пакліканыя дбаць пра інтэгральнасць папскага вучэння. У Ватыкане ёсць Кангрэгацыя Веравучэння, якую папа Францішак цалкам ігнаруе. Дагэтуль існаваў звычай, паводле якога Кагрэгацыя правярала кожны дакумент Папы, перш чым ён быў апублікаваны. Святы Айцец адмовіўся ад гэтага, не праяўляючы да яе даверу. Урэшце, летам мінулага года ён звольніў з пасады яе прэфекта кардынала Герхарда Мюллера.

— А можа, для Папы важна не столькі выклікаць замяшанне, колькі вылучыць творчы фермент і заахвоціць тэолагаў шукаць новыя рашэнні?

— Вучэнне папы Францішка можна акрэсліць прыметнікам «зменлівае». На маю думку, гэта таксама тлумачыць яго папулярнасць па-за Касцёлам — нават большую, чым унутры самой супольнасці вернікаў. Звярніце, калі ласка, увагу на тое, як яго любяць асяродкі, праграмна варожыя Каталіцкаму Касцёлу. У Італіі такім прыкладам з’яўляецца заўзяты агностык, галоўны рэдактар газеты «La Repubblica» Эўджэніо Скальфары, які не хавае сваёй сімпатыі да працаў Францішка.

— Прабачце, калі ласка, за невуцкае пытанне, але ці не наследуе папа Францішак крыху кардынала Карло Марыя Марціні, які разам з Умбэрто Эка ў 1996 годзе напісаў кнігу «У што верыць той, хто не верыць?»?

— Сапраўды, Марціні, выдатны біблііст, езуіт з тонкім мысленнем, быў прадвеснікам лініі Святога Айца, зрэшты, таксама езуіта. Калі Марціні быў арцыбіскупам Мілана, ён вызначыўся ў тым ліку стварэннем Катэдры няверуючых, або месца дыялогу з вядомымі людзьмі, далёкімі ад веры. Падобны дух спадарожнічаў пазней папу Бэнэдыкту XVI, які заснаваў Дзядзінец язычнікаў, што дзейнічае да сённяшняга дня пад апекаю кардынала Равазі. Папа Францішак крыху занядбаў яго, бо ў яго іншы спосаб весці дыялог — больш засяроджаны на выніках, чым на змесце.

— Чым тлумачыцца такая пазіцыя Папы?

— Па сутнасці Папа вельмі прагматычны чалавек. У сваіх учынках і словах ён кіруецца перспектываю вынікаў, якія гэта прынясе, незалежна ад таго, што яны самі па сабе азначаюць. Заўважце, ён увесь час запрашае да размовы Скальфары, ведаючы, што той апіша іх сустрэчу вельмі крэатыўна, і яго не цікавіць тое, што яму будуць прыпісаныя меркаванні, якіх ён не падзяляе, або словы, якіх ён не прамаўляў. Яму дастаткова папулярнасці і сімпатыі ў асяроддзі, прынцыпова варожым Касцёлу.

Цікава, што да таго, як Бергольё стаў Папам, ён не даваў інтэрв’ю, захоўваў дыстанцыю і мала ўсміхаўся. А цяпер немагчыма злічыць усе яго інтэрв’ю. Пра яго замежныя падарожжы гаворыцца ў кантэксце таго, што ён сказаў у самалёце. Там ён выказваецца на любую тэму і вельмі часта супярэчыць самому сабе. Гэта паток словаў, скіраваны на дасягненне папулярнасці.

— А можа, выйсцем з такой сітуацыі павінен стаць зварот да вопыту ўсходніх Цэркваў, якія прызнаюць непарыўнасць першага сужэнства і пры пэўных умовах дапускаюць існаванне другога і трэцяга?

— На працягу стагоддзяў у асобных Праваслаўных Цэрквах прымяняліся вельмі розныя рашэнні. Цяжка сказаць, чаму Каталіцкі Касцёл мог бы навучыцца ў гэтай справе ад Праваслаўных Цэркваў. Зрэшты, гэта сказаў сам Францішак падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, вяртаючыся ў 2013 годзе з Рыа-дэ-Жанэйра. Нават калі б у Каталіцкім Касцёле з’явілася магчымасць заключаць другое сужэнства, гэта было б кардынальнае новаўвядзенне, якое падрывала б еднасць супольнасці і толькі ўзмацняла б сённяшнюю няпэўнасць.

У вырашэнні гэтай праблемы не дапамагае пазіцыя пастыраў, у тым ліку найвышэйшага з іх, які няспынна паўтарае, што яго абавязак — не толькі весці статак, але таксама ісці за ім, бо, па яго словах, «статак ведае, куды ісці». Гэтая заява шакіруе. Баюся, што калі і далей будуць працягвацца тыя працэсы, якія распачаліся пасля публікацыі адгартацыі, то гэта скончыцца пратэстантызацыяй каталіцызму.

Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.

Паводле: час. «W drodze»,
№ 2, 2018.


  1. Адкрыты ліст, які падпісалі 62 каталіцкія святары і свецкія вучоныя. Тэкст можна знайсці на www.correctiofilialis.org (16.01.2018).
  2. У дакуменце ад 19 верасня 2016 г. кардынал звяртаецца да 351-й спасылкі з адгартацыі, дзе гаворыцца пра допуск да поўнага ўдзелу ў Эўхарыстыі разведзеных людзей, якія ўступілі ў новыя саюзы. Кардынал каментуе яе наступным чынам: «У гэтым выпадку Папа выкарыстоўвае ўмоўны лад, таму не сцвярджае, што ўдзяленне сакрамэнтаў — належнае права ў дачыненні да такіх людзей, хоць і не выключае гэтага ў некаторых выпадках і пры адпаведных акалічнасцях». Такі падыход не супярэчыць існуючай практыцы Касцёла, угрунтаванай на прадпісаннях «Familiaris consortio» Яна Паўла ІІ.
  3. Кардынал Э. Антанэллі ў інтэрпрэтацыі «Amoris laetitia» паспрабаваў узгадніць яе пасыл з традыцыйнаю дактрынаю Касцёла. Свае разважанні ён выклаў у кнізе «Per vivere l’Amoris laetita» (Edizioni Ares, 2016) і дзвюх чарговых публікацыях, даступных на электронных старонках Папскай рады па справах сям’і ў некалькіх моўных версіях.
  4. Дакумент называецца «Embracing the Joy of Love» і даступны на старонцы дыяцэзіі: www.sdcatholic.org/Portals/0/Bishop/Documents/Embracing_the_Joy_of_ Love.pdf?ver=2016-05-09-151145-653 (доступ 17.01.2018).
  5. Дакумент даступны на старонцы archphila.org/wp-content/uploads/2016/06/AOP_AL-guidelines.pdf (доступ 17.01.2018).
  6. M.Borghesi, Jorge Mario Bergoglio. Una biografia intellettuale, Jaca Book, Milano, 2017.
  7. Яны былі пералічаныя ў першай адгартацыі папы Францішка «Evangelii gaudium» («Радасць Евангелля»), апублікаванай у 2013 г. на завяршэнне Году веры. Гэтыя пастулаты гучаць наступным чынам: час важнейшы за прастору (пар. № 222), еднасць важнейшая за канфлікт (пар. № 228), рэчаіснасць важнейшая за ідэю (пар. № 231), цэлае большае за частку і за простую суму частак (пар. № 235).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY