Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Мары-Крыстын Расіён — абатыса бэнэдыктынскага кляштара Найсвяцейшай Багародзіцы супакою ў Льежы (Бельгія). Нарадзілася ў 1937 г. у Брусэлі. Атрымаўшы дыплом выкладчыка пачатковай школы, у 1963 г. уступіла ў бэнэдыктынскі ордэн і стала дырэктарам пачатковай школы пры абацтве. У 1987 г. была выбраная на пасаду абатысы. З’яўляючыся чальцом Шэўтонскай групы, арганізаванай мужчынскім бэнэдыктынскім кляштарам Шэўтона з мэтаю паглыблення сувязяў з праваслаўем, двойчы наведвала Беларусь. Для адной з канферэнцый у 2005 г. быў падрыхтаваны рэферат, прысвечаны Хільдэгардзе Бінгенскай.
 
Мары-Крыстын Расіён

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ

На пачатку ХІІ стагоддзя Германія перажывала неспакойныя часы. У абедзвюх руках яна трымала па мячы: з аднаго боку — меч імперыі, а з іншага — папства, прычым і імператар, і Папа меркавалі, што атрымалі сваю ўладу ад Бога. Адсюль вынікала іх супрацьстаянне, якое дасягнула найбольшага напружання ў спрэчцы аб інвестытуры. Інвестытура — цырымонія, у ходзе якой уладар перадае біскупу сімвалы ягонай улады: біскупскае жазло і пярсцёнак. [У рэшце рэшт свецкая інвестытура была скасаваная, і права прызначаць біскупаў было замацаванае за Папам. — Заўв. пер.] У гэткі няпросты час у 1098 г. у Бермшэйме ў Рэйландзе (сучасная Германія) нарадзілася Хільдэгарда Бінгенская.

Гэтая выдатная непаўторная жанчына была наватарам у многіх сферах: навуцы, медыцыне, музыцы, багаслоўі. Апроч гэтага, з самага юнацтва яна пачала бачыць духоўныя візіі. Можна сцвярджаць, што яна стала адным з першых фітатэрапеўтаў у сучасным разуменні гэтага слова, бо шырока выкарыстоўвала расліны з лекавымі мэтамі. У тыя часы пісьменнасць была даступная нешматлікім жанчынам і Хільдэгарду называлі Рэйнскай Сібілай. Няма сумнення, што па маштабе ўплыву на культурнае жыццё Германіі гэтую знакамітую жанчыну можна параўнаць з такімі асобамі, як Мейстэр Экхарт, Дзюрэр і Бетховен.

Хільдэгарда належала да вядомага роду землеўладальнікаў, яна была дзясятым дзіцем у сям’і. Калі дзяўчынцы споўнілася 8 гадоў, бацькі вырашылі прысвяціць яе Богу і аддалі ў кляштар як дзесяціну. Хільдэгарду даверылі апецы манашкі-пустэльніцы Юты фон Шпанхайм, чый скіт падпарадкоўваўся бэнэдыктынскаму мужчынскаму кляштару Дзізібодэнберга. Дзякуючы гэтаму распаўсюджанаму звычаю дзяўчаты маглі атрымліваць выхаванне ў духу статута святога Бэнэдыкта, вывучаць асновы Святога Пісання і богаслужэння.

Хільдэгарда Бінгенская.
Яшчэ амаль дзяўчынкаю, ва ўзросце 15–18 гадоў, Хільдэгарда з дазволу Юты дала манаскія абяцанні ў бэнэдыктынскім ордэне. Слабая і хваравітая, яна, на першы погляд, вяла звычайнае манаскае жыццё, але ўжо тады мела звыш духоўныя візіі, пра якія нікому, апроч Юты, не распавядала, а тая, у сваю чаргу, падзялілася гэтаю важнаю таямніцаю з манахам Вольмарам з Дзізібодэнберга, які пазней стаў сакратаром Хільдэгарды.

У 1136 г. Хільдэгарда была выбрана абатысаю свайго кляштара і займала гэтую пасаду да смерці ў 1179 годзе. З часу выбрання ёй давялося весці больш актыўнае жыццё, напоўненае вялікімі выпрабаваннямі.

У 1141 г. яна атрымала духоўнае ўказанне запісваць свае візіі і з дапамогаю Вольмара пачала пісаць «Scrivas», кнігу візій, але ніколі не пераставала сумнявацца, ці варта гэта рабіць. Хільдэгарда звярнулася па параду да Бэрнарда Клярвоскага і папы Яўгена ІІІ. Яны ўхвалілі гэтую справу, і Хільдэгарда працягвала запісваць візіі і свае разважанні пра іх.

Атрыманая з розных крыніцаў падтрымка дадала Хільдэгардзе смеласці падпарадкаваць жыццё духу сваіх візій і, як ні парадаксальна, дазволіла стаць больш адкрытаю для знешняй дзейнасці. Яна стала весці вялікую перапіску з Папам, многімі кардыналамі і біскупамі, імператарам і іншымі каралямі Еўропы; заснавала новы кляштар у Руперсбергу, дзе жыла з 1150 г., і яшчэ адзін кляштар у Эйбінгене, які рэгулярна наведвала. І дагэтуль у бэнэдыктынскім кляштары Эйбінгена не перарываецца манаская духоўная традыцыя і працягваецца малітоўнае жыццё.

Хільдэгарда здзейсніла мноства апостальскіх падарожжаў па Германіі, наведваючы кляштары і сустрэчы духавенства. Часам ёй нават даводзілася выступаць з публічным прапаведаваннем, падтрымліваючы тых, хто з дапамогаю рэформаў імкнуўся змагацца з бязладдзем у жыцці Касцёла. Яна энергічна далучалася да рэлігійных і палітычных спрэчак, якія выбухалі ў тыя часы. Усё гэта адбывалася паміж 52-м і 81-м гадамі жыцця манашкі. Гэта бачны бок незвычайнага жыцця Хільдэгарды, а яе ўнутранае жыццё было яшчэ больш насычаным, яе духоўны шлях стаў шляхам узрастання ў веры. Духоўныя візіі сталі выпрабаваннем манахіні і змушалі яе да няспыннага пераадолення сябе.

Хільдэгарда, вымушаная пакінуць спакой кляштарных сценаў, у духоўным і літаральным сэнсе імкнецца да жыцця, якое б найбольш адпавядала евангельскаму ідэалу. Ёй давялося сутыкнуцца ў гэтым з інертнасцю розных установаў, коснасцю чыноўнікаў, часам яна коштам неімаверных высілкаў і пакутаў вяла сапраўдныя баі, больш нагадваючы старазапаветных прарокаў, а не манашку, якая атрымлівае нябесныя аб’яўленні. Напісаныя Хільдэгардаю творы, заснаваныя ёю кляштары, здзейсненыя падарожжы, прапаведніцтва сталі адказам на Божы заклік, які яна неадольна адчувала ў сабе і якому, прайшоўшы праз пакуты сумневаў, падпарадкавалася. Яе жыццё і творчасць злучаюцца ў адзінае сведчанне, пра якое бывае няпроста распавесці яшчэ і з той прычыны, што Хільдэгарда звярталася да сваіх паплечнікаў, айцоў і братоў у веры, у якіх яна мусіла б знаходзіць разуменне і падтрымку, але якія сваёю пасіўнасцю і цвердалобасцю часта пакідалі яе ў адзіноце.

Творчасць Хільдэгарды манументальная і па аб’ёме, і па шырыні закранутых тэмаў. Гэта і апісанні раслінаў і мінералаў, даследаванні па экзэгетыцы і агіяграфіі, богаслужбовыя паэтычныя тэксты і высокія містычныя аб’яўленні. Гэтая разнастайнасць не павінна хаваць ад нас сапраўднага глыбокага адзінства ўсёй творчай спадчыны Хільдэгарды, бо ўсе яе працы прасякнутыя імкненнем знайсці Бога, спазнаваць і сузіраць Яго, зразумець задуму Яго стварэння і збаўлення, каб пасля апяваць і ўзвялічваць Яго. Можна сказаць, што Хільдэгарда стварыла сапраўдную Боскую сімфонію. Яна, адна з найвыдатнейшых пісьменніц Сярэднявечча, называла сябе «пяром, якім водзіць Божае дыханне».

Літаратурная спадчына Хільдэгарды ўключае працы па прыродазнаўстве і медыцыне, лісты, каментары, агіяграфічныя тэксты, паэмы, апісанне візій.

Прыродазнаўчыя і медыцынскія творы выклікалі і дагэтуль выклікаюць захапленне і энтузіязм. Вялікая частка працы «Прычыны і лекаванне» прысвечаная разважанням у галіне касмалогіі і антрапалогіі, «Кніга таямніцаў прыроды, або фізікі» таксама ў большай ступені з’яўляюцца спробаю разгадаць задуму стварэння, чым зборам рэцэптаў. Тут можна правесці паралель творчасці Хільдэгарды з тым, што святы Максім Спаведнік гаварыў пра сузіранне logoi — сэнсаў створанага свету. На думку Хільдэгарды, патаемны сэнс заключаецца ў гаючых і жыватворных для чалавека ўласцівасцях раслінаў, пладоў і жывёлаў. Кожны прыродны элемент мае свой лекавы або шкодны ўплыў, і працы маці абатысы вучаць адрозніваць іх. Каб адрозніць дзве гэтыя працы, першая традыцыйна называецца «Кнігаю простай медыцыны», а другая — «Кнігаю складанай медыцыны».

Сучасны чытач, звяртаючыся да розных раздзелаў прыродазнаўчых трактатаў Хільдэгарды, мусіць быць гатовым да нечаканасцяў. Перш за ўсё, трэба прыстасавацца да некаторых нязвыклых тэрмінаў, якія Хільдэгарда ўжывае не толькі для характарыстыкі тэмпераментаў людзей, але і для агульнай класіфікацыі «тэмпераментаў» раслінаў. Кожнаму элементу ўласцівыя пэўныя якасці: цёплы — халодны, сухі — вільготны, што вынікае яшчэ з вучэння Арыстоцеля. Да гэтага Хільдэгарда дадае арыгінальны тэрмін — «жыццескіраванасць», волю да жыцця, якая ёсць у раслінных сокаў. Яна часта ўжывае гэтую тэрміналогію, апісваючы расліны і характарызуючы любое жывое стварэнне. Гэтак жа нас здзівіць поўная адсутнасць лічбавых характарыстык, але ў гэтым не варта быць залішне патрабавальнымі, бо статыстыка ў Сярэднявеччы не была настолькі папулярнаю, як цяпер.

І наадварот, у многіх пытаннях сучасны чытач знойдзе поўнае ўзаемаразуменне з Хільдэгардаю. Напрыклад, у тым, што датычыць яе «міласэрнай» медыцыны, у якой яна імкнулася да раўнавагі, як і ў іншых аспектах сваёй творчасці. Хільдэгарда ўважліва ўглядаецца ў чалавека, яго душэўны стан і цялесныя немачы, бо для яе першае не існуе асобна ад другога. Ёй уласцівае імкненне лячыць не столькі хваробу, колькі самога хворага; яна ўважлівая да паводзінаў чалавека, бо ў іх увасабляюцца ўнутраныя хваробы; яна ставіцца да прыгажосці і гармоніі як да неабходных умоваў раскрыцця чалавечай асобы — на гэтых прынцыпах будуецца светапогляд Хільдэгарды. На яе думку, здароўе — гэта натуральны стан чалавека, але грэхападзенне стала прычынаю яго руйнавання. Прырода — невычэрпная кладоўка элементаў, якія неабходна ўмець адрозніваць, быць уважлівымі да схаваных у ёй таямніцаў і, як вынік, сачыць за рэжымам харчавання, які дазваляе захаваць раўнавагу або нанова дасягнуць яе, калі яна страчаная. Рэжым харчавання ўключае пост, але не поўны, бо ў яго ўваходзяць булёны з гародніны, сокі з садавіны і разнастайныя адвары, якія дапамагаюць арганізму расслабіцца, здымаюць перанапружанне і спрыяюць супакаенню.

Чытаючы медыцынскія трактаты Хільдэгарды, мы адкрываем навакольны свет з нечаканага боку, і дзівіць тое, што гэта становіцца магчымым дзякуючы законніцы, жанчыне-містычцы, якая магла б задаволіцца поўным захаплення сузіраннем створанага свету.

Звернемся да лістоў, напісаных Хільдэгардаю. Яна вяла перапіску з людзьмі па ўсёй Еўропе, сярод яе карэспандэнтаў былі імператары, папы, святы Бэрнард Клярвоскі. У зборы яе эпісталярнай спадчыны, якая дайшла да нашых часоў, ёсць адказы гэтых вялікіх дзеячаў, і няма сумневаў у тым, што гэта сапраўдныя лісты. У знакамітай «Лацінскай патралогіі» Міня прыводзіцца іерархічная класіфікацыя лістоў, якія атрымлівала і адпраўляла Хільдэгарда. Агульная карціна такая: спачатку перапіска з папамі і біскупамі, пасля, што вельмі нехарактэрна для манашкі, перапіска з манархамі, пачынаючы з імператараў Германіі; далей ідзе карэспандэнцыя са свецкімі вяльможамі, напрыклад, з графам Фландрыі, з абатамі кляштараў, прэво, святарамі, звычайнымі манахамі і, нарэшце, з нетытулаванымі асобамі, звычайнымі людзьмі, якія прасілі яе парады або малітвы.

Першым манархам карэспандэнтам Хільдэгарды стаў імператар Конрад ІІІ. Ён пісаў, каб засведчыць Хільдэгардзе сваю пашану, бо быў вельмі начуты пра яе святасць і боганатхнёнасць яе жыцця.

Пазней з ліста новага імператара Фрыдрыха Барбаросы мы даведваемся, што па яго запрашэнні Хільдэгарда наведвала ягоны палац. Ён піша: «Паведамляем тваёй святасці, што адгэтуль у нашых руках тое, што ты прадказала нам, калі мы прасілі цябе паўстаць перад абліччам нашым». Цяжка ўявіць большы кантраст, чым паміж paupercula femina — беднай нікчэмнай жанчынай, paupercula forma — бедным, мізэрным стварэннем, пёркам, паслухмяным павевам ветру (гэта ўлюбёны вобраз Хільдэгарды, якім яна вызначала сябе), і бліскучым імператарам, імя якога ўвайшло не толькі ў гісторыю, але і ў народныя паданні.

У гэтых пышных дэкарацыях адбылася сустрэча імператара і маленькай, слабой, багатай на духоўнае жыццё манашкі. Хутчэй за ўсё, яна папярэдзіла імператара аб небяспецы, якая яму пагражала. З адказу Хільдэгарды бачна, што яе не бянтэжыць высокае становішча яе карэспандэнта. «Пёрка, паслухмянае павевам ветру», перадае яму словы, пачутыя, як гаворыць яна, ад Вярхоўнага Суддзі. Хільдэгарда заклікае яго ўтаймоўваць норавы духавенства, якое скочваецца ў нядбайнасць і духоўнае спусташэнне: «Пазбягай гэтага, кароль, будзь ваяром, узброеным рыцарам, які бясстрашна змагаецца з дэманам, каб не змарнаваць сябе, і каб тваё зямное валадарства ад гэтага не пакутавала. <...> Пакінь срэбралюбства і выберы стрыманасць, бо гэта сапраўды даспадобы Валадару валадароў. <...> Будзь жа такім, каб мець паўнату Божай ласкі».

Да Хільдэгарды звярталіся па параду і іншыя важныя палітычныя і касцёльныя дзеячы, напрыклад, Бэрнард Клярвоскі, самая ўплывовая духоўная асоба тых часоў, папы Яўген ІІІ, Анастазій IV, Адрыян IV і Аляксандр ІІІ. Практычна ўсе ўплывовыя людзі той эпохі, усе знакамітыя дзеячы Касцёла і дзяржавы перапісваліся з ёю.

У творчай спадчыне Хільдэгарды ёсць каментары да Евангелляў, Статуту святога Бэнэдыкта, Сімвалу Афанасія Вялікага, а таксама агіяграфічныя тэксты жыццяпісаў св. Рэпера і св. Дзізібода. Яна таксама пісала духоўныя паэмы, якія выконваліся на музыку, напісаную ёю самою. Паэтычна-музычная творчасць склалася ў містэрыю «Вянок цнотаў».

У эпоху развіцця мастацтваў і росквіту мыслярства духоўныя творы Хільдэгарды сталі вяршыняю яе творчасці, застаючыся неаддзельнымі ад яе касцёльнага служэння і абумоўленымі ім. Для свайго кляштара ў Рупертсбергу яна напісала 1 Kyrie, 8 секвенцый, 43 антыфоны, 18 рэспансорыяў. З 1151 г. да 1158 г. яна напісала зборнік музычных твораў для выканання падчас богаслужэння і іншых цырымоній. Яна назвала іх Symphonies harmoniae celestium revelationum («Гарманічныя сімфоніі нябесных аб’яўленняў»). Назва гаворыць аб тым, што гэтыя творы — плён Боскага натхнення, а музыка — самая ўзвышаная форма чалавечай дзейнасці. Самы арыгінальны музычны твор Хільдэгарды — Трынаццатая візія з Scrivas, нешта накшталт оперы ў сферы сакральнага мастацтва. Героі твора: персаніфікаваныя Цноты, цнатлівая Душа, якую імкнецца спакусіць д’ябал, Пакора і Міласэрнасць, якія абараняюць яе.

Для Хільдэгарды музыка была вельмі важнаю часткаю жыцця, і асабліва — жыцця ў кляштары, дзе яна служыць моваю ўшанавання Бога. У лісце да духавенства Майнца яна пяе оду музыцы, апроч іншага кажучы: «Каб чалавек мог атрымліваць асалоду ад той радасці і таго праслаўлення Бога, якімі цешыўся да свайго ўпадку і памяць пра якія страціў у сваім выгнанні, каб натхніць чалавека шукаць іх, прарокі па навучанні таго ж Духа, якога ўспрынялі, прыдумалі не толькі псальмы і гімны, якія спяваліся, каб тыя, хто слухае іх, узрасталі ў пабожнасці, але і вынайшлі розныя музычныя інструменты, дзякуючы якім здабывалі сонмы гукаў дзеля таго, каб і формамі, і якасцю саміх інструментаў, а таксама сэнсам словаў, якія яны чулі, якія паўтараліся ім, даводзіліся да іх розуму, уводзіліся ў звычку гэтымі сродкамі, яны маглі навучыцца ўнутрана. Таму тыя, хто быў разумны і старанны, услед за святымі прарокамі самі вынайшлі некаторыя віды інструментаў, каб дзякуючы іх мастацтву можна было спяваць адпаведна з памкненнямі душы. І тое, што яны спявалі, дзякуючы злучэнню пальцаў і ўзмахам рук, тое яны засвоілі, узгадваючы Адама, створанага пальцам Божым, гэта значыць Святым Духам, у голасе якога кожны гук гармоніі і кожнае мастацтва музыкі да таго, як ён зграшыў, былі невымоўнаю асалодаю; так што, калі б ён застаўся ў першародным сваім стане, немач тленнага чалавека ніяк не магла б вынесці сілу і гучнасць яго голасу». Гэтыя разважанні пра спевы і музыку нагадваюць напісанае на гэтую тэму святым Васілём Вялікім («Размова аб першым псальме») і святым Грыгорыем Ніскім.

Нарэшце, найважнейшая і самая вядомая частка творчасці Хільдэгарды — гэта тры творы, у якіх апісваюцца яе візіі, і каментары да іх: «Scrivas», «Кніга вартасцяў жыцця» і «Кніга Боскіх справаў». «Scrivas» — незвычайная назва, якую можна перакласці як «Спазнай шляхі». Гэта першы прароцкі твор Хільдэгарды, які яна стварала на працягу дзесяці гадоў сумневаў, — заклік ісці за Богам ва ўлонні Касцёла, пры тым, што спазнаванне шляхоў — акт розуму і волі, які вядзе спачатку да дзеяння, пасля — да сузірання, любові і шчасця.

Шэсць першых візій у першай частцы кнігі прадстаўляюць: Бога — Крыніцу ўсяго створанага, неспасцігальнае Святло, да якога чалавек можа наблізіцца не інакш як з бояззю і ў духоўным убостве; чалавека, яго грэхападзенне, яго месца ў свеце, які стаў да яго варожым, і выпрабаванні, якія ён мусіць знесці з Божаю дапамогаю; пасля ўзгадваецца Стары Запавет з правобразам і прадвеснікам Месіі і збаўлення; і ўрэшце — хоры анёлаў, якія дапамагаюць чалавеку адольваць яго шлях. Першая частка «Scrivas» прысвечаная адносінам Бога з Яго стварэннямі і асабліва з разумнаю часткаю бачнага створанага свету — з чалавекам.

Другая частка твора прысвечаная эканоміі Адкуплення. Тут Бог бліжэй да свайго стварэння: Хільдэгарда апавядае аб Тройцы і Уцелаўленні, апісвае Касцёл і некаторыя фундаментальныя часткі яго сутнасці (сакрамэнты): канфірмацыю, Эўхарыстыю і святарства. Агульная карціна завяршаецца візіяй спакусы: жудаснай пачвары, якая можа захапіць чалавека толькі тады, калі ён па добрай волі наблізіцца да яе. У цэлым гэтая частка прысвечаная збаўленню чалавека ў Касцёле.

У трэцяй частцы Хільдэгарда на канкрэтных вобразах паказвае, як адбываецца збаўленне ў чалавечай гісторыі (гэта нагадвае твор аднаго з першых айцоў Касцёла Ерма «Пастыр»). Будынак збаўлення ўзвышаецца на гары ў ззянні Божага трону і мае некалькі частак: там ёсць вежа прадвесніка Божай волі (абразання), калона слова Божага, галава, якая ўвасабляе баявую варту — вобраз Божага гневу, сцяна Старога Закону, калона чалавечай прыроды Збаўцы, фігуры цнотаў, вежа Касцёла. А краевугольным каменем усяго будынка з’яўляецца Сын Чалавечы. У трох апошніх раздзелах кнігі гаворыцца аб прышэсці Антыхрыста, уваскрасенні і Судзе, асуджэнні для адных і вечным шчасці для іншых, якія адпаведна з уласнымі папярэднімі заслугамі бясконца спяваюць хвалу справам рук Божых. Усё завяршаецца карцінаю супакою і шчасця, сімфоніяй славы і любові.

Немагчыма коратка цалкам аднавіць карціну дзіўнай візіянерскай моцы і незвычайнага багацця гэтага твора Хільдэгарды, які ўваходзіць у сферы дагматычнага і маральнага багаслоўя, выказваючы яе думкі па гэтых дысцыплінах.

Агульны агляд зместу не дазваляе паглыбіцца ў перапляценне тэмаў, спыніцца на багацці вобразаў і ідэяў, якія маглі б стаць аб’ектам тэматычных даследаванняў. Увесь твор пранізвае тлумачэнне трынітарнай тэалогіі, якая натхніла Дантэ, і адначасова разгортваецца тлумачэнне пытанняў са сферы касмалогіі і антрапалогіі, якія заклікаюць пранікнуць у таямніцу стварэння свету. У разважаннях пра эканомію Адкуплення вялікае месца займае Стары Запавет. Тут дагматычнае багаслоўе пераплятаецца з маральным, якое прадстаўлена ў форме рэкамендацый і забаронаў, выкрыцця заганаў і перадусім праслаўлення цнотаў. У гэтым творы знаходзяцца і вельмі падрабязныя настаўленні аб сакрамэнтах. Апроч таго, Хільдэгарда не забываецца нагадаць пра абавязак пашаны да святароў, а сярод манаскіх ордэнаў асабліва выдзяляе бэнэдыктынскі. Можна адзначыць, што гэтае вучэнне, акрамя іншага, падаецца з дапамогаю прыпавесцяў, у якіх часцей можна распазнаць вобразы з баек Эзопа і трактатаў «Фізіёлага» (антычны зборнік артыкулаў, у якіх даецца апісанне жывёлаў, птушак, насякомых, мінералаў і пералік іх уласцівасцяў з сімвалічным тлумачэннем): казёл, алень, воўк, птушка і птушаня, а не евангельскія вобразы саду, гаспадара і слугі.

У цэлым, калі сыходзіць з таго, што Хільдэгарда апісвае тут свае візіі, то галоўная яе мэта — навучанне. Вучэнне Хільдэгарды бярэ пачатак з трох крыніцаў: перш за ўсё, са Святога Пісання, пасля — з бэнэдыктынскага статуту і ўрэшце — з шырокага кола яе чытання. Хільдэгарда найчасцей не выкарыстоўвала цытатаў, але ў палатне яе апавядання бачныя шматлікія алюзіі на прачытанае, засвоенае настолькі глыбока, што яго цалкам можна лічыць інтэлектуальнай маёмасцю.

Усё гэта вызначаецца багаццем яе мовы, не простай, а велічнай і суровай, поўнай разгорнутых доўгіх рэплік, якія нясуць ашаломленага чытача ў сапраўдныя віры думкі. Такім чынам, фундаментальнасць вучэння Хільдэгарды змагла напоўніць твор такім духам устойлівасці і трываласці, што яго можна лічыць настольнаю кнігаю неспакойных часоў.

У тыя часы, калі Касцёлу было патрэбнае новае дыханне, прарочыца Хільдэгарда не дазваляла свайму чытачу блукаць сярод хімераў, а прыводзіла яго да сузірання шляхоў, якія вядуць да Бога, каб ведаць іх, ісці па іх і, апроч таго, праслаўляць. Велічны лірычны парыў праходзіць праз увесь твор, удыхаючы жыццё не толькі ў вобразы, але і ў непарыўны ход прозы, у якой выкарыстанне літургічных гімнаў ператвараецца ў сапраўдную малітву. Невыпадкова кніга завяршаецца сапраўдным сімфанічным фіналам — велічным парафразам 150-га псальма, які вянчае Псалтыр, заклікаючы ўсіх людзей праслаўляць Пана Бога гукамі арфы, голасам трубы, звонам цымбалаў, на струнах і флейце. Нельга не ўзгадаць, што святы Грыгорый з Нісы падобным чынам завяршае свой трактат «Аб напісанні псальмаў».

У Трынаццатай візіі Хільдэгарда, цытуючы некалькі вершаў 150-га псальма, піша: «Што азначае: вы, хто ведае Бога ў простасці задумаў і чысціні пабожнай пашаны, пакланяйцеся Яму і любіце Яго. Хваліце Яго гукам трубы — гэта значыць, у духу розуму, бо анёл, які ўпаў, пацягнуў за сабою ўсіх, хто згадзіўся на пагібель, а сонмы шчаслівых духаў дзякуючы здароваму суджэнню засталіся трываць у праўдзе. Яны прыляпіліся да Бога ў вечнай любові. Хваліце Яго на арфе глыбокай пашаны і на гуслях, якія гучаць соладка, як мёд, бо гэтак жа, як за трубным гукам ідзе гук арфы, за песняй арфы ідзе песня гусляў, так і шчаслівыя анёлы, якія вытрывалі ў любові да Праўды, абудзілі ў створаным чалавеку прарокаў з дзівоснымі галасамі, тых, за кім прыйшлі Апосталы з найсаладзейшымі словамі. Хваліце Яго на цымбалах стрыманасці і ў радасным хоры, бо пасля гусляў уступаюць цымбалы, пасля цымбалаў радасна гучыць хор; гэтак жа і Апосталы, калі прапаведуюць словы збаўлення, прыводзяць пакутнікаў, якія на Божую славу аддаюць свае целы розным пакутам, пасля паставілі сярод сябе сапраўдных настаўнікаў святарства. Хваліце Яго на струнах чалвечага адкуплення і на струнах Боскага заступніцтва, бо ў радасным хоры голас струнаў выяўляе сябе сапраўды дасведчаным у служэнні, паказваючы неадменнасць шчасця; так выступілі святыя дзевы, якія палюбілі Божага Сына, сапраўднага Чалавека, быццам на струнах, і гэтак жа пакланяліся сапраўднаму Богу, бо яны пазналі Яго і паверылі ў Яго як у сапраўднага Чалавека і сапраўднага Бога. Што гэта азначае? Гэта азначае, што тады, калі Сын Божы ўцелавіўся дзеля збаўлення, Ён не страціў славу Божую. Таму святыя дзевы, выбраўшы Яго сваім жаніхом, сапраўднага Чалавека ў шлюбе і сапраўднага Бога ў чыстасці, узялі Яго ў вечнай пабожнасці. І далей: хваліце Яго на мілагучных цымбалах: гэта азначае такімі гукамі, якія ў сапраўднай радасці чыняць велічным і цудоўным гучанне музыкі, і тады людзі, ніцма распасцертыя ў глыбіні сваіх грахоў, натхнёныя Боскім натхненнем, імкнуцца да вышыняў, з непраглядных глыбіняў захапляюцца Небам. І хваліце Яго на цымбалах звонкіх: гэта азначае ў гуках Боскай хвалы, дзе непахісныя цноты бясстрашна перамагаюць і разбураюць у людзях заганы, ведучы іх у палкім жаданні да шчасця сапраўднай адплаты, у той час як яны не адступаюць ад дабра. Таму кожная душа, якая мае добры намер верыць у Бога і шанаваць Яго, хваліць Пана — Таго, Хто з’яўляецца Панам усяго, бо сапраўды ёсць; той, хто жадае жыцця, хваліць Таго, Хто сам ёсць жыццём.

І зноў пачула я голас, які падымаўся са ззяння вышыняў і казаў: “О ўсявышні Валадар, хвала Табе, Таму, хто змяшчае ўсё гэта ў чалавеку простым і невучоным”. І зноў голас гучна заклікаў з нябёсаў, кажучы: “Слухайце і пачуйце ўсе тыя, хто жадае атрымаць адплату і шчасце”».

Вось як Хільдэгарда завяршае сваю Трынаццатую візію: «Хваліце, хваліце Бога, о благаслаўлёныя чэравы, ва ўсіх гэтых цудах, якія Бог стварыў у форме, недакладнай абрысамі, якая ўзвышаецца, і якую Ён загадзя бачыў у першым з’яўленні рабрыны таго чалавека, якога Бог вывеў з праху. Сапраўды, той, хто мае вуха, чулае да ўнутранага зместу, той, хто ў гарачай любові падобны да мяне, няхай адчуе жаданне гэтых словаў і напіша іх у свядомасці ўласнай душы. Амэн. Амэн».

Гэтак сабор напаўняецца сімфоніяй.

Завяршаючы гэты нарыс, занадта кароткі, каб апісаць жыццё і неімавернае багацце гэтай незвычайнай і бясконца прыцягальнай постаці, жанчыны, якую святы Бэрнард называў «Mater et Magistra», «Маці і Настаўніца», хачу працытаваць словы, якімі завяршаецца яе Дзясятая візія, і якія ва ўсёй паўнаце паказваюць яе разуменне чалавека: «Такім чынам, чалавек — вянец Божых цудаў».

Пераклад з французскай мовы
Алены Ціханавай.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY