Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Ганна ШАЎЧЭНКА

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»


Пра новую кнігу вершаў кс. Яна Твардоўскага
ў перакладзе на беларускую мову
(Мінск, «Про Хрысто», 2018)

Пакуль я чытала новую кнігу святара-паэта Яна Твардоўскага «Powiedzcie to dalej. Перакажыце гэта далей», сама натхнілася на некалькі вершаў на хвалі лаканічнага і простага, адначасова крыху наіўнага і такога незвычайна глыбокага стылю даўно любімага намі аўтара, кнігі якога ўжо выходзілі ў перакладзе на беларускую мову. Справа ў тым, што як толькі разгортваеш новую кнігу пад чыста сіняю вокладкаю, якая аддае прывабным лагодным бляскам, і прабягаеш вачыма па яе радках, душа адразу адгукаецца моцным рэзанансам на адкрытыя паэтам пачуцці, на яго мудры роздум...

Кнігу не хочацца выпускаць з рук, пакуль не прачытаеш усе яе старонкі, верш за вершам на беларускай мове (у перакладзе паэткі і пісьменніцы Крыстыны Лялько) і паралельна на польскай — у арыгінале. Паўсотні вершаў, выбраныя для гэтай кнігі, «выкліканыя адносінамі з Богам і самымі рознымі станамі чалавечай душы: любоўю, адзінотаю, цярпеннем, роспаччу, тугою, страхам перад прамінаннем і смерцю, а таксама надзеяй», — напісала ў прадмове да кнігі Аляксандра Іваноўская. Аднак пасля інтымнай паэтычнай «размовы» з паэтам і акунання ў глыбіню яго перажыванняў і цярпенняў у душы запаноўвае невыказны Боскі спакой. Менавіта гэтак «спрацоўваюць» структура і стыль вершаў ксяндза Яна, бо ў многіх з іх ёсць адна важная асаблівасць: у творы аўтар шукае не самога сябе, не спосабаў выражэння сваіх эмацыйных станаў, а Бога… І знаходзіць…

Праз якія сродкі гэта найчасцей праяўляецца? Ксёндз Твардоўскі будуе свае мастацкія вобразы на кантрастах — не зусім на такіх, якія мы прызвычаіліся бачыць у хрысціянскім жыцці, бо ў яго няма рэзкага супрацьпастаўлення белага і чорнага, святога і грэшнага, нябеснага і пякельнага, як гэтага можна было б чакаць ад святара-паэта. У ксяндза Яна ёсць жывы, слабы, часам разгублены, чымсьці ўражаны або захоплены лірычны герой. Ён глядзіць у вочы сваёй адзіноце, сваёй роспачы і нават размаўляе з імі як з жывымі істотамі, нібы спрабуючы знайсці паразуменне («Ода роспачы», «Прыйшла»); у самых крайніх сітуацыях ён разбурае пэўныя рэлігійныя стэрэатыпы і ў іх аскепках знаходзіць сэрца жывой веры («Просьба», «Малітва», «Тэорыі»). Акрамя таго, ксёндз Твардоўскі нярэдка глядзіць на жыццё з пэўнай далёкай перспектывы: праз прызму ўспаміну, часу і нават цэлай вечнасці («Рахунак для дарослага», «Не магу трапіць», «Каля дома», «Перакажыце гэта далей»). У безнадзейнасць ён удыхвае надзею, у бязвер’і бачыць пачатак веры і нават калі не спрабуе знайсці для сябе або чытача суцяшэнне і сэнс у цярпенні, усё роўна супакойвае сваім уменнем убачыць праблему ў адпаведным, Боскім, святле, калі звяртаецца да Пана ў паэтычным слове: «Напэўна засмучаюць Цябе людзі // якія быццам катэхізіс // на кожнае пытанне // абавязкова павінны знайсці адказ».

У размове з чытачом Ян Твардоўскі захапляе сваім шчырым гумарам і глыбокім айцоўствам. Як мудры бацька мае да кожнага дзіцяці індывідуальны падыход, так і аўтар кнігі пазбягае пафаснага рэлігійнага фундаменталізму, універсалізму і да кожнага чытача — у пэўным сэнсе свайго духоўнага дзіцяці, — адрасуе верш, які закране цябе ў самую патрэбную хвіліну і за самую нацягнутую струну душы… У вялікай ступені гэта дасягаецца дзякуючы ўвазе да дэталяў: ксёндз Ян умее падкрэсліць іх важнасць, адметнасць, праўдзівасць, хоць часам і не валодаюць яны пэўнымі рысамі «правільнасці» і прызнанай «прыгажосці». Напрыклад, лёгка захапляцца чароўнымі барокавымі анёлкамі і вышыванымі сурвэткамі, але да шчырай малітвы чамусьці натхняе «Панна Святая намаляваная ў сшытку дзіцячай рукою»; Пан Езус, паказаны на крыжы з рукамі, «наўмысна задоўгімі», «ранамі глыбейшымі і завялікімі нагамі», таму Ян Твардоўскі прагне, каб не было ў касцёле «святых непадобных да сябе саміх» і «прывабнага з гладкаю фрызураю Пана Езуса толькі для прыстойных людзей» («Кажуць», «Просьба»).

