|
|
№
4(46)/2008
Галерэя
Дыялог
Ad Fontes
Год Божага слова
Пераклады
ВЕРА & CULTURA
Мастацтва
На шляху веры
Інтэрв’ю
Пераклады
Юбілеі
Пераклады
In memoriam
У выдавецтве «Pro Christo»
На кніжнай паліцы
Кіно
Кніжныя скарбы
Юбілеі
Па родным краі
|
Гісторыя мастацтва дае нам шэраг прыкладаў суіснавання ў вечнасці яркіх постацяў нацыянальнай культуры. Яны так і засталіся назаўжды разам: Шылер і Гётэ, Пушкін і Кіпрэнскі, Давід і Энгр. Гэтыя «парныя партрэты» зацвердзіліся станоўчым стэрэатыпам у памяці нашчадкаў, нягледзячы на тое, што ў рэальным жыцці згаданыя дзеячы не заўсёды былі ў згодзе, а часам прадстаўлялі зусім розныя светапоглядавыя і творчыя тэндэнцыі. І справа не толькі ў тым, што яны належалі да аднаго пакалення. Важней за ўсё было тое, што яны разам, кожны па-свойму, працавалі над стварэннем Храма культуры, дзе складалі свае квадры ў чарговы ярус велічнага будынка. «Дыптых» Адам Міцкевіч — Валенці Ваньковіч не патрабуе агаворак і фармальных тлумачэнняў. Верныя сябры ў жыцці, аднадумцы эпохі Рамантызму, яны ішлі праз гады побач. Па волі лёсу два геніі развітваліся на ростанях часу, здаецца, назаўсёды, а потым сустракаліся зноў. Сыны Беларусі, яны трымаліся разам і на Айчыне, і ў далёкіх краях. Магчыма, першая іх сустрэча адбылася ў Віленскім універсітэце, у паўночных Афінах Еўропы. Безумоўна, мастак паказваў паэту свае эскізы і работы, а паэт дэкламаваў крыху маладзейшаму сябру свае опусы. Можна меркаваць, што ўжо тады вызначылася духоўнае лідэрства Міцкевіча. Яно не абцяжарвала Ваньковіча, а наадварот, дапамагала знайсці свой шлях у грамадстве і мастацтве. З часам, у сталы перыяд творчасці, Ваньковіч нават перажыў пэўную духоўную залежнасць ад вялікага сябра, калі захапіўся ідэямі тавянізму, містычнай трактоўкай вобраза Напалеона, што было не самай характэрнай з’явай у творчым развіцці мастака, найлепшыя дасягненіі якога выявіліся ў жанры патрэта. У 1824 годзе сябры сустрэліся ў Пецярбургу, самым еўрапейскім горадзе Расейскай імперыі. Ваньковіч напружана і паспяхова вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. Міцкевіч падтрымаў сціплага таленавітага юнака з «далёкай правінцыі», вывеў у свет, пазнаёміў з Пушкіным, іншымі выдатнымі дзеячамі пецярбургскай эліты. З часам мастак пачаў атрымліваць замовы на выкананне патрэтаў. Можна быць упэўненым у тым, што Ваньковіч аддзячыў сябру запрашэннем у Акадэмію на танцавальныя вечары і карнавалы, надзвычай папулярныя ў сталічнай моладзі. Яркія, вясёлыя гады маладосці…
Няма дакументальных сведчанняў пра тое, што Ваньковіч быў у Крыме, але мастацкія каноны тых часоў не патрабавалі ад жывапісцаў пленэрных штудыяў і непасрэднага сузірання прыроды. «Крымскія санеты» Міцкевіча паслужылі сапраўднай крыніцай натхнення для мастака. Прыгожая Мядзведзь-гара (так у перакладзе з татарскай гучыць яе назва), што нібы п’е ваду Чорнага мора, прысутнічае ў карціне як выразны фрагмент, як кампазіцыйная база, як пастамент для постаці Паэта. Ён блізкі да нябёсаў, дзе разыгрываецца хвалюючы двубой святла і цемры, клубяцца воблакі і дыхаюць навальніцай хмары. Прырода як адлюстраванне станаў чалавечай душы — вось у чым сакрэт універсальнай гармоніі мастацтва Рамантызму. Нябёсы намаляваны Ваньковічам у надзвычай тонкай і далікатнай валёрнай гаме. Выява Міцкевіча ў параўнанні з пейзажным фонам вызначаецца лаканічным кантрастам каларыстычных акцэнтаў. Яркае святло (яго хочацца назваць сцэнічным, тэатральным) вымалёўвае адухоўлены твар і рукі генія. Шалік на шыі і грудзях рэзка выбіваецца чырванню. Урэшце святло згасае ў чорнай калматай бурцы, накінутай на плечы Міцкевіча. Мастак зрабіў нас сведкамі таямніцы паэтычнай творчасці... І новае развітанне — Міцкевіч ад’язджае на чужыну. Сябры маглі сустрэцца ў грозным 1830-м, калі паэт вярнуўся з-за мяжы, каб далучыцца да паўстання. Ваньковіч таксама збіраўся ў бой. Ён купіў зброю і каня, але цяжкая хвароба (мастак пакутаваў на сухоты) спыніла яго. Трыумф рэакцыі, які доўжыўся пасля паразы інсургентаў, зрабіў невыносным існаванне многіх людзей Беларусі, якія жылі напружаным духоўным жыццём. Няма сумневу, што менавіта лісты і звароты Міцкевіча з-за мяжы пераканалі мастака пакінуць Айчыну, акупаваную ворагам. У 1839 годзе Валенці Ваньковіч выязджае на Захад. Ён наведвае некалькі еўрапейскіх краін, а ў Парыжы яго ўжо чакае Міцкевіч. Мастак жыў у парыжскай кватэры вялікага земляка і памёр у яго на руках у траўні 1842 года. Два вялікіх імені Беларусі… Якая тэма для асэнсавання, для раманічнай і мастацкай творчасці! Тэма для творцаў, што любяць сваю гісторыю.
|
|
|