Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(84)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Дыскусія

НОВАЯ ЎСПРЫМАЛЬНАСЦЬ КАСЦЁЛА?

«СТАТАК ВЕДАЕ, КУДЫ ІСЦІ»
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Асобы
Мастацтва

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
З архіваў часу
Кніжныя скарбы
Постаці

ХІЛЬДЭГАРДА БІНГЕНСКАЯ
Паэзія

ВЕРШЫ

НЕБА СЯГНУЦЬ
Успаміны
На кніжнай паліцы

«ПЕРАКАЖЫЦЕ ГЭТА ДАЛЕЙ»
In memoriam

СЛОВА ЎДЗЯЧНАСЦІ
Спадчына

З КАГОРТЫ ПАЧЫНАЛЬНІКАЎ
Літаратурная спадчына

СТВАРАЮЧЫ ЖЫВЫЯ ВОБРАЗЫ

ЗА І СУПРАЦЬ
Культура
Архітэктура

Юры ЛАЎРЫК

ГІСТОРЫЯ БІБЛІЯТЭКІ БУДСЛАЎСКАГА КАНВЕНТА АЙЦОЎ БЭРНАРДЫНАЎ

Выданні з будслаўскай пабэрнардынскай бібліятэкі ў сховішчы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь.

Чытачы «Нашай веры» добра абазнаныя ў гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай і касцёла пад тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, у якім ён захоўваецца. Будслаўская тэма не раз закраналася пад тым ці іншым ракурсам на старонках часопіса (напр., у публікацыях Аляксандра Ярашэвіча «Цудадзейны і старажытны» і «Роспісы будслаўскага касцёла» // «Наша вера», № 2, 2001 і інш.). Аднак пра будслаўскую бэрнардынскую бібліятэку ведаюць толькі спецыялісты. Унікальнасць гэтай бібліятэкі ў тым, што яна належыць да нешматлікіх ацалелых (хоць і не ў поўнай захаванасці) кляштарных кнігазбораў Беларусі. Былая бэрнардынская бібліятэка была знойдзена мясцовымі жыхарамі напрыканцы 1950-х гадоў у адной з вежаў будслаўскага касцёла. Атрымаўшы інфармацыю пра гэтую знаходку, у Будслаў выехалі супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея (сёння: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) і Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У. І. Леніна (сёння: Нацыянальная бібліятэка Беларусі), якія са згоды ксяндза перавезлі знойдзеныя кнігі ў Мінск у свае фонды.

Узнікненне Будслава звязана з наданнем у 1504 г. каралём Аляксандрам віленскім францішканам-абсэрвантам права на вырубку лесу ў Матыцкім старостве Віленскага ваяводства. Неўзабаве пасля гэтага віленскі канвент накіраваў у гэтую мясцовасць для нарыхтоўкі лесу некалькіх братоў. Пасяліўшыся сярод пушчы ў буданах — будах (адкуль пазней і пайшла назва паселішча: Буда), яны пачалі вырубку і сплаў дрэва ў Вільню, спалучаючы гэтую дзейнасць са сваім абавязкам супольнай малітвы і ўдзелу ў Імшы паводле ордэнскіх статутаў. Можна меркаваць, што ўжо на самым пачатку побач з буданамі законнікаў паўстала капліца, а разам з ёю з’явілася і бібліятэчка з некалькіх малітоўнікаў і мінімальнага камплекта літургічнай літаратуры.

У 1517 г. абсэрванцкая плынь францішканаў аформілася ў самастойны ордэн, які атрымаў назву Ordo Fratrum Minorum S. Francisci Regularis Observantiae; у народзе прыхільнікаў строгага выканання запаветаў св. Францішка называюць бэрнардынамі, паводле імя заснавальніка гэтай плыні св. Бэрнарда з Сіены. Аднак у цэлым рэлігійна-палітычная сітуацыя ў першай палове XVI ст. і ў свеце, і ў Вялікім Княстве Літоўскім была нестабільнаю: шырыліся ідэі Рэфармацыі, ордэнскія супольнасці расколваліся на прыхільнікаў і праціўнікаў новых павеваў, а іх змаганне прыводзіла не толькі да заняпаду кляштарнага жыцця, але часам нават да перакройвання межаў і складу правінцый. Каб пазбегнуць уплыву новых ідэяў, манахаў, якія займаліся нарыхтоўкаю лесу ў аддаленні ад канвента, у 1530 г. адклікалі ў Вільню, а іх буданы засталіся пакінутымі на дзясяткі гадоў. Зразумела, што разам з будскімі бэрнардынамі вярнуліся ў віленскі кляштар і іх кнігі.

Пасля Трыдэнцкага Сабору Каталіцкі Касцёл стаў на шлях рэформаў, і еднасць у ім, у тым ліку ў ордэнах, паступова аднавілася; кляштары зажылі звычайным жыццём і пачалі папаўняцца новымі братамі. Віленскія бэрнардыны ў 1571 г. вярнуліся на сваё даўняе селішча і зноў узяліся за нарыхтоўку лесу ў Матыцкай пушчы. Яны нават выбудавалі тут у 1589 г. драўляны касцёл, які праз два гады быў асвечаны пад тытулам Звеставання Панне Марыі віленскім суфраганам Цыпрыянам1. Гэты факт для нас вельмі важны, бо ён указвае на час з’яўлення ў будскіх бэрнардынаў сталага і адносна поўнага літургічнага кнігазбору.

З увагі на галоўную місію францішканскіх законаў — несці слова Божае люду — у гэты час пры касцёле ўжо павінна была захоўвацца і гамілетычная літаратура, патрэбная для падрыхтоўкі казанняў. Бэрнардынскі асяродак у Будзе на той момант залежаў ад віленскага канвента2, таму можна было б чакаць, што сярод рэштак будслаўскага кнігазбору знойдуцца выданні ці манускрыпты XVI ст. з віленскімі пазнакамі, аднак ні віленскіх, ні будслаўскіх правененцый гэтага перыяду выявіць пакуль не ўдалося.
  
Разгортка зборніка казанняў Я. Я. Шротэра
з уладальніцкім надпісам
і расстановачным шыфрам
будслаўскай бібліятэкі.
Выдадзеная ў 1783 г.
у Вільні «Geometryа
dla szkoł narodowych»
з пазнакамі полацкіх бэрнардынаў.

Магчыма, ужо ў XVI ст. непадалёк ад касцёла пачалі сяліцца і вяскоўцы, і паступова вёска перарасла ў мястэчка, статус якога яна атрымала ў 1732 годзе. Духоўны аўтарытэт будскіх бэрнардынаў значна ўзрос пасля таго, як Ізаак Салакай, былы спаведнік мінскага ваяводы Мікалая Паца, падараваў ім у 1613 г. абраз Найсвяцейшай Панны Марыі, які ваявода некалі атрымаў у Рыме з рук папы Клімэнта VIII. Абраз неўзабаве ўславіўся шматлікімі выздараўленнямі і цудамі, а ў Буду пацягнуліся пілігрымы. З часам вялікі наплыў народу прывёў да неабходнасці збудавання большага касцёла, і праз яго Буду пачалі называць Слаўнаю, ад чаго і паходзіць Будслаў (на старонках кніг былой бэрнардынскай бібліятэкі ўжо з 2-й паловы XVIII ст. побач з «Conventus Budensis» сустракаецца таксама і назва «Conventus Budslaviensis»).

Новы касцёл быў вымураваны ў 1633–1643 гг. У гэты час пачынаецца новы перыяд развіцця будскага бэрнардынскага асяродка; менавіта з ім звязана найранейшая вядомая нам кніжная пазнака з Будслава: «Pro Conventu Budensi et Eccl[esi]a. Varsovia comparat[ur]. A[nn]o 1652» («Для будскага канвента і касцёла набыта ў Варшаве. Году 1652»). Надпіс гэты знаходзіцца на выдадзеным у 1645 годзе ў Кракаве патрыдэнцкім «Antiphonarium’е» (НГМ РБ, КП 4068), прызначаным для набажэнстваў ва ўсіх парафіях Рэчы Паспалітай. Яшчэ адзін, пазнейшы, надпіс на кнізе («A[d]m[odum] R[everendu]s P[ate]r Pens Konstanty Gwar[dian] | Budski») інфармуе нас, што менавіта гэтым антыфанарам карыстаўся славуты гвардыян Канстанцін Пенс, які так шмат зрабіў не толькі для разбудовы ў 2-й палове XVIII ст. будслаўскага касцёла, але і для папаўнення канвентуальнай бібліятэкі.

Надпіс сярэдзіны XVII ст. менавіта на літургічнай кнізе схіляе да думкі, што з прычыны вайны з Маскоўшчынаю літургічная бібліятэчка была эвакуяваная ў 1650-я гг. у Сакулку разам з цудадзейным абразом Маці Божай, а большая частка канвентуальнага кнігазбору, верагодна, засталася ў Будзе, дзе і загінула. Адсутнасць кніг з тагачаснымі запісамі дае падставы думаць, што набыткі 2-й паловы XVII ст. таксама загінулі ў полымі Паўночнай вайны, што выбухнула на пачатку XVIІI ст.

Храналагічны аналіз інскрыпцый на будслаўскіх старадруках, а таксама датаў стварэння рукапісаў з канвентуальнага кнігазбору сведчыць пра тое, што даволі шмат кніг паступіла ў бэрнардынскую бібліятэку неўзабаве пасля заканчэння Паўночнай вайны, у 1720–1730-я гг., падчас гвардыянату Станіслава Вярбіцкага. Трэба думаць, менавіта ў гэты час тут з’явіліся, напрыклад, створаныя ў 1725 і 1727 гг. у Вільні вучэбныя рукапісы па рыторыцы (НГМ РБ, КП 4028 і КП 4019), а таксама шэраг друкаваных выданняў.

Як вынікае з надпісу на выдадзенай у 1732 г. у Вільні кнізе «Roszczka Aaronowa» (НББ: 12Н//262(026)), Станіслаў Вярбіцкі сам папаўняў дарункамі канвентуальную бібліятэку. Вось гэты надпіс: «Applicatus est Liber hic Bibliothecae Conven=|tus Budensis Anno D[omi]ni 1739 ab Adm[odo] R[everen]do | P[at]re Stanislao Wierzbicki Gvar|diano Budensi» («Ахвяравана кніга гэтая бібліятэцы канвента Будскага году Панскага 1739 найправялебнейшым айцом Станіславам Вярбіцкім»). Але, відаць, ён актыўна праводзіў і працу па камплектаванні кнігазбору сярод навакольнага святарства і шляхты: менавіта ў гэты час бэрнардынскі кнігазбор папоўніўся кнігамі, падараванымі канвенту пробашчамі навакольных парафій: Ваўкалаты, Даўгінава і Мядзеля.

Так, напрыклад, ваўкалацкі пробашч Язэп Клячкоўскі падараваў канвенту выдадзеныя ў 1660 г. у Льежы «Commentarii historici et morales perpetui ad primum Machabaeorum» (НГМ РБ, КП 4070), пра што мы даведваемся з надпісу на тытульнай старонцы кнігі: «Pro Conventus Budensi Patrum Bernardinor[um] | Aplicavit Hunc Librum Perillus|tris Ad[modus] R[everen]dus Dominus D[omi]n[us] | Joseph[us] Kleczkowski Ca=|nonic[us] Smolenscensis | Decan[us] Polocensis Pa=|roch[us] Wołkołacensis | Anno D[omi]ni 1739» («Канвенту Будскаму айцоў бэрнардынаў ахвяраваў гэтую кнігу вельмі шаноўны найправялебнейшы спадар Язэп Клячкоўскі, канонік Смаленскі, дэкан Полацкі, парах Ваўкалацкі. Году Божага 1739»).

Даравалі канвенту кнігі і свецкія людзі: найчасцей як ахвяру за ўспамін блізкай душы. Прыклад надпісу такога роду дае нам выдадзеная ў 1616 г. таксама ў Льежы «Gesta Pontificum Leodiensium» (НГМ РБ, КП 4064), на адгорце фарзаца якой чытаем, што «A[nn]o: 1739 d[ie] 1 xbris Hic liber a Me Casimiro | Jozepho Okolski Tivono et Succamera|rio Trocensi applicatus e[st] Conventui Bu=|densi cum Obligatione dicere ad Saluta|tionis B[eatae]:V[irginis]:M[ariae] pro animabus defunctis in quotis Leqtore [sic!]» («Году 1739, 1 кастрычніка, гэтая кніга была мною, Казімірам Язэпам Акольскім, цівуном і падкаморнікам троцкім, канвенту Будскаму з абавязкам чытальніку прамаўляць «Анёльскае прывітанне» да Благаслаўлёнае Панны Марыі за душы памерлых у азначанай колькасці разоў»).

Наступны і, бадай, самы выдатны перыяд у гісторыі будслаўскай бібліятэкі, як і ў цэлым бэрнардынскага асяродка, надышоў у сярэдзіне XVIІI ст., калі пасаду гвардыяна заняў брат Канстанцін Пенс. Менавіта дзякуючы ягоным старанням у 1767–1783 гг. быў узнесены велічны касцёл у стылі віленскага барока, з якім Будслаў і асацыюецца ў нас сёння, а папаўненнем канвентуальнай бібліятэкі К. Пенс пачаў апекавацца задоўга да збудавання касцёла і працягваў гэтую справу, нават займаючы высокія пасады.

Сярод друкаваных кніг, перададзеных у канвентуальную бібліятэку гвардыянам Канстанцінам Пенсам, назавем 3-ці том працы Караля Марыі Перузіні «Chronologiae Historico-Legalis Serafici Ordinis», выдадзенай у Рыме ў 1754 г.: «Applicavit hunc Librum Conventui Budensi | pro Libraria Patrum Bernardinorum ejusdem Conventus | Reverendus Pater Constantini Pens Diffinitor Habitualis | ejusdem Conventus Gvardianus Anno 1763. D[ie]. 30. Maj.» («Ахвяраваў гэтую кнігу канвенту Будскаму для бібліятэкі айцоў бэрнардынаў гэтага ж канвента вялебны айцец Канстанцін Пенс, дыфінітар габітаваны, гэтага ж канвента гвардыян, году 1763 дня 30 траўня»). А «Канкарданцыю да Святога Пісьма» («Sacrorum Bibliorum vulgatae editionis concordantiae»), падрыхтаваную кардыналам Гуга дэ Санкта Каро, выдадзеную ў Венецыі ў 1754 г., Канстанцін Пенс перадаў у будслаўскую бібліятэку, знаходзячыся на пасадзе правінцыяла літоўскага: «Pro libraria C[onve]ntus Budensis PP[atrum]: Bernardinor[um] ofert Fr[ater]. Constantin[us] Pens M[i]n[iste]r Pr[ovincia]lis | m[anus] p[ro]p[ria]» («Для бібліятэкі канвента Будскага айцоў бэрнардынаў ахвяруе брат Канстанцін Пенс, міністр правінцыі [які напісаў гэта] рукой уласнай»).
  
Тытульная старонка францішканскага
«Антыфанара», перапісанага
паводле даручэння
гвардыяна Канстанціна Пенса.
Тытульная старонка выдадзенага
ў 1645 г. у Кракаве «Антыфанара».

Пры Пенсу пачалося актыўнае фармаванне асобных частак канвентуальнай бібліятэкі, якія захоўваліся ў розных месцах (у сакрыстыі, на хорах, пры школе рыторыкі і інш.) і мелі, так бы мовіць, розны «рэжым карыстання», кажучы сучаснаю моваю, гэта былі асобныя «структурныя падраздзяленні» агульнай канвентуальнай бібліятэкі.

Напрыклад, для школьнай бібліятэчкі падручнікі і дапаможная літаратура нярэдка закупляліся ў вялікай колькасці тамоў, прычым праз некалькі гадоў маглі набывацца дадатковыя тамы. На ўсіх асобніках гэтых кніг пакідаўся надпіс, зроблены паводле стандарту, падобны да зробленага на асобніках віленскага выдання 1754–1756 гг. «Каментарыя да выбраных прамоваў Цыцэрона» («Commentarius in selectas M. T. Ciceronis orationus», НГМ РБ, КП 4039/1-3, КП 13629/1-2, КП 13630/1-2, КП 13631/1-2; ЦНБ НАНБ, ОБ XVI-XVIII/Нр 208 Нр5502): «Hic Liber spectat | ad сommunem usum | Patrum et Fratrum | Alumnorum Spiri|tualis Rhetorices Ord[inis] | Min[orum] S[ancti]. P[atri] Francisci | de Observantia C[onven]tus Budensis ab an[n]o | 1763 d[ie] 12 Augusti» («Гэтая кніга належыць супольнаму карыстанню айцоў і братоў алюмнаў духоўнае рыторыкі Ордэну [Братоў] Меншых святога айца Францішка [Суворае] Абсэрванцыі канвента Будскага ў год 1763 дня 12 жніўня»). Пісанне будслаўскай уладальніцкай інскрыпцыі на падручніках даручалася, трэба думаць, самім студэнтам, на што ўказваюць адрозныя почыркі і варыяцыі ў тэксце надпісу на розных асобніках аднаго выдання. (Калі студэнты пазычалі кнігі з такой бібліятэкі для вучобы на больш працяглы час, яны таксама пазначалі ўласныя імёны, як на асобніку згаданага выдання пад нумарам НГМ РБ, КП 4039/3: «F[rate]r. Vigbertus».)

Актыўна забяспечваўся адпаведнымі кніжнымі рэсурсамі пры Пенсу і будслаўскі касцёл, у якім дапаможныя бібліятэчкі захоўваліся ў сакрыстыі і на хорах. Так, напрыклад, непасрэдна паводле даручэння гвардыяна быў перапісаны, як вынікае з загалоўка, францішканскі «Антыфанар» («Antiphonarium Minoriticum», НГМ РБ, КП 13633): «Pro C[o]n[ven]tu Budensi, AD Sanctam Mariam Assumptam. PP. Bernardinorum. Cura A. R. P. Constantini Pens. Gvardiani convent[us] Budensis» («Для канвента Будскага, пад тытулам Унебаўзяцця Святой Марыі, айцоў бэрнардынаў. Клопатам найправялебнейшага Канстанціна Пенса, гвардыяна канвента Будскага»).
  
Тытульная старонка выдадзенай
у 1754 г. у Рыме працы
Караля Марыі Перузіні «Chronologiae
Historico-Legalis Serafici Ordinis».
Выдадзены ў 1764 г. у Нясвіжы
падручнік рыторыкі
Цыпрыяна Суарэса
з надпісам школьнае бібліятэчкі.

У зборах Нацыянальнага гістарычнага музея захоўваюцца некалькі літургічных кніг з Будслава, якія выйшлі ў свет у часе гвардыянату Пенса і, магчыма, былі закупленыя паводле ягонага загаду. На жаль, мы не заўсёды можам гэта сцвярджаць напэўна, паколькі ў шэрагу выпадкаў фарзацы, авантытулы і тытульныя аркушы, на якіх найчасцей сустракаюцца будслаўскія ўладальніцкія надпісы, страчаныя або заклееныя, як, напрыклад, у выдадзеным у 1768 г. у Венецыі Псалтыры (НГМ РБ, КП 13632). На тытульнай старонцы гэтага старадруку правененцый няма, а фарзац у ХІХ ст. быў прадубляваны дадатковым аркушам паперы, і калі там меўся запіс, то ён аказаўся закрытым.

Відаць, падчас гвардыянату Пенса ў канвентуальнай бібліятэцы была ўведзена і адмысловая сістэма расстаноўкі кніг, паводле якой асобныя шафкі пазначаліся парадкавам нумарам, секцыі — чарговымі літарамі алфавіту (вялікімі і малымі), а кнігам прысвойваліся адмысловыя нумары. Прынамсі, прыкладна ў гэты час расстановачныя шыфры кніг пачалі запісвацца бібліятэкарам на фарзацах, напрыклад, «Col. 1. | Lit. Ł | N°. 17» на зборніку нядзельных казанняў Адама Абрамовіча, выдадзеным у 1753 г. у Вільні (НББ, 12РК28502). Тады ж ці крыху пазней быў уведзены звычай наклейваць на «спінку» кнігі цэтлік з яе загалоўкам ці расстановачным шыфрам.

Прынятая ў Будславе расстаноўка кніг адрознівалася ад сістэмы бібліятэчнай класіфікацыі, распаўсюджанай у іншых кляштарах Беларусі. Даследчыца гісторыі кляштарных бібліятэк на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай М. Підлыпчак-Маеровіч апісвае падобную класіфікацыю ў бэрнардынскай бібліятэцы ў Вільні3.. Паколькі Будслаў доўгі час залежаў ад згаданага канвента, здаецца цалкам слушным, што ў ім была прынятая расстаноўка кніг, аналагічная віленскай.

Для пацвярджэння прыналежнасці кніг асноўнаму фонду бібліятэкі ў будслаўскім канвенце ўжываўся надпіс кшталту: «Ex Bibliotheca conventus Budensis Ord[inis] Min[orum] de Obs[ervantia]», нярэдка дапоўнены расстановачным шыфрам згодна з апісанай вышэй методыкай. Аднак малафарматныя кнігі з увагі на брак вольнага месца на тытульным аркушы звычайна пазначаліся скарочана: «PP[atrum] Bernardinor[um] Conv[entus] Buden[sis]».

Пасля сыходу К. Пенса ў развіцці канвентуальнай бібліятэкі, як і ў цэлым у жыцці будслаўскіх бэрнардынаў, пачынаецца перыяд стагнацыі. Улады канвента ўжо не надаюць так шмат увагі фармаванню кнігазбору: ён павялічваеца толькі за кошт дарункаў кніг бібліятэцы самімі законнікамі, як, напрыклад, падораным братам Янам Альшэўскім асобнікам полацкага выдання 1788 г. «De arte rhetorica» (НББ, 094/26897): «Hec[!] Rhetorica aplicat[a] | a Patre Ioan[no] Olszewski | Stud[ente]: Rethori[ces]: Anno | D[omi]ni 1807 ad Bibliotecam | C[onven]tus Budensi P.P[atrum]. ac FFr[atrum]: Bern[ar]d[inorum] | Ord[inis]: Min[orum]: S[ancti]. P[atri]. Francisci» («Гэтая рыторыка перададзена айцом Янам Альшэўскім, студэнтам духоўнае рыторыкі году Панскага 1807 у бібліятэку канвента Будскага Ордэну айцоў і братоў Бэрнардынаў Ордэну [Братоў] Меншых Святога Айца Францішка»).

Толькі ў 1830-я гг. будслаўскі кнігазбор раптоўна павялічыўся, але з сумнай прычыны: у выніку перадачы ў Будслаў бібліятэкі полацкага бэрнардынскага канвента, скасаванага ў 1832 г. пасля задушэння вядомага паўстання. Аднак гэтыя кнігі не выклікалі вялікага захаплення ў мясцовага бібліятэкара, які паленаваўся нават закрэсліць даўнія полацкія пазнакі і напісаць замест іх свае... А ў 1858 г. быў скасаваны ўжо і сам будслаўскі канвент, а ягоны касцёл ператвораны ў парафіяльны. Бібліятэку перанеслі ў святыню і змясцілі на другім паверсе над адной з сакрыстый, дзе яна і захоўвалася да 1939 г.4; потым кнігі былі перамешчаныя вышэй, у вежу, у якой рэшткі збору былі знойдзеныя праз 20 гадоў.


  1. Sielicki, F. Region dołhinowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszczyźnie: kronika historyczna / Franciszek Sielicki. — Warszawa-Wrocław: Państwowe Wydawnictwo Naukowe, 1989. (Acta Universitatis Wratislaviensis, № 1102: Slavica Wratislaviensia, 52). S. 12–13.
  2. Завальнюк, Ул. М. Будслаўскі касцёл – святыня Беларусі / гіст. апрац. ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. — Мінск: Тэхналогія, 1993. — С. 6.
  3. Pidłypczak-Majerowicz, M. Biblioteki i bibliotekarstwo zakonne na wschodnich ziemiach Rzeczypospolitej w XVII–XVIII wieku / Maria Pidłypczak-Majerowicz. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 1996. — S. 60.
  4. Завальнюк, Ул. М. Будслаўскі касцёл — святыня Беларусі / гіст. апрац. ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. — Мінск: Тэхналогія, 1993. — С. 12.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY