|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
20 лістапада споўнілася б 60 гадоў нашай выдатнай паэтцы Яўгеніі Янішчыц. Па трагічным збегу абставін на гэты ж лістапад прыпадае 20-я гадавіна яе заўчаснага адыходу ў Вечнасць. Усяго толькі 40 гадоў зямнога жыцця адмераў ёй лёс, але пражыла яна іх ярка, натхнёна, таленавіта... Памятаю, што яшчэ задоўга да нашага знаёмства я зачытвалася Жэнінымі вершамі, а яе імя было для мяне прыгожым увасабленнем самой паэзіі. Нават знешне Жэня адпавядала сваёй шчымлівай лірыцы: па-дзявочы танклявая, невысокая, з вялікімі шэра-зялёнымі вачыма, якія заўсёды з прытоеным сумам усміхаліся насустрач... Сярод студэнтаў-філолагаў майго пакалення адным з улюбёных вершаў, які найчасцей і найахвотней дэкламаваўся, быў менавіта верш Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві...» Пры нагодзе мы любілі паўтараць яго класічныя радкі: «Пачынаецца ўсё з любві, // Нават самая простая ява». Уся Жэніна паэзія асвечана любоўю: да роднага краю, да маці і сына, да блізкіх людзей, да сяброў... Хіба, ні ў аднаго беларускага паэта вы не знойдзеце гэтулькі прысвячэнняў сябрам-пісьменнікам, колькі іх ёсць у дзвюх апошніх Жэніных кнігах «Пара любові і жалю» і «Каліна зімы». Жэня была надзвычай шчодрая на дабро, зычлівасць і ласку. Яна лёгка сыходзілася з людзьмі — заўсёды прыязна-ўсмешлівая, шчырая, звычайна першая падавала руку для знаёмства і прывітання. Ніколі не забуду, як аднаго разу ў кавярні Дома літаратара Жэня ўпершыню падышла да мяне. Было гэта напрыканцы 79-га; той год тыднёвік «Літаратура і мастацтва» надрукаваў маё першае апавяданне, і Жэня адразу пасля знаёмства загаварыла пра яго мову. Яе зацікавілі «некаторыя слоўкі», і яна хацела ўдакладніць іх значэнне. Тады мяне нават крыху здзівіла яе настойлівая дапытлівасць, але значна пазней, убачыўшы і зразумеўшы, як яна сама працуе са словам, як шукае яго, адметнага, непаўторнага, глыбінна-народнага, я ўжо не здзіўлялася. Тым больш што калі мы пасябравалі, Жэня часта пытала, як пра тое ці іншае кажуць у нас, на Лідчыне, а пачутае тут жа супастаўляла-параўноўвала з гаворкаю свае роднай Піншчыны... «Дзякуй, радасць! Дзякуй, стома, // што з’ядналі з родным словам...». А нас з ёю найперш з’яднала наша вясковасць, наша любоў да ўсяго роднага, спаконвечнага. Пра гэта Жэня прыгожа напісала ў адным з прысвячэнняў:
Жэня ўмела тонка адчуць душу іншага чалавека, была здольная зразумець усе болькі гэтай душы, умела паспагадаць і падтрымаць. Па-зямному мудрая і па-сялянску працавітая, яна шчыравала, сапраўды, «як сялянка, над раллёй чарнавіка», і гэта настойлівая праца, спалучаная з талентам, якім яе шчодра надзяліў Бог, давала свой плён: адна за адною выходзілі кнігі, у часопісах і газетах часта з’яўляліся яе паэтычныя падборкі, артыкулы, празаічныя творы. Жэня была ў цэнтры не толькі літаратурнага, але і грамадскага жыцця. Многія радаваліся гэтым яе поспехам, бо любілі яе за светлы талент, за добрае, шчырае сэрца, за яе чалавечую і жаночую абаяльнасць, але былі й тыя, каму Жэніна паспяховасць і папулярнасць, яе аўтарытэт не давалі спакою, выклікалі чорную зайздрасць. На жаль, людзі часта бачаць толькі знешняе: маладая, паспяховая, мае гэтулькі публікацый, кніг, ужо з’ездзіла ў Нью-Ёрк на Генеральную асамблею ААН, ужо стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі і г.д., і г.д. З’яўляліся розныя домыслы і плёткі. Нехта іх распускаў, а нехта «добранькі» перадаваў... Таму часта Жэніна ўзнёслая раскрыленасць і шчырасць натыкаліся на калючую жарству холаду, злосці, неразумення. Вядома, гэта балела, вядома, выклікала крыўду і жаль, а часам вельмі цяжка, драматычна перажывалася.
Зразумела, раніліся не толькі ногі, а найперш сэрца, бо, насамрэч, лёс Жэню не песціў. З ранняй маладосці хапіла ёй стратаў і здрадаў, душэўнага і фізічнага болю. Як кожны чалавек, яна шукала цяпла і падтрымкі, як рэдка хто, умела цаніць сяброўства і шчырасць, умела імі даражыць. Яе дом, як і яе сэрца, быў заўсёды адчынены для сяброў, а яе гасціннасць, хлебасольнасць і шчодрасць былі вядомыя сярод калегаў не менш, чым яе паэзія. На пачатку 80-х у мяне яшчэ не было свайго кута ў сталіцы і Жэня настойліва запрашала да сябе, на Ульянаўскую, ва ўтульнае хатняе цяпло. На стале, засланым белым «даматканым абрусікам», заўсёды было шмат вясковых, прывезеных з роднай Велясніцы, прысмакаў: вяндліна, хатняя каўбаска, запечаная качка альбо гусь з яблыкамі, грыбочкі, гурочкі. Жэніна мама, Марыя Андрэеўна, была гаспадыня, якіх пашукаць... За гэтым сталом часта збіраліся сябры: і малодшыя, як я, і равеснікі, і старэйшыя, і тыя, у каго не было сваіх кватэраў, і тыя, што іх мелі... Яна любіла людзей, сумавала «па сябрах, як па надвор’і», сумавала па людской роднасці і разуменні, па звыклай чалавечай цеплыні: «Усё жыццё нам ласкі не хапае. // А слава што? Яна спадман і дым...» Цяпер, калі я стала на цэлае пакаленне старэйшая за яе, зразумела тое, чаго тады, значна за яе маладзейшая, зразумець або не магла, або не надта й імкнулася... Цяпер тое, што тады здавалася толькі творчай фантазіяй ці паэтычнай экзальтацыяй, паўстае ў душы ва ўсім драматызме яе чалавечай і жаночай самоты, часам звыклай побытавай бязраднасці і будзённай стомы, калі патрэбна так мала: усяго толькі падтрымка некага мацнейшага, больш упэўненага, больш трывушчага, калі патрэбна толькі крыху ўвагі і адчування, што ты не адзін, што ёсць хтосьці побач, блізкі, надзейны, хто не здрадзіць і не прадасць... Памятаецца, да болю шчымліва, адзін вечар, калі ў кватэры на Ульянаўскай сабраўся даволі вялікі творчы гамуз, а таму ўладкаваліся не як звычайна, па-сямейнаму, на кухні, а ў зале. Госці гаманілі за шчодрым сталом, чыталі вершы, жартавалі, а сама гаспадыня была сцішана-задуменная, як быццам адсутная. Мы сядзелі з ёю побач, і ў нейкі момант я нахілілася, каб запытаць, ці часам чаго не здарылася. Жэня адмоўна хітнула галавою і, пранікліва зірнуўшы ў вочы, нечакана ціхенька папрасіла: «Пагладзь мяне па галаве». І было ў той момант у яе позірку і ў яе голасе гэтулькі балючага суму і нейкай дзіцячай бездапаможнасці, што ў мяне сціснулася сэрца... З таго вечара прайшло шмат часу, і шмат чаго мне самой давялося перажыць, а стаіць у душы і ў памяці тая яе ціхая просьба... v«Усё жыццё нам ласкі не хапае...» Каб жа, здаецца, можна было вярнуць хоць што-небудзь назад, каб хоць што-небудзь можна было паправіць і змяніць ужо з дыстанцыі свайго жыццёвага досведу... І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці. Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае, так як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца» (1 Кар 13, 1–8). З адыходам Жэні ў Вечнасць паменела ў нашым свеце любові. Памятаю, як не магла я з гэтым змірыцца, як не магла аніяк прывыкнуць да тае глухаты і нематы, што ўтварыліся пасля яе нечаканага і такога заўчаснага адлёту ў Вечнасць... Аплакваючы страту сваіх блізкіх, мы аплакваем таксама, а можа й найперш, уласную асірацеласць. Але, як пісаў мудры Болдуін Кэнтэрберыйскі, «любоў моцная, бо яна можа ўзяць верх над смерцю, вылечыць нанесеныя ёю раны, змякчыць яе ўдары і ператварыць іх у перамогу». Цяпер, праз два дзесяцігоддзі пасля нашага развітання, я ведаю, што Жэніна любоў нікуды не знікла — яна засталася ў нашых сэрцах і ў памяці, а найперш — у яе светлай паэзіі.
Крыстына Лялько
Гл. таксама:
|
|
|