Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ


«Неспатольная крыніца духу». Афорт Уладзіміра Вішнеўскага.
Уладзімір МАРХЕЛЬ

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

«Крымскія санеты» Адама Міцкевіча па-беларуску пачалі ўзнаўляцца ў ХІХ стагоддзі. Аляксандр Ельскі яшчэ да выдання перастворанай ім першай кнігі «Пана Тадэвуша» (1892) падрыхтаваў для «Календаря Северо-Западного края на 1889 год» пераклад санета «Бура». Тады ж, а то і раней, штосьці з Міцкевічавых санетаў мог перакласці Альгерд Абуховіч, але яго перакладная спадчына не захавалася. Не зберагліся таксама і пераклады Янкі Купалы, які шмат працаваў над перастварэннем «Крымскіх санетаў» у 1940–1941 гг.

Публікацыю беларускіх перакладаў знакамітага цыкла распачаў санет «Акерманскія стэпы». Узноўлены па-беларуску Уладзімірам Жылкам, ён быў змешчаны ў газеце «Наша будучыня» за 8 снежня 1922 года. Крыху пазней, у 1928 г., з’явіўся другі пераклад «Акерманскіх стэпаў», зроблены Юркам Гаўруком (друкаваўся ў яго кнізе «Кветкі з чужых палёў»). З часам да гэтых перакладаў дадаліся іншыя, і ўрэшце назапасілася пятнаццаць варыянтаў беларускамоўнага ўзнаўлення «Акерманскіх стэпаў». Стаўшы самым запатрабаваным з цыкла «Крымскіх санетаў», гэты твор, тым не менш, не дабраў у беларускіх перакладах той колькасці варыянтаў, якія ёсць на сёння ў рускай Міцкевічыяне. Дзевятнаццаць рускамоўных узнаўленняў «Акерманскіх стэпаў» сведчаць пра тое, што гэты санет — самы папулярны твор Адама Міцкевіча ў Расіі. У нас жа аб’ектам найбольшай увагі застаецца санет адэскага цыкла «Да Нёмна», у якім налічваецца ажно дваццаць два варыянты яго асваення беларускай перакладной паэзіяй. Такія прыярытэты вызначыліся рознанакіраванасцю ўспрымання творчай спадчыны вялікага наваградца: як выгнанніка ліцвіна-паляка — у рускай літаратуры і як патрыёта-земляка — у беларускай літаратуры.

Пераклад усяго цыкла «Крымскіх санетаў» быў падрыхтаваны Максімам Танкам, Міколам Аўрамчыкам, Хведарам Жычкам і Язэпам Семяжонам для «Выбраных твораў» Адама Міцкевіча, якія выйшлі да сотых угодкаў яго скону (1955). Значна пазней з нагоды набліжэння 200-гадовага юбілею паэта Ірына Багдановіч пераклала ўсе васемнаццаць санетаў гэтага цыкла. Спачатку яны былі ўключаны ў кнігу «Ажэшка Э. Зімовым вечарам. Міцкевіч А. Свіцязянка» (Мінск: Юнацтва, 1996), а потым увайшлі ў двухмоўнае (на мове арыгінала і ў перакладзе) выданне «Санетаў» А. Міцкевіча (Мінск: Полымя, 1998). Яшчэ раз гэтыя пераклады Ірыны Багдановіч былі надрукаваны як асобны дадатак у двухмоўнай польска-беларускай кнізе Адама Міцкевіча «Крымскія санэты» (Мінск: САА «Медысонт», 2004), дзе ў якасці асноўных перакладных тэкстаў пададзены перастварэнні Сержа Мінскевіча. Як падкрэслена ў каментары, гэтае «выданьне ўпершыню зьбірае ўсе вядомыя беларускія пераклады Крымскіх санэтаў Міцкевіча». Магчыма, яно так і было б, калі б у ім прыводзіліся чамусьці абмінутыя пераклады з Міцкевічавых санетаў Міхася Дуброўскага («Байдары»).

Да ўзнаўлення «Крымскіх санетаў» мелі дачыненне васемнаццаць беларускіх перакладчыкаў: Наталля Арсеннева, Уладзімір Жылка, Максім Танк, Язэп Семяжон, Юрка Гаўрук, Аляксандр Ельскі, Рыгор Барадулін, Мікола Аўрамчык, Ірына Багдановіч, Васіль Жуковіч, Андрэй Хадановіч, Хведар Жычка, Інэса Кур’ян, Рыгор Казак, Іосіф Сіманоўскі, Міхась Дуброўскі, Серж Мінскевіч і Уладзімір Мархель. Варыянты іх перакладаў утвараюць сапраўды шматгалосае рэха Міцкевічавых санетаў, якое з часам будзе разнастаіцца новымі перакладчыцкімі галасамі, узбагачаючы нашае ўражанне ад паэзіі вялікага наваградца.

Гл. таксама:
:: КРЫМСКІЯ САНЕТЫ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY