|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
Евангелле паводле святога Яна — сведчанне сябра Хрыста, сведчанне вернага спадарожніка жыцця, смерці і Уваскрасення Месіі. Старонкі Янавага твора, поўныя захаплення і любові да Езуса, не могуць пакінуць абыякавым ніводнага чытача, які імкнецца адкрыць для сябе Хрыста, бо перад намі — сапраўдны сведка падзеяў, якія адбываліся паміж 781 і 783 гадамі ад заснавання Рыма (27–30 гг. н.э.) Гэты твор не мае подпісу, але ў апошнім раздзеле Евангелля аўтар названы «ўмілаваным вучнем». Гэты таямнічы персанаж шмат разоў узнікае на старонках твора, калі, напрыклад, кажа: «Той, хто бачыў, засведчыў...» (19, 35). Гэты самы вучань, раніцай трэцяга дня зазірнуўшы ў пусты гроб, куды паклалі цела Езуса, скажа: «Убачыў і паверыў» (20, 8). Намер аўтара чацвёртага Евангелля вельмі зразумелы: «Каб і вы паверылі» (19, 35). Каб, прачытаўшы словы евангеліста, «вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (пар. 20, 31). Евангелле, паводле «ўмілаванага вучня», — гэта не кніга, не навука, не перакананне. Гэта — спосаб жыцця, гэта — поўнае даверу злучэнне з выключнай Істотай, Езусам, Богам, які стаўся Чалавекам!
Разам з тым, існуе шмат фактаў, якія дазваляюць адысці ад традыцыйнай гіпотэзы гэтага аўтарства. Выраз «умілаваны вучань» сустракаецца толькі з 13-га раздзела Евангелля, калі пачынаецца аповед пра Муку Хрыста. Гэта дзіўна. Апостал Ян, рыбак з узбярэжжа Тыберыядскага возера, павінен памятаць пра пакліканне першых вучняў, шматлікія аздараўленні ў Капернауме, аднак аўтар чацвёртага Евангелля звязвае большую частку тэксту, у адрозненне ад іншых евангелістаў, з Ерузалемам.
Наш аўтар падчас Апошняй Вячэры займае пачэснае месца побач Хрыстом, якое традыцыйна займалася гаспадаром дома, дзе адбывалася нейкая ўрачыстасць. Гэтае памяшканне магло змясціць каля 120 чалавек (Дз 1, 15). Сапраўдны палац! Там пасля Уваскрасення Хрыста, нягледзячы на пераслед фарысеяў, маладая хрысціянская супольнасць без усялякіх перашкодаў адзначала Пасху. Асаблівае становішча аўтара Евангелля відавочна таксама ў эпізодзе каля Крыжа Хрыста. Толькі самыя блізкія родныя, напрыклад, маці, маглі знаходзіцца на месцы ўкрыжавання, астатнія мусілі мець асабісты дазвол найвышэйшай улады. Нават Нікадзім і Юзаф з Арыматэі баяліся рэпрэсіі Першасвятара. Наш аўтар без усялякіх санкцый на гэтую прысутнасць кампраметуе сябе, стоячы каля крыжа. Ён таксама мае дастаткова сродкаў і адвагі, каб узяць да сябе Марыю — Маці Езуса. Усё гэта цяжка, здаецца, суаднесці з патрэтам апостала Яна, які даецца ў сінаптычных Евангеллях. Якуб і Ян, сыны галілейскага рыбака Заведэя, былі пакліканы падчас працы з бацькам (Мц 4, 18–22). Яны мелі выбуховыя характары (празваныя «сынамі грому» — Мк 3, 18). Яны былі з Хрыстом на гары Табор падчас Перамянення, бачылі цуд з дачкой Яіра, маліліся з Настаўнікам у Гетсіманскім садзе, але Евангелле ад Яна ўвогуле не гаворыць пра гэта!
Здаецца, трэба прызнаць існаванне двух Янаў. Адзін з іх быў братам Якуба і апосталам. Ён, згодна з некаторымі сведчаннямі, загінуў мучаніцкай смерцю неўзабаве пасля брата. Пра гэта апавядаюць некаторыя старажытныя мартыролагі (Філіп з Памфіліі — 430 г., сірыйскі мартыролаг — 411 г. і інш.). Дата смерці братоў — 27 снежня, і пра гэта гаворыцца ў самім Евангеллі (Мк 10, 38–39). Ці ж келіх віна, які традыцыйна спажываецца падчас свята Яна Апостала, сімвалічна не азначае мучаніцтва? Іншы Ян, прэзбітэр, вучань і сябра Езуса, ягоны «ўмілаваны вучань», які не захацеў выявіць сваё імя ў тэксце Евангелля, быў адукаваным жыхаром Юдэі, шанаваным у Ерузалеме, багатым і ўплывовым. Ён быў вымушаны пазней выехаць на выгнанне ў Антыёхію, потым у Эфес, у канцы — на Патмас. Традыцыя ў адзін голас называе яго імя — Ян. Сімвалам гэтага евангеліста з’яўляецца арол — знак узвышанасці, містыцызму і максімальнага набліжэння да неба.
|
|
|