Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Ірына ЖАРНАСЕК

ПЛАНЫ БОГА І ПЛАНЫ ЧАЛАВЕКА


Ксёндз Віктар Місевіч — магістр тэалогіі. Вучыўся ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі і Універсітэце імя кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве. Працаваў у Паставах, Віцебску, Фарынаве. З 2007 года служыць вікарыем у Глыбокім.
 
— Часта, калі рушацца нейкія чарговыя надзеі чалавека, можна пачуць, што яны не супалі з Божым планам. Гэтым і тлумачыцца няўдача. Але ці не азначае гэта адначасова і тое, што чалавек — усяго толькі вінцік у машыне гісторыі і часу?

— Сапраўды, даволі папулярнае тлумачэнне ў выпадку няўдачаў – «гэта воля Бога». Але я быў бы вельмі асцярожны з такім вырашэннем праблемы, таму што: а якая яна, воля Бога? Як яе распазнаць? Не кожны чалавек гэта ведае. А калі ведае, не заўсёды ўмее яе расчытаць належным чынам. Каб пачуць голас Божы, расчытаць Яго волю, трэба найперш суцішыць сябе і галасы навакольнага свету, а затым пранікнуцца Божым аб’яўленнем. Маю на ўвазе, вядома ж, Святое Пісанне. Менавіта там знаходзяцца падказкі адносна волі Бога. І калі належным чынам прамедытаваць асобныя фрагменты Евангелля, прамаліць іх, то становіцца ясным, што адзіны Божы план для чалавека — гэта нашае збаўленне. Усё, што ў нашым жыцці дапамагае нам у пошуку Бога, у цеснай еднасці з Ім, а значыць, у збаўленні — гэта і ёсць Божы план адносна нас. Усё іншае паходзіць ад людзей, ад нас саміх, а часам і ад злога духа. Аднак Божы план, Божая воля ніякім чынам не перакрэсліваюць нашай свабоды. Так, чалавек у параўнанні з Сусветам — вінцік. Хто сёння назаве імёны не гістарычных постацяў, а звычайных людзей, якія жылі, працавалі, змагаліся ў Полацку 200–300 гадоў таму? Іх няма ў нашай памяці. Але іх ведае Бог. Больш за тое, Бог падрыхтаваў для кожнага з іх месца ў небе. Гэтыя людзі — магчыма, вінцікі для нас, гісторыі, сусвету, але для Бога яны — Ягоныя дзеці. Таму, чым больш мы рэалізуем у сабе Божы план збаўлення, тым больш мы набіраем Боскай велічы. Мы расцем, дзякуючы Богу.

 
— Божы план нясе чалавеку дабро. Чаму ён тады бывае часта такі балючы?

— Трэба памятаць, што Бог не ствараў зла і не Ён аўтар нашых балячак. Іншая рэч, што наш шлях да неба цярністы. Гэта не аднойчы сцвярджаў Езус. Зло з’явілася праз свабодны выбар эгаістычнай і ганарлівай непаслухмянасці: так было і з анёламі, і з першымі людзьмі. Мы ж нарадзіліся ўжо ў перамененым свеце. І таму няма чалавека на зямлі, які б не адчуў, што такое боль, цярпенне. Ці можна назваць гэта нашай паразай? Нашым праклёнам? Так можна было б лічыць, калі б не місія Хрыста. Але Езус сваім жыццём і цярпеннем паказвае нам, што боль (мы кажам тут пра боль, у якім самі не вінаватыя) можа нас ачышчаць i дасканаліць. Боль сам па сабе — нонсэнс, вялікае непаразуменне, і да яго чалавеку не трэба імкнуцца, бо гэта было б проста ненармальна. Але ад болю не заўсёды можна ўцячы, як у часе хваробы, напрыклад. Што ж тады нам застаецца? Выкарыстаць патэнцыял цярпення для перамогі ў Хрысце. Разумею, што для кагосьці гэтыя мае словы — усяго толькі прыгожая тэорыя. Калі ж прыходзіць час досведу, усё гэта выглядае куды больш складана. Але кірунак, па якім трэба ісці падчас цярпення, адзін — Езус.

 
— Калі нас сустракае зло і мы не можам яго перамагчы, мы часта пачынаем наракаць: «Дзе ж Бог? Чаму Ён маўчыць?» Гэтыя балючыя пытанні могуць перарасці ў вялікую скаргу Богу на тое, што мы не разумеем Яго, а то і ў бунт.

— Калі гаворка ідзе пра бунт, то гэта элементарная слабасць веры. Аднак успомнім словы Хрыста на крыжы: «Божа Мой, Божа, чаму Ты Мяне пакінуў?» Толькі на першы погляд гэта крык адчаю і роспачы. Насамрэч, гэта крык, поўны болю, адлюстраванне таго цяжару, які ўзяў на сябе Езус. У ім — сутнасць Хрыстовага цярпення. Езус страшна церпіць фізічна. Але хто ацэніць ягоны духоўны цяжар? Хто з нас калі заставаўся сам-насам са злом? Збольшага такі стан зразумее святар, які некалькі гадзін запар не выходзіць са спавядніцы. Але ўсё ж і гэта не тое. Бо святар — усяго толькі Божая прылада ў такім выпадку. Езус жа асабіста бярэ на сябе цяжар нашых грахоў. Успомнім старазапаветнага Ёва. Ён таксама ў цярпенні задае сабе такія пытанні: «Дзе ж Бог? Чаму Ён маўчыць?» Тут важна не даводзіць сітуацыю да адчаю. Няхай будзе крык. Няхай нават будзе папрок. Але важна, каб гэта быў выраз веры і гатоўнасці быць з Богам.

 
— Божы план для кожнага чалавека складзены аднойчы і назаўсёды разам з яго нараджэннем альбо Пан Бог усё ж дапускае ў ім змены?

— У Бога няма штодзённіка, у якім распісаны ўсе нашыя дні паводле Ягонага плану. Я ўжо казаў пра адзіны план нашага збаўлення. Ён з’явіўся задоўга да нашага нараджэння, і ў гэтым плане зменаў няма. Але ёсць Божы Провід і Божая Усяведнасць. Бог ведае, што будзе заўтра і што будзе праз год. І ўсё ж у жыцці мы дзейнічаем самі. Гэта мы вырашаем, што, напрыклад, заўтра наладзім уборку нашага жытла, а праз год будзем паступаць у ВНУ. Гэта мы пішам кожную старонку нашага жыцця. Канешне ж, Бог умешваецца. Толькі Ён гэта робіць настолькі далікатна, што свабода нашай волі пры гэтым не парушаецца. Напрыклад, хто скажа, што паэт — раб пяра? Але без натхнення ніколі не ўзніклі б шэдэўры. Без Божага натхнення не было б Святога Пісання, не было б нашай малітвы, часопіса «Наша вера» і Вашых трапных пытанняў у гэтай нашай размове.

 
— Гэтак жа, як і Вашых адказаў. Але можа ўсё ж параіце, ксёндз Віктар, як чалавеку навучыцца расчытваць Божую волю?

— Прыгадаем прыпавесць пра багатага земляроба (Лк 12,16–22). Чалавек, які вырашыў збудаваць новыя засекі для багатага ўраджаю ды прагназаваў, як будзе цешыцца ды весяліцца ягоная душа дастаткам, на першы погляд, не зрабіў нічога благога. Ён нікога не абакраў, не забіў (як жа часта падобнае можна пачуць і ад сучасных вернікаў!), але Езус называе яго неразумным. Чаму? Бо ён думае выключна пра сябе, свой дастатак, заможнасць і прыемнасць. Хіба можна назваць такі падыход мудрым? Таму неразумны кожны, хто будуе для сябе далёкія планы, а забываецца пра чуйнасць ды пра сваю часовасць. Ну, вядома ж, прагнозы неабходныя. І не толькі пра надвор’е. Я таксама маю штодзённік, дзе некаторыя мае справы распісаны на месяц наперад, а любы біскуп проста павінен планаваць сваю дзейнасць на год. Сутнасць жа ў нашым падыходзе да будучыні. Яна нам не належыць. У любы момант нашыя планы могуць быць перакрэсленыя. Найважней, каб нашае збаўленне заўсёды было для нас найбольш актуальным.

 
— Псальміст у 139 псальме ўсклікае: «У Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага з іх яшчэ не было. Якія ўзнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як шмат іх!» Намеры такія прыгожыя і шматлікія... Ці не занадта часта чалавек расчароўвае Пана Бога, бо супрацівіцца тым прыгожым намерам і робіць усё на свой капыл?

— Кажучы пра пачуцці ў Богу, трэба памятаць, што гэта антрапамарфізм. Але без іх немагчыма збудаваць уяўленне пра Бога, наладзіць з ім размову-малітву. У любым выпадку нашая непаслухмянасць, крыўда на Бога, як мы кажам, нічым Богу не нашкодзіць. Ён самадастатковы. Але ж мы з Ім звязаныя! На кім адаб’ецца нашая непаслухмянасць? Вядома, на нас саміх. Таму ў нашых інтарэсах зрабіць «наш капыл» тоесным Божым намерам. Аднак сапраўды: расчаравання Богу ў чалавеку хапае. Толькі як памераць колькасць гэтай непаслухмянасці па эпохах? Калі чалавек грашыў больш, а калі менш? І ці ў гэтым справа?

 
— Вядома, не. Распаўсюджаная памылка сучаснага чалавека, калі ён блытае паняцце веры з памылкамі, грахамі, адступленнямі людзей ад Бога ў мінулых стагоддзях. У кнізе «Бог і свет» ёсць словы Святога Айца Бэнэдыкта ХVI пра тое, што чалавеку важна, «не азіраючыся на сябе, запытаць, чаго хоча Ён». І далей: «Найперш мушу навучыцца любові. Любоў жа палягае менавіта на тым, што я свой уласны погляд скіроўваю з сябе на Яго... Калі я пакідаю сябе, адрываюся ад сябе, толькі тады ўсур’ёз заўважаю жыццё <...>, толькі тады жыццё становіцца сур’ёзным, бо без усяго гэтага я сам для сябе залішне абмежаваны». Дык можа не варта ўвогуле нічога планаваць? Кажуць жа, што Бог смяецца, калі чалавек будуе планы.

— Ідэя тэацэнтрычнасці абавязкова павінна прысутнічаць у ментальнасці верніка, інакш існуе пагроза ўзнесці сябе на Алімп альбо паставіць туды некага іншага і яму пакланяцца. Дарэчы, гэта небяспечна якраз у выпадку стасункаў верніка і святара.

 
— Патлумачце, калі ласка, падрабязней.

— Возьмем, напрыклад, рэальную жыццёвую сітуацыю: святар аддана, рупліва працуе ў нейкай парафіі, але надыходзіць час, калі яму трэба з’ехаць па розных прычынах у іншае месца. І калі яму не ўдалося звярнуць позіркі вернікаў на Хрыста, калі яны не жадаюць успрыняць новага душпастыра, а пастаянна мараць вярнуць сабе былога, то гэта якраз і ёсць гісторыя пра святара на Алімпе. Некаторыя найбольш адданыя яму людзі нават часам і ў касцёл перастаюць хадзіць, бо не Хрыста там шукалі.

 
— Дзякую. А цяпер можна далей пра тое, хто альбо што павінна быць для чалавека найгалоўнейшым у жыцці.

— Для верніка такіх пытанняў практычна не павінна існаваць. Галоўнае месца ў ягоным жыцці павінна належаць Богу. Але, разам з тым, нельга адным махам рукі адчыніць дзверы Хрысту і сказаць: «Божа, займі цэнтральнае месца ў маім сэрцы раз і назаўсёды».

 
— Сказаць якраз можна...

— Толькі словы — гэта яшчэ не вера. Памятаеце, як Езус казаў: «Не кожны, хто гаворыць Мне “Пане, Пане”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах». Наша вера – гэта працэс. А любоў — гэта нашае жыццё. Яна няспынна змяняецца, становіцца больш адказнай, сталай, упэўненай, змяняе формы свайго выяўлення. Што ж тычыцца планаў, то без іх немагчыма збудаваць рацыянальнага існавання чалавека на зямлі. Хіба Езус не планаваў выслаць 72 вучні з місіяй у гарады Палестыны? А апосталы? Яны ж мусілі планаваць свае місійныя падарожжы! Адно што планы павінны дапамагаць нам збаўляцца, а не перашкаджаць, як у выпадку з багатым земляробам.

 
— Прызнаюся, мне часам здаецца, што сучасныя хрысціяне за пакорлівым уздыхам: «Што зробіш: такая Божая воля» нярэдка хаваюць сваё нежаданне ўмешвацца ў нейкія важныя жыццёвыя працэсы, ставіць перад сабой смелыя задачы і дабівацца іх вырашэння. Няверуючыя людзі ў падобных сітуацыях могуць наракаць на лёс, наканаванне, хрысціяне ж сваю інертнасць часам любяць прыкрыць нечым нейтральным, накшталт: «Значыць, так трэба было. Не заслужылі мы, відаць, іншага ў Бога».

— Прапагандысты атэізму любілі абвінавачваць рэлігію і асабліва хрысціянства ў адмаўленні людскога аптымізму. Маўляў, рэлігія патрабуе падпарадкавання ўмовам жыцця, цярплівасці, бо, паводле яе, шчасце наступіць толькі пасля смерці, калі заслужыш яго сваім цярпеннем. Але гэта не хрысціянскі погляд. Ён больш нагадвае індуісцкае разуменне каставасці грамадства: калі ты бядняк, то такая твая доля, калі ты цяжка хворы — цярпі і месца тваё сярод хворых.

Езус жа, як памятаем, зрабіў мноства цудаў. Ён аздараўляў, уваскрашаў, карміў галодных. Што праўда, кожны такі цуд меў найперш сатэрыялагічнае значэнне, ён быў патрэбны для вечнага збаўлення самога хворага і натоўпу, які бачыў той цуд. Але Святое Пісанне не раз апавядае пра Езусаву спагаду і літасць, напрыклад, калі Яму стала шкада галоднага натоўпу і Ён размножыў хлеб ды рыбу.

Езус вучыць нас не быць абыякавым да іншага чалавека і да сябе. Гэтая ісціна знаходзіцца ў запаведзі любові. Хіба можна любіць бліжняга, не палюбіўшы сябе? Адпаведна, калі мы хочам бачыць свабоднае грамадства і ў ім жыць, то трэба самім спачатку стаць свабоднымі. Мы хочам праўды, не любім хлусні, але на колькі мы самі праўдзівыя?

І, нарэшце, справядлівасць. Пра яе гаворыцца ці не ў кожным выпуску навінаў: хтосьці нешта парушыў, некага за нешта пакаралі. Але ці справядлівыя мы самі?

«Так трэба было», — мы можам казаць пра ляльку, якая звалілася з паліцы. Але хіба мы маем нітачкі на руках і нагах? Бог не кіруе нашымі нагамі і рукамі, Ён за нас не думае, за нас не выбірае. Калі б так было, мы не былі б людзьмі.

 
— Памятаю, як па-добраму ўразіла мяне паведамленне па радыё, што ў часе адных з апошніх выбараў у Польшчы католікі ляжалі крыжам, здаецца, у кракаўскай катэдры. Я не кажу тут пра вартасць кандыдата і нават пра тое, каго яны прагнулі бачыць у кіраўніцтве сваёй дзяржавай. Гаворка пра давер Богу, жаданне ўплываць на лёс сваёй зямлі з Ягонай дапамогай. Альбо калі ў той жа Польшчы было ўведзена ваеннае становішча, вернікі наладзілі кругласутачную адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Гэта была мальба за будучыню свайго народа і сваёй краіны.

— Святы Дух найчасцей дзейнічае незаўважна, але вынікова, таму малітва ў грамадскім жыцці мае велізарнае значэнне і асабліва ў супольнасці. Па-першае, такая малітва дапамагае ўзмацніць сваю веру і давер да Бога, бо ведаем жа, што калі вера моцная, то яна і горы можа зрушыць. А па-другое, агульная малітва кансалідуе людзей і робіць іх салідарнымі. Салідарнасць жа неабходная для канкрэтнай дзейнасці ў рэальным жыцці. Нельга таксама забываць пра старажытны хрысціянскі прынцып: рабі так, быццам усё залежыць ад цябе, і даверся Богу так, быццам усё залежыць ад Яго.

 
— І нарэшце глыбока асабістае пытанне: а Вы самі разумееце, чаго хоча ад Вас Бог? І ці заўсёды разумелі?

— Канешне, бываюць моманты, калі трэба заглыбіцца ў малітву і слухаць Езуса, каб зразумець Яго волю. І не заўсёды адразу можна быць перакананым, што вось менавіта гэтага хоча ад мяне Бог. Патрэбны час. Але што тычыцца агульнага плану майго жыцця, я ніколі не меў сумневаў. Божы план адносна мяне звязаны з сэнсам майго святарскага паклікання. А гэты сэнс у тым, каб я мог збавіцца сам і прывесці да збаўлення тых, да каго Бог мяне пасылае.

 
— Жадаю Вам, ксёндз Віктар, дасканала рэалізаваць Ваша святарскае пакліканне. Дзякую за цікавую гутарку і спадзяюся на новыя сустрэчы ды размовы на старонках «Нашай веры».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY