Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Аксана СПРЫНЧАН

НЕБА СЯГНУЦЬ

***
месца
майго нараджэння —
рай
некаторыя
называюць яго
райцэнтр
вядома ж
гэта цэнтральнае месца
на той і на гэтай зямлі
месца
дзе «ц» можа чаргавацца з «т»
бо мой рай — гэта места
(калі афіцыйна)
места —
якое насамрэч — мястэчка
(калі неафіцыйна-ласкава)
мястэчка —
якое таксама і вырай
бо ў яго прыляцела
каб нарадзіцца
і прылятаю
каб адраджацца
вырай
для якога прагнецца быць
лунніцай —
упрыгожаннем-месяцам
унутры якога — сонца
каб ахоўваць
рай, і райцэнтр
і мястэчка, і места
і месца выраю —
Лунінец

***
неба сягнуць
ды не стаць
небасягам
хатай застацца
дзе ў чырвоным куце
беларускі абраз
і ручнік
і здымкі на сцяне
яшчэ не фэйсбучныя
а побач кветкі красуюць
вяртаюць неба
дахаты

***
грушы з дзедавага саду
і яблыкі з мамінага саду
някрамнага выгляду
невядомых гатункаў
без ніякай хіміятэрапіі
і ніводнага продажу
ведама ж, райскія
асвечаныя
Крэўным Храмам
амаль паўстагоддзя
пад дрэвамі роднымі хаджу
і ні грушка, ні яблычак
не выцялі мяне
а толькі клічуць пакланіцца
да зямлі
а толькі ўздымаюць
у неба

***
Мой Бог жыве
Ў маёй Мове
у ёй ёсць усё для жыцця
нехта ў гэта верыць
хтосьці ідзе праз церні
каўчэг над ў нескладовым
не патанае пасля галосных
ён ратуе мяне ад патопу
разам з тымі,
хто сам адчувае,
а не проста за мной паўтарае:
— мой Бог жыве
Ў маёй Мове

***
Скрыжаванне са снежнем —
белым крыжам і чорным.
Скрыжаванне з самотай —
светлым крыжам і цёмным.
Скрыжаванне з Радзімай —
вечным крыжам і буднім.
Скрыжаванне з сабою —
белым крыжам і чорным,
светлым крыжам і цёмным,
вечным крыжам і буднім.
І зноўку ратуюць
     Каляды...

***
у кожную шкарпэтку
якая ёсць у маёй хаце
я кладу падарунак
(не бывае
будзённых шкарпэтак
там, дзе святкуюць Каляды)
і сена, вартае
нараджэння Езуса
і карова,
што святочна стаіць у хляве
а ўлетку хадзіла на пашу
паўз бажніцу
і, пакуль гаспадар жагнаўся,
працягвала перажоўваць
вечнасць
да светлага свята...
Анёлак знойдзе ў шкарпэтцы
калядную зорку-кветку —
валошку,
малаком пачастуе ранак

***
над Свіслаччу вецер такі,
што зносіць
да ратушы белай
мы з ёй разлятаемся
стосам бялюткай паперы
і зноўку вяртаемся
ў сёння
дзе шмат што зжаўцела
чатыры бажніцы,
той самы вятрыска
і рыса надзеі
на роспач
накладзена вета
любоўю і верай

***
Любоў і Сафія
Святлана й Надзея —
прабабкі й бабулі мае
я іх не магла заспець маладымі
яны — пасталелай мяне
Любоў мяне мудрасці змалку вучыла
Надзея — прыносіць святло
Сафія казала:
«Не жыць без надзеі»
Святлана:
«Любоў ёсць усё»
і кожная з іх
мяне верай ахоўвае
ў людзей і жыццё
і кожная з іх
ува мне адзінотай
і пошукам долі сваёй
і пошукам долі маёй

***
Успамінаю цябе,
а ўспамінаецца верш,
вера твая ў мяне,
вярба над вадой замерзлаю...
Успамінаю верш,
а ўспамінаешся ты,
вера мая ў цябе,
галінка, зламаная ў Вербніцу.

***
мой верас
заквітнеў у ліпені
мая вера
квітнее заўсёдна
адначасна падобная
да майго верасу —
у ёй таксама знітаваныя
ліловы колер
надзеі
і мядовы водар
любові


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY