Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Віталь РАВІНСКІ

ЛЕКАР ФРАНЦІШАК СКАРЫНА І ЯГО ЧАС

Невядомы аўтар. «Ампутацыя галёнкі
цырульнікам пад наглядам
дыпламаванага лекара», XVI ст.
Франкфурцкі музей.

Наш славуты суайчыннік Францішак Скарына быў не толькі беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром, асветнікам-гуманістам, грамадскім дзеячам, пісьменнікам, перакладчыкам і выдаўцом першых кніг на нашай мове. Ён быў таксама і прафесійным лекарам, доктарам медыцыны, які ўзняўся на вяршыню еўрапейскага медыцынскага Алімпа.

На жаль, гэты кірунак яго шматбаковай дзейнасці заслонены яго першадрукарствам і застаецца малавядомым з-за недахопу дакументальных сведчанняў.

Каб крыху прасвятліць гэты бок яго дзейнасці, трэба ўявіць сабе той гістарычны перыяд, на які прыпалі гады жыцця і творчасці Ф. Скарыны. А гэта была самая змрочная эпоха за ўсю гісторыю еўрапейскай цывілізацыі, гэта было Сярэднявечча — доўгі перыяд у гісторыі Еўропы паміж Антычнасцю і Новым часам, які цягнуўся больш за тысячу гадоў: ад краху Заходняй Рымскай імперыі ў V стагоддзі новай эры да эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў XVI стагоддзя.

Пачатак Сярэднявечча звязаны з тым, што ў 476 годзе вестготы, што прыйшлі з поўначы Еўропы, разбурылі Рым — Вечны горад, які меў тысячагадовую гісторыю і быў сталіцаю самай вялікай з усіх імперый. Рым быў поўнасцю зруйнаваны: ад двухмільённага насельніцтва засталося каля 20 тысяч жыхароў. На тым Рымская імперыя скончылася. Прышлыя варвары знішчылі ўсю вялікую антычную цывілізацыю Старажытнай Грэцыі і Рыма; адбыўся поўны заняпад навукі, культуры, адукацыі, маралі, права, грамадскага і гаспадарчага жыцця.

Праз Еўропу адна за адной пракочваліся эпідэміі і войны, працягвалася Вялікае перасяленне народаў (готаў, гунаў, цюркаў, арабаў, балгараў, венграў і іншых), узнікалі і гінулі цэлыя імперыі, і гэта адбывалася да пачатку другога тысячагоддзя, якое лічыцца пачаткам позняга Сярэднявечча.

3 XI стагоддзя пачалося станаўленне феадальных манархій і аб’яднанне Заходняй Еўропы пад уладаю Апостальскай Сталіцы, якая на стагоддзі зойме вызначальнае месца ва ўсіх галінах еўрапейскага жыцця, ахапіўшы і мараль, і палітыку, і навуку, і мастацтва, і адукацыю.
  
Гер Ван Хонтхорст.
«Вырыванне зуба», 1628.
Луўр, Парыж.
Еранім Босх.
«Выманне каменя глупства
(трэпанацыя чэрапа)», 1494.
Музей Прада ў Мадрыдзе.

У той час важную ролю ў распаўсюджанні касцёльнага ўплыву адыгрывалі кляштары: яны былі буйнымі землеўладальнікамі, умацаванымі крэпасцямі і асяродкамі культурнага жыцця. Святары былі больш адукаванымі людзьмі ў параўнанні з насельніцтвам, і нават сярод манархаў і князёў пісьменныя людзі былі тады рэдкасцю...

Тым часам у Еўропе адбываўся хуткі рост гарадоў. Іх насельніцтва складалася з самых адчайных і вальнадумных элементаў грамадства. У гарады беглі прыгонныя сяляне, жабракі, туды цягнулася моладзь, людзі з авантурыстычным складам характару, збяднелыя феадалы. Узнікалі новыя віды дзейнасці, якія патрабавалі актыўнасці, спараджалі рацыяналістычны падыход да жыцця.

Гараджане аб’ядноўваліся ў камуны, стваралі свае органы самакіравання, вялі барацьбу за вызваленне ад феадальнай улады ці ўлады манастыра, на землях якіх яны жылі. Паступова гарады станавіліся апірышчамі каралеўскай улады, выплочвалі ёй падаткі і атрымлівалі ўзамен пэўныя льготы.

У ХІ–ХІІІ стагоддзях пачала пашырацца адукацыя, якая ўсё больш адыходзіла ад рамак багаслоўя. Арганізацыя гарадскога жыцця дыктавала патрэбу ў адукаваных людзях. Павялічвалася колькасць школаў пры касцёлах і саборах, з’яўляліся гарадскія і прыватныя школы. Узнікненне попыту на юрыстаў, натарыусаў, медыкаў, святароў прывяло да новай формы адукацыі ў выглядзе ўніверсітэтаў.

Першым універсітэтам Заходняй Еўропы быў Балонскі, заснаваны ў 1088 годзе. Праз стагоддзе адчыніўся Парыжскі ўніверсітэт, затым іншыя, і да пачатку XVI стагоддзя ў Еўропе дзейнічала ўжо больш за 60 універсітэтаў, у тым ліку ў Польшчы Кракаўскі ўніверсітэт, у якім восенню 1504 года 14-гадовым хлапчуком пачаў вучыцца Францішак Скарына.

Універсітэт у сталіцы Польскага Каралеўства — Кракаве, быў заснаваны ў 1364 годзе Казімірам Вялікім, а ў 1400 годзе кароль Ягайла значна пашырыў гэтую ўстанову, і пазней яна атрымала сваю другую назву — Ягелонскі ўніверсітэт. Статус універсітэтаў грунтаваўся на адноснай незалежнасці ад мясцовай свецкай і духоўнай улады.
  
Невядомы аўтар.
«Лекцыя па анатомii
Джона Баністэра», 1581.
Музей Глазга.
Гравюра невядомага аўтара.
«Кровапусканне».

Далучыцца да навукі тады мог любы жадаючы, незалежна ад паходжання, забяспечанасці і становішча ў грамадстве, калі ён быў мужчынскага полу, меў пэўную колькасць грошай і ведаў латынь, на якой вялося навучанне ва ўсіх універсітэтах Еўропы. У часы Ф. Скарыны ў Кракаўскім універсітэце вучылася каля 9 тысяч студэнтаў, з якіх больш за палову былі іншаземцамі.

Пачаткоўцы без іспытаў залічваліся на факультэт вольных мастацтваў, які лічыўся падрыхтоўчым. На ім праз два-тры гады вучобы можна было атрымаць званне бакалаўра вольных навук, і яшчэ праз два-тры гады — ступень магістра. Для атрымання ступені бакалаўра ці магістра студэнт мусіў прайсці вельмі складаныя іспыты. Звычайна з сотні залічаных на навучанне студэнтаў не больш за тры дзясяткі даходзілі да экзаменаў на бакалаўра і толькі пяцёра ці шасцёра з іх з’яўляліся на магістарскі іспыт. Званне магістра вольных навук адкрывала доступ на вышэйшыя факультэты ўніверсітэта — юрыдычны, багаслоўскі і медыцынскі.

Навучанне на медыцынскім факультэце працягвалася тры гады разам з практыкай. Пасля прэтэндэнт таксама здаваў іспыты на бакалаўра, затым на магістра медыцыны, і тыя, хто не меў схільнасці да навукі, маглі пасля гэтага прысвяціць сябе практычнай дзейнасці ў шпіталях ці на прыватных прыёмах.

Для атрымання вышэйшай ступені — доктара медыцыны — трэба было, акрамя практычнай дзейнасці, абараніць доктарскую дысертацыю перад вышэйшым саветам універсітэта. Дысертацыі пісаліся і абараняліся на латыні. За вучобу і за экзамены трэба было плаціць. У XVI стагоддзі ў Парыжы здаць экзамен на ступень магістра мастацтваў каштавала каля 60 ліўраў, а на ступень доктара медыцыны — 880 ліўраў (гэта быў амаль трохгадовы заробак каралеўскага мушкецёра).

Пасвячэнне ў доктары медыцыны заўжды станавілася вялікай падзеяй і для ўніверсітэта, і для ўсяго горада і праводзілася з вялікай пышнасцю, з агульным святкаваннем і карнавалам. Дактароў медыцыны ў той час было няшмат, яны працавалі на кафедрах універсітэтаў, узначальвалі шпіталі, працавалі пры дварах каралёў і магнатаў.

Францішак Скарына пасля двух гадоў навучання на факультэце вольных мастацтваў Кракаўскага ўніверсітэта 14 снежня 1506 года быў адзначаны навуковай ступенню бакалаўра мастацтваў. Наступную ступень магістра і медыцынскую адукацыю ён атрымаў, хутчэй за ўсё, таксама ў Кракаве, дзе былі дзве кафедры медыцыны (але без права выдаваць доктарскія дыпломы).

Ступень доктара медыцыны Францішак Скарына атрымаў у старажытным італьянскім горадзе Падуі, у мясцовым Падуанскім універсітэце. Ён прыбыў туды менавіта для здачы экзамена на гэтую навуковую ступень, пра што сведчыць актавы запіс універсітэта ад 5 лістапада 1512 года...

6 лістапада 1512 года Францішак Скарына прайшоў выпрабаванні, а 9 лістапада перад вучонай калегіяй славутага ўніверсітэта ён бліскуча здаў экзамен на ступень доктара медыцыны. Экзамен адбываўся ў саборы св. Урбана. Як сведчыць дакумент, у гэты дзень ён «быў экзаменаваны асобным і строгім чынам па пытаннях, прапанаваных яму раніцай гэтага дня. Ён праявіў сябе настолькі слаўна і дастойна ў час гэтага свайго строгага экзамену, калі выкладаў адказы на зададзеныя яму пытанні і калі абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны. Яснавяльможны пан віцэ-прыёр Тадэй Мусаці абвясціў яго ўстаноўленым чынам доктарам медыцынскіх навук. Пасля гэтага выдатны доктар мастацтваў і медыцыны пан магістр Барталамей Барызон, прамотар, ад свайго імя і імя калег уручыў яму знакі медыцынскай годнасці».

Дарэчы, тады гэта былі: чорны каўпак з чырвоным пэндзлікам, залаты пярсцёнак — «сымбаль высакароднасці», залачоны пояс да чырвонай мантыі і зборнік твораў Гіпакрата. Так наш вялікі суайчыннік быў далучаны да кагорты найвыдатнейшых мужоў еўрапейскай навукі.

Пасля падуанскага трыумфу Францішак Скарына займаўся лекарскай практыкай і рыхтаваўся да сваёй далейшай кнігавыдавецкай дзейнасці. А ў апошнія гады свайго жыцця Скарына зноў вярнуўся да сваёй першай прафесіі, працуючы ў якасці садоўніка і лекара пры двары караля Чэхіі і Вугоршчыны Фердынанда.

Тагачасная медыцына знаходзілася, на жаль, у бездапаможным стане: тысячагадовы заняпад еўрапейскай навукі, асветы і культуры адбіўся і на ёй самым трагічным чынам. Былі знішчаны і страчаны ўсе навуковыя поспехі і дасягненні часоў Старажытнай Грэцыі і Рыма. Усё трэба было пачынаць нанова.

Навуковым вышукам і адкрыццям вучоных, як і ўвогуле навуцы, ставіла шчыльную заслону Царква. Тое нямногае, што было дапушчана ёю ў якасці кананічных медыцынскіх і багаслоўскіх поглядаў на чалавека і яго хваробы, не магло пераглядацца ў святле новых дадзеных; адступленне ад канонаў лічылася ерассю і жорстка каралася інквізіцыяй. Якраз пры жыцці Францішка Скарыны за такія «правіны» пайшоў на вогнішча Джардана Бруна, прынялі пакутніцкую смерць многія іншыя даследчыкі прыроды, ад сваіх поглядаў адмовіўся пад катаваннямі Галілеа Галілей...

Нават веды пра будову чалавечага цела былі далёкімі ад сапраўднасці і не маглі выпраўляцца, бо анатаміраванне целаў нябожчыкаў (за рэдкімі выключэннямі) забаранялася пад пагрозай смерці. Панавала тэорыя паходжання хваробаў як пакарання за грахі. Тэрапія зводзілася да малітваў, замоваў, амулетаў і рэлігійных пастоў. Шырока ўжываліся толькі клізмы і кровапусканні, а з лекаў — адвары, настоі, прысыпкі і мазі са шматлікіх зёлак, некаторыя мінералы і рэчывы жывёльнага паходжання. Раны прыпальвалі жалезам або залівалі кіпячым алеем ці смалою. Не было ніякага ўяўлення пра мікробы і інфекцыі. Любое сур’ёзнае захворванне ці раненне звычайна заканчвалася смерцю.

Толькі збіранне па крупінках адмысловых ведаў, індывідуальны падыход, увага да пацыента, асабісты вопыт і вялікі прыродны талент дазвалялі найлепшым з тагачасных лекараў аказваць параненым і хворым належную медыцынскую дапамогу. Такія лекары карысталіся ў насельніцтва вялікай прыхільнасцю і павагаю. Ступень доктара медыцыны, якой быў ушанаваны наш знакаміты зямляк, якраз і сведчыць аб такіх яго ведах і здольнасцях.

Да станаўлення прафесійнай медыцыны, што з’явіцца пры Адраджэнні, якое зменіць Сярэднявечча, заставалася яшчэ каля стагоддзя, але, як і айцец медыцыны Гіпакрат у свой час, так і доктар Скарына ў гады Сярэднявечча годна займаўся сваёю высакароднаю справаю.

Ён назаўжды застанецца ў гісторыі нашай Айчыны і ў памяці будучых пакаленняў не толькі вялікім асветнікам і першадрукаром, але і адным з нямногіх у той час па-еўрапейску адукаваных і прызнаных свяцілаў медыцынскай навукі — доктарам медыцыны Францішкам Скарынам з Полацка.

Гл. таксама:
:: ДЗЕНЬ МЕДЫЦЫНСКАГА РАБОТНІКА БЕЛАРУСІ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY