Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Тамара ГАБРУСЬ

ДРАЎЛЯНЫЯ БАЗЫЛІКІ БЕЛАРУСІ

Касцёл у Цімкавічах.
Малюнак Ф. Бруздовіча. 1908 г.

У наш час тытул базыліка надаецца Папам Рымскім найбольш значным рымска-каталіцкім храмам незалежна ад іх архітэктурнага вырашэння. Латэранская базыліка ў Рыме з папскай катэдраю мае тытул архібазыліка, 6 найбуйнейшых сабораў Рыма і Асізі маюць тытул вялікая базыліка, яшчэ 12, падпарадкаваных непасрэдна Папу Рымскаму, завуцца Папскімі базылікамі, а 3 біскупскія — патрыярхальнымі базылікамі. Звыш 1500 паломніцкіх святыняў маюць тытул малой базылікі.

У гэтым артыкуле пойдзе гаворка пра базыліку як старажытны тып збудавання, што мае сваю адметную ўстойлівую архітэктоніку. Вынайдзеныя ў Старажытнай Грэцыі і запазычаныя Старажытным Рымам, у антычным свеце базылікі першапачаткова мелі свецкі характар і прызначаліся для пасяджэнняў судоў і гандлёвых суполак. У класічным варыянце гэта прамавугольны ў плане будынак, падзелены шэрагамі апораў на няцотную колькасць падоўжных памяшканняў-наваў (1, 3, 5), з якіх сярэдняя больш шырокая і высокая за бакавыя і асвятляецца дадатковымі вокнамі ў верхняй частцы сценаў. Азначаная аб’ёмна-прасторавая структура з характэрным рознавышынным светлавым «базылікальным разрэзам» дазваляла рабіць надзвычай умяшчальныя і добра асветленыя ўнутры пабудовы, якія не выпадкова назвалі базылікамі — домам цара (ад наймення візантыйскага імператара — базылеўс), а ў хрысціянскай традыцыі — домам Цара Нябеснага.

Дзякуючы сваёй рэпрэзентатыўнасці і канструкцыйнай дасканаласці, з V ст. базыліка стала асноўным тыпам хрысціянскай архітэктуры лацінскага арэалу. Мастацкі вобраз і сілуэт базылікі абумоўлены, у першую чаргу, яе архітэктонікай, паслядоўным рытмічным крокам апораў і працяглай гарызанталлю даха. Таму ў хрысціянскай сакральнай сімволіцы базыліцы была нададзена семантыка карабля, альбо каўчэга. У кампазіцыі велічнай заходнехрысціянскай базылікі дамінавалі высокая цэнтральная нава і роўная з ёю па вышыні і шырыні папярочная нава (трансепт), што ўтваралі ў верхнім сячэнні збудавання план у форме выцягнутага крыжа, які ў гісторыі архітэктуры вызначаны як лацінскі. Упершыню гэтая кампазіцыя з’явілася пры будаўніцтве ў пачатку ІХ ст. на месцы антычнага цырка імператара Нерона рымскай базылікі св. Пятра. Сяродкрыжжа, як і астатнія прасторавыя ячэйкі паміж апорамі, перакрывалася крыжовым скляпеннем, а звонку акцэнтавалася востраверхім шатром.

У архітэктуры сярэднявечнай Італіі базылікі мелі бязвежавыя галоўныя фасады, якія выяўлялі характэрны базылікальны разрэз збудавання. Побач ставілася высокая вежа-кампаніле квадратнага сячэння. У архітэктуры Сярэднявечнай Францыі, Германіі і іншых цэнтральнаеўрапейскіх краінаў падоўжную дынаміку базылікі з заходняга боку спыняў высокі і вузкі аб’ём уваходнага нартэкса з адной цэнтральнай вежай-вестверкам ці двума сіметрычнымі бакавымі вежамі, увенчанымі высокімі шатрамі. Відавочна, што ў гісторыка-культурным кантэксце мастацкія формы храмабудаўніцтва былі абумоўленыя архітэктурнай традыцыяй, магчымасцямі будаўнічага рамяства і рэлігійна-канфесійнымі канонамі.

З’яўленне базылікі ў сакральным дойлідстве Вялікага Княства Літоўскага было вынікам кардынальных сацыяльных зменаў, хрышчэннем насельніцтва этнічнай Літвы ў каталіцтва ў 1387 г., а таксама пашырэннем дзейнасці каталіцкіх жабрацкіх ордэнаў бэрнардынаў і францішканаў. Першыя мураваныя базылікі гэтых ордэнаў з выразнымі рысамі заходнееўрапейскай готыкі з’явіліся ў Вільні і Коўне. На тэрыторыі сучаснай Беларусі ўзвядзенне першай мураванай базылікі — фарнага касцёла ў Гродне — фундаваў у 1574 г. кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, які меў у гэтым горадзе рэзідэнцыю. У гісторыі Беларусі гэтая базыліка вядомая як фара Вітаўта, што сведчыць пра заснаванне каталіцкай парафіі на мяжы XIV–XV стагоддзяў. У архітэктуры гэтай святыні з магутнай вежай-вестверкам на галоўным фасадзе спалучыліся рысы мясцовай готыкі і італьянскага рэнесансу. Яе стваральнік, італьянскі архітэктар Джавані Марыя Бернардоні, манах ордэну езуітаў, запрошаны з Рыма «некаранаваным каралём» Вялікага Княства Літоўскага князем М.-К. Радзівілам Сіроткам, у хуткім часе пабудаваў у Нясвіжы, цэнтры княжацкай ардынацыі, яшчэ адну базыліку — касцёл Божага Цела (1587–1601 гг.), які стаў першым творам архітэктуры барока ў Рэчы Паспалітай.

Стыль барока нарадзіўся ў Італіі ў храмабудаўніцтве ордэну езуітаў, улюбёным архітэктурным тыпам якога была крыжова-купальная базыліка з бязвежавым фасадам, побач з якой звычайна стаяла высокая вежа-званіца — кампаніле. Па ўзоры італьянскіх сабораў нясвіжскі касцёл езуітаў атрымаў вялізны купал на сяродкрыжжы, які дамінаваў над нізкай драўлянай забудоваю мястэчка, але не меў высокіх вежаў на галоўным фасадзе. Побач з касцёлам была пастаўлена масіўная мураваная вежа-званіца крапаснога тыпу. Неспрактыкаванасць мясцовых майстроў у справе ўзвядзення з цэглы купалоў вялікага пралёту, абрушэнне купала падчас будаўніцтва базылікі св. Казіміра ў Вільні прывялі да вельмі асцярожнага іх выкарыстання, таму на працягу XVІІ–XVІІІ стст., у эпоху панавання стылю барока, на беларускіх землях найбольшае пашырэнне атрымалі класічныя прамавугольныя ў плане бяскупальныя базылікі, альбо лацінскія (з планам у выглядзе крыжа) з магутным паўкруглым прэзбітэрыем у завяршэнні цэнтральнай навы.

У перыяд ранняга барока каталіцкія базылікі Беларусі мелі бязвежавыя галоўныя фасады, што выяўляе іх італьянскі генезіс. Але паступова ва ўзаемадзеянні з заходнееўрапейскімі тэндэнцыямі і мясцовымі традыцыямі абарончага дойлідства пачаў фарміравацца барочны тып базылікі з двухвежавым фасадам. Пасля крывавай польска-шведска-рускай вайны сярэдзіны XVІІ ст., названай у народзе «патопам», у сацыяльным жыцці Рэчы Паспалітай пашырылася ідэалогія сарматызму, статуснага мясцовага патрыятызму, што адбілася на архітэктурных формах каталіцкага храмабудаўніцтва. Канцэптуальнае мастацка-вобразнае адзінства кампазіцыйных, канструкцыйных і дэкаратыўных характарыстык шэрагу мясцовых мураваных касцёлаў, пранізаных духам хрысціянскага рыцарства, вызначана намі як сармацкае барока. Найбольш характэрнаю рысаю помнікаў сармацкага барока з’яўляюцца дзве сіметрычныя чацверыковыя (квадратныя ў плане) прызматычныя вежы па баках галоўнага фасада, якія выглядаюць архаічнымі для эстэтыкі Новага часу. У касцёлах перыяду сталага барока галоўны фасад становіцца нечым накшталт шырмы, якая закрывае рэальную будову і надае фасаду сімвалічную знакавасць. У суровых вежах сармацкіх святыняў можна ўбачыць гатычныя рэмінісцэнцыі, рыцарскае духоўнае прадстаянне перад Богам, прыхільнасць да роднай традыцыі (адпаведнасць «свайму небу і звычаю», паводле першага мясцовага архітэктурнага трактата Лукаша Апалінскага) і іншыя сармацкія канцэпты.

Носьбітамі сармацкага светапогляду ў архітэктуры Вялікага Kняства Літоўскага сталі жабрацкія каталіцкія ордэны, місіянерская дзейнасць якіх была скіраваная на сярэднія пласты грамадства — шляхту і заможных мяшчанаў, якія выступалі фундатарамі касцёлаў. Трохнававыя мураваныя базылікі гэтага напрамку часцей мелі прамавугольныя алтарныя апсіды, спрошчаная форма якіх абумоўленая, магчыма, дэклараваннем аскетычнага статусу гэтых ордэнаў. Падкрэсленая вонкавая «жабрацкасць» кампенсавалася складанай прасторава разгорнутай архітэктурнай кампазіцыяй інтэр’ераў з пышнымі барочнымі алтарамі і стукавай ляпнінай (мураваныя базылікі дамініканаў у Мінску, Стоўбцах, кармэлітаў босых у Глыбокім).

Сродкамі культурна-асветніцкай дзейнасці жабрацкіх ордэнаў адбывалася пашырэнне каталіцызму сярод сялянаў, звыш 80% якіх на той час былі грэка-католікамі. Прынамсі на гэтым этапе адбылося творчае злучэнне этнічных прыёмаў драўлянага будаўніцтва са стылёвымі характарыстыкамі прафесійнай мураванай каталіцкай архітэктуры, што на стагоддзі вызначыла самабытнасць беларускага драўлянага сакральнага дойлідства. У першую чаргу гэта прывяло да стварэння традыцыйнага драўлянага храма клецевага тыпу базылікальнай канцэпцыі. Але вобраз і структура ўласна базылікі, шмат’яруснага «карабля-каўчэга», знайшлі і непасрэднае дакладнае ўвасабленне ў драўляным каталіцкім і грэка-каталіцкім храмабудаўніцтве Беларусі. Як не дзіўна, але гэты тып сакральнага збудавання, па сутнасці архетып, зусім не даследаваўся ў гісторыі беларускага драўлянага дойлідства і да гэтага часу не вылучаўся ў навуковай класіфікацыі храмаў. У драўляным дойлідстве суседніх краінаў тып драўлянай базылікі ёсць толькі ў архітэктурнай спадчыне сучаснай Літвы, што не выпадкова з прычыны агульнасці нашага гістарычнага лёсу. Украінскія даследчыкі памылкова адносяць да тыпу базылікі звычайныя клецевыя храмы без унутраных апорных слупоў, абкружаныя абхаднымі галерэямі-апасанямі.

Кожная драўляная базыліка ў храмабудаўніцтве Беларусі вылучалася самабытнымі кампазіцыйнымі варыяцыямі. Найбольш істотнай асаблівасцю для вызначэння тыпалогіі базылікі з’яўляецца «базылікальны разрэз» — розная вышыня наваў у сіметрычным папярочным сячэнні збудавання. У класічным варыянце ён павінен быць светлавым — з вокнамі ў верхняй частцы цэнтральнай навы, але ў айчынных драўляных святынях дахі бакавых наваў часам даводзіліся да карніза цэнтральнай навы, што пакідала яе без верхняга асвятлення. Калі бакавыя навы аб’ядноўваліся з цэнтральнай агульным дахам, сіметрычны рознавышынны папярочны разрэз захоўваўся толькі ўнутры будынка — такі тып збудавання вызначаецца як псеўдабазыліка, якіх у драўляным храмабудаўніцтве Беларусі, магчыма, нават болей, чым базылік класічных.

Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Адэльск (Гродзенскі р-н).

Найбольш характэрны ацалелы помнік тыпу класічнай базылікі — касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Адэльск (Гродзенскі р-н). Каталіцкая парафія была заснаваная тут у 1490 годзе. Першы драўляны касцёл пабудаваны ў 1601 г. па фундацыі караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Існуючы касцёл пабудаваны ў 1784 годзе. Гэта класічная прамавугольная ў плане драўляная базыліка з трансептам, унутраным нартэксам і пяцігранным прэзбітэрыем. Будынак падзелены 10-цю слупамі на 3 навы, вылучаныя аркадамі. Цэнтральная нава накрыта вальмавым дахам і асветлена невялікімі круглымі люкарнамі. Вільчык над нартэксам прарэзвае васьмігранны барабан з фігурнай галоўкай-«банькай». Вузкія больш нізкія бакавыя навы накрыты аднасхільнымі дахамі, якія працягнуты на сіметрычныя прыбудовы, што ўключаюць крылы трансепта і двухкамерныя сакрыстыі. Вертыкальная шалёўка сценаў умацаваная сцяжкамі-«лісіцамі». Аконныя і дзвярныя праёмы маюць арачныя завяршэнні. Унутры над уваходам размешчаны музычныя хоры на двух слупах.

У мястэчку Дзівін (Кобрынскі р-н), акрамя вядомай царквы Параскевы Пятніцы (былой уніяцкай), існаваў драўляны касцёл, заснаваны ў 1660 г. каралём Янам Казімірам Вазам. З інвентара 1830 г. (НБ ВУ, АР, ф. 4, спр. 2170) вынікае, што гэта была трохнававая базыліка з трансептам, перакрытая скляпеннем і з арміраванаю паркетнаю падлогаю.

Драўляны касцёл у Кабыльніку.
Гравюра А. Ромера, 1880 г.

Каталіцкая парафія ў мястэчку Кабыльнік (б. Свянцянскі павет, цяпер г.п. Нарач Мядзельскага р-на) была заснаваная ў 1434 г. князем Андрэем Свірскім. Драўляны парафіяльны касцёл св. Андрэя Апостала, пабудаваны ў 1651 г. і спалены падчас «нашэсця Масквы», быў адбудаваны да 1678 года. Новы драўляны касцёл пабудавалі ў 1736 г. на сродкі ўладальніка маёнтка Марціна Аскеркі, кашталяна наваградскага (адноўлены пасля пажару 1862 г. коштам плябана Людвіка Мініцкага і шляхціца Тытуса Свентаржэцкага). У 1897–1901 гг. драўляны касцёл быў заменены новым мураваным храмам у неагатычным стылі. Выгляд драўлянага касцёла вядомы па гравюры А. Ромера (1880 г.). Касцёл меў развітую аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю трохнававай базылікі з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам. Святыня, паводле інвентара, была «немалых памераў», з трыма алтарамі і старажытным цудатворным абразом Маці Божай. Крылы трансепта, роўнай вышыні з бакавымі навамі, былі накрыты высокімі чатырохсхільнымі гонтавымі шатрамі. Галоўны фасад меў шмат’ярусную будову, што надавала яму вытанчанасць, уласцівую віленскаму барока. Кампазіцыю фасада вянчалі трохвугольны франтон і чацверыкі вежаў з фігурнымі барочнымі завяршэннямі. Зрубава-каркасная званіца, апярэзаная двума паясамі гонтавых прычолкаў і завершаная гонтавым шатром-каўпаком, стаяла на паўднёвы захад ад касцёла (рэстаўравана ў 1925 і 1995 гг., гонт заменены бляшаным пакрыццём).

Каталіцкая парафія ў в. Ставы (Камянецкі р-н) была заснаваная ў 1461 г. Янам і Юрыем Стаўскімі. Драўляны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Якуба, пабудаваны ў 1724 г., у 1739 г. быў асвечаны Луцкім біскупам Ружыцкім. Не існуе. Архітэктоніка храма імітавала класічную базыліку з прамавугольным планам.

Касцёл Узвышэння Св. Крыжа ў мястэчку Ляхавічы (цяпер горад, цэнтр раёна) быў пабудаваны ў 1745 г. і адноўлены пасля пажару ў 1750 г. князем Міхалам Масальскім, у 1863 г. перададзены праваслаўным. Не існуе. Вядомы паводле інвентара 1782 г. і кнігі А. Асяндоўскага «Палессе. Цуды польскія». Архітэктанічна ўяўляў класічную трохнававую двухвежавую базыліку з трохгранным завяршэннем прэзбітэрыя. Інтэр’ер святыні меў багатае ўбранне «сніцарскай работы»: разьбяныя з пазалотаю алтары, табэрнакулюм, канфесіяналы, бронзавыя жырандолі. Цікавасць уяўляла асобна пастаўленая трох’ярусная званіца, якая мела ніжні чацверыковы ярус з шырокім прычолкам, а над ім даволі масіўны глухі васьмярык, завершаны скразным ярусам і вялікім самкнёным купалам.

Драўляны касцёл езуітаў пад тытулам св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску быў пабудаваны ў 1760–1770-я гг. Меў тэктоніку класічнай базылікі (РДАГА. Ф. 2188, воп. 1, спр. 36, л. 1–1 адв.).

У каталіцкай парафіі ў мястэчку Койданава (г. Дзяржынск), якая існавала з 1493 г., акрамя мураванага кальвінскага збору, пазней перабудаванага ў касцёл Міхала Арханёла, быў драўляны парафіяльны касцёл Апекі Найсвяцейшай Панны Марыі, пабудаваны ў 1768 годзе. Трохнававы храм з двухвежавым фасадам-нартэксам меў надзвычай маляўнічыя познебарочныя абрысы франтона і завяршэнні чацверыковых вежаў.

Чарцяжы Траецкага касцёла ў Драгічыне.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў в. Груздава (Пастаўскі р-н) быў заснаваны ў 1529 годзе. У 1773 г. быў узведзены новы храм у выглядзе трохнававай двухвежавай базылікі, істотна перабудаваны на мяжы ХІХ–ХХ стст. у стылі неаготыкі (вядомы паводле фотаздымка Я. Балзункевіча).

Драўляны парафіяльны Троіцкі касцёл у Драгічыне быў пабудаваны ў 1773 г. у стылі позняга барока. Вядомы паводле архіўных матэрыялаў (НГАБ г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 1223). Гэта была класічная трохнававая базыліка з двухвежавым фасадам-нартэксам. Чацверыковыя вежы мелі двух’ярусныя фігурныя купалы-«банькі». Яшчэ адна «банька» мясцілася над прэзбітэрыем, выяўляючы сімволіку Святой Тройцы. Паміж вежамі знаходзіўся «свабодны» франтон з шырокім прычолкам. Сакрыстыі былі ўбудаваны ўнутры бакавых наваў. Сцены мелі вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі і сцяжкамі-«лісіцамі». Інтэр’ер быў падзелены 6-цю слупамі, над уваходам мясціліся хоры.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
ў мястэчку Узда. Фота пачатку ХХ ст.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў мястэчку Узда (цяпер гарадскі пасёлак) быў пабудаваны ў 1798 г. па фундацыі Казіміра Завішы (цяпер выкарыстоўваецца як Дом культуры). Архітэктанічна з’яўляецца трохнававай крыжовай базылікай лацінскага тыпу (цэнтральная нава і трансепт утвараюць у плане на ўзроўні карніза выцягнуты лацінскі крыж). Уваходная частка вырашана вузкім аб’ёмам нартэкса, распластанага па шырыні базылікі (раней завяршалася атыкам і двума чацверыковымі вежамі). Пры перабудовах у ХІХ і ХХ ст. да нартэкса быў прыбудаваны чатырохкалонны мураваны порцік, а да алтарнай часткі — трохгранная мураваная апсіда, зменена канструкцыя дахаў і шалёўка. Унутраная прастора падзелена 12-цю мураванымі калонамі з вылучэннем наваў, сяродкрыжжа і музычных хораў, на якіх раней быў арган на 11 галасоў. На алтарнай сцяне знаходзілася аптычная размалёўка з выяваю барочнага алтара. Паводле вобразна-кампазіцыйнага вырашэння помнік мае агульныя рысы з касцёлам Міхала Арханёла ў Цімкавічах Капыльскага р-на, што з прычны іх рэгіянальнай блізкасці дазваляе гаварыць аб лакальнай школе драўлянага храмабудаўніцтва.

Каталіцкая парафія ў Цімкавічах была заснаваная ў 1560 г. князем Янам Сымонам, сынам Юрыя І Алелькі, уладальніка ўдзельнага Слуцкага княства. У 1580 г. тут быў пабудаваны першы драўляны касцёл, асвечаны ў гонар Міхала Арханёла Віленскім біскупам Юрыем Радзівілам. У 1647 г. на яго падмурку пабудавалі новы касцёл па фундацыі падканцлера літоўскага Казіміра Льва Сапегі. Пазней будынак касцёла неаднаразова аднаўлялі, асабліва істотна ў пачатку ХХ ст., але пасля Вялікай Айчыннай вайны яго прыстасавалі пад царкву. У 1986 г. храм быў знішчаны пажарам. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка імітавала ў дрэве трохнававую базыліку з трансептам, вызначалася цэласнасцю і маналітнасцю формаў. Вялікі прамавугольны ў плане асноўны зруб падзяляўся двума радамі круглых калонаў (іх было 10) на тры навы, сярэдняя з якіх была вышэй і ўтрая шырэй за бакавыя. Звонку ўсе навы былі накрытыя агульным высокім гонтавым дахам з вальмамі над трохгранным завяршэннем прэзбітэрыя. Дапаможныя памяшканні размяшчаліся па вуглах асноўнага аб’ёма і не выступалі за лінію фасадаў. Дзве сіметрычныя прыбудовы з двухсхільнымі дахамі па баках алтарнай часткі імітавалі трансепт і надавалі плану касцёла выгляд лацінскага крыжа, але не былі адкрытыя ў інтэр’ер храма.

На фасадзе на ўзроўні хораў знаходзіўся балкончык для музыкаў з разьбянаю агароджаю (вежы і балкончык разабралі пры рэканструкцыі касцёла пад царкву). У 1906–1908 гг. над аздобаю інтэр’ера працаваў вядомы мастак з Піншчыны Францішак Бруздовіч (захаваўся яго малюнак святыні), які выканаў выключныя па мастацкіх якасцях арнаментальна-дэкаратыўныя роспісы касцёла. Столь, сцены, слупы, бэлькі — усе драўляныя канструкцыі — цалкам пакрытыя былі шматкаляровым квяцістым «дываном» з выявамі мясцовай флоры. І. Жыскар, складальнік вядомага даведніка «Nasze kościoły» (1913), адзначыў, што «цімкавіцкі касцёл багаццем фарбаў, эстэтычнай гармоніяй, жывой гульнёй паліхроміі стаў для Літвы і Белай Русі тым жа, чым стаў касцёл францішканаў, аформлены Станіславам Выспяньскім для Кракава».

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY