|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
«Старым тут не месца» — фільм, які сёлета атрымаў 4 статуэткі Амерыканскай кінаакадэміі «Оскар», у тым ліку ўзнагароду за лепшы фільм, а таксама прэмію БАФТА Брытанскай акадэміі кіно і тэлебачання і «Залаты глобус» ад Галівудскай асацыяцыі замежнай прэсы. Але, нягледзячы на колькасць узнагародаў, фільм раскалоў і амерыканскіх кінакрытыкаў, і гледачоў на два супрацьлеглыя бакі: як арла і рэшку на манеце, якая з’яўляецца адным з галоўных вобразаў у фільме. Адны бачаць у ім прыпавесць пра сучасны свет, а іншыя — безліч нявінных ахвяраў і мора крыві. Зрэшты, і адны, і другія маюць рацыю, бо гэтая стужка сапраўды як два бакі адной манеты. І той факт, што Амерыканская кінаакадэмія ўпершыню за многія гады дала галоўную ўзнагароду фільму, які не адпавядае класічнай мадэлі павучальнай байкі са шчаслівым фіналам і які не прымае шырокая аўдыторыя, сведчыць пра добрыя зрухі, пэўную эвалюцыю ў мысленні кінаакадэмікаў. Сюжэт для фільма браты Коэны ўзялі ў амерыканскага пісьменніка, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі Кормака МакКарці. Каўбой (Бролін) на паляванні ў тэхаскай глыбінцы 1970-х гадоў знаходзіць у пустыні сляды крымінальных «перамоваў»: некалькі грузавікоў, расстраляных гандляроў наркотыкамі і чамадан з двума мільёнамі даляраў — марай для многіх людзей таго і сённяшняга часу. Ён забірае грошы сабе, добра ўсведамляючы, што тыя, каму яны належалі ці павінны належаць, будуць шукаць яго. І Антон Чыгур (Бардэм), прафесійны кілер з балонам для забіцця быдла, які любіць гуляць у арлянку на жыццё ахвяры, хутка трапляе на след каўбоя. Стары і мудры шэрыф (Джонс) спрабуе спыніць забойствы і ўберагчы смельчака ад балона Антона, але ў яго не хапае для гэтага моцы і таму ён ледзь паспявае за падзеямі. Тым больш і сам каўбой не давярае «лягаваму» і не хоча, каб яму нехта дапамагаў, бо ён разлічвае толькі на ўласныя сілы і навыкі, выпрацаваныя на вайне ў В’етнаме. На першы погляд, усё проста: старым тут не месца, іх час мінуў, яны не могуць уплываць на падзеі і таму яны павінны сысці. Маладыя самі будуць змагацца адзін з адным... Поспех фільму прынеслі два галоўныя складнікі амерыканскага кіно: кроў і Біблія. Фільм, па словах крытыкаў, закранае «тэмы такія ж старажытныя, як Біблія, і такія ж сучасныя, як загалоўкі газет». Захапляльны сюжэт, відовішчныя сцэны, сумесь двух любімых жанраў, вэстэрну і трылеру, і разам з тым выразная мараль: забіраць чужое — дрэнна, і за гэта заўсёды прыйдзе адплата. Але ў гэтым выпадку ўсё было б занадта проста. Браты Коэны не даюць выразных і лёгкіх падказак, аднак пакідаюць адчуванне таго, што фільм мае іншае вымярэнне і не варта разглядаць яго толькі на ўзроўні захапляльнага відовішча з адкрытым непрадказальным фіналам і добрым чорным гумарам. Забойца Антон Чыгур ніколі не сустракаецца з шэрыфам, уся іх барацьба за жыццё каўбоя адбываецца апасродкавана, на адлегласці. Нават калі іх аддзяляюць толькі дзверы ў пакой, як толькі шэрыф адчыняе іх, Антон кудысьці загадкавым чынам знікае. Да таго ж пасля ранення апошні пачынае кульгаць на адну нагу, а яго бязлітасныя забойствы выклікаюць асацыяцыі з увасабленнем сапраўднага д’ябла ў вобразе чалавека. Каўбой — просты чалавек з яго імкненнем да дабрабыту, з упэўненасцю ў сваім розуме і ва ўласных сілах, а вось шэрыф — гэта «вобраз Бога», таму ён ніколі не сутыкаецца са злом тварам у твар і вядзе барацьбу з ім за жыццё чалавека. У такім раскладзе сілаў фільм набывае глыбокі і сапраўды біблейскі змест. Чалавек не можа нічога зрабіць сам у супрацьстаянні са злом, і калі ён вырашае змагацца з ім сам-насам, яго чакае параза, але разам з тым усё залежыць ад яго выбару, ён цалкам вольны ў сваіх дзеяннях і сам вырашае свой лёс. І ўсё ж варта памятаць, што залішняя самаўпэўненасць можа зашкодзіць не толькі яму, але і блізкім людзям, як гэта адбылося з жонкаю каўбоя. Згодна з назвай фільма, старым тут не месца: шэрыф занадта слабы і не можа спыніць зло, а Антон, хоць і трапляе ў аварыю, не памірае і застаецца на свабодзе. Атрымліваецца, што фільм апавядае пра трыумф зла на зямлі. Паглядзім на сучасны свет: чалавек усё часцей выбірае не тое, што Божае, вакол пануе хутчэй зло, чым дабро, і гэта свядомы выбар чалавецтва. Войны, тэракты, забойствы, наркотыкі, распуста займаюць усё больш трывалыя пазіцыі, і перамагчы іх сам-насам чалавек проста не ў стане, яму патрэбна Божая дапамога, таму што толькі Бог можа перамагчы шатана. Жорсткая і праўдзівая, але разам з тым вельмі глыбокая стужка «Старым тут не месца» прымушае гледача задумацца над тым, хто пануе ў свеце і ў яго асабіста ў душы: Бог ці шатан? Пры гэтым тое, да чаго прыводзіць панаванне апошняга, вельмі добра паказана ў фільме, і ў любога нармальнага чалавека не можа выклікаць нічога, апроч жаху за будучыню. І вельмі добра, што прывабная «вокладка» ў выглядзе відовішчнага жанру экшн, узнагароды «Оскар» і імя братоў Коэнаў прымусяць паглядзець гэтую стужку вялікую колькасць людзей. Хочацца толькі спадзявацца, што хаця б палова гледачоў, адвучаная большасцю галівудскай забаўляльнай прадукцыяй думаць і разважаць, зможа ўбачыць за півам і чыпсамі сапраўдны сэнс гэтага фільма.
Ларыса Дарашэнка,
студэнтка журфака БДУ.
|
|
|