Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Валеры БУЙВАЛ

ДЗІЕГО ВЭЛАСКЕС. ПАКЛАНЕННЕ МУДРАЦОЎ

Дзіего Вэласкеса (1599–1660) справядліва называюць адным з найвялікшых мастакоў Іспаніі. Побач з Эль Грэко (XVI ст.) і Франсіско Гояй (XVIII – пачатак XIX ст.) Вэласкес вызначае характар цэлага стагоддзя іспанскага жывапісу. «На фоне эканамічнага і палітычнага ўпадку краіны ў першай палове XVII стагоддзя адбываецца росквіт рэалістычнага мастацтва, вынесенага магутнай хваляй з усяго папярэдняга этапа развіцця краіны, — пісала пра гэту эпоху пецярбургскі мастацтвазнаўца Ганна Грыўніна. — Незабыўныя паўнакроўныя, сакавітыя вобразы іспанскай літаратуры канца XVI i XVII стагоддзя. Сэрвантэс, Лопэ дэ Вэга, Цірсо дэ Моліна і Кальдэрон паказваюць нам герояў свайго часу. Карціна жыцця Іспаніі знайшла не менш поўнае і шырокае адлюстраванне таксама ў жывапісе, які дасягнуў у гэты час свайго найвышэйшага ўздыму. Творчасць буйнейшых іспанскіх мастакоў і скульптараў поўная велічнага рэалізму і мае глыбока эмацыйны характар»1.

На наступных старонках нашай «Галерэі» мы пазнаёмімся з творамі іншых мастакоў «залатога стагоддзя», як называюць эпоху Вэласкеса, але пачынаць расповед пра яе трэба менавіта з гэтага творцы, талент якога ўражвае шматграннасцю і дасканаласцю. Карціна «Пакланенне мудрацоў» напісана ў самы ранні перыяд творчасці зусім яшчэ маладога жывапісца. Яму споўнілася толькі 20 гадоў (у наш час ён бы яшчэ вучыўся на трэцім або чацвёртым курсе факультэта жывапісу). Калі б карціна не была падпісана і датавана аўтарам, то даследчыкі маглі б спрачацца пра яе ідэнтыфікацыю ў часе. Перад намі — твор выдатнага майстра, які пачаў свой трыумфальны шлях у мастацтве. Да гэтага моманту Вэласкес ужо скончыў навучанне ў майстэрнях мастакоў Эрэры Старэйшага і Пачэкі. Родны горад мастака Севілья быў галоўным портам Іспаніі, брамай, адкрытай свету. У доме Пачэкі (жывапісца і аўтара трактатаў аб жывапісе) збіраліся літаратары і мастакі. Тут юны Вэласкес атрымаў каштоўныя ўрокі інтэлектуальнага развіцця, навучыўся засвойваць новыя ідэі, што застанецца ўласцівым яму на працягу ўсяго жыцця. Ягоная творчасць будзе самай светлай старонкай той крызіснай эпохі (але ці ёсць у гісторыі эпохі «спакойныя» і «бяскрызісныя»?). Пры гэтым Вэласкес будзе выразнікам менавіта іспанскага нацыянальнага духу, глыбока народным мастаком, дэмакратычным у лепшым сэнсе гэтага слова.

У сваёй ранняй карціне Вэласкес захапляецца (разам з сотнямі сваіх сучаснікаў па ўсёй Еўропе) рэвалюцыйнай манерай жывапісу італьянца Караваджо. Менавіта святло і цемра становяцца галоўнымі выразнымі сродкамі мастака. Каларыт, рысунак, пластыка — усё гэта саступае першынство насычаным кантрастам святлаценю. Таямнічая ноч «Пакланення» пэндзля Вэласкеса – гэта чорная ноч без зорак. Толькі ў левым верхнім куце карціны цемра разарвана першым ранішнім святлом, якое абрысоўвае далёкі сілуэт пагорка, стварае «выцінанкі» з дрэваў і крыху рассейвае хмары. Мастаку не патрэбная наіўная ілюстрацыйнасць тэмы, уласцівая ягоным сярэднявечным папярэднікам. Бэтлеемскай зоркай на ягоным палатне ззяе сам Немаўлятка Хрыстус! Дзіця, запеленанае ў белае, пяшчотна і абярэжліва трымаюць матчыны рукі (што здаюцца такімі вялікімі ў параўнанні з маленькай фігуркай). Яркае святло выразна выдзяляе з наваколля і галоўку Немаўляткі, Ягоны тварык, поўны недзіцячай сур’ёзнасці і ўрачыстасці. Святло цёплай плынню залівае фігуру Мадонны. Яе твар падкрэслены чыстай беллю хусты, што стварае яшчэ адну каларыстычную дамінанту ўсяе кампазіцыі. Лёгкі цень мадэлюе прыгожыя рысы спакойнага маладога аблічча. Мадонна апусціла вочы, Яе клопат толькі пра Сына, нягледзячы на з’яўленне такіх важных асобаў: Яна нібыта не заўважае мудрацоў, што кленчаць каля Яе ног.

Нямецкі навуковец Карл Юсці ў манаграфіі, прысвечанай Вэласкесу, звяртае ўвагу на рэалістычнасць партрэтных выяваў у «Пакланенні». Глыбокі знаўца эпохі і яе людзей, ён сцвярджае, што мастак маляваў Мадонну з юнай андалузійскай сялянкі. Юсці бачыць народныя характары ў палатне: «Святы Юзаф справа глядзіць з цікаўнасцю: звычайны скуласты сялянскі профіль. Калі б нехта папікнуў мастака за гэтую простанароднасць ягонай Святой Сям’і, то ён, мабыць, разам з Мікеланджэло запярэчыў бы: гэтыя святыя асобы на самай справе былі беднякамі»2. Выявы мудрацоў таксама намаляваны з сучаснікаў мастака, але ў левай палове палатна перад намі паўстаюць вобразы hidalgos – шляхты, пераможцаў Рэканкісты. Яны рэагуюць на цуд стрымана і з годнасцю, як належыць іспанскім арыстакратам (заўважае Юсці). Але колькі шчырага перажывання адлюстравана на твары таго з іх, што падносіць Хрысту свае дары! Мастак ідзе на вельмі рызыкоўны прыём. Ён ярка асвятляе шырокі карычневы плашч мудраца на першым плане кампазіцыі, ягоныя шыю, вуха, шчаку і хавае ў ценю ягоны твар. І ўсё роўна, нібыта з глыбіняў душы, радасць адкрыцця ісціны, захапленне, любоў прабіваюцца і азорваюць сведку цуда. За гэтай першапланавай фігурай чытаецца строгі профіль сівабародага мудраца, таксама амаль цалкам ахінуты ценем. Над ім нахіляецца, каб лепш убачыць Хрыста, малады спадарожнік мудрацоў. Ягоны твар смела вылеплены некалькімі вялікімі блікамі больш яркага святла. Постаць мудраца-маўра Балтазара амаль патанае ў цемры фону, але чарнаскуры твар ярка падкрэслены белай успышкай характэрнага для эпохі «гішпанскага каўнера». Белы каларыстычны акцэнт выразна гучыць ва ўрачыстай гаме разам з чорным камзолам і чырванню плашча, што буйнымі складкамі спадае ўніз, утвараючы фон для аблічча мудраца на першым плане, а ў цэлым складаючы кампазіцыйную дыяганаль разам з масай карычневага плашча.

Евангельская традыцыя супадае ў партрэтных выявах з сучаснасцю мастака. Менавіта ў Севільі чарнаскурае насельніцтва было найбольш шматлікім, чым у любым іншым рэгіёне Іспаніі. Менавіта сюды прыбывалі галеры з афрыканскімі рабамі з Гвінеі, Анголы і Мазамбіка. Адзін касцільскі падарожнік быў настолькі ўражаны стракатым насельніцтвам горада, што напісаў на радзіму: «Жыхары Севільі падобныя на фігуры шахматнай гульні: чорных сярод іх столькі ж, колькі белых...»3. Для мастака-хрысціяніна персанаж ягонай карціны – не мізэрны раб. У вобразе афрыканца Вэласкес на стагоддзі раней за многіх еўрапейцаў паказаў ягоную чалавечую годнасць, веліч і роўную далучанасць да ласкі Божай.

У цэлым кампазіцыя карціны будуецца па класічнай схеме. На глухім цёмным фоне ясна чытаецца стабільны трохкутнік, які складаюць чалавечыя постаці. Вастрыё трохкутніка звернута ўніз, і гэтаму імкненню падпарадкаваны ўсе асноўныя лініі кампазіцыі. Гэта — галоўная кампазіцыйная мелодыя палатна. Але яна не адзіная. Мы ўжо звярталі ўвагу на дыяганаль, што ўтварае маса плашчоў мудрацоў у левай частцы карціны, а таксама на фігурку Хрыста, якая выступае найбольш яркім і найгалоўнейшым цэнтрам твора. Вастрыё агульнага трохкутніка знаходзіць сваё завяршэнне ў ледзь прыкметным кампазіцыйным матыве: амаль дакладна на перасячэнні дыяганаляў кампазіцыі паказана рука мудраца, што адчыняе вазу з кадзілам у дар Божаму Сыну.

А ніжэй усё патанае ў цемры. Пастаментам для Мадонны з Немаўляткам служыць натуральная расколатая каменная пліта (сімвал Ягонага ахвярнага жыцця?). Унізе, каля самага краю карціны, камяністая глеба прарастае рэдкімі сціплымі раслінамі (зноў сімвал зерня веры, што прабіваецца да Боскага святла?).

Карціна «Пакланенне мудрацоў» — адзін з першых крокаў Вэласкеса на доўгім творчым шляху. Наперадзе — ягоная знакамітая галерэя партрэтаў, твораў на міфалагічную, батальную і рэлігійную тэмы. Наперадзе — бліскучыя адкрыцці мастака-каларыста, якімі праз стагоддзі захапляліся імпрэсіяністы.

Але ўжо з раніцы жыцця мастак пераканана служыць ідэалам чалавечнасці і дабра, праўды і веры.
 

ДЗІЕГО ВЭЛАСКЕС.
ПАКЛАНЕННЕ МУДРАЦОЎ
1619 г. Палатно, алей. 203х125 см.
Музей Прадо. Мадрыд.

 


  1. Гривнина А.С. Искусство XVII века в Западной Европе. Москва., 1964. С. 25.
  2. Carl Justi. Diego Velasquez und sein Jahrhundert. Leipzig, 1983. C. 74.
  3. Marcelin Defourneuax. La vie quotidienne en Espagne au Siecle d’Or. Paris, 1965. C. 113.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY