Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Альбіна ХРОМЧАНКА

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ


Тры кнігі пад рэдакцыяй народнага паэта Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, прафесара Ніла Гілевіча — «Гісторыя народа — у яго мове» (2007), «Слова — роднае, жывое, свабоднае» (2007), «Апавядае беларуская вёска» (2008) і адна яго аўтарства «Добры анёл беларускасці» (2007) — пабачылі свет у выдавецтве «Про Хрысто». І хоць гэта асобныя выданні, але іх яднае вялікая любоў да роднай мовы.

У кнізе «Гісторыя народа — у яго мове» змяшчаны фрагменты кандыдацкай дысертацыі Ніны Іванаўны Гілевіч «З гісторыі сацыяльна-эканамічнай лексікі ў беларускай мове», абароненай у 1971 годзе. Калі ўлічыць, што першы том Гістарычнага слоўніка беларускай мовы выйшаў толькі ў 1982 годзе, то навуковае даследаванне Н. І. Гілевіч больш чым на 10 гадоў апярэдзіла выданне аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства. З аднаго боку, названы зборнік можна разглядаць як слоўнік сацыяльна-эканамічных тэрмінаў cтарабеларускай мовы. З другога — як навуковую працу, у якой даецца інтэрпрэтацыя лексічных адзінак, выяўляецца эвалюцыя іх семантыкі, прасочваюцца сувязі з сучаснай літаратурнай мовай. Менавіта аналіз гэтых сувязяў і робіць выданне надзённым, каштоўным для далейшых навуковых пошукаў, для вызначэння пераемнасці традыцый паміж старабеларускай літаратурнай мовай і сучаснай. У працы Н. І. Гілевіч такая пераемнасць пацвярджаецца шматлікімі тэрміналагічнымі адзінкамі, якія ўтвараюць своеасаблівы трохкутнік: старабеларуская пісьмовая мова, дыялектная мова і сучасная літаратурная мова, параўн.: даніна, пажытак, мыта, падатак. Даследчыца падкрэслівае, што «на долю слова п о д а т о к ъ выпала выключная роля ў станаўленні беларускай сацыяльна-эканамічнай, у прыватнасці падатковай, тэрміналогіі. Яно адзначана ў гаворках, літаратурнай мове XIX ст. і дайшло да нашых дзён, праўда, з часткова змененай семантыкай» (с.52). У старабеларускай пісьмовай мове, як сведчаць ілюстрацыйныя матэрыялы ў згаданым зборніку, слова податокъ фіксуецца з сярэдзіны XVI ст.

Аналіз некаторых лексічных адзінак, апісаных Н. І. Гілевіч, дае магчымасць больш глыбока разгледзець іх семантычныя адценні з праекцыяй на сучаснасць. У прыватнасці, ад слова ‘поквитное’ — «назва пошліны за выдачу квітка на рукі пры розных плацяжах» (с.84) — утвораны назоўнік квіток (у ТСБМ пададзены з паметай разм.), які сёння ў вусным і пісьмовым маўленні заменены на запазычаны праз рускую мову англіцызм чэк.


«Гісторыя народа — у яго мове», відавочна, чакала свайго найлепшага часу. У 70-я гады XX ст. праца «З гісторыі сацыяльна-эканамічнай лексікі ў беларускай мове» як цэласнае навуковае даследаванне не была выдадзена, хоць, па сутнасці, гэта была першая спроба гістарычнага тэрміналагічнага слоўніка беларускай мовы. Мабыць, сёння яна яшчэ больш патрэбна беларусам. Гэтаксама, як патрэбны і ўзоры жывой беларускай народнай мовы 60–70 гг., змешчаныя ў зборніку Ніны Гілевіч «Слова — роднае, жывое, свабоднае». Яны маюць вялікую каштоўнасць перадусім для мовазнаўчых навуковых даследаванняў. Дыялекталагічныя факты, запісаныя палявым спосабам, неацэнныя па сваёй першароднасці, хоць у асобных выпадках і бачыцца ўжо чужы ўплыў. Сёння «ўручную» зрабіць «чыстыя» фальклорныя ці дыялектныя запісы практычна немагчыма, бо агульнавядома, што пад уздзеяннем рускай мовы разбураецца і сістэма вуснага народнага маўлення.

Тэкставы матэрыял у зборніку арганізаваны не тэматычна альбо лінгвагеаграфічна, а ў адпаведнасці з адміністрацыйным падзелам раёнаў Беларусі. У кнізе пададзена пераважна цэнтральная яе частка і частка раёнаў Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Такі падыход функцыянальна апраўданы і дае магчымасць лёгкага размежавання асаблівасцяў гаворак, іх параўнальнага аналізу і ўключэння ў большыя ці меншыя моўныя групы, а таксама для іх даследавання і інтэпрэтацыі на шырокім славянскім фоне.

Да прыкладу, адзначаны ў лагойскіх гаворках указальны займеннік роднага склону того — «Даў аднаму старому мёду, які паміраў, то пасьля того і пчолы вымерлі»(с.19) — суадносіцца з адпаведнымі ўкраінскімі, славацкімі і балгарскімі формамі. Няма падставаў разглядаць гэты моўны факт як агульнаславянскую з’яву, але можна меркаваць, што тут мы маем справу з архаізмам, які дагэтуль існуе ў асобных беларускіх гаворках ад паўночнага ўсходу да паўднёвага захаду.


Цікавасць маюць і назоўнікавыя формы, у якіх змешваюцца граматычныя значэнні роду: цэнтра, камунізма, паветра (жаночы род), радзівол, дзяўчук (мужчынскі род). Такая змена роду ўласцівая гаворкам беларуска-літоўскай кантактнай зоны, аднак падобныя ўзоры роду назоўнікаў з гаворак Лагойшчыны, цэнтральнай зоны Беларусі, вымагаюць пошукаў іншага тлумачэння гэтай з’яве ў беларускай дыялектнай мове.

Навукоўцамі былі зафіксаваныя нешматлікія факты выкарыстання ў народным маўленні запазычаных назоўнікаў на –істы/-ысты: арганісты, машыністы і пад. Адзначаныя яны пераважна ў гаворках паўночна-заходняга дыялекту. Факты, пададзеныя ў зборніку Ніны Гілевіч «Слова — роднае, жывое, свабоднае» («Дык быў прыехаў гэны трактарысты, разрыў усё, і вада была прапала» (с.17)), пацвярджаюць больш шырокую геаграфію назоўнікаў на –істы/-ысты і тое, што гэта ўласна беларуская інавацыя.

Сінтаксічныя канструкцыі накшталт хадзіла яна з коньмі (с.13) адпавядаюць падобным канструкцыям у іншых беларускіх гаворках (прыехаць з машынаю), што мяжуюць з Літвой, Латвіяй і Пскоўшчынай, а таксама ўкраінскім, польскім і літоўскім. Даследчыкі мяркуюць, што на тэрыторыі Беларусі гэтыя канструкцыі засталіся як рэшткі балта-славянскай моўнай з’явы.

Што да лексікі названага зборніка, то шмат якія яго адзінкі маглі б узбагаціць слоўнік сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У прыватнасці, падлобісты ‘пануры’: А ён у нас заўсёды нейкі падлобісты; валяка ‘лянівы’: Такі ж ужо валяка стаў! Цэлы дзень адно б і валяўся з боку на бок (с.214); папуціць ‘пашэнціць’: У яе і рукі залатыя, што ні возьме — усё зробіць, і матцы памагае. І сын пасылкі шле. Добра, як папуціць з дзецьмі (с.24) і інш.

Па тэкстах, што змешчаныя ў кнізе, можна прасачыць унутрымоўныя і пазамоўныя працэсы, а таксама прааналізаваць прыёмы адаптацыі запазычанай лексікі вусным народным маўленнем (параўн.: вочарадзь (с.17), водпуск (с.24), у ваўгусьці (с.36); радзіва (с.27), радзівола (с.22)). Названыя прыклады з’яўляюцца сведчаннем таго, што беларускае вуснае маўленне арганічна ўключае іншамоўную лексіку ў склад роднай мовы, падпарадкоўваючы яе спрадвечным фанетычным законам, у згаданым выпадку прыстаўным і ўстаўным зычным, дзеканню і цеканню. Думаецца, што гэтая акалічнасць павінна ўлічвацца мовазнаўцамі, асабліва пры распрацоўцы праектаў правапісных зменаў у літаратурнай мове. У гэтым звязку можна гаварыць і пра выкарыстанне прыназоўніка на з дзеясловамі быць, паехаць у канструкцыі накшталт паехаць на Беларусь, якой у літаратурнай мове адпавядае у Беларусь. Сапраўдная знаходка і факт пацвярджэння больш шырокай геаграфіі пашырэння з’явы — наяўнасць падобнага спалучэння ў тэкстах, запісаных Н. І. Гілевіч: Як мой быў на Фінляндзіі… (с.123).

Багаты матэрыял могуць скарыстаць з гэтага зборніка пісьменнікі і журналісты, звярнуўшы ўвагу на семантычнае напаўненне словаў у фразеалагічных адзінках, як, напрыклад: Які гэты чалавек жывушчы! (с.18). Тут у слове жывушчы скандэнсавана і беларуская ментальнасць, і ўся пакутная гісторыя народа.


Аналіз адметных моўных з’яваў можна доўжыць, бо лагічным працягам узораў жывой народнай мовы з’яўляюцца запісы з дыялекталагічнага архіва Ніны Іванаўны Гілевіч, змешчаныя ў кнізе «Апавядае беларуская вёска». У ёй тэксты структурыраваныя гэтак жа, як і ў папярэдняй кнізе, аднак адрозніваюцца тым, што гэта закончаныя кароткія аднасюжэтныя апавяданні. Яны выразна ілюструюць яркія і самабытныя дыялектныя асаблівасці і могуць служыць факталагічнай асновай для вывучэння фанетычных, марфалагічных, лексічных моўных з’яваў і асабліва сінтаксісу народнай мовы. Але мэтай выдання было, паводле словаў укладальніка і рэдактара Н. С. Гілевіча, «…лепш убачыць наш лёс, наша далёкае і недалёкае, трагічнае і драматычнае мінулае, каб лепш зразумець душу і характар беларуса, яго менталітэт…» (с.5).

Бясспрэчна, мэта дасягнута. Можна, нават не аналізуючы моўныя сродкі, з дапамогай якіх ствараецца вобраз аўтара-апавядальніка, а толькі паводле тэмпу аповеду, спакойнага, запаволенага, паводле сюжэту, вузлавых падзей, гаварыць пра зборны мастацкі вобраз гэтае кнігі — вобраз беларуса-пакутніка. Цярпенне і гора ў часе вайны, страх і голад калгасных гадоў, адзінокая старасць — бадай што асноўныя этапы яго жыцця. Але менавіта на гэтых выпрабавальных этапах, як сведчаць творы, праявілася духоўнае багацце беларуса, сцвердзіліся яго маральна-этычныя прынцыпы, умацавалася яго «жывушчасць»: «А тады — што гэта мне горача пад нагой? Гляджу — кроў. А ён веначку мне перабіў вот тут во. Ну, думаю, папаўзу ракам, а то прападу. Паўзу, а сын мяне за карак ды кажа: «Мама, плі (пайшлі)». Я кажу: «Сынок, ісці я не магу і цябе нясці». А тады ўскінула сына на плечы, як воўк авечку, і папаўзла» (с. 11)).

Таксама тэксты даюць магчымасць прасачыць элементы матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў Міншчыны, іх звычаі і абрады, традыцыі і вераванні, стаўленне да рэлігіі ў перыяд савецкага атэізму. Стараліся прамаўчаць, але часам вырывалася словы накшталт ён не хрышчаны, але разумны.

Прыкметна, што, трымаючыся старых звычаяў, беларусы шчыра верылі ў сны («Правільныя сны» (с.13)), якія былі для іх своеасаблівым сродкам пазнання таго, што за рысай жыцця, злучалі іх з мёртвымі, і мёртвыя былі з імі, падказваючы, як жыць, і прадказваючы канец зямных дзён («Бачыла, як маці мая, нябожчыца, махае мне нешта рукой ды заве мяне» (с.66)).

Сярод народных апавяданняў у гэтым зборніку пасля аповеду «Згадкі жыхароў вёскі Прудзішча пра Жаброўскіх і Ляцкіх» змешчаны каментар Н. С. Гілевіча пра валоданні памешчыкаў Жаброўскіх, таму што з імі «звязана біяграфія Янкі Купалы», «жыццёвы і творчы лёс выдатнага расійскага вучонага-літаратуразнаўцы, прафесара Маскоўскага універсітэта Яўгена Аляксандравіча Ляцкага», бо вёска Прудзішчы — «сведчанне бессэнсоўнага, дзікага зруйнавання таго, што да Кастрычніка ўпрыгожвала гэты слаўны куток беларускай зямлі» (сс. 28–29).

А каб супрацьстаяць духоўнаму зруйнаванню, шчыравала «пра самае нябеснае» ў сваіх «зямных беларускіх клопатах» Ніна Іванаўна Гілевіч. «Добрым анёлам беларускасці» назваў яе Васіль Быкаў, і пад такою назваю Ніл Сымонавіч выдаў успаміны пра таленавітага педагога і вучонага, жонку і маці, паплечніцу і дарадчыцу. Кніга прысвечана светлай памяці Ніны Іванаўны, асветленая каханнем да яе і сумам па ёй.

Напісаная таленавіта, гэтая кніга выходзіць за межы традыцыйнага «жыццяпісу», бо мае шырокі грамадска-культурны і сацыяльна-палітычны кантэкст. Яна аднаўляе прызабытыя, а для кагосьці і невядомыя, падзеі 60-х гадоў XX ст. на Беларусі, атмасферу тагачаснага студэнцкага жыцця філалагічнага факультэта, ажыўляе вобразы вядомых выкладчыкаў-вучоных, вобразы прызнаных у свеце, адораных талентам, але адкінутых Радзімай беларусаў. Асабліва для бібліёграфаў будуць цікавыя ўспаміны пра сустрэчу Ніны Іванаўны з «легендай нашага нацыянальнага пеўчага мастацтва» Міхасём Забэйдам-Суміцкім у Празе, а ў 1963 годзе — у Мінску. Ніл Сымонавіч піша: «А мне не пашанцавала: ні пабачыць, ні паслухаць Забэйду не змог — быў у Балгарыі. На пероне, у дзень прыезду Забэйды, разам з Шырмам і Танкам, сустракала яго і Ніна Іванаўна, з шыкоўным букетам кветак. І ўручыла газету ЛіМ са сваім артыкулам пра яго» (с.71). На фотаздымку, што змешчаны ў кнізе, — шчаслівы момант гэтага спаткання. А яшчэ было трынаццаць гадоў ліставання сям’і Гілевічаў з Забэйдам-Суміцкім, хоць у савецкі перыяд гэта было няпроста. Але калі разам — для Беларусі, беларускай мовы, сям’і ...

Чатыры выданні. Як адно. Два лёсы — як адзін. Усё злучана любоўю.

Альбіна Хромчанка,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры стылістыкі
і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY