|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
Знаёмства з творчасцю Ірыны Жарнасек пачалося для мяне некалькі гадоў таму, калі я набыў у невялікай кнігарні «Духоўная кніга» ў Мінску яе раман «Будзь воля Твая». Ёсць у мяне такая звычка — калі бываю ў Мінску, то абыходжу некалькі кніжных крамаў, дзе могуць быць беларускія літаратурныя навінкі, у тым ліку і гэту, краму выдавецтва «Про Хрысто». Чытаў гэтую рэч у цяжкі час, калі моцна хварэў мой бацька. Чытаў пераважна ў паездках — цягніках ды аўтобусах. Тады мяне ўразіла тое, наколькі падкрэслена грамадзянская і чалавечая пазіцыя аўтара ў рамане, наколькі добра абраны стыль, наколькі непрымальныя для Ірыны Жарнасек гвалт, злачынства, страх, пра якія ідзе гаворка ў рамане. І вось прайшоў час, і мне давялося асабіста сустрэцца з Ірынай Францаўнай. Пры размове, як у кінастужцы, прабеглі ўспаміны тых часоў, прыгадаліся ўжо мінулыя падзеі, эмоцыі. Але ўспомнілася таксама маё тагачаснае ўспрыняцце пазіцыі аўтара, якое пацвердзілася ў асабістай размове. Перада мной была сціплая, інтэлігентная жанчына-працаўніца, якіх не так і шмат, на жаль, у нашым імклівым і мітуслівым жыцці. Напрыканцы размовы Ірына Францаўна падарыла мне сваю новую кнігу — першы зборнік вершаў «Шукаю Цябе», што выйшаў у выдавецтве «Про Хрысто», з вельмі важным для мяне, урача-кардыёлага, і адначасова прачулым надпісам: «Шаноўнаму Андрэю Мікалаевічу Ільніцкаму жадаю як найбольш добрых і здаровых сэрцаў на жыццёвым шляху». Я задаволены вярнуўся дадому і ў той жа вечар прачытаў невялікі зборнік. Як і ў кожнага чытача, вока зачапілася за некалькі вершаў, якія спадабаліся мне яшчэ і таму, што выклікалі ўспаміны калісьці перажытага. Напрыклад, верш «Снежаньскае». Некалькі гадоў таму мы з сябрамі пасярэдзіне снежня вырашылі паехаць у Кракаў — якраз напярэдадні Калядаў. Хацелася паглядзець, як святкуюць Каляды ў каталіцкай краіне. Добра памятаю, што апошнія дні таго збягаючага года былі вельмі халодныя, марозныя, тэмпература сягала да дваццаці градусаў ніжэй нуля. У такіх няўтульных умовах мы ад’язджалі з роднага нашага Полацка. Але на наступны ж дзень у прыродзе нешта пачало мяняцца: падзьмуў моцны вецер, мяккі і вільготны, які абяцаў хуткі снег. У аўтобус да Кракава мы сядалі ў Мінску, каля станцыі метро «Акадэмія навук». У паветры пачыналі ўжо кружыцца першыя сняжынкі. Экскурсавод папярэдзіла, што ехаць да Брэста і па Польшчы будзем марудна, таму што абяцаюць вельмі моцны снегапад, завею і снежныя заносы. Так яно і атрымалася. Па алімпійскай трасе да Брэста ехалі ледзь не восем гадзін замест звычайных чатырох і прыехалі на памежны пункт «Варшаўскі мост» позна ўвечары. На мяжы стаялі доўга, а потым ехалі ноччу па заснежанай і вельмі ўтульнай начной Польшчы, якую я так люблю менавіта ў гэты начны час, калі кожны маёнтачак прыбраны па-асабліваму, на свой лад, каляднымі аздобамі. Заснежаная дарога, безліч снегу навокал, нават зрэдку перакуленыя машыны і нервовае святло паліцэйскіх машын — усё надавала рамантычны арэол гэтай перадкаляднай вандроўцы. Раніцай, прачнуўшыся, я ўбачыў у вакне яркае сонейка, а наўкола снег — снег — снег! Цяжка перадаць тое пачуццё ўтульнасці і спакою, якое і цяпер жыве ў маёй памяці. Светла было напярэдадні вялікага свята... У Кракаў мы прыехалі з вялікім спазненнем, гадзін на дзевяць. Вечарэла, на горад апускалася сутонне. Мы шмат гулялі, любаваліся старасвецкімі будынкамі, слухалі кракаўскі гейнал каля вежы марыяцкага касцёла. А наступнай раніцай блукалі па старажытным Вавелі, пакланіліся магіле Пілсудскага і сэрцу Шапэна. У Кракаве мяне ўразіла тое, што там так шмат адзнакаў беларускай гісторыі — помнік Вітаўту, у Вавельскім замку — вялікая шпалера з выявай бітвы пад Воршай, калі войска князя Альгерда перамагло маскоўскіх войтаў, Ягелонскі універсітэт, дзе вучыўся Скарына. Даўно прайшла паездка, але засталіся недзе далёка ў душы добрыя ўспаміны... Цяпер вось думаю, што памяць чалавечая звычайна малюе карціны мінулага нечакана, дастаткова ўбачыць, пачуць ці прачытаць нешта аддалена падобнае. У дадзеным выпадку — цудоўны верш «Снежаньскае» Ірыны Жарнасек.
Чалавек звычайна расце сярод рэчаў, якія незалежна ад яго волі адкладваюць адбітак на ягоны характар і свядомасць. Мне ў гэтым сэнсе пашанцавала, таму што я вырас у Полацку, на самай старажытнай вуліцы каля Дзвіны. Раней яна называлася Вялікая, а цяпер, як і бальшыня галоўных вуліц гарадоў, надта запознена працягвае менавацца імем Леніна. На гэтай вуліцы знаходзяцца Сафійскі і Багаяўленскі саборы, былая Брацкая школа, а цяпер музей беларускага кнігадрукавання, былая лютэранская кірха, ператвораная ў краязнаўчы музей. Усё прасякнута духам славутай полацкай гісторыі... Мне асабліва запомніліся ліпы каля нашага дома. Яны раслі ў два рады, іхнія вяршаліны былі настолькі шырокія, моцныя, што ў нашай кватэры вечна не хапала сонца, хаця яна выходзіла на паўднёвы бок. Потым адзін рад ліпаў спілавалі, зрабілася больша камфортна, але менш рамантычна. Некалькі гадоў таму на нашай вуліцы адчынілі музей, які называецца «Прагулкі па Ніжне-Пакроўскай», бо даўным-даўно так называлася наша вуліца, у ім прадстаўлены побыт яе жыхароў у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Мне як палачаніну і патрыёту свайго горада вельмі прыемна, што ёсць музей маёй роднай вуліцы. Цікава, што падобны музей, прысвечаны Андрэеўскаму спуску, ёсць у Кіеве. Сімвалічна, что падобныя музеі з’явіліся ў старажытных гарадах-волатах. Наш бацька вельмі любіў свой родны горад Полацк, вуліцу, на якой жыў, сваю кватэру. І імкнуўся яе ўпрыгожваць. Ен збіраў карціны, прычым такім чынам, каб яны мелі тое ці іншае дачыненне да Полацка, ці па сюжэце, ці аўтар павінен быць палачанінам, ці то мастак часта выстаўляўся ў нашым горадзе. У нас склалася добрая калекцыя, бо ў бацькі быў бездакорны густ. Калі калекцыя стала разрастацца, бацька пачаў марыць аб іконе, казаў, што яе не хапае для паўнаты збору. І вось хтосьці падараваў яму стары уніяцкі, канца XVIII ст. абраз — «Святы Мікалай». Бацька прынёс яго дадому, паставіў на пачэснае месца, а потым кудысьці пайшоў па сваіх справах. Я ж, памятаю, стаў насупраць і ўважліва ўглядзеўся. Дошка была трохі папсаваная часам, але выява святога добра захавалася. На мяне глядзеў чалавек сталага ўзросту, хударлявы. Было ў ягоным паглядзе штосьці такое, што ўзрушыла мяне ледзь не да дрыжыкаў. Напачатку я нават не зразумеў, што незвычайнага было ў тым абразе. Вочы... Чорныя, яны ўважліва й патрабавальна ўзіраліся на мяне, я б сказаў, дакорліва. Але адначасова было ў тым паглядзе штосьці спагадлівае і ласкавае. Цяпер разумею, што гэтая жывапісная выява святога Міколы з’яўляецца гонарам нашай калекцыі, менавіта дзякуючы па-майстэрску напісаным вачам. Так, чалавеку вельмі важна заўсёды памятаць, адкуль ён, хто ягоныя бацькі, важна мець сваё прыстанішча ў гэтым вірлівым свеце... А галоўнае — мець Бога ў галаве і ў душы, які дапаможа і зберажэ. Такія вось пачуцці абудзіў ува мне невялікі верш Ірыны Жарнасек «Давяраюся Табе».
Зусім іншыя вочы і іншыя абставіны прыгадаліся, калі я чытаў наступны верш Ірыны Жарнасек — «Шукаю Цябе». Я ўвогуле як урач павінен умець углядацца ў вочы, бо яны могуць многае сказаць пра ўнутраны стан чалавека і яго здароўе. Калісьці спякотным жніўнем мне давялося пабываць у Нясвіжы, які тады быў толькі-толькі рэстаўраваны. Утульны гарадок літаральна патанаў у садах ды зеляніне на ўскраінах, а ў цэнтры ўражваў подых барока. Кавалачак Італіі... І, вядома ж, фарны касцёл Яна Марыі Бернардоні. Першая спроба барока на Беларусі, усыпальніца Радзівілаў, уся беларуская гісторыя, звязаная з гэтым шляхетным родам, чые рэальныя і казачныя абрысы назаўсёды засталіся тут. Сціплае ранняе барока звонку і пышнае ўнутры. Мы доўга любаваліся храмам, яго барочнай аздобай, якая заўсёды выклікае святочны настрой. Была раніца, у касцёле амаль нікога не было. Раптам дзверы адчыніліся і ўвайшоў хлопчык гадоў дванаццаці. Ён пастаяў трохі каля ўваходу, яго твар прыгожа асвятлялі сонечныя промні, што пранікалі праз ваконнае шкло. Потым хлапчук пайшоў на сярэдзіну касцёла і пачаў маліцца. У памяць назаўседы ўрэзаліся яго вочы — радасныя ад адчування малітвы. Нельга было не глядзець на гэта без замілавання, але асцярожліва, каб не перашкодзіць чалавеку ў яго далікатным пачуцці. Безумоўна, пашанцавала гэтаму хлопцу: у яго на ўсё жыццё ёсць трывалы падмурак — яго вера, любоў і цярпенне, на якія ён зможа заўсёды абаперціся... Свет наш вельмі супярэчлівы, але людзі шукаюць у ім Бога, імкнуцца знайсці Яго часам так нечакана... Зусім у іншых абставінах я адчуў гэта на плошчы св. Пятра ў Рыме, калі ў якасці турыста гуляў па Вечным горадзе, чакаючы сваёй чаргі ўвайсці ў сабор святога Пятра. Да мяне раптам падышоў жабрачага выгляду чалавек і на рускай мове папрасіў грошай. Не ведаю, чаму менавіта да мяне, хутчэй за ўсё, па твары здагадаўся, што я славянін. «А навошта Вам грошы?» — спытаў я ў яго. «Я вандрую па свеце, абыходжу розныя святыя мясціны, цяпер збіраю грошы, каб ляцець у Ізраіль у святыя мясціны, звязаныя з Хрыстом», — адказаў мой нечаканы суразмоўца. Не мог не спытаць, адкуль ён цяпер трапіў у Рым. «А цяпер я з Полацка, там быў каля мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай», — кажа... Такое вось нечаканае прывітанне з Бацькаўшчыны. «А чаго ты шукаеш, да чаго імкнешся?» — запытаў я зноў. «Бога шукаю, сябе шукаю...» — быў адказ. Пошук Бога... Ён уласцівы кожнаму чалавеку, нават калі ён таго не ўсведамляе. А калі ўсё ж свядома ды настойліва шукае сустрэчы са Створцам, тады магчыма, што гэты пошук здольны ўвасобіцца вершам. Як верш Ірыны Жарнасек «Шукаю Цябе», які і даў назву ўсяму яе зборніку.
Такое вось атрымалася чытанне кнігі Ірыны Жарнасек «Шукаю Цябе». Лірычная, мужная, цвярозая, разважлівая і грамадзянская паэзія. Вершы, якія прымушаюць задумацца пра сябе, сваё мінулае, навакольны свет, сваю краіну і народ. Пра Бога, веру, каханне... Вельмі патрэбная і шчырая кніга, якая дапамагае ўкараніцца ў гэтым супярэчлівым і імклівым свеце.
|
|
|