Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура


Галерэя - дадатак да артыкула
Ігар СУРМАЧЭЎСКІ

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС

Працяг. Пачатак у № 1 (83)/2018.

Наступная ікона ў палескім іканастасе — святы Георгій, святы Юр’я, святы Ягор вясновы (23 красавіка), адзін са знакавых святых Палесся. Ен, як і святы Мікола, мае на год два асноўныя святы. Гэта апякун воінаў, заступнік жывёлы і ўсёй гаспадаркі. Вялікая колькасць абразоў з выяваю святога, магчыма, звязана з тым, што асноўныя іконы ў чырвоны кут купляў гаспадар дома, які выбіраў у першую чаргу свайго апекуна і абаронцу для хатняй гаспадаркі. З вясновага Юр’я па народным календары пачыналася сапраўдная цёплая вясна, таму гэтага святога называлі Юр’я-ключнік — ён «адмыкаў» дзверы для лета. Вясновы Юр’я быў першым днём выпасу хатняй жывёлы, якую выганялі з хлява асвячонымі дубчыкамі-вербамі, пакінутымі з Вербніцы. Вясновая раса на святога Юр’я лічылася цудадзейнаю («ад сямі хваробаў»), і асабліва лекаваю для вачэй. Святы шанаваўся таксама як уладар ваўкоў, галоўных ворагаў хатняй скаціны на выпасе, таму яму маліліся, каб ён «замкнуў» пашчы ваўкам.

За Юр’ем вясновым у народным іканастасе (22 траўня) ідзе святы Мікола вясновы, Мікола вясенні, Мікольшчына. Гэта адзін з самых ушанаваных святых на Палессі, асабліва выява святога арцыбіскупа Мірлікійскага Міколы Цудатворца — заступніка ўсіх простых людзей. «Да Міколы няма дабра ніколі!» — такую прымаўку запісаў у ХІХ ст. на Палессі Адам Кіркор. На вясновага Міколу заканчваліся асноўныя пасяўныя работы, па народным календары лічылася, што пасля гэтага дня ўжо не бывае замаразкаў. Паколькі Мікола вясновы заступнік конюхаў, у гэты дзень паўсюдна заказвалі службы, каб святы Цудатворца ўратаваў коней ад хваробаў, ваўкоў і канакрадаў. У многіх месцах гомельскага Палесся ў гэты дзень адзначалі Мікольшчыну: гаспадар раніцай запрашаў у дом святара, каб адслужыць малебен перад абразом святога Мікалая, а гаспадыня гатавала днём так званы аброчны (абяцаны) абед, на які склікаліся з усёй вёскі калекі і жабракі. Сутнасць абеду была ў тым, што гаспадар дома даваў абяцанне накарміць усіх абяздоленых, каб няшчасці і беды абмінулі яго дом. Абавязковым пачастункам на стале была вялікая міска мёду. У канцы абеду ўсе рабілі з воску адну вялікую «аброчную» свечку, якую ставілі перад абразом святога Міколы. Часам вага такой «аброчнай» свечкі дасягала 30 кг. Яна цэлы год упрыгожвала ікону святога ў адной хаце, а потым у вёсцы вырашалі, хто наступны будзе ўдастоены прыняць да абраза святога Мікалая гэтую вялікую свечку.

Рэдка, але сустракаюцца на Палессі іконы з выяваю нябеснага ахоўніка здароўя, Панцеляймона-лекара. Дзень памяці святога — 27 ліпеня, па народным календары быў апошнім для збору зёлак. Лічылася, што менавіта ў гэты дзень, які называлі «качанны», завязваюцца качаны капусты («На Панцялея капуста ў качаны завіваецца»). У дзень святога Панцеляймона нельга было працаваць у полі, за такую правіну святы мог пакараць навальніцаю і маланкаю, таму яго часам называлі Палікопным, бо ён мог «папаліць копы сена».

Апостал Пётр таксама быў вялікім нябесным памочнікам у летніх працах — валадаром сенакосу і заступнікам касцоў. Таму ў палескім іканастасе ёсць знакавая ікона, прысвечаная першаапосталам Пятру і Паўлу. Іх дзень — 29 чэрвеня, Пятроў дзень. «Святы Пётр у косы звоніць, а святы Паўла граблі робіць», — казалі ў народзе. З Пятрова дня ўжо адчувалася дыханне восені: «Прыйшоў Пятрок — сарваў лісток». У часе летняй працы на сенакосе паміж хлопцамі і дзяўчатамі завязваліся адносіны, якія да Пакроваў маглі прывесці маладых пад вянец. Таму ў народзе існавала прымаўка: «Дзеўка хітра да Пятра» — дзяўчына старалася спадабацца хлопцу падчас сенакосу, каб паспець выйсці замуж увосень. Пра такія адносіны паміж Васілём Дзятлам і Ганнаю Чарнушкаю пісаў Іван Мележ у сваёй выдатнай палескай трылогіі «Людзі на балоце».

Наступны важны хатні памочнік на Палессі ўлетку — святы Ілля, Галляш. Святочны дзень гэтага валадара навальніцаў, маланак і грому — 2 жніўня. Да святога Іллі палешукі звярталіся з малітваю, каб нябёсы паслалі дождж у патрэбны час. Маланкі ў дзень успаміну святога лічыліся цудатворнымі, лекавымі, а дажджавая вада мела аздараўляльную моц, таму яе старанна збіралі і мыліся ёю. Дзень святога Іллі — пачатак восені і зажынак.

З рэдкіх іконаў палескага іканастаса варта адзначыць абраз святога Яна Воіна, успамін якога прыпадае на 12 жніўня. Ад грэцкага слова ἀνίκητος (анікос), што значыць непераможны, святога ў народзе называюць Аніка-воін. Цудатворны абраз святога Яна воіна знаходзіцца ў кіеўскім Сафійскім саборы, таму шанаванне святога асабліва распаўсюджана на ўкраінскім Палессі. Да святога звяртаюцца з малітваю ў пошуку родных, якія прапалі без вестак, каб знайсці згубленую рэч, засцерагчыся ад злодзеяў.

Шмат захавалася палескіх абразоў, дзе намаляваная яшчэ адна пара святых — гэта візантыйскія святыя воіны Флор і Лаўр, Хрол і Ягор’я. Па гадавым сонцавароце іх дзень — 18 жніўня. Святыя Флор і Лаўр лічацца заступнікамі коней. «Гаспадарка без каня, што дом без страхі», — так кажуць на Палессі, таму ў чырвоным куце палескай хаты былі іконы з выяваю гэтых заступнікаў коней. Хролаў дзень яшчэ называлі «конскім святам». У гэты дзень коней крапілі святою вадою «ад усялякага ліха», кармілі іх уволю і не выганялі на працу, бо «на Хрола і Ягор’я ня жнуць і ня пашуць». Флор і Лаўр — абаронцы палешука і ў «вераб’іную ноч», якая прыпадае на апошнія жнівеньскія дні. Гэта ноч з моцнаю навальніцаю і маланкамі, час разгулу нячыстай сілы. Народная назва трымалася на павер’і, што ў гэтую ноч «нячысцік» мерае вераб’ёў: хто з птушак не ўвайшоў у меру — таго адпускае на волю, а пакаранне вераб’і атрымалі за тое, што, паводле старажытнага падання, падчас укрыжавання Збаўцы падносілі ў дзюбках цвікі рымскім жаўнерам. Чалавек, забіты маланкаю ў «вераб’іную ноч», лічыўся чараўніком і яго хавалі на раздарожжы без крыжа.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY