|
|
№
2(84)/2018
Вялікія містыкі
Дыскусія
Пераклады
Асобы
Мастацтва
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці
Паэзія
Успаміны
На кніжнай паліцы
In memoriam
Спадчына
Літаратурная спадчына
Культура
Архітэктура
|
Артур ЛЯШНЕЎСКІ SDB
САЛЕЗІЯНСКАЯ «АТЛАНТЫДА» НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ
Калі чыгункай едзеш з Ліды ў Гродна, у вочы кідаецца маленькая станцыя «Курган». На гэтай станцыі спыняюцца толькі прыгарадныя цягнікі. Цікава, ці задумаўся хто-небудзь, чаму гэтая станцыя знаходзіцца тут, сярод поля, і чаму мае менавіта такую назву?..
Калісьці Курган быў адным з фальваркаў Рэчы Паспалітай і належаў да гміны Тарнова Лідскага раёна. Не было тут шмат жыхароў, але ён яднаў пад сваім крылом шматлікія хутары, рассеяныя па навакольных лясах і палях. Быў тут і двор мясцовай засцянковай шляхты — паноў Жураўскіх1. Гісторыя гэтых дробных магнатаў амаль невядомая, аднак заслугоўваюць увагі апошнія ўладальніцы засценка — сёстры Алена і Марыя Жураўскія. Аднойчы сёстры спаткалі ў Вільні прэлата кс. Караля Лубянца, які намовіў іх ахвяраваць невялічкі маёнтак на Лідчыне Таварыству св. Францішка Сальскага, салезіянам, якія перспектыўна праводзілі выхаваўчую працу ў Вільні ў майстэрнях на вуліцы Добрай Рады2. Сёстры згадзіліся і ў 1925 годзе ахвяравалі фальварак Курган і 110 гектараў зямлі салезіянскаму таварыству, але на ўмовах часовага карыстання, каб дзейнасць ордэну магла атрымоўваць даход ад упарадкавання даручаных іх апецы земляў і праз гэта дапамагаць віленскім салезіянам. У 1932 годзе салезіяне цалкам і назаўсёды купляюць Курган у сясцёр Жураўскіх, і з гэтага моманту паўстае пытанне гаспадарання ў маёнтку. Першай ідэяй было ўтварэнне ў Кургане сірацінца, каб распачаць выхаваўчую дзейнасць сярод бедных мясцовых хлопцаў — ідэя дому для сіротаў і бедных хлопцаў з наваколля была блізкая да першапачатковай думкі святога заснавальніка кангрэгацыі салезіянаў ксяндза Яна Боска. Аднак планы былі хутка змененыя з-за лакалізацыі фальварка: 3,5 км ад чыгуначнай станцыі; 8 км ад пошты і 8 км ад парафіяльнага касцёла, які знаходзіўся ў Белагрудзе. Салезіяне часта наведвалі Курган па справах, звязаных з гаспадарчай дзейнасцю. Яны бачылі вялікую патрэбу душпастырскай апекі для мясцовага люду. Чуткі аб Кургане хутка разышліся па правінцыі салезіянаў, і ў ліпені 1933 года інспектар Варшаўскай інспекторыі, кс. Станіслаў Плывачык SDB, адкрывае ў Кургане філіяльны дом віленскага кляштара салезіянаў, дзейнасць якога скіроўвае на душпастырска-парафіяльную працу. Першым салезіянінам, які прыбыў на новую пляцоўку для працы, быў кс. Ігнацый Васілеўскі SDB. Праз некаторы час да яго далучаюцца каад’ютары — браты ў законе Ігнацый Вольны SDB і Ігнацый Янік SDB3. Такім чынам, тры Ігнацыі распачынаюць салезіянскую дзейнасць. Манахі найбольш займаліся гаспадаркаю і зямельным кіраваннем фальварка, а кс. Васілеўскі пачаў збіраць аўчарню Хрыстовых авечак вакол былога маёнтка Жураўскіх. Сядзібны дом, які атрымалі салезіяне, з’яўляецца творам драўлянага дойлідства, пабудаваным на ўзор тыповых сядзібных гнёздаў дробнай шляхты на нашых землях. Прамавугольны ў плане будынак досыць вялікіх памераў у сярэдзіне фасада мае шырокі порцік на дзвюх парах драўляных калонаў, якія ўзнімаюць трохвугольны франтон. Такі самы порцік знаходзіцца на супрацьлеглым баку будынка. 1 красавіка 1934 года папа Пій ХІ абвяшчае Яна Боска святым, і з гэтай нагоды настаяцелі інспекторыі жадаюць узвесці ў яго гонар касцёл — першы касцёл у Рэчы Паспалітай з такім тытулам. Выбар падае на Курган. Улады ордэну зацвярджаюць рашэнне, і будова пачынае свой рух. Асяроддзе, у якім распачалі працаваць салезіяне ў Кургане, было вельмі ўбогае, таму святыню вырашылі будаваць з матэрыялу, якога было вельмі шмат навокал, — з дрэва. Будаўнічы матэрыял ахвяравалі сем’і Жураўскіх і Кунцэвічаў, а таксама салезіянін кс. Людвіг Гастыла SDB4, настаяцель з Дварца ахвяраваў на новы касцёл дошкі. Будаўніцтва доўжылася ўсяго год, і ўжо 15 кастрычніка 1935 года адбылося яго ўрачыстае асвячэнне, якое здзейсніў Віленскі Мітрапаліт арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Рэктарам новаасвечанага касцёла быў менаваны яго будаўнік — кс. Ігнацый Васілеўскі5.
Касцёл св. Яна Боска ў Кургане быў творам народнага драўлянага дойлідства. Прамавугольны ў плане будынак святыні меў плоскую алтарную сцяну ззаду і невялічкі ганак-бабінец спераду. Будова была накрыта двусхільным бляшаным дахам з сярэдніх памераў вежай-сігнатуркай з боку пярэдняга фасада. Вежачка была накрытая шатровым дахам з мядзяным крыжам у звянчэнні. На вежы знаходзіўся звон пад назваю «Ян Боска», ахвяраваны кс. Войцехам Балавайдрам SDB, які склікаў мясцовых жыхароў на малітву. Сцены касцёла і вежы былі ашаляваныя дошкамі. Па баках алтарнай часткі знаходзіліся дзве сакрыстыі пад аднасхільным дахам. Святыня была ўзнесеная на высокі каменны падмурак з шырокімі сходамі перад уваходам. Унутры прастору касцёла ўпрыгожвалі тры алтары, выкананыя ў салезіянскай майстэрні ў Вільні. У галоўным алтары быў размешчаны абраз Маці Божай Успамогі Хрысціянаў, а ў бакавых — абразы св. Яна Боска і Святой Сям’і6. Плённае душпастырства салезіянаў і прысутнасць у засценку новага касцёла пабуджалі манаскія ўлады да таго, каб зацвердзіць у Кургане новую парафію. Праца салезіянаў была ўзнагароджаная зацвярджэннем у Кургане манаскага дому. Кляштар быў заснаваны Віленскім Мітрапалітам 23 сакавіка 1935 года і кананічна зацверджаны генеральным настаяцелем салезіянаў кс. Пятром Рыкальдонэ SDB 10 чэрвеня 1935 года7. Кс. Васілеўскі ў 1940 годзе пакідае Курган і займае вакантнае месца пробашча ў Ваўкавыску, дзе ён таксама выконваў функцыю дэкана аж да канца Другой сусветнай вайны8. На яго месца ў Курган з Ружанастока прыязджае кс. Юзаф Буяр SDB. Новы апякун курганскай супольнасці старанна намагаецца зарэгістраваць парафію і акрэсліць тэрыторыю душпастырскай апекі салезіянаў на Лідчыне.
Напачатку кс. Буяр пераконвае мясцовых жыхароў аддзяліцца ад касцёлаў у Белагрудзе і Ваверцы, каб далучыцца да касцёла ў Кургане. Праводзяцца размовы і збіраюцца патрэбныя подпісы для Віленскай курыі. Тытул пробашча кс. Юзаф Буяр атрымоўвае ўжо ў кастрычніку 1941 года. Мясцовыя католікі пазітыўна адгукаюцца на прапанову салезіянаў, і ў вельмі хуткім часе вызначаюцца 26 вёсак і хутароў, якія пажадалі адміністрацыйна належаць да парафіі св. Яна Боска. Агульная колькасць душаў курганскай парафіі налічвала 648 чалавек9. Гэта была невялічкая парафія пры салезіянскім кляштарным доме, аднак яе зацвярджэнне ўвесь час адкладалася. Канчатковаму зацвярджэнню парафіі перашкаджае Другая сусветная вайна… У 1941 годзе інспектар салезіянаў звяртаецца да мітрапаліта Ялбжыкоўскага з просьбаю юрыдычнага зацвярджэння парафіі св. Яна Боска ў Кургане і ахвяруе маёнтак на яе патрэбы і ўтрыманне. Мітрапаліт згаджаецца, аднак просіць узвесці патрэбныя для парафіяльнага жыцця будынкі, а таксама зрабіць у Кургане парафіяльныя могілкі10.
Чакаючы рашэння, салезіяне наладжваюць багатае душпастырскае жыццё ў Кургане: катэхізацыю дзяцей і дарослых, рэгулярныя Імшы і набажэнствы ў касцёле; засноўваюць парафіяльны хор; пры кляштары дзейнічае невялічкая школа для хлопцаў, якім салезіяне выкладаюць навукі на ўзроўні гімназіі паводле польскай сістэмы адукацыі. Аднак нямецкая акупацыя спыняе дзейнасць законнікаў і ўсе намаганіі па ўтварэнні парафіі... Кс. Юзаф Буяр разам з іншымі мясцовымі святарамі быў арыштаваны нямецкімі акупантамі ў ліпені 1942 года11. Ксяндзоў размясцілі ў лідскай вязніцы па вуліцы У. Сыракомлі. Вязняў білі і зневажалі. Салезіяніна адведвала ў вязніцы с. Марыя Ліпінская FMA, якая паходзіла з Ліды. У сваім сведчанні яна піша: «Апрача таго, што ўсіх турбавала няпэўнасць заўтрашняга дня, самапачуццё вязняў было добрым. Увесь час размаўлялі на рэлігійныя тэмы і чыталі духоўную літаратуру. Між іншым, з вялікай цікавасцю чыталі біяграфіі св. Яна Боска і св. Марыі Дамінікі Мадзарэлла»12. Святары прадчувалі свой блізкі канец, але духам кожны быў падрыхтаваны. Была агучана дата расстрэлу — 10 сакавіка 1943 года. Кс. Буяр у вязніцы моцна захварэў і падчас транспарціроўкі святароў у грузавую машыну, каб прывезці іх на месца экзекуцыі, страціў прытомнасць. Салезіяніна вярнулі ў вязніцу, дзе ён у пакутах і самоце памёр 16 сакавіка 1943 года. Цела законніка разам з расстралянымі святарамі пахавалі ў супольнай магіле ў Лідзе13.
...Замест кс. Буяра ў Курган прыехаў кс. Францішак Цафалка SDB, але савецкая ўлада не згадзілася на побыт салезіянаў і прымусіла законнікаў пакінуць Курган. У Кургане на той час, апрача кс. Францішка, яшчэ быў каад’ютар Ян Ружыцкі SDB і першая на землях Беларусі салезіянка с. Яніна Вавжыняк FMA, якая прыбыла з Ружанастоку, каб дапамагчы салезіянам у душпастырстве. Законнікі пасля няўдалых перамоваў з уладаю пакідаюць Курган, вывозячы касцёльныя абразы, келіхі і каштоўны інвентар. Курганскі «караван» уцякае ў Ружанасток ля Гродна...14 Выезд салезіянаў з Кургана стаўся пачаткам канца гэтай мясцовасці. Амаль 100 гектараў зямлі — маёмасць ордэну, было канфіскавана савецкімі ўладамі і перададзена мясцоваму калгасу. Касцёл некаторы час стаяў зачынены, аднак атэістычная ўлада доўга не магла цярпець прысутнасці культавага будынка. Згодна з рашэннем сельсавета ў 1960 годзе святыня была разабраная, а з касцёльнага будаўнічага матэрыялу зрабілі клуб у вёсцы Радзівонішкі. Як сведчаць мясцовыя жыхары, у клуб бацькі пускаць дзяцей баяліся, каб Бог не пакараў. Клуб стаяў пусты. Старшыня калгаса, раз’юшаны сітуацыяй, сказаў вяскоўцам разабраць клуб на свінарнікі. Спадарыня Валянціна, жыхарка найбліжэйшай ад Кургана вёскі Радзівонішкі, успамінае: «Бярвення з касцёла мы на хлявы не ўзялі. Я казала людзям, каб бралі святое дрэва і палілі ў печах, каб не дай Божа ў свінарніку не гніло. Памятаю гэты касцёлак і ксяндзоў, што дзяцей вучылі, таксама памятаю. Мы, хоць праваслаўныя, алё ў курганскі касцёлак хадзілі. Добрыя святары там працавалі»15.
Каб на месца знішчанага касцёла людзі не хадзілі маліцца Богу, на дарозе, што вяла да храма і манаскага дому салезіянаў, паставілі кароўнік, які стаіць тут і сёння. Дайсці да курганскага гаю можна толькі праз калгасную ферму альбо праз поле. Сярод дрэваў і дзікіх кустоў віднеецца каменны падмурак і ганак касцёла св. Яна Боска. Побач з падмуркам — магіла забітых немцамі выхаванцаў. Трохі далей ляжаць касцёльныя крыжы з мядзянымі цыбулінамі. Цуд іх захавання — лакалізацыя гаю ў полі без даезду, забытым і зарослым дрэвамі. Нават мясцовыя жыхары маюць клопат, каб паказаць кірунак да курганскага гаю. Крыху далей віднеецца манаскі дом — былы фальварак Жураўскіх. Ён захаваны цалкам — драўляны шляхецкі двор з ганкам і калонамі. Пасля выгнання салезіянаў ён выкарыстоўваўся ў якасці дому для калгаснікаў. Цяпер у доме выбітыя вокны і дзверы. Вакол фальварка — прыродны мур вялізных валуноў па перыметры фальварка. Рассадка дрэваў нагадвае мінулыя алеі і сады, якія даўно здзічэлі... Курган знік з беларускіх мапаў. Цяжка яго знайсці. Аднак, нягледзячы на план камуністаў, якія прагнулі знішчыць усе памяткі рэлігійнасці на гэтай зямлі, памяць аб курганскім касцёле ўвесь час жыве. Жыве таксама памяць і пра законнікаў — духоўных сыноў св. Яна Боска, якія, нягледзячы на перашкоды і цяжкія ўмовы існавання, вырушылі на лідскую зямлю, каб у салезіянскай харызме сеяць Божае насенне. Курган стаў яшчэ адной рэліквіяй беларускай зямлі. Рэліквіяй, якая сведчыць аб тых падзеях нашай гісторыі, калі Бога ў нас з памяці жадалі выдаліць, аднак з сэрцаў выдаліць ім не ўдалося! Падмурак першага ў Рэчы Паспалітай касцёла св. Яна Боска самотна хаваецца ў цені дзікіх кустоў. Выглядае, нібы Хрыстовая грабніца, якая чакае цуду ўваскрасення…
Літаратура:
|
|
|