Езу Журботны
наперакор усім
без парасона пад дажджом
з голымі каленьмі
слабы бо бесстаронні
нясмелы як паэт-дэбютант
з просьбаю быць прасцейшымі
адзінокі бо зроднены са светам…

Працытаваныя радкі з верша «Малітва», як і многія іншыя строфы ксяндза Яна Твардоўскага, нібы разбураюць у душы традыцыйны вобраз Бога-наглядчыка і каральніка. На змену гэтаму ўяўленню пра далёкага і суровага Суддзю прыходзіць простая і шчырая любоў, з якой і нараджаецца непарыўная інтымная сувязь з сапраўдным Нябесным Айцом, бо Ян Твардоўскі падобнымі вобразамі нязмушана адкрывае нашыя балючыя раны і пускае ў іх Бога…

Вяртаючыся да цытаты, звернем асаблівую ўвагу на яе перадапошні радок. Просьба «быць прасцейшымі», наўпрост ці ўскосна ўплеценая амаль у кожны верш Яна Твардоўскага, становіцца выразнаю асаблівасцю яго стылю і яго творчых пошукаў. Бог, «у тэалагічных вучэльнях разгляданы // дацэнтамі пілаваны // вернікам на доказы разабраны», насамрэч дазваляе сябе знайсці ў самых простых рэчах, у наіўных слязах, гіяцынце і нават у любаванні палявым конікам («Прыватныя ўрокі», «Малая літанія», «Тэорыі»). Любоў і вера, як сцвярджае Ян Твардоўскі, не знойдуць апоры ў мудрагелістых тэорыях і трактатах — яны ўмацоўваюцца «ўпоцемку», у нашай слабасці і бяссіллі…

Менавіта гэтага мы больш за ўсё баімся ў жыцці, але ксёндз Ян Твардоўскі наўмысна глядзіць у вочы сваім — і адначасова нашым — страхам. Як пярлінку з ракавіны, «дастае» ён пацеркі балючага і каштоўнага досведу са сваёй бездапаможнасці. Аднак лірычны герой не стогне над сваім лёсам, як праведны мучанік, а проста адкрывае хараство там, дзе ўсе бачаць страшыдла:

Бедная роспач
прыстойнае страшыдла
даймаюць цябе тут без меры
маралісты падстаўляюць падножкі
штурхаюць аскеты
дактары лекі прапісваюць каб цябе пазбыцца
грахом цябе называюць…

Незвычайныя гэта, нават незямныя справы — перастаць зацыклівацца на цяжары свайго цярпення і болю, а пачаць шукаць у іх сэнс і глыбіню… Аднак, па словах Яна Твардоўскага з працытаванага вышэй верша «Ода роспачы», без гэтага жыццё — як «мастацтва без чалавека». Таму ў паэта вельмі часта некаторыя вобразы і жыццёвыя з’явы тояць у сабе дваісты сэнс, часам нават супярэчлівы: «распалавіненая радасць», «шчасце што раптам раздзерлася пасяродку», «маўчанне падчас размовы», «блізкія што потым здаюцца чужымі». І, нібы падагульняючы ўсе свае папярэднія паэтычныя развагі, у апошнім вершы кнігі «Лек» ксёндз Ян мудра ўздыхае:

не перажывай
бяссэнсіца таксама лечыць

Важна тое, што перакладчыца Крыстына Лялько захавала моўна-стылёвыя асаблівасці вершаў кс. Яна Твардоўскага, перадала іх спакойна-медытатыўную рытміку, інтанацыйна падкрэсліла важныя сэнсавыя элементы і — відавочна — пачуццёва адгукнулася на кожны радок святара, палюбіла яго вершы і ўжо не ўпершыню змагла перадаць гэтую любоў чытачу. Таму пасля прачытання кнігі адразу ж хочацца зрабіць тое, да чаго аўтар заклікае на самой вокладцы: «Перакажыце гэта далей». Бо натхненне нараджае натхненне, шчырасць выклікае шчырасць, а любоў нараджае любоў…

Ганна Шаўчэнка


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY