Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes

СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Год Божага слова

ЕВАНГЕЛIСТ ЯН
Пераклады
ВЕРА & CULTURA

ВЕЛІЧ І КВОЛАСЦЬ СУМЛЕННЯ
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады

УСЛАВІМ ГОДНА ГАСПАДАРА ГОРНЯГА
Юбілеі

НАСУСТРАЧ АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

КРЫМСКІЯ САНЕТЫ

«ДЫПТЫХ»
Пераклады

ВЕРШЫ
In memoriam

ЛІСТАПАД
У выдавецтве «Pro Christo»

ЧЫТАЮЧЫ ІРЫНУ ЖАРНАСЕК...

ЗЛУЧАНЫЯ ЛЮБОЎЮ
На кніжнай паліцы

НАТХНЁНЫ ПРОВІДАМ
Кіно

ХТО ПАНУЕ Ў СУЧАСНЫМ СВЕЦЕ?
Кніжныя скарбы
Юбілеі

ПАДАРОЖНІК ПА СУСВЕЦЕ
Па родным краі

ПАДАРОЖЖА ПА ЭТНАГРАФIЮ

Тамара НУЖДЗІНА

НА МЯЖЫ САМОТЫ І СУСВЕТНАЙ ВЕЛІЧЫ


Яўгенія Янішчыц з Міхасём Забэйдам-Суміцкім у Празе.
Ёсць у культурна-мастацкай прасторы свету такія імёны, такія постаці, што, як магніт, прыцягваюць да сябе, а створаны імі унікальны свет мастацкіх малюнкаў, вобразаў і мелодый вабіць і зачароўвае. Не адпускае, становіцца часткай цябе самога.

Менавіта такой праз час, праз гады бачыцца і Яўгенія Янішчыц. Менавіта так ўспрымаецца тое, што выходзіла з-пад яе пяра. За апошнія тры-чатыры гады з’явілася нямала публікацый, у якіх згадваецца імя пісьменніцы. Пра яе пішуць, да яе прамаўляюць не з нагоды чарговай даты, не па заказе, а па нейкіх унутраных імпульсах, настроеных на хвалю пастаяннай прысутнасці ў сённяшнім літаратурна-творчым і чытацкім жыцці зорнага таленту Яўгеніі Янішчыц. Калі б сабраць пад адну вокладку толькі вершы, прысвечаныя гэтай дзівоснай птушцы палескай зямлі, то атрымаўся б выдатны том сапраўднай паэзіі. А яшчэ вельмі дарэчы было б падрыхтаваць да друку кнігу ўспамінаў, якія рассыпаны па старонках розных перыядычных выданняў.

З вышыні сваіх уяўленняў пра творчасць і творцаў, на аснове рэальных фактаў і асабістых сустрэч з тымі, каго паважала, каму, як яна лічыла, была абавязана літаратурным сталеннем, у лімаўскай публікацыі ад 16 кастрычніка 1987 года (эсэ «Дарагі Іван Паўлавіч») з сардэчнай адкрытасцю і жаночай праніклівасцю Яўгенія Янішчыц прамовіць: «Час не аддаляе, а набліжае і асвятляе гэтае аблічча, гэты незабыўны воблік — да кожнай рысачкі, да кожнага жэсту яго спакутаванай і міласэрнай Душы». Гэта пра Мележа. Пра таго Івана Паўлавіча, які ў шчаслівы для летуценна-самотнай аўтаркі першага зборніка «Снежныя грамніцы» 1970 год перасцерагальна прадбачыў яе няпростае літаратурнае быццё: «Я вось пра што, Жэня. Нашаму брату — мужчыну нялёгка ў літаратуры, ну а жанчыне тым больш. Зараз Вы можаце не зразумець мяне, але потым адчуеце, а можа і ўспомніце, аб чым я гаварыў Вам калісьці». Сказанае Іванам Мележам наўпрост стасуецца з тым, што чула пра літаратурнае быццё жанчыны-творцы ў тагачаснай культурна-мастацкай прасторы юная паэтэса ад вопытнай і мудрай праз выпрабаванні лёсу Еўдакіі Лось: «…будзе яшчэ табе дарога ды з выбоінамі, бо літаратура — справа не дужа вясёлая: іншыя недарэчна пахваляць, іншыя — салгуць у вочы, іншыя — аблаюць і збэсцяць за вочы так, што пазбягаць нават і добрых людзей пачнеш, каб па сваёй адкрытасці не сказаць чаго лішняга. Кажу з вопыту, і гэта калі-небудзь прыгадаецца табе» («Праз той шчодры, ліўневы вечар…» — ЛіМ. 1983. 4 сак.). Прыгадаюцца амаль даслоўна гэтыя выказванні (і не раз) значна пазней: у лірыцы Яўгеніі Янішчыц апошняга дзесяцігоддзя («Смутна-белы верш», «Празарэнне душы ці кляйноты…», «Любілі-кахалі. Былі-адбылі…», «Прыгаршчы святла», «Сухі і маланкай апалены ствол…», «І прыйдзе боль, нібы па доме…» і інш.).

Наколькі важнымі былі тыя ісціны, пачутыя ад іх, абазнаных у літаратурнай справе творцаў, сведчыць і яе цудоўнае эсэістычнае слова пра Рыгора Бярозкіна. «Праз трапяткое лісце год» — так называлася тое эсэ — з далёкага «сонечна-чэрвеньскага дзянька» 1969 года назаўсёды запала ў яе душу бярозкінская сцвярджальна-патрабавальная выснова: «Не збіцца на сантымент, на сюсюканне — гэта могуць толькі цэласныя, глыбокія натуры». І дадаваў пры іншым зручным выпадку: «Асабліва, калі гэты паэт — жанчына». Не стамляўся паўтараць пра гэта. З вераю ў вялікі прыродны патэнцыял таленту Яўгеніі Янішчыц, з клопатам пра яе літаратурную будучыню. У адказ на пытанне пра асаблівасці структуры жаночага мыслення, яе псіхалогіі Рыгор Бярозкін зазначыць: «Жанчыны бываюць розныя. Але ўжо сама фізіялогія, Жэня, непадабенства мускулатуры мужчынскага і жаночага радка. Ды ўсё ж галоўнае — душа, склад мыслення, а за гэтым стаіць цэлы характар чалавека, яго рэакцыя на свет і рэчы, яго пазіцыя, калі хочаце» (Маладосць. 1988. № 7. С. 171–172). Вылучана галоўнае. Душа — вось што важна ў творчасці. Калі ж улічыць, што вочы — люстэрка душы, то зусім не памыляўся Іван Мележ з такой парадай юнай аўтарцы: «У Вас добрыя вочы. Глядзіце адкрыта імі на людзей — і ім таксама добра будзе» (ЛіМ. 1987. 16 кастрычніка).

А калі яшчэ «праз трапяткое лісце год» прачытаць старонкі яе літаратурна-чалавечага быцця, то выснуецца самае галоўнае: жыла штодзённаю патрэбаю тварыць Дабро. Тварыць па тых спрадвечных, усёабдымных біблейскіх запаветах, паводле якіх жыў яе палескі люд, яе вяскоўцы, сябры, землякі, партрэт якіх яна пісала праз усе паэтычныя кнігі і прозу, дзе зусім па-хрысціянску аддаецца шанаванне маці, бацьку, хаце, «краю блаславёнаму».


Яўгенія Янішчыц (справа) з беларускімі паэтамі Мар’янам Дуксам, Славамірам Хадаронкам,
Міколам Федзюковічам, Яўгенам Крупенькам
і Данутай Бічэль. 1968 г., Масква. Фота С. Панізніка.
Маці для лірычнай гераіні Яўгеніі Янішчыц — гэта не толькі генетычная повязь, не толькі сімвал радзіннага куточка. Гэта найперш спаконвечная спагаднасць, разуменне чалавечай душы, водгук на чужую бяду ці радасць, захаванне мудрых законаў быцця людской супольнасці. Усё перадалося дачцэ. Як самы найвялікшы, неацэнны скарб. Берагла яго, карысталася ім. З дзіцячым даверам і дарослай усхваляванасцю. З адчуваннем яго надзейнай фундаментальнасці. З цёплага, сонечнага дзяцінства, летуценнага юнацтва ці ў пару літаратурнай абазнанасці чуецца гераіні вершаў Яўгеніі Янішчыц то мацярынскае ўшчуванне («Драціну з дарогі здымі — // Іншаму ног не паколе»), то просьба («Здымі сандалікі, не бойся зямлі, // Не бойся, дзіцятка, пожні…») — верш «Мама», то скрушнае адчуванне трагічнай запраграмаванасці сапраўднага творцы («Як цябе ўратаваць мне ад вершаў, // Ад самоты, што з’ела цябе!») — верш «Празрэнне душы ці кляйноты…».

Калі ж спадчынная навука чалавекалюбства («Я не магу з людзямі размінуцца, // Мне трэба нешта ў кожнага спытаць») сутыкаецца з праявамі глабалізацыі зла («Вось-вось зямныя нервы ўзарвуцца // Ад злыбяды, мяшчанства і хлусні») — верш «Чытаючы пісьмо», тады мацярынскае выслоўе-прынцып «мне трэба нешта ў кожнага спытаць» набывае ў паэтычным кантэксце заключных радкоў верша новае сэнсавае напаўненне. Ставіцца востра і рэзка пытанне асабістай адказнасці кожнага за ўсё, што адбываецца ў блізкім свеце і далёкім Сусвеце:

Таму й карціць спытаць сягоння ў свету,
Пашто твае адкрыцці і прагрэс,
Калі ў вар’яцкай паўсядзённай спешцы
Палітыкі, сяляне, каралі, –
Мы, нібы тыя шахматныя пешкі,
Расстаўлены на атамнай зямлі?

Калі ў крэслах — хцівасць і дрымота
І брату брат не падае руку.
Калі бязбожна падае пяшчота
І грош цана сардэчнаму радку!

Голас маці, яе маральныя прынцыпы і духоўныя запаветы — той настраёвы камертон, які арганізоўвае, гарманізуе ўсю паэзію Яўгеніі Янішчыц. Ён валадарыць над усімі і ўсім, а воблік жанчыны-маці, жанчыны-сялянкі, удавы, працаўніцы, жанчыны-ахвярніцы вырастае да ліку святой. Нездарма ў дачыненні да вобраза маці выкарыстана слова «ікона»:

Я пакрэслю ўсе словы і сказы:
Што яны перад зніклым галлём,
Перад гэтым задумліва-ясным,
Несялянска-высокім чалом?

Асцюкі твае годы палічаць
І працяжны туман над гарой.
Ты магла б таямнічым абліччам
Быць, хіба што іконе — сястрой…

З кожным творам думка пра значнасць мацярынскай, жаночай прысутнасці ў свеце выяўляе ўсё больш і больш акрэслены рух ад прыватнага, блізкага, роднага — мама, мамуля ( «Мама», «Мамчына сіла», «Сустракаемся так рэдка…» «Мама падрэзала косы», «Мама і птушкі»), прывычна-вясковага — маці, Манюся, Маруся, Марыля («Ля ложка хворай маці», «Дзедаў урок», «Свет адкрыты і босы», «Ягадны хутар», «А я ўсіх шкадую») да глабальнага, агульнахрысціянскага:

Вось ізноў не сціхае стыхія —
Дзве нядзелі бушуюць дажджы.
І не мама, а ave Марыя
Усё лятае ў жыцця на мяжы.

Скажам па шчырасці, што сённяшняе прачытанне лірыкі Яўгеніі Янішчыц немагчыма без ўліку яе падтэкставага агульнага хрысціянскага зместу, што так адчувальна заяўляе пра сябе ў яе творчасці ўжо з сярэдзіны сямідзесятых. Звыклае, напрыклад, для вясковай прасторы імя Маруся, Марыля, Манюся, што сустракаецца ў многіх творах пісьменніцы, трансфармуецца пазней у новую існасць — Марыя. І тады вобраз набывае не толькі адзнакі ліра-эпічнай выразнасці, але і біблейскай значнасці. Прынамсі, верш «Марыя» — гэта таленавіта-маштабнае мастацкае ўвасабленне бясконцасці трагічнага быцця беларускай жанчыны — «на краі самотнае пяшчоты». Малітоўна-святая яснасць вачэй і душы ўзвышае да Монны Лізы, а выпрабаванняў і пакут, што сталіся за лёс, хапіла б не на адно кароткае жыццё людское, а на сусветную бясконцасць. Маштабнасць думкі і вобраза выказана творцам проста бліскуча — эканомна, строга і велічна: «Два стагоддзі: космас і Марыя». Ахвярнае жыццё Марыі, што Саву беражэ, вайной Айчыннай акалечанага (верш «Сава і Марыя»), для лірычнай гераіні і «прычашчэнне церпнае» і малітва іх святым імёнам. Увогуле слова-вобраз «малітва» стала прыжылося ў сістэме паэтычнай вобразнасці Яўгеніі Янішчыц:

Нібыта цэлы год чакала,
Пры стрэчы кажа мне ў журбе:
«Я сачыніла і шаптала
Казанне, доню, за цябе.
Як бачу, ты жыва-здарова,
Хоць невясёлая з вачэй …»
———————————

Туман аселіцу атуліць,
Зару разбудзіць аграном.
Перахрысці мяне, бабуля,
Сваім высокім, мудрым днём.

Можна згадаць і яшчэ прыклады:

Я думаю, што дробязь — словы,
Што знічка мой радок,
калі
Ты косіш сена, колеш дровы
І светла молішся зямлі.

Каму — маліцца славе,
Спакусніцы ліхое.

Яшчэ малюся труднай долі,
Яшчэ звініць мой лёгкі смех.
...Як сіне лён цвіце на полі!
...Як белатою слепіць снег!

Добра суседзяцца ў сістэме паэтычнай вобразнасці Яўгеніі Янішчыц і многія іншыя матывы і вобразы хрысціянскай духоўнай культуры — святы Іосіф (бацька родны, цесля і вясковы бондар), апосталы Павел і Нікан (шчырыя памагатыя ўдовай матулі), біблейская жанчына, прыбітая каханнем, нібы зорка да акна, скрушная Марыя, што замольвае «грахі грахоў якія», крыж дабрыні і таленту, Галгофа творчасці, вярыгі — будучыя кнігі. І, вядома, Бог — абсалютная выява сусветнай Гармоніі, Дабра і Міласэрнасці. А яшчэ больш блізкае — Божа. Нарэшце, проста Бог. Як адзнака той вышыні ці дасканаласці, што дасягнуў асобны чалавек.

Вострая рэакцыя Яўгеніі Янішчыц на глабальныя канфлікты часу праявілася ў яе творчасці 80-х гадоў, асабліва пасля паездкі за акіян, у ЗША.

Пра ачужэласць свету, разбурэнне высокіх духоўных і маральных ісцін, пра мастацтва, творчасць як індустрыю нажывы і грахоўных уцех (свет стаў такі ілжывы!) абурана і скрушна загаворыць паэтэса ў цыкле вершаў, прысвечаных яе амерыканскім уражанням. Рэальнасць іншага свету ўспрымаецца, хутчэй, праз агульначалавечыя, хрысціянскія уяўленні:

Сканаў Хрыстос. Але жыве Іуда.
І прызначае тайную цану.

Мінула пара летуценнасці. Рэальнасць бачыцца без рамантычнай ружовасці: у савецкай мастацкай прасторы «слоў медзякі» становяцца ўсё больш у цане, імкліва ідзе ў рост літаратурнае — і не толькі! — пустазелле.

Стаміўся ад уражанняў паэт.
Маленькі сын ад чэрствасці хварэе.
Крыжы трывожнай памяці... А свет...
Завалы кніг? А людзі не дабрэюць.

Апошняе творчае дзесяцігоддзе было для Яўгеніі Янішчыц напружанай барацьбой. Па-першае, пераадоленне ўласнага адчаю — да сямейнай драмы, фізічных пакут пасля траўмы дадаліся прыкрыя адчуванні незапатрабаванасці грамадствам, беларускім чытачом мастацкага слова:

Няўжо мы пішам для бязродных,
А ці чытаем для глухіх?

Па-другое, пошук паразумення з вялікім светам, які ізноў — «спакусы ды інтрыгі». Па-трэцяе, з самім жыццём, адносіны лірычнай гераіні з якім складваюцца напружана і нават драматычна:

Душа, ты папрасілася ў паэткі?
Глыбей, з гадамі, чую твой аброк.

Жыццё, ты стэп, што выгарэў да краю,
Дрыготкі ліст на восеньскім галлі.

Жыві, зацяты недруг мой,
І прыдавай мне моцы!

Аднак былі ў складаным і супярэчлівым свеце рэальныя сілы, што надавалі моцы трываць, выклікалі прагу жыць — мама, творчасць, сын. Гэта яны доўгі час утрымлівалі Яўгенію Янішчыц і яе гераіню на мяжы фізічнага быцця. Твораў, прысвечаных праблеме мацярынства, выхавання дзіцяці па найвышэйшых законах міласэрнасці і людскасці, ахвярнасці і сумленнасці, у яе нямала. Іх нават можна аб’яднаць у самастойны цыкл, скажам, пад назвай «Сынок і Маці — мудрая ікона». Працытаваны радок узяты з верша «Сынок і Маці». Афарыстычна сказана пісьменніцай. І значна. Двойчы ў кантэксце верша выкарыстана словазлучэнне «сынок і Маці» і ў абодвух выпадках слова «маці» напісана з вялікай літары. Адразу ўзнікае алюзія на біблейскі вобраз Багародзіцы, а паэтычны вобраз жанчыны-мадонны, жанчыны-маці набывае рысы абсалютнай святасці і сусветнай мацярынскай ахвярнасці.

Такім чынам, яшчэ ў 70-80-я гады беларуская паэзія ў асобе Яўгеніі Янішчыц пісала сваё «евангелле ад мамы». Пісала таленавіта. Шчыра. Сумленна. Трагічна.

 
Гл. таксама:
:: ЛІСТАПАД
:: «ПАЧЫНАЕЦЦА ЎСЁ З ЛЮБВІ...»


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY